Цуд пад назвай «Харошкі»

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Гэты калектыў не зблытаеш ні з якім іншым! Дзякуючы адметнаму стылю, нястрымнай фантазіі, арыгінальнасці задум, неверагодна высокаму ўзроўню выканальніцкага майстэрства ў сучасным беларускім мастацтве і ў ягонай гісторыі ў «Харошак» — асаблівае, адметнае і незаменнае месца.

/i/content/pi/mast/1/29/st24_1.jpg

 

/i/content/pi/mast/1/29/st24_2.jpg

 

/i/content/pi/mast/1/29/st24_3.jpg

 

Канцэртныя праграмы ансамбля ўяўляюць сабой вельмі дакладную і прадуманую з пункту гледжання псіхалогіі ўспрымання сістэму. Танцавальныя, вакальныя і інструментальныя нумары не проста чаргуюцца, вымалёўваючы карціну свята ў магнацкім палацы, у яўрэйскім мястэчку або беларускай вёсцы. Праграма будуецца на змене жанраў, псіхалагічным кантрасце настрояў,
тэмпарытмаў і колераў. Калі вакальныя і інструментальныя нумары засяроджваюць увагу на асобных выканаўцах, ствараючы дынамічна-прасторавую паўзу, дык танцавальныя эпізоды з іх масавасцю ўяўляюцца своеасаблівымі эмацыянальнымі і дынамічнымі кульмінацыямі. Бо тут паядноўваюцца ўражанні харэаграфічныя, музычныя, колеравыя…

Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» створаны больш за 30 гадоў таму. І ўвесь гэты час яго мастацкім кіраўніком і галоўным балетмайстрам з’яўляецца народная артыстка Беларусі Валянціна Іванаўна Гаявая. У яе творчым лёсе шмат парадаксальнага. Чалавек, які нара дзіўся ў Валгаградскай вобласці Расіі, вучыўся ў Ленінградзе (Гаявая набывала прафесію балетмайстра ў Вышэйшай прафсаюзнай школе ВЦСПС), за некалькі дзесяцігоддзяў зрабіў для вывучэння і папулярызацыі (ну, не люблю слова «прапаганда»!) беларускага харэаграфічнага фальклору, услаўлення народнага і сцэнічнага танца непараўнальна больш, чым харэографы, якія нарадзіліся і гадаваліся тут, у Беларусі.

Здавалася б, балетмайстар павінен цікавіцца найперш уласным відам мастацтва. Але калі Валянціна Іванаўна жыла ў Ленінградзе, дык Эрмітаж і Рускі музей былі ёю літаральна вывучаны. Цікавасць да выяўленчага мастацтва была такая моцная, што нават узнікала думка перайсці ў славутую Акадэмію мастацтваў на мастацтвазнаў чае аддзяленне. Гаявая вельмі добра ведае французскіх імпрэсіяністаў і прызнаецца, што яны заўсёды натхняюць на стварэнне харэаграфічных вобразаў.

Працуючы над знакамітым гістарычным балетам «Па старонках «Полацкага сшытка», балетмайстар вывучала скульптуры, якія захоўваюцца ў Музеі стара жытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук, вывучала надмагільныя помнікі Сапегаў і Радзівілаў.

Матэрыялам назіранняў для харэографа Валянціны Гаявой з’яўляюцца і святы, і вяселлі, і харэаграфічныя фестывалі, і само жыццё — крыніца невычэрпнай фантазіі балетмайстра. Вялікае бачыцца на адлегласці. Думаю, што праз нейкі час праграмы, зробленыя В.Гаявой, будуць вывучацца маладымі балетмайстрамі і рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі — у якасці ўзору таго, як сказаць сваё слова ў мастацтве, як дасягаць арыгінальнасці. Як захаваць адметны, аўтэнтычны дух танца, спеваў і адначасова прадставіць гледачу сапраўдны твор мастацтва — ва ўсім багацці і разнастайнасці пластыкі, гукаў, фарбаў...  Думаю, што праз нейкі час будуць вывучаць, як ствараўся ўжо згаданы аднаактовы балет «Па старонках «Полацкага сшытка», праграма «Бывай, ХХ стагоддзе!», вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі «Добры вечар», «Вясельная», «Гуканне вясны», народныя танцы «Мітусь», «Таўкачыкі», «Каханачка»…

Нягледзячы на свой ужо шаноўны ўзрост, Валянціна Гаявая, мастацкі кіраўнік калектыву, зусім не спачывае на лаўрах, якіх у «Харошак» дастаткова — а рыхтуе ўсё новыя і новыя харэаграфічныя мініяцюры, кампазіцыі і праграмы. Зрэшты, у мастацтве ўзросту не існуе. Творчы імпэт, як і талент, — ён альбо ёсць, альбо яго няма... За больш як трыццаць гадоў свайго існавання «Харошкі» аб’ездзілі літаральна ўвесь свет. Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, Іарданія, Люксембург, Кіпр, Сірыя, Фінляндыя, Японія і яшчэ мноства іншых краін… І ўсюды ансамбль годна прадстаўляў беларускае мастацтва. Нацыянальны танец, песню, нацыянальную музыку. Услаўляючы краіну і ствараючы яе на дзіва прывабны імідж. Калі талент балетмайстра, майстэрства танцораў, спевакоў, музыкаў, багацце фантазіі мастака, увасобленае ў касцюмах, — усё разам адлюстроўвае лепшыя рысы нацыянальнага характару. І абвяргае звыклыя стэрэатыпы ўспрымання беларусаў як маўклівых і цярплівых, памяркоўных і талерантных — ажно да раўнадушша... Наш суайчыннік, які паўстае ў розных сваіх праявах у праграмах ансамбля «Харошкі», — іншы. Ён вясёлы, шчодры, спрытны, багаты душой. І бязмежна таленавіты…
 

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі