КАНЦЭПТ СУЧАСНАГА ТЭКСТЫЛЮ

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

Выстава «Чорнае святло», якая адбылася ў мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, дала гледачам неабмежаваную магчымасць зместавых і тэматычных інтэрпрэтацый. Каб зразумець задуму аўтараў, неабходна было расшыфроўваць загадкавыя мастацкія сімвалы, паглыбляцца ў змест работ, якія праз візуальны шэраг сюжэтных кампазіцый, інсталяцый, выцягнутых з нашай памяці прадметаў мінулага выяўляюць эмацыйны і інтэлектуальны пасыл мастацтва ХХІ стагоддзя.

Выстава была задумана чатыры гады таму Іалантай Шмідціенэ, дырэктарам Гільдыі мастакоў-тэкстыльшчыкаў Літвы. Іаланта прывезла ў Полацк ужо другі праект. Першы, у якім былі прадстаўлены габелены і роспіс па шоўку, называўся «Беларусь—Літва». Гэта была сумесная акцыя беларускіх і літоўскіх мастакоў, якая садзейнічала сяброўству і супрацоўніцтву прыкладнікоў дзвюх краін.

Беларусы — нацыя «тэкстыльная». Без майстэрства ткацтва, вышыўкі, аплікацыі, пляцення нельга ўявіць сабе ні класічную, ні народную творчасць. Тканіны і адзенне захоўваюць архаічныя рысы, але пры гэтым адаптуюць іх да патрабаванняў сучаснасці. Моц іх эстэтычнага ўздзеяння — у аўтэнтычнасці, выкарыстанні арганічных, натуральных матэрыялаў, пазнавальнага дэкору. Дзякуючы гэтаму дэкаратыўна-прыкладное мастацтва сёння — надзейны гарант захавання самабытнасці, нацыянальнага каларыту ў жыцці грамадства. Прысутнасць розных традыцыйных форм і матэрыялаў у нашым побытавым асяроддзі адпавядае нацыянальнаму менталітэту з ўласцівым яму адчуваннем гармоніі з прыродай, імкненнем пабудаваць утульную, цёплую атмасферу дома і па-за яго сценамі, у іх «закадзіравана» глыбокая таямніца духоўнасці.

Аднак айчынныя тэкстыльшчыкі, якія адштурхоўваюцца ад нацыянальнага каларыту і традыцыйных форм, у цэлым вельмі марудна асвойваюць прастору сучаснага мастацтва. Рэдкія ўдзелы асобных аўтараў у міжнародных біенале мастацкага тэкстылю не ствараюць той спрыяльнай глебы наватарства ў галіне беларускай дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе маглі б спалучацца нацыянальныя адметнасці і канцэптуальныя падыходы. Сёння мы адчуваем нястачу мастакоў, якія валодаюць здольнасцю «размаўляць» з тканінамі на мове нашага часу, ствараюць эксперыментальныя канструкцыі на падставе нацыянальнага каларыту.

Менавіта ў кантэксце сінтэзу традыцый і наватарства ў галіне мастацкага тэкстылю вылучаецца выстава «Чорнае святло». Па словах Шмідціенэ, «спачатку трэба было захапіць мастакоў: наведаць кожнага ў майстэрні, часам — падказаць задуму, і гэта доўжылася паўтара года». З часам ідэю куратара ўпадабалі не толькі прыкладнікі, але і жывапісцы, скульптары, якія сумесна пашырылі межы паняцця «мастацкі тэкстыль». Тканыя кампазіцыі напоўніліся канцэптам, узбагаціліся прымяненнем новых матэрыялаў, атрымалі нязвыклую для іх форму падачы. Але асноўным сувязным звяном, якое дазваляе ўспрымаць усю выставу як адзіную цэльную работу, з’яўляецца непасрэдна чорнае святло.

Флуарэсцэнтныя лямпы стандартных памераў і пэўных колераў зацікавілі творцаў з розных краін свету яшчэ ў 1960-х гадах. Тады з’явілася такая катэгорыя, як «архітэктура святла», што ўяўлялася новай эстэтыкай, у мастацтве стваралася ірэальнае асяроддзе. Працягам стаў канцэптуальны накірунак у дызайне інтэр’ераў, які атрымаў назву «чорнае святло». Галоўная адметнасць стылю black light заключаецца ў эфекце свячэння фарбаў і іншых матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца пры стварэнні кампазіцыі: пры гэтым прадмет або выява самі становяцца крыніцамі святла, набываюць трохмернасць, змяняюць успрыманне прасторы.

Удзельнікі мастацкага праекта вылучылі гэты асноўны складнік і вырашылі выкарыстаць яго ў сваіх творах. З дапамогай жывапісу флуарэсцэнтнымі фарбамі, ткацтва з дадаткам прыродных матэрыялаў, а таксама спецыяльных тканін, паперы, якая адлюстроўвае промні, яны ўзмацнілі візуальнасць, ператварылі цяжкія формы ў бязважкія. Да гэтага аўтары дадалі эфект нечаканасці віртуальнай прасторы: змясцілі работы ў нязвыклае, адарванае ад канкрэтнага экспазіцыйнага інтэр’ера асяроддзе.

Калі знаёмішся з экспазіцыяй, заўважаеш цэласнасць і паслядоўнасць пабудовы твораў, якія абапіраюцца на традыцыі народнага ткацтва, але пры гэтым блізкія культуры мыслення сучаснага чалавека. У іх адчуваецца водгулле стыляў (ад абрадавага да канцэптуальна-тэкставага), уласцівых творцам некалькіх пакаленняў. Мастакі выкарыстоўваюць у сваіх работах падыход, які натуральна спалучае традыцыйнае мастацтва і яго сучасную інтэрпрэтацыю.

Вагда Даўбарайтэ наносіць малюнак на класічныя тканыя посцілкі. Выява то з’яўляецца, то знікае ў адлюстраваных промнях святла, і гэта гаворыць пра мімалётнасць і няўстойлівасць традыцый, уплыў на іх рысаў субкультуры. Аўтарскія развагі выразна прачытваюцца ў інсталяцыях Зінаіды Даргенэ, прысвечаных памяці яе бацькі: спробе максімальнага абагульнення знакаў прасторы і часу. Ва ўмоўна выбудаваную структуру дома мастачка ўводзіць сімволіку арнаментальнай вышыўкі, прадметы быту, акрэсліваючы праз гэта шлях пошукаў духоўнага сэнсу нараджэння і смерці асобы. Звышновая рэчыўнасць дакладна адлюстроўвае канцэпцыю — стан сучаснага чалавека, які кожнае імгненне паўстае перад вечнасцю. Інсталяцыі нават самых маладых удзельніц Асты Федаравічутэ, Бронэ Невердаўскенэ схіляюць да сур’ёзных роздумаў аб працягласці часу, жыцця, памяці... Іх творы ўспрымаюцца хутчэй як аўтарскія рэмаркі ў працэсе вечнага філасофскага пошуку сакральнай ісціны.

Абраная форма мастацкага выказвання (выявы мноства вачэй, што хаатычна рухаюцца па прасторы падлогі) выклікае навязлівае пачуццё агрэсіўнага сюррэалістычнага відовішча. Погляд чалавека трактуецца аўтарамі канцэптуальных кампазіцый як сімвал спасціжэння свету. Маскі пазбаўляюцца індывідуальных характарыстык і раствараюцца ў агульным безаблічным патоку святла. Інсталяцыя «Ідэнтыфікацыя» Асты Федаравічутэ складаецца з чатырох маштабных, тонка вытканых палотнаў, якія паўтараюцца з нязначнымі сэнсавымі зменамі ў малюнку. У рабоце адчуваецца жорсткі погляд аўтара на непазбежнасць наканаванага, на эвалюцыю ўяўленняў мастака, на філасофію творчасці і відовішчнасць.

Асаблівай — рафінаванай — эстэтыкай вылучаюцца работы Іаланты Шмідціенэ. Яе прасторавая вышыўка «Анёл, які ляціць» валодае галаграфічным эфектам свячэння ніцей. Вытканыя «ў паветры» элементы крылаў анёла складваюцца ў арнамент, што сімвалізуе бясконцасць. Другая яе работа — «Анёл, які танцуе» — складаецца з шасці беласнежных палотнаў з нанесеным фотаэмульсійнымі фарбамі малюнкам. На іх відавочна прачытваецца фігура чалавека, які на кожным чарговым палатне распростваецца ўсё вышэй. Аўтарка засяроджваецца на гэтым руху, які ўвасабляе духоўнае ўзрастанне героя. Завяршаецца цыкл сімвалічным распяццем, падобным на палёт у бясконцасць.

Безумоўна, міжнародныя творчыя сувязі выяўляюць парасткі новага мыслення, выбудоўваюць адзіную платформу сусветнага мастацтва. У сённяшняй зменлівай сітуацыі гэта надзвычай важна і дазволіць, на мой погляд, захаваць і павялічыць каштоўнасць уласных мастацкіх традыцый у кантэксце міжнароднага творчага досведу.

Ларыса Лысенка