РЭЦЭПТ АКТУАЛЬНАГА ЖЫВАПІСУ?

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрылася выстава «Цуды маляванак», прысвечаная 120-м угодкам з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Арганізатарамі выставы сталі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, творчае аб’яднанне «Мастак» з Заслаўя і мінская галерэя «ДМ» фальварка «Добрыя мыслі». Куратар — Таццяна Гаранская.

Выстава «Цуды маляванак» падагульняла вынікі сямі пленэраў, праведзеных у Заслаўі. Дарэчы, у знакамітым музеі-запаведніку сабрана самая вялікая калекцыя маляваных дываноў, таму натуральна, што гэты горад стаў цэнтрам развіцця сучаснай маляванкі.

Выстава «Цуды маляванак» нездарма была прымеркавана да ўгодкаў Язэпа Драздовіча. У сваіх творах ён знітаваў арганічную традыцыю народнага роспісу і вольную рэфлексію прафесійнага мастака, архаічныя матывы раю і сюжэты, прысвечаныя гісторыі і архітэктуры Беларусі. Такая творчая (і грамадзянская) пазіцыя досыць натуральна клалася ў кантэкст актуальных мастацкіх пошукаў ХХ стагоддзя. Ніколі раней работы інсітных творцаў так не ўплывалі на прафесійнае мастацтва, спараджаючы ў ім самыя розныя формы прымітывізму. Украінскі культуролаг Мірон Пяткоўскі назваў гэты феномен «культурным маятнікам»: спроба навацыі ў мастацтве выклікае да жыцця яго самыя глыбінныя архаічныя пласты. Архаічныя формы свядомасці становяцца запатрабаванымі і ў нашу складаную і супярэчлівую эпоху. Новы — «экалагічны» — светапогляд выяўляецца ў розных формах культуры, яго праявы відавочныя ў сучасным мастацтве.

Адметны тып светаўспрымання, ёмістасць мовы маляванкі (першая выстава якой адбылася ў Мінску ў 1978 годзе) паўплывалі на многіх мастакоў: яны сталі выкарыстоўваць кампазіцыйныя прыёмы, абыгрываць сюжэты, многія творы не проста інтэрпрэтавалі, а мадэрнізавалі архаіку.

Прызнаюся: на «Цуды маляванкі» ў галерэі «Універсітэт культуры» я патрапіла выпадкова. Менш за ўсё на выставе з такой назвай чакала ўбачыць сучасны па гучанні і магутны па энергетыцы жывапіс. Удзельнікі заслаўскіх пленэраў — у абсалютнай большасці дыпламаваныя мастакі, прычым сярод іх шмат моладзі. Чым прываблівае іх мова маляванага дывана? Пошукамі «страчанага раю», цэласнасцю, магчымасцю выхаду са сферы рэфлексіі ў стыхію непасрэднага адчування? Ці прафесійнымі патрэбамі — імкненнем да чысціні, лапідарнасці і энергаёмістасці выяўленчай мовы? Тут не можа быць «пустой» паверхні, сэнсава незапоўненых, не ўведзеных у агульную сімвалічную структуру фрагментаў. Мастакі свядома адыходзяць ад прыгожага, выкшталцонага, але выпусташанага дэкаратывізму, які пануе на выставах сучаснага беларускага жывапісу.

Паглыбіўшыся ў стыхію маляванкі, творцы часта звяртаюцца да традыцыйных прыёмаў пабудовы выявы, да ўстойлівых кампазіцыйных схем. На выставе было відавочна: гэтае абмежаванне спрацавала як стымул, падштурхнула да пошуку. Энергія мастака ішла шляхам, выпрацаваным народным досведам, і такім чынам канцэнтравалася на выяўленні істотнага. Класічная маляванка пабудавана паводле наступнага прынцыпу: сакральны сюжэт у цэнтры, вакол яго рамка-абярэг, любы элемент твора — закадзіраванае, зашыфраванае пасланне. З чорнага фону нараджаецца жыццесцвярджальная, напоўненая энергіяй выява. Свабода самавыражэння сучаснага мастака дасягалася ў большай ступені тады, калі ён «забываў» свае прафесійныя навыкі, адкідаў як непатрэбны друз прыёмы «вучонага» малявання. Рука пачынала рухацца па-іншаму, раней нязвыклымі шляхамі.

У аснову маляванкі Алены Феставец лёг рэальны факт: у яе сяброўкі дзіця нарадзілася на Вялікдзень. Гэтую падзею мастачка ўпісвае ў сакральны цыкл: Нараджэнне, Пакланенне, Дрэва жыцця. У структуры маляванкі могуць сумяшчацца розныя пласты сімвалаў, гэта прастора, якая развіваецца паводле сваёй уласнай логікі. Сімволіка і энергетыка, якімі пранізаны твор Маргарыты Шчамялёвай, не далі выявам кветак ператварыцца ў звычайны прыгожы роспіс. Іван Семілетаў, які адышоў ад кампазіцыйных схем як маляванкі, так і прафесійнай жывапіснай карціны, непасрэдна і глыбока зрэагаваў на саму энергетыку народных вобразаў. Работа Таццяны Мядзведзь «У райскім садзе» прыцягвае ўвагу «наіўнай» інтэрпрэтацыяй біблейскага сюжэта. Тут ёсць усё — вібрацыя прасторы, нараджэнне падзеі, экспрэсія і прадчуванне. Аблямоўка з пяшчотнай рамкі — бо гэта ўжо спыненая, утаймаваная, цыклічная і вечная дзея. Экспрэсія лініі, што вольна абагульняе форму, яркія адкрытыя колеры ствараюць незвычайна напружанае, моцнае, як напяты барабан, гучанне твораў Ларысы Сакаловай. Надзвычай дакладна цаляе «ў наіў» Надзея Макаранка — яна смела зрушвае пласты выявы, прыадкрываючы падсвядомыя крыніцы творчасці. Яе «Купалле», у якім выява праступае з чорнага палатна, нібы матэрыялізуецца са змроку ночы. Выява Заслаўя ў атачэнні кветак — як падарунак ці каштоўнасць... Дарэчы, цэлая зала экспазіцыі была прысвечана гэтаму гораду. Гістарычныя мроі і рэальныя краявіды спляталіся мовай сімвалаў у міфалагізаваныя вобразы.

У пленэрах маляванага дывана бралі ўдзел многія вядомыя творцы — Святлана Каткова, Аляксандр Шатэрнік, Віктар Маркавец, Вольга Гардзіёнак-Кірэева, Валянціна Бартлава... Які досвед дае прафесійнаму мастаку асэнсаванне і інтэрпрэтацыя гэтай старажытнай сімволікі, авалодванне прынцыпова іншымі метадамі і прыёмамі арганізацыі жывапіснай плоскасці? «Мне лёгка пераключыцца на “наіўнае” светаадчуванне, — расказвае Вольга Сазыкіна, — на пошук “душы” прадмета. Тут адбываецца пранікненне ў сутнасць з’явы, любая выява становіцца знакавай, колер — сімвалічным. Твор прачытваецца на ўзроўні выяўленчых кодаў. Традыцыйная схема маляванкі, яе структура — не абмяжоўвае, наадварот: у гэтую сістэму светабудовы (верхні, сярэдні і ніжні сусветы) лёгка ўпісваецца любы сюжэт. Рамка, якая ў маляванцы працуе як абярэг, увогуле прынцыповы мастацкі прыём. Узяць у рамку любую падзею — і яна ўжо становіцца канцэптам, становіцца мастацтвам».

Алеся БЕЛЯВЕЦ