ЗА ПЯЛЁСТКАВАЙ ФІРАНКАЙ

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

«Балада пра белую вішню» Святланы Клімковіч. Рэжысёр Аляксей Ляляўскі. Мастак Таццяна Нерсісян. Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

...Белая зямля з тэатральнага памоста ўздымаецца ў неба, дзе вядуць карагод беласнежна-карункавыя замкі. Яны вабяць у чароўную і адначасова страшную эпоху сярэднявечча, калі на вольнай беларускай зямлі чарговы раз спрабавалі пісаць сваю гісторыю чужынцы. Ім супрацьстаялі людзі чыстыя сэрцам, гатовыя ахвяраваць жыццём дзеля таго, каб не грукацелі ў краі жалезныя даспехі рыцараў-захопнікаў.

У рэпертуары Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек даўно не ставала спектакля, які б распавёў малечы аб старонках айчыннай гісторыі. Нашы школьнікі хутчэй пералічаць увесь старажытнагрэчаскі пантэон (у чым немалая заслуга амерыканскіх мультыплікацыйных і мастацкіх фільмаў), чым згадаюць легенды роднага краю. Таму мне падаецца сімвалічным, што найстарэйшы тэатр лялек Беларусі звярнуўся да п’есы Святланы Клімковіч «Балада пра белую вішню» — паэтычнага падання пра герояў Бацькаўшчыны.

Дарэчы, у 1980-я гэты твор беларускага драматурга ставіў Анатоль Ляляўскі. Архівы тэатра захавалі некалькі варыянтаў «Балады...», якія Святлана Клімковіч прыносіла галоўнаму рэжысёру.Тады матэрыяльным увасабленнем літаратурных вобразаў займалася мастак Ларыса Герлаван, арыгінальную музыку да пастаноўкі напісаў кампазітар Вячаслаў Кузняцоў.

У трактоўцы Ляляўскага-малодшага п’еса страціла частку тэксту, бо рэжысёр вырашыў зрабіць акцэнт на візуальным шэрагу. Сапраўды, сучасныя маленькія гледачы вельмі адрозніваюцца ад тых, што прыходзілі ў тэатральную залу пятнаццаць-дваццаць гадоў таму. Выхаваная на камп’ютэрах і мультсерыялах, дзе карцінка насычана ўсімі колерамі вясёлкі, а падзеі хуткаплынныя, малеча з цяжкасцю ўспрымае спектаклі, у якіх героі шмат разважаюць, сцэнічны малюнак не мяняецца, эфектная сцэнаграфія адсутнічае.

У сцэнічнае дзеянне рэжысёр уводзіць экран з відэапраекцыяй. Менавіта ў дзеянне, бо ніколі ў Аляксея Ляляўскага мультымедыйны сродак не выконваў вузкай функцыі дэкарацыі, а заўсёды арганічна ўплятаўся ў сюжэтную канву, падчас робячыся «інтэрактыўнай лялькай». У «Баладзе...» відэаэкран часам дэманструе батальныя сцэны, на ім з’яўляецца ў абліччы лютага ваўка чараўнік-пярэварацень і ўзнікае душа галоўнай гераіні Алесі (уладалюбівая княгіня ператварыла яе ў белую вішню). Гэтыя кадры дазваляюць выйсці за межы сцэны, узмацніць эмацыйнае напружанне, дадаць драматызму і чароўнасці гісторыі, якая разгарнулася на падмостках.

Напеўны характар балады падкрэсліваюць густоўна выкананыя лялькі. Нядзіўна, што праца над імі заняла больш часу, чым першапачаткова меркавала пастановачная група (па гэтай прычыне не адбылася прэм’ера «Балады...» на Беларускім міжнародным фестывалі тэатраў лялек). Персанажы вылучаюцца буйнымі памерамі і дбайна прапрацаванымі характарамі; асаблівага кшталту механіка надае ім запаволеную і велічную пластыку. Героі, што ўздымаюцца над замкамі, адным сваім выглядам сведчаць: гісторыю робяць не крапасныя сцены і зброя, а моцныя духам асобы. Дзякуючы зладжанаму акцёрскаму ансамблю досыць рэалістычныя лялькі надалі тэксту ноткі шчымлівай шчырасці і праўдзівасці.

Аднаго бракавала спектаклю — магчымасці заглыбіцца ў псіхалагічны малюнак ролі. Вялікая п’еса Святланы Клімковіч, спрасаваная ў 45 хвілін сцэнічнага дзеяння, пакінула большасці персанажаў толькі самыя неабходныя для развіцця сюжэта рэплікі і маналогі. У выніку не толькі маленькія, але нават і дарослыя гледачы ледзь паспявалі сачыць за імклівым бегам падзей — і цяжка было асэнсоўваць матывы, якія падштурхоўвалі герояў да таго ці іншага ўчынку.

«Балада пра белую вішню» — гісторыя аб падступстве і гонары, аб велічы духу і любові да роднай зямлі. Адсутнасць шматслойных алюзій робіць гэтую мудрую і шчырую пастаноўку пра гераічнае мінулае краіны своеасаблівай прыступкай у больш складаны свет тэатра. Каб па заслугах ацаніць філасофскую глыбіню «Сіняй птушкі», метафарычную ілюзорнасць «Пясочнага замка», дзецям варта спачатку пазнаёміцца з «Баладай пра белую вішню». Яна мусіць стаць для юнага гледача адкрыццём вартасцей чалавечага духу, якія змяняюць гісторыю і ператвараюць простых людзей у герояў.

Настасся ПАНКРАТАВА