ТАНАЛЬНАСЦЬ МУЗЫЧНАГА АСВЕТНІЦТВА

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

Фестываль «Беларуская музычная восень» — цудоўны час адкрыццяў, юбілеяў, сустрэч. Час, калі маляўнічую стракатасць лісця на дрэвах дапаўняе размаітасць афіш канцэртаў, творчых вечароў з удзелам музыкантаў розных краін, пакаленняў і ўзроўняў майстэрства.

У гэтым яркім эмацыйна-падзейным калейдаскопе музычнага жыцця асаблівую цікавасць уяўляюць адметна-знакавыя для беларускай культуры імёны і даты. Сярод іх — юбілейная вечарына Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь, што сабрала ў вялікай зале філармоніі не адно пакаленне аматараў і прафесіяналаў харавога мастацтва, кампазітараў і музыкантаў, чыя творчая дзейнасць аказалася наўпрост звязанай з калектывам. А агульная атмасфера свята была сагрэта супольным жаданнем дакрануцца да выдатных узораў камернай харавой музыкі.

«Нам — 20». Шмат гэта або мала? З пункту гледжання чалавечага часалічэння — перыяд росквіту, уздыму духоўнага і фізічнага. А для творчага калектыву? Безумоўна, пара падвядзення вынікаў і ўзнікнення новых перспектыў, бо кожная плённая мастацкая дзейнасць нагадвае рух цягніка: з мінулага — праз сучаснасць — у будучыню. І ў гэтай вандроўцы важным фактарам становіцца фіксацыя яркіх момантаў-падзей, з якіх складаецца Кніга памяці. Перагортваючы яе старонкі, згадваеш этапныя моманты ў гісторыі Дзяржаўнага камернага хору. Кастрычнік 1988-га. Час змен, адчуванне «перабудовачнай ліхаманкі», пошукі духоўнага апірышча, маргінальная сітуацыя «канца стагоддзя», якая набывала акрэсленыя рысы ў сферы культуры і мастацтва, — усё гэта паслужыла магутным імпульсам для таго, каб асаблівая ўвага была скіравана да індывідуальнага, асабістага. Узнікла вострае жаданне так сказаць пра надзённа-галоўнае, каб у нягучным — «камерным» — голасе адчулася водгулле вечных каштоўнасцей і ісцін.

Менавіта ў гэты перыяд у мастацкай творчасці найбольш запатрабаванымі аказваюцца камерныя жанры — і, як вынік, узнікае неабходнасць у стварэнні калектыву, які б меў адпаведны ўзровень выканальніцкага майстэрства і быў здольны ў найтонкіх адценнях і паўтонах перадаць найбагатую эмацыйную палітру.

З часу дэбюту Дзяржаўнага камернага хору мінулі два дзесяцігоддзі, у якіх змясціліся сотні канцэртаў, дзесяткі гастроляў па краіне і за яе межамі. Сярод мноства ўзнагарод, атрыманых на міжнародных фестывалях харавой музыкі ў Літве, Даніі, Эстоніі, Германіі, вылучаецца адна з апошніх, знакавых, — Гран-пры Міжнароднага фэсту праваслаўных спеваў у Гайнаўцы (Польшча). На працягу многіх гадоў Камерны хор застаецца заўсёдным удзельнікам святаў і канцэртаў харавой музыкі ў Расіі, Польшчы, Нарвегіі, Германіі, Швецыі і Славакіі, Міжнароднага фестывалю рускай духоўнай музыкі ў Вільнюсе, Міжнародных фестываляў праваслаўных спеваў у Мінску і духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве.

А ўнутранае жыццё калектыву нязменна вызначаюць апора на канстанты-традыцыі і пошук арыгінальна-індывідуальнага музычна-сцэнічнага самавыяўлення. Галоўны кірунак творчай дзейнасці хору з самага пачатку быў вызначаны яго заснавальнікам і першым мастацкім кіраўніком — выпускніком Ленінградскай кансерваторыі Ігарам Мацюховым, а потым працягнуты сённяшнім кіраўніком, выпускніцай Беларускай кансерваторыі Наталляй Міхайлавай, якая ў 2000 годзе ўзначаліла калектыў.

Прафесійным крэда хору сталіся адраджэнне і прапаганда жамчужын старадаўняй беларускай і рускай духоўнай музыкі, заходнееўрапейскай класікі і сачыненняў айчынных аўтараў. Згодна з абраным курсам у рэпертуары калектыву яднаюцца класічная спадчына і сучасныя опусы, духоўная музыка і джаз. Ствараюцца асобныя канцэрты-манаграфіі («Харавая музыка Георгія Свірыдава»), стылявыя праграмы, у рэпертуар уключаюцца сачыненні, якія рэдка гучаць на нашых канцэртных пляцоўках («Месія» Гендэля, «Страсці паводле Іаана» і «Страсці паводле Матфея» Баха, араторыя «Іван Грозны» Пракоф’ева, хоры Брамса, Грыга).

І ўсё ж... Калі вядомы выраз «чалавек — гэта стыль» перайначыць на «калектыў — гэта стыль», усё роўна не перастае быць актуальным надзённае пытанне: як захаваць творчую індывідуальнасць і пры гэтым застацца стыльным, вольным ад татальнага ўплыву «блеф-арта»? Не страчваюць вастрыні і праблемы айчыннага харавога выканальніцтва — як тэхналагічнага плану (дыханне, манера і стыль выканання), так і ў сферы ўнутранага зместу. Думаецца, у пошуку адказаў на гэтыя выклікі знаходзіцца кожны дапытлівы і чулы музыкант.

Аднак вернемся да святочнага вечара. Падкрэслю: юбілейны канцэрт Дзяржаўнага камернага хору, безумоўна, зрабіўся знакавай падзеяй XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Беларуская музычная восень». А найцікавейшая праграма, выкананая з энергіяй і шчырасцю, у самых розных ракурсах рэпрэзентавала творчы партрэт калектыву. Драматургія вечарыны будавалася на стыку жанраў, спалучаючы творы кампазітараў розных краін і эпох. Тут прагучалі своеасаблівыя «візітоўкі» хору: старажытнарускі духоўны верш «Заклікала душа» з араторыі «Ператварэнне» Калістратава і «Легенда» Чайкоўскага, «Музычны момант» Рахманінава і «Наташа» з харавога канцэрта «Пушкінскі вянок» Свірыдава, «Унутраная музыка» Гурылёва (салістка Раіса Шытава) і «Незнаёмка» Фаліка, сачыненні П’яцолы і Паскану... У кожным з іх, паводле задумы дырыжора Міхайлавай, была прадстаўлена адметная харавая манера выканання, што дазволіла ўсвядоміць бязмежныя магчымасці камернага калектыву, які складаецца ўсяго з трыццаці музыкантаў.

Аднак асабліва хацелася б вылучыць у юбілейнай праграме два сачыненні-прысвячэнні беларускіх кампазітараў. Першае — камічная кантата (з элементамі аперэты) Алега Хадоскі «Рэпетыцыя хору» (прагучала ўпершыню). З камерным хорам у Хадоскі склаліся даўнія і плённыя адносіны — дастаткова ўспомніць прэм’ерныя выкананні яго духоўных твораў.

Кантата «Рэпетыцыя хору», у якой можна ўбачыць яркія аналогіі з фільмам «Рэпетыцыя аркестра» класіка італьянскага кіно Федэрыка Феліні, праз сюжэтную лінію паўсядзённага жыцця артыста за кулісамі, гумарыстычныя сітуацыйныя замалёўкі, каларытныя партрэты тэмбраў-выяў («далікатныя сапрана», «страсныя альты», «незаменныя тэнары», «надзейныя басы») закранае адну з найбольш глыбокіх з’яў артыстычнага жыцця, сутнасцю якой з’яўляецца канчатковы прадукт дзейнасці — стварэнне мастацкага твора. Гледачу даецца магчымасць убачыць творчую «кухню», дзе робяцца зразумелымі і відавочнымі складнікі прафесіяналізму: «як спяваем», «што спяваем» і «хто спявае». Вынікам разгорнутага на сцэне тэатральнага дзейства, з характэрнымі жартаўлівымі і іранічнымі музычнымі дыялогамі герояў-харыстаў і хормайстра-дырыжора (яны сумяшчаюцца з элементамі харавых распевак і панегірычных строф), становіцца яркая харальная кульмінацыя, праз якую выяўляюцца ўнутраны свет мастака і ідэалы прыгажосці.

Другое сачыненне таксама было напісана адмыслова для гэтага калектыву і прысвечана «спяваючаму» дырыжору — Ігару Мацюхову. Апошні раз «Песні Арбацкага двара» Булата Акуджавы — Віктара Капыцько (сюіта для камернага хору і інструментальнага ансамбля) выконваліся на святкаванні 10-гадовага юбілею хору. Асаблівую атмасферу падчас новага выканання стварыла прысутнасць на сцэне і ў зале відавочцаў і выканаўцаў той, даўнейшай прэм’еры.

Дванаццаць песень Булата Акуджавы, музычна пражытыя і па-мастацку асэнсаваныя Віктарам Капыцько, — гэта партрэт чалавечай душы і адлюстраванне пэўнай эпохі, ХХ стагоддзя, у якім з’ядналіся надзея і пакута, хлусня і шчырасць, каханне і здрада. Гэта — пошук духоўнага апірышча праз зразумелыя на ўзроўні падсвядомасці музычныя інтанацыі, напаўцытаты, стылістычныя алюзіі. І галоўным для аўтараў і выканаўцаў стала магутнае жаданне зафіксаваць у Кнізе памяці вобразы вечнага кахання і веры ў сілу мастацтва. Спрыяла гэтаму неверагодная творчая харызма Ігара Мацюхова, яго здольнасць усталяваць эмацыйны і духоўны кантакт з залай і стварыць адзіную музычную прастору, без бар’ера паміж слухачом і выканаўцам.

Прафесійная жыццяздольнасць калектыву грунтуецца перадусім на штодзённай працы. Камерны хор працягвае летапіс айчыннага мастацтва, застаецца ў цэнтры музычнага жыцця, адкрывае новыя імёны. У сітуацыі бясконцага размывання мастацкіх крытэрыяў ён здольны захаваць адпачатку абраныя творчыя пазіцыі, а таксама мажорную танальнасць музычнага асветніцтва.

Наталля ГАНУЛ