КРОКІ ДА ВЯРТАННЯ

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

У галерэі «NOVA» адкрылася выстава «Валерый Лабко. Вяртанне. Крок 2». Гэты майстар фатаграфіі ў апошнія дзесяцігоддзі свайго жыцця рэалізоўваўся як настаўнік, клапаціўся пра школу, а многія яго творы засталіся невядомымі прафесійнаму асяродку. «Фатаграфія, — пісаў Валерый Дзмітрыевіч, — толькі інструмент. Патрэбны аўтар. Аўтар з галавой і чуйным сэрцам... Я мала веру ў тое, што аўтары могуць з’явіцца самі па сабе. А вось школа — гарантавана працуе на іх з’яўленне. Выкладаецца рамяство, але адначасова можа стварацца і асяроддзе, якое сілкуе таленты». Пералік яго спраў і пачынанняў уражвае. Cтаршыня праўлення першага Саюза фотамастакоў Беларусі, даследчык у галіне прадуктыўных адукацыйных методык, крытык, куратар выставачных праектаў, рэдактар шэрагу кніг па фотамастацтве, аўтар арыгінальных тэхналогій праяўкі і друку, эксперт у сферы гісторыі камп’ютэрнай графікі, паліграфіі і інфармацыйнай архітэктуры, Web, аналагавай і лічбавай фатаграфіі. Піянер беларускага інтэрнета, аўтар і мадэратар галіны форума «Сустрэча з легендай» на фатаграфічным вэб-партале www.znyata.com. Рэдактар рубрыкі «Лічбавае фота» ў часопісе «Digital Photo and Video Camera» (Кіеў, Украіна). З імкненнем згадаць, зразумець, асэнсаваць уплыў асобы Валерыя Лабко на сучаснуюфатаграфію сабраліся пасля адкрыцця выставы ў галерэі «NOVA» навучэнцы яго другой і трэцяй студый.

Уладзімір Парфянок: Валерый заўсёды моцна ўплываў на развіццё беларускай фатаграфіі, апошнім часам — ужо не творамі, а ў якасці выкладчыка. На жаль, ніхто з нас раней не бачыў яго палескую серыю, прадстаўленую на гэтай выставе, а яе сапраўды можна прылічыць да класікі нашага мастацтва. У партрэтах дзяцей адчуваецца незвычайная энергетыка: ты нібы «прыцягваешся» да гэтых твараў, іх можна разглядаць бясконца. Была, здаецца, толькі адна персанальная выстава Валерыя ў Мінску (ці то ў самым канцы 70-х, ці то ў пачатку 80-х гадоў) — фатаграфіі артыстаў беларускага балета. Валерый здымаў іх у кулуарах тэатра адразу пасля спектакля, калі яны не паспявалі выйсці з вобраза. Рэпартаж, вырашаны праз твары. Між іншым, пад моцным уражаннем гэтай выставы я і прыйшоў да Лабко вучыцца фатаграфіі.

Юрый Элізаровіч: Серыю здымкаў, непрыкметна зробленых у гарадскім транспарце, лічу брэндавай для Лабко. Важна было знаходзіцца ўнутры падзеі, здымаць, не прыцягваючы да сябе ўвагі. Сёння, калі такога кшталту работы з’яўляюцца ў іншых фатографаў, іх варта параўноўваць менавіта з той серыяй, вызначаць, ці знайшоў аўтар нешта новае...

У чым сутнасць творчага метаду Валерыя Лабко? Ён распрацаваў шэраг тэхнічных прыёмаў, давёў іх да дасканаласці і ў межах гэтых прыёмаў ствараў работы, якія беспамылкова пазнаваліся як лабкоўскія. Праз гэтую «кухню» ён правёў вельмі многіх людзей. На выставе ёсць шэраг фатаграфій таго перыяду, калі Валерый надзвычай актыўна займаўся выкладаннем. «Служэнне муз не церпіць мітусні»... Мы адразу бачым, што як фатограф ён рэалізаваўся тут у меншай ступені. З іншага боку, творы рабіліся тады, калі Валерый свядома разбураў традыцыйнае ўспрыманне фатаграфіі — і гэта таксама праявілася ў работах. Фатографы доўгі час неслі крыж неабходнасці фіксацыі рэчаіснасці — у той час як жывапісцы, перадаўшы гэтую функцыю фатаграфіі, займаліся ўвасабленнем свайго ўнутранага свету. У нашай краіне Лабко, напэўна, адным з першых так паўплываў на сітуацыю — не, хутчэй змадэляваў сітуацыю такім чынам, што фатографы сталі ўглядацца ў свой унутраны свет. Выпускнікі самай «прасунутай» «Студыі-3» Лабко, дзе ён прымяніў свае адпрацаваныя метады навучання, сталі рабіць фатаграфію прынцыпова новую. А Валерый у ёй рэалізоўвацца ўжо не стаў, бо ніколі не вяртаўся да таго, што было пройдзена. Ён рэалізоўваўся ў нечым іншым, заўсёды спяшаўся рабіць тое, што патрэбна «тут і цяпер».

У чым феномен школы Лабко? Валерый распрацаваў простую, лаканічную і лёгка засваяльную сістэму тэхнічнай вытворчасці якаснай фатаграфіі — здымачнага, негатыўнага, пазітыўнага працэсаў і метадаў экспанавання. І перадаваў яе тым, каму лічыў патрэбным.

Сяргей Кажамякін: Яму нават рабілі закіды: маўляў, настолькі спрасціў тэхнічны працэс, што любы чалавек мог зрабіць якасны твор. Але ён вельмі жорстка адносіўся да адбору вучняў (калі сам набіраў іх). Бо яго метад навучання спалучаў два пачаткі: тэхнічны (веды і навыкі) і духоўны (развіццё асобы). Лабко адыходзіў ад крытычных ацэнак, ён правакаваў вучня, вучыў яго аналізаваць. Вельмі высока трымаў духоўную планку. На «Студыю-3» прыпадае большасць яго педагагічных доследаў. Лабко знаёміў нас з альтэрнатыўнай інтэлектуальнай культурай — музыкай, кнігамі, кіно. Насычаў інфармацыяй і незаўважна накіроўваў наша развіццё. У выніку склалася кола непадобных адзін на аднаго аўтараў, якія, тым не менш, развіваліся ў агульнай парадыгме: мінская школа фатаграфіі.

Уладзімір Парфянок: Ён заставаўся духоўным лідэрам і пасля таго, як мы скончылі студыю і ўтварылі нефармальнае аб’яднанне «Правінцыя».

Сяргей Кажамякін: Ці лічыў Валерый Дзмітрыевіч сябе мастаком, то-бок аўтарам, у якога ёсць творчыя амбіцыі? Тут мы бачым яго работы, зробленыя ў розных тэхналогіях, якія ён сам і распрацоўваў. Гэта адна з нешматлікіх ягоных персанальных выстаў: ён «прасоўваў» не сябе — вучняў. З аднаго боку — вучыў іх, з другога — вучыўся ў іх сам... Гэтая выстава не адлюстроўвае ўсю творчасць Валерыя Лабко. Шмат што яшчэ трэба збіраць і асэнсоўваць. Многія з’явы нашай фатаграфіі не ўведзены ў культурны ўжытак, шмат хто пра іх ведае, але як факт нацыянальнай культуры яны не існуюць. З Валерыя Лабко і можна пачаць працэс уводу знакавых аўтараў у кантэкст беларускага мастацтва. Якім чынам — гэта ўжо пытанні культуралагічныя, даследчыя.

Уладзімір Парфянок: Думаю, што гэта задача творчага аб’яднання «Фотамастацтва» — зрабіць яго сваім членам, хоць бы пасмяротна, і пачаць працаваць з ягонай спадчынай. Звычайна Валерый нам не паказваў нічога са сваіх работ. Гэта было складнікам яго педагагічнай практыкі: ён не хацеў падаўляць вучняў сваім аўтарытэтам, навязваць уласныя эстэтычныя крытэрыі. Ён вучыў тэхналогіі, рамяству і падштурхоўваў людзей да таго, каб яны актыўна выяўлялі сябе ў творчасці. Нікога не крытыкаваў за дзіўныя і незразумелыя работы, ніколі наўпрост не выказваў свайго меркавання. Так, Сяргей слушна адзначыў у творах Лабко гэтую сувязь паміж ім і вучнямі — адбываўся ўзаемаабмен. А што да аўтарскіх амбіцый... Каб у Валерыя іх не было, то яго працы не захоўваліся б у Музеі сучаснага мастацтва ў Стакгольме ці ў Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене.

Юрый Элізаровіч: На хвалі фатаграфічнага буму, які Валерый сам і ініцыяваў, ён быў заняты арганізацыйнымі пытаннямі, навучальным працэсам, выдавецкімі праектамі, а гэта выключала прадуктыўныя адносіны да ўласнай творчасці. На маю думку, усё, што адбываецца ў беларускай фатаграфіі сёння, гэта рэзананс дзейнасці Валерыя Лабко. Яго вучні сёння арганізавалі свае студыі. Ён даў пачатак многім працэсам у нашым фотамастацтве.

Уладзімір Парфянок: Гісторыю беларускай фатаграфіі найноўшага часу можна падзяліць на два перыяды: да Валерыя Лабко — і пасля яго. Ужо ёсць некалькі пунктаў адліку, да якіх можна прывязаць гэтую гісторыю, — не да палітычных падзей, як гэта часта робіцца, а да постацей. Такой асобай быў Ян Булгак, гэткім жа па магутнасці ўплыву, па значнасці ўздзеяння на працэс развіцця быў і Валерый Лабко. Ён быў тым, каго называюць аніматарам: чалавекам, які дае ўсяму жыццё.

Сяргей Кажамякін: Культурны вірус...

Уладзімір Парфянок: Так, Лабко — культурны вірус, яго падхопліваеш і далей перадаеш.

Юрый Элізаровіч: У мяне іншая метафара: Валерый даваў карабок запалак — таму, каму лічыў патрэбным. І яны здолелі асвятліць нейкі кавалачак прасторы вакол сябе.

Уладзімір Парфянок: Цяпер ніхто не раздае карабкі запалак, усе карыстаюцца таннымі кітайскімі запальнічкамі з бліжэйшай крамы. Таму і вынік атрымліваецца іншым...