Кароль у ролі караля, які...

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

У савецкія часы ў кожнага знакамітага артыста быў свой біёграф. Тады яшчэ існавала тэатральная крытыка, і крытыкаў на ўсіх не хапала. Можна было выбіраць і сябраваць згодна з прыхільнасцямі і інтарэсамі. Інтэрв’ю не было папулярным жанрам. Прыватнае меркаванне акцёра мала каго цікавіла. Затое ацэнкі прафесійнага крытыка чакалі з не цярпеннем. Ад ацэнкі мог залежаць лёс спектакля і лёс канкрэтнага выканаўца. Таму між крытыкамі і акцёрамі часам усталёўваліся чакальна-напружаныя адносіны. Ацэнку нельга было купіць або заказаць.

Мiлалай Яроменка 
Мiлалай Яроменка

М.Яроменка (Сэр Джон). «Касцюмер» Р.Харвуда.
М.Яроменка (Сэр Джон). «Касцюмер» Р.Харвуда.

А.Ельяшэвіч (Ганна), М.Яроменка (Камандор). «Каменны гаспадар» Л.Украінкі.
А.Ельяшэвіч (Ганна), М.Яроменка (Камандор). «Каменны гаспадар» Л.Украінкі.

М.Яроменка сярод калег-купалаўцаў.
М.Яроменка сярод калег-купалаўцаў.

Л.Давідовіч (Эліза), М.Яроменка (Арнхольм). «Жанчына з мора» Г.Ібсена.
Л.Давідовіч (Эліза), М.Яроменка (Арнхольм). «Жанчына з мора» Г.Ібсена.

 Праўда, адзін штамп у нашай крытычнай справе ўсё ж такі існаваў. Народных і знакамітых крытыкаваць не дазвалялася. Іх можна было толькі абысці маўчаннем. У Мікалая Яроменкі мелася свая ахоўная грамата. Апрача высокіх званняў, ён заўсёды займаў сур’ёзныя і недатыкальныя пасады. Старшыня Саюза тэатральных дзеячаў. Дэлегат партыйнага з’езда. Старшыня якога небудзь камітэта. Гэта азначала, што ён проста абавязаны іграць на сцэне лепш за ўсіх.

Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што самі акцёры да ўсяго гэтага ставіліся не надта сур’ёзна. Магчыма, многія нават не ведалі пра падобнае табу для нас, газетчыкаў. Аднак немагчымасць сумленнага і непрадузятага разбору чарговай ролі ў спектаклі для некаторых творцаў абарочвалася маўчаннем або скажонай характарыстыкай.

Думаю, што так было і з некаторымі работамі Мікалая Мікалаевіча. Яго то зусім не бачылі, то бязмежна захвальвалі. Для акцёра гэта страта арыентацыі. Як чалавек разумны, ён, безумоўна, усведамляў, што нешта тут не тое. У яго больш ахвотна высвятлялі грамадзянскую пазіцыю, чым цікавіліся думкамі з нагоды чарговай ролі. У выніку ўсё гэта абярнулася сапраўднай драмай: доўгімі прастоямі на тэатральнай сцэне. Шмат роляў ён не сыграў менавіта таму, што ў кіраўніцтва тэатра не было цвёрдай упэўненасці ў поспеху. Адкрыта сказаць яму пра гэта не асмельваліся. Запрасіць дзеля яго вопытнага рэжысёра-майстра не лічылі патрэбным.

Шчыра кажучы, актыўная грамадская дзейнасць у творцаў часцей за ўсё назіраецца тады, калі яны не заняты цікавай творчай працай або захоплены кар’ерысцкімі мэтамі. Але нават у гэтым усе такія розныя. Да аднаго варта паставіцца з пагардай. Другога можна паважаць. Бывае, канешне, і шчырая перакананасць. Яроменка з ліку тых, хто ў сваіх грамадзянскіх пачуццях ніколі не фальшывіў.

Варта больш пільна ўгледзецца ў ягоную чалавечую і творчую біяграфію. Яна цалкам склалася ў другой палове дваццатага стагоддзя, у час імклівых супярэчлівых змен. Зведаўшы ваеннае ліхалецце, паверыўшы ў сацыялістычны лад, знаходзячыся на кіруючых пасадах, стаўшыся далучаным да палітычнай эліты грамадства, Мікалай Мікалаевіч жыў не проста сціпла, а больш чым сціпла, і быў сапраўдным савецкім чалавекам, шчырым партыйцам.

А якія ролі ён пастаянна выконваў? Рэвалюцыянераў. Военачальнікаў. Сакратароў абкамаў і райкамаў. Кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў. Міністраў. Галоўурачоў. Была нават роля Іосіпа Броз Ціта.

Без веры ў тое, што робіш, такія ролі не сыграеш. Апрача іншага, такі матэрыял уваходзіць у кроў. І вось акцёр прызнаецца, што сваіх станоўчых герояў любіць больш, чым адмоўных, што на іх прыкладах, толькі на іх, можна вучыць і выхоўваць гледача. У сваіх сцэнічных і кінематаграфічных пабрацімах пакідае частку ўласнага «я». Адначасова і падсілкоўваецца іх энергетыкай. Ён ганарыцца, калі ў адным з артыкулаў яго называюць адданым ленінцам.

Штораз прызнаецца: «Я, як і ўсе, мабыць, люблю ў чалавеку дабрыню, сардэчнасць, вядома, розум, а галоўнае — індывідуальнасць. Мне падабаюцца людзі апантаныя, людзі смелыя. Таму што якой бы ні была зададзеная драматургія вобраза, ты сам павінен ведаць, што сказаць, укладаць жыццёвы змест у кожны ўчынак свайго героя. І таму вельмі важна ўбіраць у сябе жыццё, нічога не адвяргаючы, не забываючыся ні на радасці, ні на гора, каб потым, збіраючы ўсё па крупінках — слёзы, гнеў, захапленне, усмешкі, — ляпіць праўдзівы характар».

Калі Яроменка іграў падобныя ролі, ён нібы займаўся ўпартым самагіпнозам. Быў зачараваны сваёй вераю. Ягоная гаворка была прасякнута чаканнымі рытмамі, упэўненымі інтанацыямі. У савецкіх спектаклях ён выконваў містэрыю, якая магутна ўздзейнічала на аўдыторыю. І верыў, што такім чынам можа хоць крышачку змяніць свет у лепшы бок.

Падчас працы ў Віцебску Яроменка практычна не ведаў, што гэта такое — дзяліць вялікую ролю, выконваць яе з кімсьці па чарзе. За дзесяць гадоў працы ён параўнальна лёгка зрабіўся ў тэатры лідэрам. Ягоныя знешнія даныя адразу вызначылі творчы лёс. Ідэальны герой для сучасных п’ес. На тэатральнай мове — амплуа сацыяльнага героя. Відавочны палітычны тэмперамент. Кіраўнікі, якіх ён бачыў вакол і якіх даводзілася іграць у тагачасным рэпертуары, былі даволі просталінейныя, з непахіснай верай у ленінскую праўду. Менавіта так пісалі пра ягоных герояў у рэцэнзіях таго часу.

З пераездам у Мінск у Тэатр імя Янкі Купалы вядучы акцёр рознымі абставінамі быў адсунуты на другі план. Адбылося гэта па аб’ектыўных прычынах. У яго быў малады сапернік, выпускнік тэатральнага інстытута Віктар Тарасаў. Так атрымалася, што іх часта прызначалі на адны і тыя ж ролі. Пры гэтым у Тарасава былі пэўныя перавагі. Добрая інстытуцкая прафесійная падрыхтоўка і магнетычная знешнасць. Тое, чаго Яроменка дамагаўся напружанай працай, Тарасаў ляпіў, можна сказаць, з паветра.

Увогуле, дублёрства ў тэатры — рэч небяспечная і спусташальная. Параўнанне — на карысць некага аднаго. І тады другі з цяжкасцю спрабуе даказаць, што ён не горшы, а проста іншы. Часта крытыкі глядзелі толькі адзін склад спектакля і рабілі свае высновы, ігнаруючы астатніх выканаўцаў. Яроменка і Тарасаў — зусім розныя індывідуальнасці, адпаведна і зусім розныя вынікі.

Паказальнымі аказаліся адносіны Яроменкі з Барысам Платонавым. Падчас прыходу Мікалая Мікалаевіча да купалаўцаў Барыс Віктаравіч ужо быў стары. Уласна кажучы, Яроменку і запрасілі яму на змену. Яроменка паспяхова сыграў Розенберга ў «Рускіх людзях» К.Сіманава. Паміж платонаўскім Розенбергам і яроменскім было дваццаць гадоў розніцы.

Мастацтва перагледзела свае адносіны да ворагаў як да недарэчных карыкатур. Розенберг у Яроменкі быў маладым і сімпатычным, з мяккімі манерамі і глыбока прыхаваным подлым нутром. Платонаў хваліў маладога акцёра, і калі гаворка зайшла пра ўзнаўленне фірменнага купалаўскага спектакля «Канстанцін Заслонаў», сам прапанаваў Яроменку на сваю некалі зорную ролю. Ён нават пачаў з ім актыўна працаваць, перадаючы ўласны вопыт. Яроменка з вялікай павагай прыслухоўваўся да старэйшага калегі. Але, бадай што, ён меў больш багаты досвед назіранняў за такімі асобамі, як Канстанцін Заслонаў.

Яроменка захапіўся роляй, стаў прапаноўваць свае распрацоўкі, але яму вельмі перашкаджала акцёрская скаванасць. Рэжысура патрабавала большай натуральнасці і свабоды, а Яроменка з-за сваіх шматлікіх кіраўнікоў рознага рангу напрацаваў штамп гэткага маралізатара. Натуральна, усім больш падабаўся Віктар Тарасаў. Ягоны Заслонаў захапіў і самога Платонава.
 
Мікалай Мікалаевіч быў вельмі засмучаны, але не здаваўся. Ён адстойваў характар моцнага чалавека, пазбаўленага сентыментальнасці. Заслонаў у Тарасава быў больш мяккім і разважлівым. Тэатр і крытыка разышліся ў ацэнках. Мела значэнне і тое, што Тарасаў не вельмі трымаўся за гэтую ролю. Яго захаплялі іншыя работы. І Яроменка перамог тымі якасцямі, якія тады высока цаніліся. Найперш гэта публіцыстычны тэмперамент — моцны бок творчасці. Але ў сітуацыі змены п’ес і рэпертуару, магчыма, менавіта ён сыграў ракавую ролю ў лёсе акцёра. Калі спатрэбіліся больш тонкія псіхалагічныя фарбы і адценні, Яроменка зразумеў, што яму не хапае майстэрства.

Падобнае зведалі многія акцёры. Талент пры адсутнасці прафесійнага навучання не перацягваў на шалях нармальную вузаўскую падрыхтоўку маладых артыстаў. Жыццёвыя універсітэты ўжо не так цаніліся. Усведамляць гэта ў пяцідзесяцігадовым узросце цяжка. Тут ужо недалёка і да комплексаў, канфліктаў, інтрыг, якія здараюцца ў тэатры.

Каму незнаёма сённяшняе адмоўнае стаўленне старэйшых да новых сучасных тэхналогій? Цуды прагрэсу здатныя ламаць чалавечыя
жыцці. У адну з сустрэч мы гутарылі пра гэта з Яроменкам. «Я толькі на вайну пайшоў рана, утойваючы дзіцячы ўзрост. Усё
астатняе атрымалася позна. На сцэну выйшаў у 25 гадоў. Выдатных рэжысёраў сустрэў позна. Класічныя ролі сыграў позна», — прызнаваўся ён. Мікалай Мікалаевіч быў вядомым уплывовым чалавекам, але спецыяльна для яго ніхто не збіраўся шукаць п’есы і прыдатнага рэжысёра. У гэтым сэнсе сёння залаты час. Акцёр можа дыктаваць умовы або ісці іграць у іншы тэатр. Некалі нават сам Яроменка не мог марыць пра штосьці падобнае. Існавала прыгонная залежнасць ад тэатра, у якім служыш. Адбор п’ес праходзіў строгую цэнзуру. Запрашэнне рэжысёра збоку было звязана з доўгім узгадненнем. Усё залежала ад збегу абставін, ад выпадку. І ён прыйшоў, надарыўся ў выглядзе кінематографа.

Пра тое, якую ролю ў лёсе Яроменкі сыгралі савецкі кінарэжысёр Сяргей Герасімаў і ягоны фільм «Людзі і звяры», шмат сказана і напісана. Не варта паўтарацца. Важна іншае. Кіно і тэлебачанне нясуць папулярнасць. Колькі таленавітых акцёраў не былі вядомымі публіцы, пакуль не з’явіліся на экране! Мне думаецца, што Яроменка адразу зразумеў, якія магчымасці тоіць у сабе кінематаграфічны свет. Праца з самымі рознымі рэжысёрамі, у тым ліку і са знакамітымі. Назіранне за ігрой
выдатных акцёраў. Партнёрства з імі на здымачнай пляцоўцы.

Упершыню ён з’явіўся на экране ў 1959 годзе і працаваў да апошніх дзён, пакінуўшы пра сябе памяць амаль што ў сямідзесяці фільмах. Асаблівасцю ягонага кінематаграфічнага лёсу былі асобы герояў: генералы, штабс-капітаны, пракуроры, сакратары ўсіх узроўняў — ад сакратара райкама да сакратара ЦК Камуністычнай партыі.

На шчасце, Яроменка быў вельмі фотагенічным і кінематаграфічным. Абставіны шчаслівыя для тэатральнага акцёра. Менавіта ў кіно ён змог дасягнуць пластычнай і інтэлектуальнай гармоніі, сінтэзу думкі і пачуццяў, музыкальнай дакладнасці галасавых інтанацый і графічнай рэльефнасці жэсту. Калі на сцэне ён часта быў рацыянальным, жорсткім, сухаватым, то ў кіно гэтыя якасці мікшыраваліся і знікалі.

Яроменка не паспеў сыграць дзядуляў і паважных прафесараў, да якіх, паводле логікі, мусіў прыйсці. Ягоны сацыяльны тэмперамент немагчыма было схаваць. Ён нібы захоўваў набраную вышыню. Тады і з’явілася п’еса англійскага драматурга Рональда Харвуда «Касцюмер». Мікалай Мікалаевіч папрацаваў з іншым Мікалаем Мікалаевічам — рэжысёрам Пінігіным. У рэпетыцыйнай пераклічцы Мікалаяў Мікалаевічаў гучалі павага і любоў, жаданне выявіць двухадзіную чалавечую сутнасць.

Яроменка іграў сэра Джона — магутную натуру са страсцю да жыцця і воляю да самарэалізацыі. Людзі такога складу, як правіла, самадастатковыя. Ён нібы незнаёмая планета, дзе гарманічнасць прыроднага рэчыва спалучаецца з цэнтраімклівай сілай. Іх магутнасць такая, што лепш і спакайней трымацца на дыстанцыі. Для бяспечнасці. Сэр Джон стары і хворы, але не ў стане гэта зразумець. Змучаны фізічна і маральна, ён павінен апошні, дзвесце дваццаць сёмы раз сыграць караля Ліра.

Дзеянне адбываецца ў час вайны. Бамбёжкі. Небяспека для жыцця акцёраў. Голад і нягоды. Сэр Джон лічыць сваім грамадзянскім абавязкам супрацьпаставіць гуманныя ідэі Шэкспіра фашысцкаму варварству. Ён капрызліва донкіхотнічае: «З-за нейкага Гітлера немагчыма як след сыграць Шэкспіра!» І гераічна пераадольвае ўласную нямогласць з рысамі ўзроставага маразму. Яму раяць: «Вам трэба сказаць пра свой стан доктару». І чуюць у адказ: «Навошта? Нетэатральныя людзі ніколі гэтага не зразумеюць».

Акцёры іграюць акцёраў, якія іграюць... П’еса пра каралеўскую асобу — шэкспіраўскага караля Ліра, пра велічнае становішча ўладальніка тэатральнай трупы сэра Джона.

Яроменка не сыграў свайго караля Ліра, хоць для гэтага падыходзілі і ягоны ўзрост, і творчыя набыткі. У п’есе «Касцюмер» надарылася магчымасць паказаць, як гэта магло быць. Праўда, тэкст шэкспіраўскага «Караля Ліра» быў у руках акцёра Валянціна Белахвосціка, які знаходзіўся за кулісамі. Ягоны моцны нізкі голас гучаў з дынаміка. Па дзіўным збегу абставін, яны зноў былі дублёрамі. Як часта яны апыналіся побач, калі рэжысёру трэба было вырашаць, каму аддаць ролю! Часцей за ўсё не атрымліваў ні той, ні другі. Тыповая тэатральная сітуацыя: адзін жыве шэкспіраўскімі страсцямі на сцэне, другі — за кулісамі. Абодва кладуць на плаху жыццё. І вось прыходзіць момант... 

Выканаўшы сваю самую лепшую ролю, Яроменка стаў перад выбарам: што больш важна, слава або здароўе? Урачы катэгарычна забаранялі выдаткоўвацца так, як гэта рабіў Мікалай Мікалаевіч. Рэжысура свядома не прызначала яму дублёра. Лічыцца, што быць адзіным — асаблівая прывілея. Дублёр прымушае майстра беспрычынна нервавацца. Калі Яроменка адмовіцца далей іграць, таленавіты спектакль, які выклікаў непадробны ажыятаж, знікне з рэпертуару. Яроменка сам прапанаваў аддаць ролю Белахвосціку. У спектаклі былі такія словы: «Мы змагаемся, каб выстаяць, вось у чым справа... Ды не зусім гэта проста — выстойваць ва ўсім гэтым дзярме! Але ж увесь свет змагаецца, каб выстаяць. Чаму ж не выстаяць вам?»

Прарочыя словы для канкрэтных акцёрскіх лёсаў. Нельга сказаць, што  Яроменка і Белахвосцік былі вельмі блізкія. У тэатры паміж імі часта ішла эмацыянальная палеміка. Але ж у чымсьці Белахвосцік паўтараў сцэнічны лёс Яроменкі. Таксама знайшоў аддушыну ў кінематографе. Таксама быў цвёрды ў сваёй грамадзянскай пазіцыі і не выракаўся яе ў той час, калі іншыя лёгка клалі на стол партбілеты. Выходзячы на сцэну ў ролі сэра Джона, у кароне караля Ліра, Белахвосцік, як Яроменка, нібы распавядаў пра сябе. Пра тое, што не адбылося, што не давялося сыграць, што хацелася здзейсніць... Вочы, поўныя смутку. Радасць прадчування перамогі, таго, што дачакаўся сваёй ролі...

Сцэна сварыць і мірыць. Магчыма, толькі на фінішы акцёры пачынаюць выразна ўсведамляць, якія дробныя і смешныя іх амбіцыйныя страсці. Праца над «Касцюмерам» сталася апошняй для абодвух артыстаў. Ім ужо не было чаго дзяліць. У гэтым шмат мерным і багатым на асацыяцыі спектаклі Мікалай Яроменка ствараў вобраз моцнага і слабога чалавека, адначасова самадура і дзіцяці, караля і блазна. Не баючыся быць непрыгожым, неэстэтычным у каралеўскай мантыі, накінутай на ніжнюю бялізну, ягоны герой то паглыбляўся ў маразматычнае трызненне, то з перадсмяротнай яснасцю зазіраў у душы сваіх блізкіх, якіх часта несправядліва крыўдзіў, якімі пагарджаў, але без якіх не змог бы пра жыць сваё  зорнае жыццё. Занадта запозненае ўсведамленне.

ТАЦЦЯНА АРЛОВА