ГОРАД ПАЧУЦЦЯ І ЦІШЫНІ

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

У галерэі Леаніда Шчамялёва праходзіла выстава «Дзівоснае месца». Фатографы прапанавалі нам свой погляд на Мінск, сваё нечаканае і своеасаблівае бачанне горада.

Старыя сцены і новыя сцэны, Лошыцкі парк, трамвай на Кастрычніцкай — вуліцы, што яшчэ нагадвае колішнюю Ляхаўскую, вечар на Свіслачы, у тым месцы, дзе заканчваецца ўпарадкаваны парк Горкага і пачынаецца ці то зараснік, ці то нейкі бясконцы сквер... Калі ўсё гэта сабраць разам, атрымаецца «Дзівоснае месца». Пры чым тут фатаграфія? Ды пры ўсім — і як мастацтва, і як дакумент.

Канцэпцыя выставы аказалася досыць цяжкай для ўспрымання, хоць нічога звышінтэлектуальнага ў яе не было закладзена. Наадварот: гэта быў досвед пачуццёвага спасціжэння горада. Так, гэта наш Мінск, але ў большай ступені — гэта адчуванне таго месца, дзе мы знаходзімся.

Энергетычна самае глыбокае — у «Растварэнні рацыянальнага ў блакіце вечара 18 жніўня» Сяргея Кажамякіна (2008). Шэраг выяў не перарываецца адасабленнем кадраў: яны доўжаць адзін аднаго, у розным рытме выцякаюць адзін з другога. Іх эмацыйны градус да апошняга ўсплёску ночы застаецца на ўзроўні пранізлівасці. Для Сяргея Кажамякіна характэрны менавіта такі падыход да тэмы («Адно жыццё і адзін дзень», 2008; серыі «Фантомныя адчуванні», 1997 — 2000; «Дзіцячы альбом», 1989), але не характэрныя колер і ўскладненне формы выказвання. Спробу наблізіцца да колеру і нязвыклага фармату, відаць, варта аднесці да новага перыяду творчасці. З’яўленне новых якасцей, безумоўна, радуе. Сама па сабе складанасць фатаграфічнай мовы — яшчэ не вартасць, але прастата і прамалінейнасць — відавочна прыкметы руціны і маскультуры.

Менавіта з-за эмацыйнага складніка задумы пасля выставы засталося адчуванне, што тэма не вычарпана. Гэта цалкам зразумела: дзівоснае месца нельга мінуць і паставіць кропку. У гэтым сэнсе «горада-перажывання» не можа быць зашмат, як і звязаных з ім адчуванняў. Таму «Дзівоснае месца» як праект можна доўжыць, і хацелася б убачыць у аўтараў больш разгорнутае прачытанне тэмы. Пакуль жа быў выбраны такі варыянт прадстаўлення: камерная экспазіцыя, невялікія серыі. Толькі Ігар Саўчанка з абстрактнымі кадрамі, што практычна пазбаўлены логікі развіцця сюжэта, пераступіў праз гэтыя рамкі, прадставіўшы дванаццаць здымкаў, дванаццаць спроб пранікнення, узірання ў няпэўнае перадбыццё, перадматэрыю. Паўзмрок, зыбкая прастора. Крохкасць жыцця, часу...

Работы праекта не маюць нічога агульнага з тымі карцінкамі, якімі можна любавацца толькі таму, што яны прыгожыя самі па сабе. Але і «прасунуты» мінскі глядач — не з тых, хто набывае сувенірныя паштоўкі ў прывакзальных шапіках. Фатаграфіі дзівосных месцаў неаддзельныя ад асобы аўтара і яго прыватнай творчай гісторыі. Часам кантэкст для аўтара не менш важны, чым уласна выява («Бернардзінскія муры» Міхала Анемпадзістава). У суседстве работ Міхала Анемпадзістава і Кірыла Ганчарова ёсць падтэкст: успрыманне сучасным чалавекам урбаністычнага асяроддзя, асэнсаванне гісторыі. Тут не ставіцца акцэнт на неабходнасці выбару паміж цудамі цывілізацыі і безумоўнай каштоўнасцю «старых сцен», чые загадкі застаюцца для нас таямніцай.

У «Дзівосным месцы» няма дакладных правіл паводзін, ад чалавека — мастака і гледача — патрабуецца адно: уяўленне. Дакладней — удумлівасць, здольнасць да асацыяцый, жаданне не прапусціць ніводнага імгнення жыцця, быць пачутым. «Месцы-прадчуванні» паказалі нам Кацярына Гуртавая і Андрэй Калеснікаў. Візуальна, як ні дзіўна, гэта ўжо класіка, часам нават старамоднасць, якая ўспрымаецца як нешта радыкальнае. Аказваецца, вось у чым смеласць: кадр празрысты, свабодны, чысты па форме і паветраны. І вось што значыць кан’юнктура: такія рэчы даводзіцца тлумачыць, а глядач, выхаваны на клубнай і прыкладной фатаграфіі, па-ранейшаму ў разгубленасці.

Дзівосныя месцы нічога нікому не навязваюць — ні так званых «візітовак» горада, ні ягоных праславутых чысціні і падсветкі. І ніякаму ўціску «рэальнага» аўтары стараліся не паддавацца — ні агрэсіі шматлюднага цэнтра, ні паўсюднай бясконцай будоўлі, транспартнай навале, смогу. Толькі ціхія месцы — для чалавека, у маштабе чалавека.

Складанасць праблемы і, магчыма, яе парадаксальнасць у тым, што дзівоснае месца як аб’ект — гэта, з аднаго боку, частка агульнадаступнай прасторы, а з другога — выключна ўнутраны свет чалавека. Пры гэтым адчуванне горада само па сабе — з’ява спантанная, незалежная ад календара і іншых акалічнасцей. Таму ёсць надзея, што гісторыя будзе працягнута.

Любоў ГАЎРЫЛЮК