КАНЦЭРТ ДЛЯ АРКЕСТРА І РАЙСКАЙ ПТУШКІ

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

«Галасы Бацькаўшчыны». Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча. Салістка Людміла Лазарчык. Беларуская дзяржаўная філармонія.

Спеўны і прыгожы жаночы голас заўсёды ўспрымаецца як невытлумачальны цуд прыроды. Як увасабленне яе таямнічасці, моцы і хараства. Але калі да прыродных даных далучаюцца школа і досвед настаўніка (Людміла Лазарчык — выхаванка вядомага педагога Людмілы Колас), праца, абаяльнасць і інтэлект самой спявачкі — вынік пераўзыходзіць усе чаканні.

Пра тое думалася ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі падчас «сольніка» Людмілы Лазарчык, паказанага ў межах вялікага цыкла канцэртаў «Галасы Бацькаўшчыны», які традыцыйна прадстаўляюць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча і Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Генадзя Цітовіча.

Людміла з’яўляецца салісткай аркестра з 1999 года, сюды яе запрасіў мастацкі кіраўнік калектыву Міхась Казінец. Час ад часу прадстаўляе слухачу ўласныя вечарыны, часцей менавіта з гэтым аркестрам. Яшчэ досыць маладая артыстка, лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў, Лазарчык паспела аб’ехаць з канцэртамі ці не палову свету. Акрамя краін былога Саюза, гэта Польшча, Германія, Кітай, Турцыя, Італія, Іспанія, Швейцарыя, Партугалія, Англія. З радасцю супрацоўнічаюць з Людмілай і выдатныя дырыжоры сучаснасці — Саўлюс Сандэцкіс, Фуат Мансураў і іншыя.

Думаю, тлумачэнне тут простае: талент, надзвычай прыгожае каларатурнае сапрана, незвычайная вакальная віртуознасць (здаецца, у спявачкі верхняй мяжы голасу проста няма, уверх, увысь — ажно да бясконцасці!), выключная жаночая абаяльнасць.

Падчас апошняга канцэрта Людміла шмат чым здзівіла. Найперш багаццем жанраў, разнастайнасцю рэпертуару і ўвасобленых эмоцый. Шырокім разлівам лірыкі і пранікнёным драматызмам у рамансах Галкоўскага, Манюшкі, Захлеўнага. Жыццярадаснай камедыйнасцю ў народнай песні «Полька-Янка». Шармам і ваяўнічым фемінізмам у зусім неверагоднай па тэсітуры арыі Царыцы ночы з «Чарадзейнай флейты». Кранальнай празрыстасцю ў арыі Снягуркі з аднайменнай оперы. Гарэзнасцю і пераможным усведамленнем уласнай жаночай прывабнасці ў куплетах Адэлі з «Лятучай мышы». Чуйным дыялогам голасу і флейты сола ў знакамітым аляб’еўскім «Салаўі» (ён не першы год з’яўляецца візітоўкай спявачкі). Наогул для «сольніка» Лазарчык абрала хіты сусветнай класікі. Усе творы выконваліся на мове арыгінала — беларускай, рускай (Рымскі-Корсакаў), італьянскай (Даніцэці), нямецкай (Моцарт і Штраус).

Але без падтрымкі-дапамогі аркестра народных інструментаў тое было б немагчыма. Ці няма тут пэўнага супярэчання: Моцарт, Штраус, Даніцэці, Рымскі-Корсакаў — і цымбалы, уласна беларускі інструмент, сімвал менавіта народна-фальклорнай музыкі? Але само гучанне аркестра, багатае, разнастайнае, інтанацыйна дакладнае і віртуознае, пераконвала, што такі погляд дагматычны і састарэлы. Па-першае, традыцыя сольных спеваў у суправаджэнні цымбалаў існуе з часоў Александроўскай: яна ў 1927 годзе выконвала беларускія народныя песні на Міжнароднай музычнай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне, гастралявала ў Германіі і Швецыі разам з цымбалістам Станіславам Навіцкім. Па-другое, звяртаючыся да сусветнай опернай класікі, Міхась Казінец надае аркестру Жыновіча еўрапейскі шарм і шык. І адначасна амаль да бязмежнасці пашырае яго рэпертуар.

Ажыццяўленне кожнай праграмы немагчымае без узаемаразумення аркестра і саліста, спевака і дырыжора. Трэба было бачыць, з якім пачуццём гонару дырыжор Міхась Казінец «падаваў» публіцы Людмілу Лазарчык! Як ці не самую вялікую каштоўнасць свайго калектыву, ці не самую яркую кветку, ці не самы рэдкі брыльянт. Але ж і ажыўлены, адухоўлены твар артысткі сведчыў, якім бясспрэчным мастацкім і музычным аўтарытэтам для яе з’яўляецца маэстра Казінец.

Вельмі хацелася б, каб нашы кампазітары часцей пісалі для Лазарчык. З улікам яе унікальнага голасу. Яна вартая таго, каб адна з наступных праграм «Галасы Бацькаўшчыны» складалася з прэм’ерных твораў айчынных кампазітараў, зробленых спецыяльна для яе.

Мініяцюрная прыгажуня голасам і абліччам нагадвала дзівосную птушку. Салаўя? Але той, маючы незвычайны голас, выглядае сціпла і непрыкметна. Можа, тады больш дакладнае азначэнне — «райская птушка»? Такія асацыяцыі нараджалі і шыкоўныя сцэнічныя строі Людмілы з ружова-зеленаватай арганзы.

Невыпадкова ў рэпертуары каларатурнага сапрана звычайна пераважаюць творы светлыя, рамантычныя, у якіх — і захапленне жыццём, і азоранасць каханнем, і прадчуванне шчасця. Гэта вам не партыі драмсапрана з іх душэўнымі пакутамі і шэкспіраўскімі страсцямі!

Таленавітая і вытанчаная артыстка драматычнага тэатра, балерына, спявачка — ці не ўвасабляюць яны (прынамсі для публікі, што сядзіць у зале) ідэал жаноцкасці? Вабны, жаданы, часцей недасяжны... Але нават сузіранне гэтага ідэалу і набліжэнне да яго — хіба не радасць, хіба не шчасце для гледача?

Таццяна МІХАЙЛАВА