БАЛЕТ, БАЛЕТ, БАЛЕТ...

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

У апошнім дзённіку года хацелася б аб’яднаць самыя адметныя, яркія і знакавыя падзеі, што адбываюцца ў адным жанры музычнага тэатра — балетным. Прычым, адбываюцца ў розных краінах — Расіі, Украіне, Беларусі...

Ці не самай яркай падзеяй харэаграфічнага жыцця восеньскай Масквы стаўся фестываль, прысвечаны 50-годдзю творчай дзейнасці выдатных балетных артыстаў Кацярыны Максімавай і Уладзіміра Васільева. Яго праграма склалася з чатырох спектакляў — класічных «Дон-Кіхота» і «Шчаўкунка», у якіх некалі зіхацеў талент артыстаў, «Жызэлі» ў версіі Васільева, а таксама «Анюты» (паводле чэхаўскага апавядання) — зноў-такі ў ягонай харэаграфіі.

Сярод фестывальных падзей ці не найбольшую цікавасць выклікаў гала-канцэрт, у які ўвайшлі фрагменты з балетаў і харэаграфічныя мініяцюры з рэпертуару Максімавай і Васільева. Цікава, што ён сабраў знакамітых балерын і танцоўшчыкаў з розных краін — Парыжскай і Рымскай опер, тэатра «Камунале» з Фларэнцыі, запрасіў лепшых артыстаў Вялікага тэатра. Маскоўскім балетаманам можна шчыра пазайздросціць! Бо ў адной праграме яны ўбачылі харэаграфічныя нумары ў пастаноўцы Уладзіміра Васільева, Леаніда Лаўроўскага, Вахтанга Чабукіяні, Тома Шылінга, Касьяна Галяйзоўскага.

Удзельнікам яркага балетнага свята стаўся і нядаўні выпускнік нашага харэаграфічнага каледжа, а цяпер саліст Вялікага тэатра Іван Васільеў. Ён выконваў фрагмент з «Канька-гарбунка», маналог Меджнуна з «Лейлы і Меджнуна», а таксама сцэну са «Спартака».

Улюбёнец мінскай і кіеўскай публікі харэограф Раду Паклітару не перастае здзіўляць наведвальнікаў тэатра «Кіеў мадэрн-балет» новымі ідэямі і спектаклямі. Сярод яго апошніх работ — філасофскі аповед «Дождж». Харэаграфічная сюіта ўвасабляе лёсы людзей, якія міжволі аказаліся аб’яднанымі ў часе і прасторы. Этнічная музыка і кантрастныя ёй творы Баха — нібы галасы асоб, што гутараць на розных мовах.

«Сіла лёсу» — назва оперы Вердзі. «Сілы лёсу» — так назваў Раду адну з нядаўніх прэм’ер. Аднаактовы спектакль заснаваны на арыгінальным лібрэта самога харэографа. У тэатральна-харэаграфічнай пастаноўцы занята 9 акцёраў. Вядучую ролю выконвае маладая оперная спявачка Алена Грабянюк, яе голас суправаджае сцэнічнае дзеянне. Артысты балета ўспрымаюцца як рухавік спектакля, як «антычны хор», што накіроўвае дзеянне, каментуе яго і суперажывае гераіні. Музычная аснова пастаноўкі — творы Вердзі, Бойта, Пучыні, Сен-Санса.

Пры канцы лістапада Паклітару паказаў на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Івана Франко яшчэ дзве прэм’еры. У аднаактовых балетах ён выступіў як лібрэтыст, рэжысёр-пастаноўшчык і харэограф.

Першы з іх — «Underground» на музыку латышскага кампазітара Петэрыса Васкса. Вось што кажа сам пастаноўшчык: «Ствараючы спектакль... я натхняўся словамі Жана Поля Сартра — “Пекла — гэта іншыя”. Але балет не пра біблейскае пекла. Гэта аповед пра людзей, якіх вайна загнала ў падзямелле. Ніхто не ведае, ці наканавана ім выйсці на дзённае святло. І менавіта таму іх “цяпер” настолькі важнейшае за іх “потым”». (Цікава, што з нагоды думкі Сартра пісьменнік Віктар Пялевін заўважыў: «Рэдка здараецца, каб такая колькасць ісціны магла быць уціснута ў адзіны сказ».)

Другая прэм’ера Паклітару — аднаактовы балет «Палата № 6», пастаўлены на музыку эстонскага кампазітара Арва Пярта. Доктар, які знайшоў цікавага суразмоўцу ў пацыенце-вар’яце, сам пачынае ўспрымацца навакольнымі як вар’ят...

І нарэшце — падзеі беларускага балетнага жыцця. Як пашанцавала маладым артыстам, якія выступаюць на сцэне Нацыянальнага тэатра балета ўсяго год ці два! Бо раней будучым вядучым салістам часам даводзілася не па адным сезоне танцаваць у кардэбалеце — перш чым іх заўважалі...

Так, у «Баядэрцы» Кацярына Алейнік упершыню (і з поспехам!) выканала ролю Гамзаці, саперніцы галоўнай гераіні. У «Беласнежцы і сямі гномах» шматаблічны Канстанцін Кузняцоў дэбютаваў у экспрэсіўнай партыі Важака гоблінаў.

Адзін з паказаў «Карсара» выклікаў незвычайную цікавасць публікі. Абсалютна ўсе вядучыя партыі былі дэбютамі! Суцэльны «зарапад»! Новымі аказаліся і прыгажуня Медора (у інтэрпрэтацыі Ірыны Яромкінай), і адважны карсар Конрад (Антон Краўчанка), і хітрун-гандляр Ланкедэм (Канстанцін Кузняцоў), і Гюльнара (Юлія Дзятко), і нават Алі (Ягор Азаркевіч).

Сваё бачанне надзвычай складанай партыі высакароднага прынца Дэзірэ ў феерыі «Спячая красуня» прадэманстраваў публіцы Алег Яромкін. Ягор Азаркевіч упершыню выступіў у партыях двух шэкспіраўскіх герояў — караля Дункана ў «Макбеце» і Тыбальда ў «Рамэо і Джульеце».

Да ліку найбольш значных дэбютаў лістапада (а магчыма, і ўсяго сезона!) варта аднесці ўдалае і ўпэўненае выступленне нястомнай, сапраўды апантанай прафесіяй Кацярыны Алейнік у найскладанейшай партыі Адэты-Адыліі. Такая роля — запаветная мара кожнай балерыны. Гэткім жа значным аказаўся дэбют Марыны Парамонавай у партыі Джульеты. Ролі надзіва ўдала адпавядалі паэтычнасць, рамантычная летуценнасць, якія так добра перадавала юная артыстка...