З ЛЮБОЎЮ ДА АКЦЁРА

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

Нядаўна нехта са знаёмых тэатралаў заўважыў, што Мікалай Пінігін часам беспадстаўна моцна захапляецца драматургіяй. Пятра Гладзіліна, напрыклад. Маўляў, нічога геніяльнага ў творах Гладзіліна няма. Магчыма, і няма... Толькі менавіта «беспадстаўнае» захапленне драматургіяй зусім небеспадстаўна прыводзіць Пінігіна да стварэння выдатных спектакляў. А «беспадстаўнае» захапленне тэатрам — гэта якраз тое, чаго нашым тэатральным дзеячам сёння так не стае. Ды толькі што атрымаецца, калі беспадстаўна не захапляцца і не любіць? Уявіце: вось драматургі, якія не любяць свае п’есы... Вось рэжысёры, якія не любяць свае пастаноўкі... Вось сцэнографы, якія не любяць свае дэкарацыі... Вось акцёры, якія не любяць свае ролі... А вось гледачы, што не любяць тыя спектаклі, якія не любяць драматургі, рэжысёры, акцёры, сцэнографы.....

Зрэшты, тэатр — з’ява непрадказальная. І зробленае з відавочнай любоўю не заўсёды прыносіць стваральнікам заўважны плён. Звернемся да апошніх прэм’ер. Вось доўгачаканыя «Жаніхі» па п’есе Мікалая Гогаля «Жаніцьба» ў Нацыянальным тэатры імя М.Горкага. У праграмцы да спектакля чорным па белым напісана: «У “Жаніхах” поўна любові. І тыя, у каго яна ёсць, — самыя жывыя і здаровыя з усіх персанажаў спектакля». Відаць, менавіта ім, самым жывым і, галоўнае, здаровым, прызначаны велізарны, ад падлогі да столі, бледна-ружовы торт. Далікатны, як дзявочая спадніца. Гэтая выдатная, на думку самога тэатра — «цудоўная», сцэнаграфія Аляксандра Касцючэнкі выканана з асаблівай любоўю. Перад намі ў пэўным сэнсе «аб’ект недатыкальны» і з пункту гледжання стылю, і з пункту гледжання сцэнічнай функцыянальнасці. Прыгожы сам па сабе — любоўю да салодкага.

А вось нас, гледачоў, у тэатры не любяць. А калі любяць або хоць крышачку паважаюць, тады чаму ў праграмцы не пазначана імя акцёра Аляксея Сянчылы, выканаўцы ролі Падкалесіна?

Дарэчы, любоўю да акцёраў і да акцёрства насамрэч былі асветлены многія тэатральныя падзеі напрыканцы адыходзячага года. Менавіта таму ў снежні згадвалі выдатнага акцёра Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага Анатоля Кашкера, які запоўніў сваю адметную старонку ў гісторыі рускай сцэны на Беларусі. У Рускім тэатры была наладжана творчая вечарына, прысвечаная памяці актрысы магутнага таленту Ганны Абуховіч. У коласаўцаў адзначалі ўгодкі і з цеплынёй успаміналі непараўнальна-шчырую, заўсёды палётную Зінаіду Канапельку і яе выдатнага калегу Георгія Дубава. Кожны з гэтых артыстаў не толькі быў дасканалым прафесіяналам. Яны складалі гонар беларускай сцэны. Былі надзвычай яркімі і неардынарнымі асобамі. Іх імёны не згубяцца ў шэрагу аднастайных будняў яшчэ і таму, што кожны карыстаўся нязменнай любоўю калег і гледачоў.

Снежань — месяц, багаты на тэатральныя падзеі. Сярод іх — юбілей актрысы Рускага тэатра Людмілы Былінскай. Тонкая лірычная выканаўца, надзвычай далікатная і шчодрая на вобразныя фарбы, ва ўсіх ролях падаецца больш значнай за ўласнае амплуа. Той, хто шмат гадоў ведае Рускі тэатр, памятае яе Машу з чэхаўскіх «Трох сясцёр», Гелену з «Варшаўскай мелодыі» Леаніда Зорына, Альмагуль з «Узыходжання на Фудзіяму» паводле Чынгіза Айтматава, Жэню Камялькову ў «А досвіткі тут ціхія...» паводле Барыса Васільева, Мадлену Бежар у булгакаўскім «Мальеру», Ніну ў «Маскарадзе» Міхаіла Лермантава, «Джэні-Маліну» ў «Трохграшовай оперы» Бертольда Брэхта. Цягам дзесяцігоддзяў у тэатры змянілася шмат рэжысёраў. І кожнаму Людміла Былінская была даспадобы.

Адыходзячы год стаўся надзвычай багатым на фестывалі. Думаю, што ўзноўлены фестывальны рух таксама звязаны з любоўю да тэатра. Прафесійны досвед, калі разам збіраюцца калегі з розных краін свету, цяжка пераацаніць. Панарама спектакляў звычайна ўражальная і яркая. У такіх варунках нават адмоўны вопыт — карысны. На ўсіх без выключэння беларускіх фэстах апошнім часам актыўна працуюць крытыкі. Спектаклі абавязкова абмяркоўваюцца. І для нашых крытыкаў гэта выдатная пляцоўка і практыка, якой яны звычайна амаль пазбаўлены. Напрыканцы лістапада ў Гомелі сабраліся дзесятыя «Славянскія тэатральныя сустрэчы» з істотна пашыранай геаграфіяй краін-удзельніц. Апрача традыцыйных гаспадароў фестывалю — Беларусі, Украіны, Расіі — у Гомелі былі паказаны спектаклі тэатраў з Малдовы, Абхазіі, Літвы, Якуціі. Мастацкім кіраўніком па-ранейшаму была знакамітая Валянціна Рагоўская. А ў снежні ў Бабруйску была зроблена спроба аднавіць фестываль нацыянальнай драматургіі.

Выдатнай кропкай у шэрагу тэатральных уражанняў года сталі спектаклі Маскоўскага тэатра «Майстэрня Пятра Фаменкі» — «Ваўкі і авечкі» Аляксандра Астроўскага і «Сямейнае шчасце» паводле Льва Талстога, паказаныя на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. І галоўнае, пастаўленыя знакамітым майстрам — з любоўю да акцёра.