XXI ФЕСТЫВАЛЬ У XXI СТАГОДДЗІ

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

Пра папулярнасць форуму пад назвай «Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC)» сведчыць вялікая колькасць харэографаў (гэтым разам — 62 прэтэндэнты), што пажадалі ўзяць удзел у конкурсе. Па выніках адборачнага відэатура ў Віцебск былі запрошаны 19 калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Венгрыі, Казахстана, Кітая, Літвы і Малдовы.

Наогул конкурсны рух адыгрывае важную ролю — перш за ўсё ў прафесійных кантактах дзеячаў харэаграфічнага мастацтва. У межах XXІ IFMC прайшлі клас-канцэрты харэографаў Джамала Барнса (Нью-Йорк, ЗША) па афра-contemporary (спалучэнне рытмаў Афрыкі з джазавай пластыкай), Таццяны Астравер (Кіеў, Украіна) — па базавых тэхніках Канінгэма і Хортана, Дзяніса Барадзіцкага (Масква, Расія) — па тэхніцы, якая спалучае элементы мадэрна і класічнага танца, і Сяргея Смірнова (Екацярынбург, Расія) — па кампазіцыі ў балетным спектаклі; адбыліся тэарэтычны майстар-клас Віты Мазурайтэ (Вільнюс, Літва) і прэс-канферэнцыя «Новыя імёны»; увесь час працавала выстава пад сімвалічнай назвай «Людзі як птушкі» вядомага фотамастака Уладзіміра Лупаўскога, які здымае пластычны тэатр на працягу 30 гадоў.

У рамках гасцявой праграмы выступілі такія славутыя калектывы, як Пермскі дзяржаўны тэатр «Балет Яўгена Панфілава», харэаграфічная кампанія «Эксцэнтрык-балет» пад кіраўніцтвам Сяргея Смірнова,Тэатр танца «Прыгонны балет», зорка Штутгарцкага балета Эрык Гуацье і гурт «Gauthier Dance» з Германіі. Кожны спектакль быў непаўторны, харэаграфія вабіла арыгінальнасцю пластычных фарбаў, багаццем і выразнасцю штрыхоў і нюансаў, эмацыянальнасцю і прафесіяналізмам выканання.

Галоўная ж падзея фестывалю — конкурс балетмайстарскіх работ. Яго журы ўзначальваў вядомы беларускі харэограф Валянцін Елізар’еў.

Гран-пры ХXІ Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў намінацыі «аднаактовы балет» быў прысуджаны маскоўскай трупе «Boroditskiy Dennis Dance Company» за твор пад назвай «Мне шкада, што вы гэтага не зразумелі...», які быў спецыяльна падрыхтаваны для конкурсу харэографам Дзянісам Барадзіцкім, прадстаўніком амерыканскага стылю ў сучасным танцы. Танцавальны тэкст вылучаўся гарманічнасцю пластычных пераходаў, амплітуднасцю асноўных і багаццем сувязных рухаў, наяўнасцю яркіх пластычных акцэнтаў. Між тым выкананне Барадзіцкім галоўнай ролі ў бессюжэтным сцэнічным дзеянні было пазначана адценнем «нарцысізму», чаму ў значнай ступені спрыялі як яго выключныя знешнія і фізічныя даныя, так і поўная паглыбленасць у сябе — яна ўспрымалася як самалюбаванне і межавала з абыякавасцю да ўсіх астатніх.

Спецыялістам і гледачам аднолькава спадабалася выступленне Тэатра сучаснай харэаграфіі «D.O.S.ZK.I» з Мінска, які паказаў аднаактовы балет «Сталасць» (на грузінскую і армянскую народную музыку) і атрымаў 1-ю прэмію. Удалае спалучэнне арыгінальнай балетмайстарскай задумы з дакладна падабранымі выразнымі сродкамі, тэатральнасць дзеяння і шчырасць выканання адразу вылучылі гэты твор як адзін з найбольш цікавых. Пластычны аповед пра трох братоў, адзін з якіх пасля страты маці бярэ на сябе адказнасць за двух астатніх, што пераўтварае яго з бесклапотнага юнака ў сталага мужчыну, уразіў багаццем метафар. Аўтар твора — ураджэнец Віцебска, нядаўні выпускнік кафедры харэаграфіі БДУ культуры і мастацтваў Дзмітрый Залескі. Ён паказаў сябе таленавітым пастаноўшчыкам, здольным сродкамі сучаснага танца ўвасабіць на сцэне як гумар (работа «Д.Р», прадстаўленая на мінулым, юбілейным IFMC), так і сур’ёзныя тэмы.

Сярод харэаграфічных мініяцюр 1-я прэмія была прысуджана кампазіцыі «Тыя, што засталіся ў жывых» на музыку Джона Карыльяна ў выкананні танцавальнай пары з Тэатра оперы і балета горада Ханьчжоу (Кітай). Дзве другія прэміі дасталіся мініяцюрам, прадстаўленым айчыннымі (што варта абавязкова падкрэсліць!) калектывамі: кампазіцыі «Прага небяспекі» на музыку Дзірка Хаўбрыха, пастаўленай Дзмітрыем Куракулавым для гродзенскай групы сучаснай харэаграфіі «ТАД», і мініяцюры «Стагоддзе на далоні», створанай Дыянай Юрчанка ў віцебскім Тэатры-студыі сучаснай харэаграфіі.

Першы з харэографаў захапіўся пошукамі выключна ў галіне сродкаў выразнасці, што праявілася ў стварэнні арыгінальных пластычных канструкцый, насычанасці лексікі акрабатычнымі элементамі, выкарыстанні шматмернасці сцэнічнай прасторы. Становіцца зразумелым: на дадзеным этапе Дзмітрыя Куракулава цікавіць менавіта мастацкая форма твора. Дыяна Юрчанка, харэограф, добра знаёмы па ўдалых выступленнях на папярэдніх фестывалях, наадварот, галоўную ўвагу ў сваёй рабоце надае зместу. Заблытаныя ўзаемаадносіны паміж хлопцам і сёстрамі, сімвалічна вырашаныя праз рухі герояў, што «віюцца» вакол аднаго месца, разгортваюцца ў суправаджэнні вакальнага ансамбля «Дэкаданс». Жывы гук узбагачае эмацыйную палітру, а ў нейкія моманты ўспрымаецца нават мацней за сцэнічнае дзеянне. Юрчанка падрыхтавала для конкурсу чатыры разнапланавыя харэаграфічныя мініяцюры, дзве з якіх трапілі ў фінал, а гэта — цудоўны творчы вынік!

Падчас прагляду конкурсных твораў міжволі разважаеш пра будучыню сучаснага танца ў Беларусі. Раздумваючы пра тэндэнцыі яго развіцця паводле ўбачанага на фестывалі, можна адзначыць у дзейнасці харэографаў пэўную ўніфікацыю стылю — арыентацыю на тых, каго раней вылучылі, узнагародзілі, пахвалілі. Як вынік — канфармізм, што выяўляецца ў пасіўным успрыманні пануючых поглядаў, нежаданні шукаць новае, непаўторнае. Адсюль непазбежная «пазнавальнасць» харэаграфічных твораў, якія паказваюцца на фестывалі, наяўнасць у іх прыкмет мастацкага почырку харэографаў-першапраходцаў Яўгена Панфілава і Таццяны Баганавай, тыражыраванне рэжысёрскіх прыёмаў такіх яркіх пастаноўшчыкаў, як Аляксандр Пепяляеў, Сяргей Смірноў, пластычных знаходак самабытных балетмайстраў Вольгі Поны, Мікалая Агрызкава.

Разлічваць на тое, што сучасны танец набудзе прызнанне ў маштабе дзяржавы (будзе наладжана сістэма выкладання, выдаткуюцца сродкі і г.д.) у агляднай будучыні не варта. Прастора для шырокага ўспрымання сучаснай харэаграфіі ў Беларусі толькі фарміруецца: пакуль што існуюць асобныя асяродкі, а павінна быць моцнае мастацкае лобі. Разам з тым адсутнасць строгай адукацыйнай школы, як ні парадаксальна, — наш паратунак, паколькі, нягледзячы на відавочны ўплыў расійскага сучаснага танца, пераймання заходніх школ не назіраецца — у айчынных харэографаў асабісты мастацкі погляд на рэчы.

Можна не верыць у магію лічбаў, але XXI фестываль у XXI стагоддзі стаў знакавай падзеяй для харэаграфічнага мастацтва Беларусі. Упершыню адразу чатыры беларускія калектывы прайшлі ў фінальны тур конкурсу, а тры з іх атрымалі ўзнагароды. Значна ўзрос прафесійны ўзровень айчынных выканаўцаў: яны добра валодаюць тэхнікамі сучаснага танца, што ў сваю чаргу дазваляе артыстам і харэографам-пастаноўшчыкам сканцэнтраваць увагу менавіта на мастацкіх складніках сцэнічнага твора. Можна нават сцвярджаць, што антаганізм паміж прадстаўнікамі класічнага і сучаснага танца, які існаваў доўгія гады (ён разглядаўся як проціпастаўленне прафесіяналізму і аматарства), амаль вычарпаў сябе і сёння назіраецца актыўны рух насустрач. Нядзіўна, што па ініцыятыве экспертнага савета фестывалю спецыяльную прэмію імя Яўгена Панфілава атрымала Марына Раманоўская, аўтар ідэі, ініцыятар правядзення і нязменны дырэктар танцавальнага форуму. Узнагарода прысуджана ёй за вялікі асабісты ўклад у станаўленне школы сучаснай харэаграфіі ў Беларусі.

Вынікі XXІ Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі радуюць. Але нельга забываць: поспехі ў гэтай галіне немагчымыя без пастаяннага вывучэння новага, смелых эксперыментаў, актыўнай падтрымкі апалагетаў сучаснага танца.

Святлана ГУТКОЎСКАЯ