Ляпіць прыроду па ўласным разуменні

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

У майстэрні, дзе Мікалай Ісаёнак працуе разам з жонкай Марыяй, першае, што кідаецца ў вочы, — стосы палотнаў: складзеныя да верху, яны дзеляць і так не надта прасторнае памяшканне на дзве часткі. Малавата святла, цеснавата, дарагавата па сён няшніх коштах... Усё так, але ёсць у гэтай майстэрні нешта прыцягальнае — і для яе гасцей, і для саміх мастакоў. Атмасфера вольнага творчага непарадку, такая звыклая на працоўным месцы мастака? Спрэс карціны на сценах? Гасціннасць гаспадароў? А можа, гэта той нязводны мастакоўскі дух, які жыве ў гэтых сценах з тых даўніх часоў, калі тут працаваў знакаміты пейзажыст Віталь Цвірка, духоўным вучнем якога лічыць сябе Мікалай Ісаёнак?

Аўтапартрэт з папугаямі. Палатно, алей. 1979. 
Аўтапартрэт з папугаямі. Палатно, алей. 1979.

 

Яблыкі. Аргаліт, алей. 1978.
Яблыкі. Аргаліт, алей. 1978.

 

Нацюрморт з засохлымі фарбамі. Палатно, алей. 1980.
Нацюрморт з засохлымі фарбамі. Палатно, алей. 1980.

 

Вясковы нацюрморт. Аргаліт, алей. 1979.
Вясковы нацюрморт. Аргаліт, алей. 1979.

 

Яблынька. Палатно, алей. 1980.
Яблынька. Палатно, алей. 1980.

 

/i/content/pi/mast/1/27/st22_7.jpg

 

Жнівень у Князеўцы. Радзіма Ваньковіча. Палатно, алей. 1999.
Жнівень у Князеўцы. Радзіма Ваньковіча. Палатно, алей. 1999.

Яблынькі, што вабна раскінулі свае галінкі на фоне пранізліва блакітнага неба, стагі сена на восеньскім лузе, кветкі, што буяюць прыгожым летнім днём, — такі Мікола Ісаёнак нам усім блізкі і знаёмы. Паслядоўны пейзажыст, лірык, які аддае перавагу няспешнай паэзіі ўтульных і някідкіх беларускіх краявідаў. Ён не можа абысціся без натуры. Аднак натура — толькі імпульс да мастацкіх пераўтварэнняў. У эцюдах мастак схоплівае няўлоўныя змены ў прыродзе і перадае трымценне жывапіснай матэрыі. Кампазіцыі, якія нараджаюцца ўжо ў сценах майстэрні, дапрацаваны да канца.Кожны мазок мае сваё прызначэнне, пакладзены з дакладна разлічанай сілай — адэкватна прыродным суадносінам. Колер злёгку вібрыруе, здаецца, гэта матэрыялізаванае паветранае асяроддзе, якое змякчае фарбы, дадае ім лірычную танальнасць і сцішанае гучанне.

Імпрэсіянізм, які імкнецца насыціць паветранае асяроддзе эмоцыямі, аўтарскім настроем, наклаў свой адбітак на творы Мікалая Ісаёнка. І нездарма. Мастак з часоў навучання ў Мінскім мастацкім вучылішчы выявіўся як каларыст, як творца, які мысліць колерам. Зварот яго да жанру пейзажа натуральны і заканамерны. Тут можна бясконца насычаць кожны сантыметр палатна эмоцыямі, можна патураць зменам настрою, можна падпарадкоўвацца логіцы жывапіснага руху, а можна змяняць, ляпіць прыроду па ўласным разуменні.
 
За апошняе дзесяцігоддзе мы так прывыклі, што творчая манера Мікалая Ісаёнка — ціхая і мяккая, не столькі лагічная, колькі настраёвая, — стала пазнавальнай. Яблыневы сад? Жанчынкі працуюць на сенажаці? Галіны дрэў адлюстроўваюцца ў халоднай восеньскай вадзе? Здаецца, мастак нарадзіўся такім, якім мы сёння бачым яго на персанальных і калектыўных выставах. Раптоўным і неспадзяваным адкрыццём стала выстава М.Ісаёнка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва «Майстэрня. 70 — 80-я гады». Мастак упершыню паказаў цыкл сваіх ранніх работ, у асноўным нацюрмортаў, якія адлюстроўваюць яго першыя самастойныя і значныя крокі ў творчасці.

Карціны, прадстаўленыя ў экспазіцыі, былі напісаны літаральна за некалькі гадоў. Гэты перыяд творчасці быў для Мікалая Ісаёнка вельмі плённым. Мастак пісаў усё, што было часткай яго паўсядзённага жыцця: мастакоўскія прылады, рэчы на стале, кветкі, інтэр’ер уласнай майстэрні, людзей, якія «зачапілі» яго вока нестандартнай знешнасцю і запамінальным выразам твару. Уражанне ад бачанага, прадметнасць, матэрыяльнасць, адчувальнасць рэчаў на дотык — вось што імкнуўся перадаць мастак. Здаецца, гледзячы на карціны, «скурай» адчуваеш, як добрасумленна невядомы майстар выточваў драўляныя лыжкі і вырабляў гліняныя збаны, як заманліва блішчыць нацёрты да залатога бляску бок меднага кубка, як жывапіснымі рагамі прысыхае белая алейная фарба да вялізнага слоіка з пэндзлямі… У дзяцінстве мне здавалася, што гэта нейкая незвычайная таямніца — пісаць карціны. Я добра рабіў нажы, сталярныя вырабы. Жывапіс быў для мяне нечым цалкам неспасціжным. Маляваннем па-сапраўднаму захапіўся толькі тады, калі жыў у Барысаўскім дзіцячым доме. Нас у маці было чацвёра. Бацька загінуў на вайне, і мяне, адзінаццацігадовага, давялося аддаць на выхаванне дзяржаве. Згадваецца незвычайная вольніца тых гадоў, якая была мне даспадобы. Прыходзіў са школы, кідаў партфель, ішоў бадзяцца па вуліцах.

Але аднойчы зазірнуў у скульптурны гурток, убачыў на сцяне партрэт Гагарына і падумаў зачаравана — як гэта можна так прыгожа зрабіць твар чалавека? Я схаваўся, правёў ноч у майстэрні і ляпіў, ляпіў. Думаў, зраблю бюсцік піянера. Так мне скульптурная справа спадабалася, што, прыехаўшы дадому на лета, пачаў ляпіць партрэт бацькі з белай гліны. Хаваў яго ў градах, загортваў у цэлафан, каб не высах. Пазней захапіўся маляваннем, наведваў мастацкі гурток, дзе вучыўся акрамя мяне і Валерый Шкаруба. Памятаю, як хацелася набыць фарбы. А рознакаляровых цюбікаў алею ў кніжных крамах у той час было многа, я заходзіў і марыў, як буду выціскаць з іх колер і накладваць на палатно. Аднойчы завітаў у майстэрню барысаўскіх афарміцеляў, там працаваў і наш сусед-мастак. Убачыў мора фарбаў, аж вочы разбегліся. Адзін з мастакоў даў мне ажно цэлы мех фарбаў у цюбіках, кардонкі з акварэллю. Здаецца, і сёння адчуваю тую каштоўную паклажу ў руках. Памятаю, як дома нацягваў невялікае палатно і рабіў копіі з рэпрадукцыі левітанаўскай «Ваколіцы». Мне з дзяцінства падабаліся не акадэмічныя, а лірычныя карціны.

Знамянальнай у маім лёсе стала сустрэча з Аляксеем Марачкіным. Школьнікам я часта прыязджаў у воінскую частку «Печы», дзе працавала мая сястра. У той час Марачкін, які служыў у «Печах», арганізаваў там для афіцэраў і вольных наведвальнікаў мастацкую студыю. Аляксей вёў заняткі, хадзіў на эцюды. А побач я, зусім яшчэ хлапчук, як верабей, з вяснушкамі.

Тыя фарбы, што далі мне мастакі-афарміцелі, хутка скончыліся, і я вырашыў залезці ў іхнюю барысаўскую майстэрню. Залез праз фортку. Памятаю пах фарбы, які ішоў ад паліц. Я проста захлынаўся ад шчасця, пхаў бляшанкі ў кішэні, за пазуху, куды мог. Прыйшоў у дзіцячы дом, выгрузіў здабычу пад ложак, а раніцой толькі і думаў, як бы паглядзець на тое багацце. Прыкінуўся хворым. Калі хлопцы пайшлі ў школу, выцягнуў бляшаначкі. Гляджу, а там толькі ультрамарын... Якое было расчараванне... Пасля 8 класа мяне выправілі працаваць на завод — падсобным рабочым. Але і там праявіўся мой залішне вольны характар. Калі я хацеў адпачыць, псаваў станок, бо ведаў, як гэта зрабіць, і ішоў маляваць.

У вучылішча паступаў тры разы. Вучыўся разам з Міколам Селешчуком. Мяне, Алега Маціевіча — усяго група з васьмі чалавек — накіравалі ў Каўнас вучыцца дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. Доўга мы там не вытрымалі, не хапала вольнай творчай атмасферы, якую ствараў дырэктар нашага мастацкага вучылішча Краснеўскі. Хутка папрасіліся назад, у Мінск. Творчы працэс пайшоў больш хутка і плённа.

Але Каўнас, дзе ў той год адзначалі 90-годдзе Чурлёніса, пакінуў адбітак у маім творчым сталенні. Пад яго ўплывам на першым курсе я зрабіў філасофскі трыпціх «Рэквіем». На праглядзе сказалі: яшчэ адну такую працу зробіш, і мы цябе адлічым. І — паставілі чацвёрку. Быў перыяд, калі я захапляўся фармальным мастацтвам, пасля імпрэсіяністамі. Толькі пазней я пачаў пісаць пейзажы.

У Палацы воднага спорту ў Мінску, дзе мне далі прытулак і майстэрню ў памяшканні былога басейна, я мог вольна жыць і пісаць. Там я адпрацаваў 12 гадоў мастаком-афарміцелем. Там нарадзіліся мае першыя самастойныя работы. У мяне было мора фарбаў і пэндзляў, былі палотны і вольны час для творчай працы. Я пісаў аб’явы для вялікіх тумбаў, плакаты для спаборніцтваў, нават распрацаваў дызайн першых поліэтыленавых пакетаў, рабіў лагатыпы начкоў.

Затое пасля маляваў столькі і так, як мне хацелася. Серыя «Майстэрня» ўзнікла ў той час, калі мог дазволіць сабе раскошу проста пісаць і складваць свае творы стосамі, не задумваючыся ні пра іх, ні пра свой далейшы лёс. Мяне акружалі мастакоўскія прылады, гаспадарчыя рэчы, уласнаручна зробленая мэбля, кветкі. А за агароджай квітнеў Батанічны сад. Але што за справа ў маладосці пераскочыць цераз плот? Я адломваў шыкоўныя велізарныя галіны з квітнеючым бэзам і апантана пісаў іх. Але пры гэтым ніколі не лічыў, што як мастак ужо цалкам сфарміраваўся. Мне было проста прыемна рабіць тое, што я ўмеў, — маляваць.

Памятаю, аднойчы прыехаў да маці ў вёску — якраз напярэдадні паездкі ў Францыю. Маці спякла хлеб — вялікія, гарачыя, духмяныя боханы. А ўжо ў Мінску яны ляжалі на стале ў майстэрні, такія моцныя і сапраўдныя. Я не ўтрымаўся і напісаў нацюрморт за адну ноч. Дарэчы, ён захаваўся і зараз знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Пазней з Акадэміі мастацтваў СССР прыехала камісія адбіраць работы на акадэмічную выставу. Тоўсцік, Селяшчук і Савіч прывялі масквічоў і да мяне. Так я неспадзявана зусім маладым і невядомым трапіў ва ўсесаюзную экспазіцыю. Пасля Масква запрашала на іншыя мерапрыемствы, я пісаў тэматычныя карціны. Мяне ўключалі ў склад творчых груп — ездзілі ў Гурзуф, Дзінтары, на Сенеж. Там пісаліся вялікія па памерах творы. Там я зразумеў, што за мастацтва можна атрымліваць немалыя грошы. 600 рублёў — гэта здавалася мяжою мараў. Але гэтак жа хутка зразумеў, што мне нашмат даражэй тыя невялікія эцюды, якія і цяпер стаяць у майстэрні. Што сапраўдны жывапіс — не ў аршынных палотнах, а ў меры тваёй мастакоўскай палкасці. Калі ты падыходзіш да палатна, павінен думаць не пра заробленыя грошы, а пра асвятленне, стан прыроды. Толькі тады ты спраўдзішся як творца.

Кожны мастак праходзіць праз перыяд пошукаў уласнай пластыкі, светаадчування, праз уплывы іншых, ужо сталых і вядомых творцаў, яркіх мастацкіх накірункаў. Мне вельмі падабаліся пейзажысты, якія пішуць пад уплывам уражанняў і захаплення. Як, напрыклад, прымітывіст Пірасмані. Але мне падабаліся і творы тых мастакоў, якія працуюць на аснове традыцый, школы, дадаюць майстэрства выяўлення да эмацыянальнага ўспрымання краявідаў. Чаму я ўвогуле пачаў пісаць пейзажы? У Беларусі нельга не маляваць прыроду. Я пішу паветра, пішу ўражанні, трымценні і ўласныя душэўныя хваляванні. Я магу пісаць пяць разоў адзін і той жа матыў. Яго сапраўды можна зрабіць па-рознаму і пяць, і дзесяць разоў. І можна штораз пісаць новыя матывы, а яны на палатне будуць выглядаць аднолькавымі. Люблю, напрыклад, маляваць яблыню. Яна падабаецца мне і ў восеньскім убранні, абсыпаная спелымі пладамі, і асвечаная ззяючым сонечным святлом, і з замерзлымі галінкамі сцюдзёным зімовым днём. Не важна, што пісаць, важна — як пісаць. І калі я сёння праглядаю свае старыя эцюды, думаю, як многа мог напісаць карцін. Карціна — гэта рэч больш дапрацаваная, у ёй павінен быць адбор вобразных і пластычных сродкаў. Аднойчы пераглядаў свае старыя працы і натрапіў на зімовы эцюд неверагоднай даўніны. І хто б мог падумаць — натхніўся і адразу пачаў акрылам фарбаваць палатно. 
 
Пішу сваю Айчыну без прыкрасаў, але заўжды з душэўным хваляваннем. Лічу, што без каранёў, без пачуцця нацыянальнага мастак не можа спраўдзіцца як творца. А гэта пачуццё ўзнікае яшчэ пры нараджэнні — і фізічным, і духоўным. І жыць таму трэба на роднай зямлі. Калі будзеш піць чужую ваду, есці экзатычную, але чужую ежу — ты і сам станеш іншым. Быць нацыянальным — значыць штодзённа наталяцца ад той зямлі, на якой жывеш, і гэтае захапленне штодзённа адлюстроўваць на палатне.

Толькі цяпер я пачынаю разумець, як трэба пісаць пейзажы. Калі я пішу з натуры, нічога не папраўляю. Калі пішу карціну, падпарадкоўваюся тэхніцы, сюжэту, унутранай логіцы твора і ўласнай жывапіснай тэхніцы. Прайшлі гады, пакуль я зразумеў гэтую, здаецца, такую простую аксіёму. Сёння для мяне не мае значэння, пісаць камерны ці эпічны пейзаж. У маладосці я больш любіў эпічны, сёння больш люблю камерны.

Люблю пісаць смугу, складаны колер, паветра, мройнасць. Пішу хутка, асабліва ў вёсцы, дзе мы з жонкай на месцы бацькоўскай хаты пабудавалі дзве хаты пад майстэрні і куды з’язджаем кожнае лета жыць, працаваць, натхняцца. Пішу і складваю ў стосы. А вось развітацца са сваімі работамі мне складана. Кожная карціна — што ўласнае дзіця. Хочацца аддаць у надзейныя рукі. Таму, хто сапраўды ацэніць мой жывапіс, каму прыродныя матывы будуць радаваць вока і саграваць душу.

Здаецца, гэта адбыва лася так. Раптоў на нешта прыцягвала ўвагу, і мастак хапаў, што было пад рукой, і маляваў. Маляваў вельмі хутка, на кардоне ці фанеры. Ма ляваў усё, што было вакол, сваю майстэрню, хатнія інтэр’еры. Для яго не было, ды і сёння няма, істотнай розніцы паміж эцюдам і карцінай. Зробленасць, завершанасць — не заўжды самая важная якасць карціны. Нашмат важней — перадаць свае адчуванні, сваю ўсхва ляванасць, якая прысутнічае і ў няскончаных творах. Галоўнае сакавіты жывапіс, палкасць, калі пераліваецца праз край энергія ў буйных мазках і колеравых спалучэннях.

У работах з серыі «Майстэрня» адчуваецца водгулле «суровага стылю», імкненне да буйных форм, экспрэсіўнай пластыкі. «Суровы стыль» узнік на мяжы 1950 — 1960-х гадоў, калі змяняліся грамадская сітуацыя, падыходы да творчасці, мастацкае мысленне. Ён адбіўся ў творчасці мастакоў розных накірункаў — адыходам ад натуралістычнасці і фатаграфічнага падабенства ў выяўленчым матыве, свабоднай праявай асобы мастака, адмовай ад лакіроўкі і дагматызму мастацтва. Ідэйныя імпульсы новага мастацкага накірунку былі настолькі моцныя, своеасаблівыя, што ўплывалі на мастацкае мысленне наступных пакаленняў мастакоў яшчэ даволі працяглы час.

Тады, у сямідзесятых, малады жывапісец Мікалай Ісаёнак, нядаўні выпускнік вучылішча, пайшоў працаваць афарміцелем у Палац воднага спорту — і, атрымаўшы там майстэрню, з апантанасцю кінуўся ў неабсяжнае мора творчай працы. Пісаў пейзажы, нацюрморты, бытавыя карціны, бо дакладна ведаў, што існасць жыцця можна выказаць і праз пакамечаную газету з селядцом, груба збіты з дошак стол, крынку з грушамі, металічны ложак на фоне маляванага дывана.

Маляваў М.Ісаёнак і гарадскія краявіды — вулачкі старой Нямігі, якіх сёння ўжо няма ў сталіцы. Іх ціхае і нетаропкае жыццё інтымна адпавядае няспешнай хадзе часу. Жывапіс мастака, калі гаворка ідзе пра горад, пульсуе, становіцца «гарачым», мазок кладзецца на палатно ўпэўнена і размашыста. З’яўляецца экспрэсія, заўважна намечаная, але не даведзеная да крайнасці.

Яго тагачасны жывапіс — рублены. З шырокімі плоскасцямі, вострымі гранямі. Прадметы імкнуцца да канструкцыйнай яснасці, да выяўлення сваёй асноўнай першапачатковай функцыі. Асабліва яскрава гэта назіраецца ў нацюрмортах, вельмі блізкіх адзін аднаму па стылістыцы і пластыцы перадачы прадметаў і асяроддзя навокал. У той жа час мастак абагульняе формы і дадае колеру дэкаратыўнай інтэнсіўнасці — фарміруецца гэткая своеасаблівая «ісаёнкаўская» манера пісьма. «Гранёныя» формы бутэлек і шклянак, натуралістычна выпуклыя бакі жалезных кубка і вазы, зазубраны мазок — гэты набор прыёмаў скіраваны на стварэнне манументальнага ўражання ад звычайнага нацюрморта, які відавочна быў складзены з будзённых для майстэрні мастака рэчаў. М.Ісаёнак, здаецца, адкрывае, агаляе іх класічныя формы. Гульня форм надае выяве нават большую значнасць, чым яна ёсць у рэальнасці. Гэта заканамерна, бо мастак выконвае задачу — перадаць цалкам канкрэтную атмасферу майстэрні.

Безумоўна, для стварэння вобраза адыгралі сваю ролю і колеры. Спалучэнні іх бездакорныя. Цёмна-сіні і аксамітава-зялёны, ажыўленыя белымі ці залаціста-жоўтымі штрыхамі… Колеравая гармонія часам існуе на мяжы дазволенага. Мастак трошкі фарсіруе колер, але гэта дае магчымасць узмацніць псіхалагічную вастрыню твораў.

Сёння Мікалай Ісаёнак марыць вярнуцца да той «залатой», як ён лічыць сам, пары сваёй творчасці. Мабыць, каб дасягнуць новай ступені адухоўленасці.

НАТАЛЛЯ ШАРАНГОВІЧ