НА ТРЭЦІ РАЗ У КАЗЦЫ ЎСЁ ЗБЫВАЕЦЦА?

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

Апынуўшыся на фестывалі са сталымі традыцыямі, мы адразу звяртаем увагу на яго адметнасці, але бачым толькі верхнюю частку айсберга. Калі ж новы фестываль нараджаецца на нашых вачах, здаецца, мы ведаем пра яго ўсё, але не заўважаем звыклых «дробязей». Улічваючы гэта, паспрабуем, тым не менш, высветліць, як вырас за тры гады свайго існавання Міжнародны фестываль Юрыя Башмета.

З самага пачатку ў яго аснову былі пакладзены сапраўды вечныя ідэі, якія можна «падсвечваць» то з аднаго, то з другога боку — і тым самым ствараць адчуванне ўсё новых фестывальных паваротаў. Так, першы фестываль пазіцыянаваўся як свята сумеснага музіцыравання — сусветных знакамітасцей і нашай творчай моладзі. Але ж менавіта так і ладзіцца большасць гастроляў! На «Славянскім базары ў Віцебску» зоркам «падтанцоўвае» тамтэйшы ансамбль «Зорачка». Практычна на ўсіх філарманічных канцэртах, акрамя сольных, у класічных пастаноўках опер і балетаў замежныя артысты выступаюць побач і разам з нашымі. Але найбольшая эфектыўнасць такога супрацоўніцтва назіраецца не ў стрэсавых сітуацыях, калі гастралёры прыязджаюць усяго за пару гадзін да выступлення і паспяваюць хіба што ўдакладніць тэмпы, а тады, калі ў іх ёсць час для сумесных рэпетыцый, карысных для абодвух бакоў. Што і трэба развіваць надалей!

На другім фестывалі Юрыя Башмета акцэнтавалася яго міжнароднае разгортванне, правядзенне канцэртаў, акрамя Мінска і Віцебска, у Маскве і Боне. Пры гэтым згадвалася, што фэст пойдзе «дарогай знаных музыкантаў»: на працягу ХІХ і ХХ стагоддзяў гастролі еўрапейскіх і расійскіх артыстаў пралягалі праз Беларусь — хоць бы і чыста з геаграфічных прычын.

Нарэшце, «фішкай» трэцяга фэсту стаўся яго жанрава-стылёвы сінтэз. Таксама — «у працяг традыцый»! Бо ідэя полістылістыкі ахапіла ледзь не ўсё ХХ стагоддзе, а класіка і джаз гучалі і на другім фестывалі Башмета, і ў шматлікіх выступленнях Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі.

Яшчэ адной адметнасцю сёлетняга форуму трэба лічыць рарытэтныя скрыпкі з Еўрапейскага аддзялення таварыства Страдывары, прывезеныя ў Мінск (вядома, пад надзейнай аховай!) ягоным прэзідэнтам Эдуардам Вульфсанам (Францыя). Таму ў салістаў (асабліва беларускіх), бы ў казцы, спраўдзілася запаветная мара — хоць бы некалькі фестывальных дзён пайграць на шыкоўных інструментах. Далей і папраўдзе было, як у казцы, дзе чарадзейныя музычныя прылады ва ўмелых руках заварожваюць наваколле. Што ні кажы, магчымасць для нашых музыкантаў іграць на страдыварыеўскіх скрыпках — насамрэч суперздабытак фестывалю. І, адначасова, балючы напамін пра галоўную праблему нацыянальных выканальніцкіх школ практычна на ўсіх інструментах. Так, па ўзроўні падрыхтаванасці, навучанасці нашы выканаўцы ні ў чым не саступаюць многім «раскручаным» замежным калегам і маглі б нашмат хутчэй дасягаць яшчэ большага прафесіяналізму і сусветнай вядомасці. Але — пры адзінай умове: каб яны мелі добрую інструментальную базу. Як цудоўна сказала калісьці прафесар Беларускай акадэміі музыкі Зоя Качарская, з «Запарожцам» на «Формуле-1» рабіць няма чаго. Міністэрства культуры трымае гэтае пытанне на кантролі, інструментарый навучальных устаноў і калектываў рэспублікі паступова абнаўляецца (праўда, можа, і не так хутка, як хацелася б, але трэба ўлічваць і эканамічныя рэаліі). Ды ўсё ж салісты на струнных смычковых інструментах застаюцца пакуль самымі абдзеленымі. Таму сёлетняе новаўвядзенне мусіць і надалей прысутнічаць у фестывальнай практыцы! Можна было б нават праводзіць напярэдадні фестывалю Башмета рэспубліканскі конкурс, пераможцы якога атрымлівалі б у якасці прыза магчымасць пайграць на рарытэтных скрыпках, альтах, віяланчэлях.

Што ж да астатніх фестывальных «фішак», дык у мастацтве заўсёды вельмі важна не толькі «што», але, галоўнае, «як». Першае, чаго, на жаль, не хапае фестывалю, — гэта адладжанай, бы гадзіннік, арганізацыі, пазбаўленай збояў і «праколаў». Не цалкам бясспрэчнай атрымалася сёлета і рэалізацыя ідэі «сінтэзу».

Яшчэ да пачатку фестывалю многіх музыкантаў шакіравала думка адкрываць свята вулічным шэсцем дудароў. Але ж выступленне фальклорных калектываў у Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага адбылося (праўда, без дудароў). Уласна з фестывалем акцыю звязала не толькі тое, што яе ўдзельнікі раздавалі прахожым флаеры з партрэтам Башмета і пералікам канцэртаў, але і тое, што на канцэрце адкрыцця ў філармоніі прагучала прэм’ера «Паганскага дзейства» Вячаслава Кузняцова для вялікага сімфанічнага аркестра і аўтэнтычных інструментаў, якое было замоўлена кампазітару дырэкцыяй фестывалю. У гэтым творы аўтарам папраўдзе знойдзена гармонія суіснавання розных сфер, прычым без іх штучнага падпарадкавання адна адной.

Другі варыянт гарманічнага сінтэзу — з адценнем лёгкай іроніі — прадэманстравала шоу «Тэнары ХХІ стагоддзя», даказаўшы, што ўсе жанры і стылі могуць карыстацца папулярнасцю.

А вось на канцэрце «Брава — класіка» замест «сінтэзу» класікі, эстрады і джаза мела месца адасобленае існаванне квартэта Ігара Бутмана (як заўсёды, на высокім прафесійным узроўні) і «дваровых спеваў» групы «Брава», якім падпарадкоўваўся... ансамбль «Салісты Масквы» на чале з Юрыем Башметам. Ужо сама асоба маэстра ўвасабляе элітарнасць і масавасць «у адным флаконе»: гэтаму музыканту падуладныя класіка і сучаснасць, канцэпцыйныя музычныя творы і тэлежурналістыка. Аднак на канцэрце ў Палацы Рэспублікі падкрэсленае імкненне да «дэмакратычнасці» ў выкананні межавала з вульгарнасцю, неахайнасцю і не магло не абурыць слухачоў-прафесіяналаў. Дарэчы, напярэдадні фестывалю Юрый Башмет атрымаў высокую ўзнагароду Беларусі — ордэн Францыска Скарыны, і гэта, на думку нашых музыкантаў, павінна было б зусім іншым чынам паўплываць на выканальніцкую манеру славутага музыканта — прынамсі, не «расхалоджваць» на непадрыхтаваныя аркестравыя «імправізацыі».

Ды ўсё ж з завяршэннем форуму недахопы звычайна забываюцца, а ў памяці застаецца тое, што выклікала захапленне. Сярод самых запамінальных уражанняў — бездакорная і па-юнацку няўрымслівая ігра Віктара Траццякова, майстэрства Наталлі Гутман, віртуознасць Алёны Баевай, высакароднае гучанне габоя Аляксея Агрынчука. Але больш за ўсё захапілі, як ні дзіўна, выступленні айчынных выканаўцаў, сярод якіх былі чатыры найбуйнейшыя аркестры краіны: філарманічны, оперны, Прэзідэнцкі і тэлерадыёкампаніі. Незабыўнай сталася ігра (як у старадаўнія часы, без дырыжора) ансамбля салістаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. Музыка Баха ў іх гучала, бы дзівосны арнамент мяккіх ліній і закругленняў, канцы якога хаваюцца ў вечнасці. А нашы салісты! Скрыпачы Арцём Шышкоў, Улада Беражная, віяланчэліст Іван Карызна не толькі не губляліся сярод сусветных славутасцей, але і ззялі на іх фоне яшчэ больш ярка. Відавочнай станавілася не толькі дасканаласць ігры, але і індывідуальнасць кожнага. А разам з тым — адметнасць нашай выканальніцкай школы. Вобразна кажучы, беларусы іграюць быццам з шырока расплюшчанымі вачыма, у касмічнай глыбіні якіх свеціцца радасць адкрыцця.

Уразіла і тое, як гучаў Прэзідэнцкі аркестр на чале з Віктарам Бабарыкіным падчас тэлетрансляцыі: адчувалася кожная інструментальная фарба, не страціўся ніводны штрых. Дый само шоу навяло на роздум: чаму б і нам не рабіць штосьці падобнае? Спевакі ў нас ёсць, балетная група, што валодае рознымі стылямі і відамі тэхнікі, таксама. Не ўмеем, мабыць, прасоўваць сваё, беларускае, падаваць яго не сціплай папялушкай, а прыгожай прынцэсай?

Тое ж і з майстар-класамі. Цудоўна, што Юрый Башмет сустрэўся з нашымі выкладчыкамі і студэнтамі. Прафесійныя абмены вопытам трэба пашыраць, максімальна далучаючы да іх выбітных гастралёраў. І не саромецца арганізоўваць майстар-класы лепшых айчынных выкладчыкаў! Не ў межах фестывалю — асобна. А кожны фестываль і надалей разглядаць не толькі як магчымасць папулярызацыі мастацтва, але і як яшчэ адну падставу «беларусамі звацца» — на ўсёй еўрапейскай культурнай прасторы.

надзея бунцэвіч