МОМАНТЫ НАДЗЕІ

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

«Дробязі жыцця» — так называлася першая персанальная выстава Надзеі Дзегцяровай. «Гэта наш Карцье-Брэсон, Капа і Дуано ў адной асобе», — сказаў, прагледзеўшы экспазіцыю, вядомы фотамастак Сяргей Кажамякін.

Надзея Дзегцярова — праграміст па адукацыі, фатаграфіяй захапілася некалькі гадоў таму. Нарадзілася дзіця, і захацелася рабіць фотаздымкі для сямейнага альбома. Пасля стала цікава фатаграфаваць для сяброў і знаёмых. У «Фотагульні» — анлайн-праекце, дзе яна размясціла свае фатаграфіі, — яе ўпершыню заўважылі як аўтара. Яна ўступіла ў фотаклуб «Мінск» і стала рэгулярна хадзіць на лекцыі і сустрэчы, арганізаваныя Аркадзем Бірылкам. На адной з такіх сустрэч Надзея ўбачыла работы нашага дакументаліста Віктара Бутры і нарэшце зразумела, якой менавіта фатаграфіяй яна хоча займацца.

Надзея працуе ў жанры street photography (вулічная фатаграфія), які мае сваю даўнюю гісторыю. Анры Карцье-Брэсон, Роберт Франк, Роберт Дуано, Гары Вінагранд — вось толькі некалькі з сусветна вядомых творцаў, што прысвяцілі сябе гэтаму жанру. Усе яны імкнуліся непрадузята расказаць пра жыццё горада, паказаць людзей такімі, якія яны ёсць: заспець знянацку, сфатаграфаваць тайна, каб пазбегнуць пазіравання і застылых твараў-масак. Жыццё само па сабе цудоўнае і захапляльнае ва ўсёй сваёй непасрэднасці — так, напэўна, можна сфармуляваць крэда вулічнай фатаграфіі. І горад з яго непрадказальнай дынамікай дае безліч сюжэтаў, каб гэта пацвердзіць.

Фатаграфіі Надзеі — гэта здымкі момантаў, прычым такіх, калі нечакана «схопленымі» аказваюцца не проста выразы твару, а цэлыя сітуацыі са мноствам складнікаў. Людзі, дамы, дрэвы, сабакі, кошкі, галубы, глыбокія цені, жэсты і рухі — усё раптам утварае асаблівы, прывабны малюнак, і ў гэтае імгненне спрацоўвае кнопка затвора. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя нямецкі крытык Вальтэр Беньямін пісаў, што фатаграфія адкрыла для нас аптычнае неўсвядомленае: дзякуючы ёй мы пачынаем бачыць тое, чаго фізічна не маглі ўспрыняць ці проста не заўважалі. Мы канцэнтруемся на галоўным і прапускаем шмат дэталяў, з якіх і складаецца наша паўсядзённасць. Фатаграфія Надзеі — менавіта пра моманты нашага жыцця, якія мы не заўважаем. У гэтым і выяўляецца, так бы мовіць, фатаграфічнасць яе фатаграфій, бо — якім іншым спосабам можна было б здзейсніць такую работу?

Надзея прызнаецца, што любіць зазіраць у вокны: за кожным — незнаёмцы са сваімі ўласнымі гісторыямі. З доўгім глядзеннем у вокны, за якімі бясконца з’яўляліся і знікалі людзі, звязаны ўспаміны пра хваробы ў дзяцінстве. Цяпер жа аконная рама пераўтварылася ў рамку кадра, праз якую фатограф захоплена назірае за жыццём. «Калі мне пашчасціць знайсці нейкае цікавае месца, — кажа Надзея, — я проста спыняюся і чакаю. Праз нейкі час тут абавязкова з’явяцца людзі і штосьці адбудзецца». Зрэшты, мноства фатаграфій ствараецца і без якойсьці папярэдняй падрыхтоўкі — спантанна.

Выхопліваючы толькі долі секунды з плыні падзей, фатаграфіі Надзеі валодаюць цудадзейнай наратыўнасцю: яны прымушаюць нас доўга ўзірацца ў іх, спрабуючы зразумець, што папярэднічала гэтаму моманту, што здарылася секундай пазней і што ўвогуле тут адбываецца. Фрагмент гісторыі прыцягвае настолькі, што мы ўжо не можам утрымацца, каб не сфантазіраваць яе цалкам.

Вось на адной рабоце — шырокая лесвіца, на краі яе сядзіць мужчына ў шортах і белай кепцы, у адной руцэ трымае цыгарэту, у другой — белы кубак. Непадалёк на прыступках разлёгся чорны кот, далей — яшчэ адзін. Мяккую танальнасць фатаграфіі прарэзала нечаканая кантраснасць і рытміка элементаў: два каты на лесвіцы, падобныя да дзвюх выпадковых клякс, ператварылі звычайны здымак у арыгінальную сцэну. Што да сэнсу, то адначасная прысутнасць усіх вышэйпералічаных аб’ектаў стварае асаблівую сюррэалістычнасць. Застаецца толькі здагадвацца, што засталося за межамі кадра.

Ужо ў першых дыскусіях, якія адбыліся пасля выставы «Дробязі жыцця», спецыялісты паспяшаліся адзначыць віртуозную працу са святлом. Перавагу цёмных глыбокіх ценяў сама мастачка патлумачыла тым, што частка работ задумвалася як серыя, у якой мусіла імітавацца тэатральнае асвятленне. Менавіта таму яна свядома шукала такія месцы, дзе святло выхоплівала персанажаў з паўзмроку. Кантрасныя суадносіны святла і ценю становяцца арганічнымі часткамі таго агульнага «малюнка сцэны», які і прывабіў фатографа.

Невыпадковае і чорна-белае выкананне. Асаблівасцю street photography з’яўляецца тое, што тут у найбольшай ступені выяўляе сябе родавая рыса фатаграфіі — здольнасць захопліваць у кадр усе запар дэталі. Таму фотаздымак гаворыць больш, чым хацеў сказаць фатограф. Аб’екты, што нечакана «пралазяць» у кадр, рэзкія спалучэнні колераў прыўносяць свае сэнсы. Таму, каб узнавіць кантроль над зместам, Надзея пераводзіць усе фатаграфіі ў манахром, а для дадатковых карэкціровак выкарыстоўвае Photoshop.

Надзея Дзегцярова не строіць кар’ерных планаў і не збіраецца скараць свет сваёй творчасцю. «Я фатаграфую дзеля задавальнення», — кажа яна. І сапраўды — гэты настрой адчувальны ва ўсіх яе работах, добразычлівых і шчырых. Просты, амаль дзіцячы погляд, што прысутнічае ці не ў кожным творы, пакідае светлае і добрае адчуванне.

Святлана ПАЛІШЧУК