НА КОЛАХ — НЕ ПАД КОЛАМІ

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

7 кастрычніка ў Нацыянальнай школе прыгажосці пры падтрымцы імпарцёра Volkswagen у Беларусі адкрыўся арт-праект «Кола». У праекце прынялі ўдзел вядомыя мастакі і дызайнеры, фатографы і перформеры. На суд гледачоў, ад меркавання якіх залежаў лёс Гран-пры (1500 у.а.), быў прадстаўлены 21 мастацкі праект.

Разнастайнасць аўтарскіх падыходаў выявілася як жанрава — жывапіс, аб’екты, фатаграфія, графіка, відэаінсталяцыі, так і ў выкарыстанні матэрыялаў — дрэва, шкло, гума, метал, пенапласт, алей. Экспазіцыя атрымалася стракатай, але насычанай. Творы паяднала адна тэма: удзельнікам была пастаўлена ўмова — увасобіць уласнае разуменне руху, адштурхнуўшыся ад вобраза кола.

Мастакі і ўвасобілі... Нехта паскроб па засеках і выставіў больш-менш адпаведныя тэме старыя вырабы, падагнаўшы іх пад патрэбны фармат, нехта змайстраваў штосьці пад праект — цалкам эксклюзіўнае. Кожны дзейнічаў так, як палічыў патрэбным, а пацярпеў ад гэтага глядач ці не — пытанне застаецца адкрытым. На маю асабістую думку — пацярпеў, хоць у цэлым праект атрымаўся досыць роўным.

Прэзентацыя суправаджалася выступленнем пластычнага тэатра і жывой музыкай. Шчыра: сумна не было, хоць многія звыкла скардзіліся і нылі. Вялікая колькасць шампанскага і запрошаных разам з адчуваннем пэўнага руху ў арт-асяродку ўсё ж утваралі ілюзію свята.

Было ўсё апроч мужыка ў сінтэтычным футры — ужо за адну апошнюю акалічнасць дзякуй арганізатарам.

Зрэшты, значнае ўпушчэнне — джазавая навала, музыкі імправізавалі з такой гучнасцю, што суразмоўцу не было чуваць, нават калі ён аказваўся чалавекам без комплексаў і намагаўся перакрычаць дэцыбелы.

Вынік конкурсу фармаваўся шляхам камп’ютэрнага галасавання. Пасля прад’яўлення запрашальніка кожны глядач мог аддаць свой голас за аўтара ўпадабанага праекта. Нягледзячы на дэмакратызм і празрыстасць працэдуры вызначэння пераможцы, не абышлося і без «мёртвых душ»: уладальнікі некалькіх запрашальнікаў (былі і такія) маглі аддаць свайму фаварыту і адпаведную колькасць галасоў.

Кожнаму аўтару была дадзена магчымасць прадставіць свой праект, патлумачыць яго сутнасць і заклікаць за яго прагаласаваць. Для кагосьці кола ўяўлялася сімвалам руху, для кагосьці — сонца, працы, тэхнічнага прагрэсу, для іншых — задавальнення, свабоды, любові. У некаторых удзельнікаў яно выклікала пэўныя асацыяцыі (са злом, са словам), у некаторых — толькі цьмяныя перажыванні. Кропку ўсяму гэтаму нагрувашчанню вобразаў і сэнсаў фармальна паставіла падвядзенне вынікаў. Найбольшую колькасць галасоў набраў Сяргей Кірушчанка і разам з прызам глядацкіх сімпатый атрымаў Гран-пры арганізатараў арт-праекта за работу «Hello, Разалінда».

У каментары да твора мастак згадвае амерыканскага мастацтвазнаўца Разалінду Краўс і мастака Піта Мандрыяна. Дарэчы, Аляксей Фёдараў у тэксце да свайго аб’екта «Народны сродак» працытаваў Кнігу Эклезіяста — і гледачы паставіліся з разуменнем. Калі Руслан Вашкевіч звыкла сыпануў прозвішчамі Пікасо і Брака, гледачы вытрымалі і гэты ўдар, прадэманстраваўшы свае здольнасці да абстрактнага мыслення.

Зыходзячы са сказанага вышэй, складана разважаць пра чаканні аўтараў і ступені іх задаволенасці вынікам. Такога кшталту конкурс — гэта не столькі сродак выяўлення лепшага, колькі форма цывілізаванага ўзаемадзеяння бізнесу і мастацтва, а таксама — крэатыўнай публічнай рэлаксацыі.

яўген бальшакоў