САЛОДКІ МІФ ГЛАМУРУ

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Нінэль Шчасная адзначыла сваё 75-годдзе. Мастачку вылучае рознабаковасць інтарэсаў і творчых прыхільнасцей: яна займаецца жывапісам, станковай і кніжнай графікай, архітэктурай, манументальнымі роспісамі, аздабленнем інтэр’ераў. Сярод герояў работ — Францыск Скарына, Еўфрасіння Полацкая, Уладзімір Дубоўка, Іван Шамякін... Творчай манеры мастачкі ўласцівы мяккасць і лірызм светаадчування, арыгінальнасць колеравага бачання, імкненне да пластычных эксперыментаў. Зараз Нінэль Шчасная рыхтуецца да персанальнай выставы. Акрамя ўласных работ, мяркуе прадставіць графіку і жывапіс дачкі Лады.

Многія мастакі з задавальненнем малююць сяброўскія шаржы, аднак экспануюць іх вельмі рэдка. Таму выставу Алега Карповіча «Пакой смеху», якая адбылася ў «Мабільнай галерэі» Нацыянальнай бібліятэкі, можна лічыць шчаслівым выключэннем. Алег Карповіч — лаўрэат Гран-пры Міжнароднага экслібрыс-цэнтра Бельгіі, дыпламант шэрагу конкурсаў на лепшую кнігу Беларусі, аўтар ілюстрацый і шаржаў да кнігі Мікалая Швабовіча «Хор болей не спявае». Адным з галоўных накірункаў творчасці мастака з’яўляецца сатырычная графіка — сяброўскі шарж і карыкатура. «Мая задача — не высмейваць слабыя бакі, а падкрэсліваць індывідуальнасць, — гаворыць аўтар. — Такога прынцыпу я прытрымліваўся, калі працаваў над вобразамі Анатоля Ярмоленкі, Уладзіміра Валчкова, Раісы Баравіковай. Вось толькі выставу падрыхтаваць было складана, большасць малюнкаў знаходзіцца на руках». На выставе былі прадстаўлены 38 шаржаў на знакамітых паэтаў, спевакоў, акцёраў, спартсменаў (сярод іх — Леанід Дранько-Майсюк, Аксана Спрынчан, Ксенія Сітнік, Максім Мірны), а таксама іранічная гіпсавая кампазіцыя, прысвечаная асобе аўтара.

Сваю новую выставу акварэлей, якая адбылася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Уладзімір Рынкевіч назваў «Вераснёўскія туманы». Мастак лічыць: прасякнутае пачуццём імгненне — вельмі рэдкі і адначасова вельмі важны момант нашага жыцця, які трэба заўважаць і занатоўваць. Уладзімір Рынкевіч працуе ў складанай змешанай тэхніцы. Вобразы, выяўленыя ў яго работах, выклікаюць адчуванне ірэальнасці, мройнасці адлюстраванага свету. Акварэлі мастака маюць візуальную прыцягальнасць, яны сучасныя, арыгінальныя, алегарычныя. Ураўнаважаныя кампазіцыі са складанай нюансіроўкай колеравай гамы вельмі густоўныя, без цьмянай двухсэнсоўнасці і сюжэтнай заблытанасці.

Выстава «Зямля і космас Язэпа Драздовіча», прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння мастака, адкрылася ў філіяле Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены хрэстаматыйныя і малавядомыя творы «вечнага вандроўніка», выкананыя ў тэхніцы графікі, жывапісу, разьбы па дрэве, а таксама яго знакамітыя маляваныя дываны. Юрась Малаш, даследчык спадчыны Язэпа Драздовіча, перакананы, што «жыццё і творчасць гэтага мастака — яскравы доказ усім нам, што былі і ёсць людзі, якія, паводле яго ўласных слоў, “захапляюцца і любяць штось іншае, болей свайго мастацтва. Прафесійная асвета — гэта адно, а зоў дару прыроды — гэта штось іншае...” Менавіта “штось іншае” сталася для Драздовіча асаблівай, вызначальнай мэтай, бо лёс свой і талент ён прысвяціў культурна-нацыянальнаму адраджэнню Бацькаўшчыны. А мастацкае ўяўленне і творчы дух мастака дапамаглі беларусам дакрануцца і адчуць існаванне разумнага жыцця ў космасе».

Галерэя «Арс Лонга» прадставіла выставу сучаснага беларускага мастацтва «La Dolce Vita». Гэтыя італьянскія словы перакладаюцца як «салодкае жыццё», маючы на ўвазе заможнае і бестурботнае існаванне.

Старонкі глянцавых часопісаў, раскладзеныя на падлозе пад карцінамі, залатыя тканіны, якімі дэкараваны батарэі, сталы і подыумы, раскіданыя паўсюль каменьчыкі і ракавінкі — усё гэта ўзмацняе адчуванне штучна створанай атмасферы гламурнасці. Здаецца, усё вакол бліскучае і гладкае, без вуглоў і ліній, і гэтае адчуванне мае працяг у працах Андрэя Шчукіна, Сяргея Малішэўскага, Алены Шлегель, Уладзіміра Ганчарука, Вольгі Лузан. На фоне работ, з якіх літаральна сыплецца золата, больш натуральнымі і іранічнымі выглядаюць творы Ганны Каралёвай, якая прапаноўвае гледачам вярнуцца ў свет дзяцінства. Ганна Сілівончык свой погляд на «салодкае жыццё» спалучае з іроніяй, скіраванай у бок жанчын. Сяргей Сяліцкі адну са сваіх работ так і назваў — «Дольчэ віта». На палатне — мужчына, які загарае пад машынай. Знаёмыя матывы здаюцца кадрам з мультфільма для дарослых. Выстава, безумоўна, атрымалася цікавай, аднак арганізатарам яе так і не ўдалося да канца вырашыць задачу, якую яны паставілі перад сабой: размежаваць паняцці сапраўднага гламуру і анты-гламуру. Салодкі міф так і застаўся неразбураным.