АЛЯКСАНДР АНІСІМАЎ: ПРОСТА ЗОРКА

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

Тэатры і аркестры, з якімі супрацоўнічаў і супрацоўнічае Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў, — а яны належаць самым розным краінам Усходняй і Заходняй Еўропы, Азіі, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі і нават Аўстраліі, — выклікаюць павагу. Мала хто з дзеячаў беларускай музычнай культуры карыстаецца такім поспехам — без перабольшання! — ва ўсім свеце. Мала хто зрабіў такую яркую, бясспрэчную, маштабную міжнародную кар’еру. У тэатральных кулуарах неаднойчы даводзілася чуць, як Анісімава называлі «лятучым галандцам». Хтосьці вымаўляе гэтыя словы з захапленнем, хтосьці — з іроніяй, але ўсе аддаюць належнае яго імклівасці, нястомнай празе ўсё новых і новых творчых уражанняў. Як жа ён выглядае зблізку — легендарны дырыжор, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, неаднаразовы лаўрэат прэстыжнай тэатральнай прэміі «Залатая маска»? Чым заклапочаны, з якой нагоды радуецца, пра што думае, якія планы строіць?

Аляксандр Міхайлавіч, пытанне першае. Вы ўспрымаеце сябе як зорку?

— Гледзячы ў якім сэнсе ўжываецца гэтае слова. Часцей пад «зоркай» маюцца на ўвазе вялікая папулярнасць, амбіцыі, наяўнасць целаахоўнікаў, недаступнасць, вынесеныя на агульны разгляд падрабязнасці асабістага жыцця, магчыма, скандал. Але існуе і іншая інтэрпрэтацыя: «зорка» — як персона, асоба. «Зорным» можа быць і калектыў, які вылучаецца сярод іншых менавіта святлом. Такое разуменне мне бліжэй. Так, я адчуваю сябе зоркай. Бо ўласнае прызначэнне бачу ў тым, каб выпраменьваць святло — ярчэйшае, чым у іншых. Каб дапамагчы людзям убачыць прыгожае, незвычайнае, узвышанае. Каб перамагчы тую дробязную паўсядзённасць, што запаланіла нашы жыцці...

Назіраць за вамі, калі вы знаходзіцеся за дырыжорскім пультам, — па-сапраўднаму захапляльны занятак. Можна нават і не слухаць, а звяртаць увагу выключна на пластыку дырыжора. Гэта амаль балет... Па вытанчанасці, раскаванасці, ступені свабоды. Адчуваецца, што вы атрымліваеце асалоду ад працэсу сумеснага музіцыравання з аркестрантамі, што вы — чалавек рамантычнага складу мысленння. Як вам удалося захаваць такую якасць у наш прагматычны час? Якія крыніцы жывяць ваша ўзвышанае ўспрыманне і музыкі, і рэальнасці?

— Без рамантычнасці, узнёсласці не толькі музыкант, але і ўвогуле творчы чалавек наўрад ці зможа ўзрадаваць або глыбока закрануць аўдыторыю. Так, існуе традыцыя «сухога» следавання нотам, літары партытуры. Гэта як у фігурным катанні, калі спачатку дэманструюцца элементы «школы», якія трэба выканаць надзвычай дакладна. Затое потым можна паказаць сябе ў «свабодным палёце», які, зрэшты, таксама прадугледжвае элементы школьнай дакладнасці. Кожны канцэрт я уяўляю сабе як свята. Калі ж такога адчування не ўзнікае, значыць, кепска зрабіў сваю «школьную» працу.

Кожны канцэрт — свята для слухачоў ці для вас?

— І для мяне, і для аркестра. Адпаведна — і для слухача. Гэта ўзаемазвязана. Таго ж імкнуся дасягнуць і ў працы з іншымі выканаўцамі. У прыватнасці, з салістамі... Рыхтуючы выступленне, стараюся, каб галоўным для музыканта стаў не цяжар пераадолення, а радасць судакранання з цудоўным. Тэхнічныя складанасці няхай ацэньваюць спецыялісты.

Што да майго рамантызму, дык ён не культывуецца спецыяльна. Гэта не брэнд, не імідж, а мая сутнасць. Чым яго падтрымліваю? Думаю, тым, што ніяк не магу наталіцца радасцю. Мяне радуюць людзі, з якімі сустракаюся і кантактую, іншыя краіны і кантыненты, іншыя рэкі, травы, дрэвы... Хутка мне споўніцца 60 гадоў, а я радуюся, што жыццё — пры ўсіх яго складанасцях і перыпетыях — цудоўнае.

Менш за ўсё гэта звязана з матэрыяльным дабрабытам — маўляў, дасягнуў яго, супакоіўся, і таму ўсё стала выдатна. Згадваю час пасля заканчэння Маскоўскай кансерваторыі, 1970-я — 80-я гады. Дэфіцыт, бясконцыя чэргі... Памятаю, як усю ноч прастаяў у чарзе ля мэблевага магазіна на Камароўцы. Маёй маладой сям’і не было на чым спаць. А я ж тады быў ужо галоўным дырыжорам Беларускага тэатра оперы і балета. Салідная пасада! Масква, Кіеў, Мінск — гэтыя тры тэатры лічыліся найбольш аўтарытэтнымі ў Саюзе... Цяжкасці перажываліся такія ж, як і ў іншых. Тым не менш радасць адчування жыцця прысутнічала. І нішто не магло яе заглушыць.

Такім чынам, вы — аптыміст?

— Так, па натуры, ад нараджэння... Шчаслівае супадзенне, што ўласнае прызначэнне ўбачыў у музыцы. Пачынаў як піяніст і арганіст. А музыкай стаў займацца вельмі позна, у 12 гадоў. Заканчваў звычайную школу, быў выдатнікам. Падабалася праца з чарцяжамі, фізічныя і хімічныя доследы. У мяне былі поспехі ў маляванні, захапляўся фотасправай — нават выстаўкі ладзіліся. Падабалася займацца радыёпрыёмнікамі, сам іх канструяваў. Чаго толькі не рабіў!

Справа не толькі ў тым, што я знайшоў радасць у кантактах з музычнымі калектывамі (а гэта, паверце, няпроста!) і мой аптымізм жывяць менавіта гэтыя кантакты. Цікава, што калегі — антрэпрэнёры, імпрэсарыо, кіраўнікі аркестраў — адзначаюць, што нават у няпростых творах, напрыклад, Стравінскага і Дэбюсі, якія патрабуюць матэматычных разлікаў (апошні кампазітар, нягледзячы на ўласны імпрэсіянізм, надзвычай рацыянальны), Анісімаў усё-такі здолеў раскрыць сутнасць. Прычым не матэматычную, а мастацкую. Думаю, прычына яшчэ ў тым, што я «лаўлю» энергію іншых людзей. І чым больш станоўчай энергіі, тым лепш...

У якасці красамоўнага прыкладу таго, як вы і ваш калектыў — Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь — разумна, гнутна, па-сучаснаму будуеце адносіны з публікай, можна згадаць оперныя праекты апошняга часу. Гаворка пра канцэртнае выкананне «Аіды» Вердзі летась і сёлетняе ўвасабленне «Тоскі» Пучыні. У абедзвюх операх — інтэрнацыянальны склад выканаўцаў. Паказаныя летам, у «глухі» час, калі тэатралаў у горадзе, здавалася, няма, яны выклікалі і аншлаг, і велізарны рэзананс. Як удаецца вам дамовіцца з опернымі зоркамі, якіх вы запрашаеце ў Мінск, — вядомымі артыстамі з Італіі, Турцыі, Балгарыі, Расіі? Уплывае ваш аўтарытэт? Або яны з самага пачатку ведаюць, што ім і вам будзе цікава?

— Варта весці гаворку не толькі пра оперных салістаў. Напрыклад, Пітэр Данахоу — адзін з выдатных піяністаў сучаснасці, Саша Раждзественскі — з лепшых скрыпачоў, Дзяніс Шапавалаў — знакаміты віяланчэліст. Усе — госці аркестра. Прапанаваць можам досыць сціплую аплату, але яны згаджаюцца. Пасля рэпетыцый, сустрэчы з калектывам і публікай кажуць: «Саша, з задавальненнем прыедзем да цябе зноў, незалежна ад грошай! Для нас гэта вялікая радасць — сустрэцца з такой аўдыторыяй, з вамі, з аркестрам...» Думаю, яны атрымліваюць вельмі важную для сябе энергію. Свайго кшталту «жывую ваду»... Тое ж датычыць і вакалістаў. Ужо двойчы нам удалося (мяркую, і надалей будзем рабіць аналагічныя захады) запрасіць цікавых спевакоў на такія праекты, як «Аіда» і «Тоска». У асноўным гэта артысты, з якімі мне ўжо даводзілася працаваць за мяжой. Часцей за ўсё наша сумесная праца ім падабаецца. Мне цікавыя не толькі іх прафесійныя, але і чалавечыя якасці, праз якія ў рэшце рэшт узнікае разняволеная, фестывальная атмасфера. Тады за сціслы тэрмін можна зрабіць больш. Бо надоўга яны не могуць адрывацца ад свайго графіка.

Сяброўства з вамі — прычына таго, што многія вядомыя спевакі згодныя выступаць за меншы ганарар, чым звычайна?

— Яны ведаюць, што калі я запрасіў іх у Мінск за маленькія грошы, дык у будучым абавязкова ўзнікне пэўны праект, дзе яны фінансава навярстаюць упушчанае. Бо ў іншай краіне — у знак удзячнасці — я паспрабую запрасіць іх да ўдзелу ў міжнародным фестывалі ці іншай значнай мастацкай падзеі. А наша публіка будзе мець магчымасць бачыць і чуць найлепшых музыкантаў...

Хто вырашае фінансавыя пытанні і дапамагае ў наладжванні культурных кантактаў — філармонія, пасольствы?

— Пераважна філармонія. Але ў выпадку з «Тоскай» пасольства Італіі нам вельмі дапамагло — аплаціла дарогу двум удзельнікам праекта. Гэта амаль дзве тысячы долараў! Істотная сума... Я імкнуся пераканаць кіраўніцтва філармоніі не ўздымаць высока кошт білетаў. Калектыў ставіцца да гэтага надзвычай сур’ёзна. Сімфанічны аркестр амаль выходзіць на самаакупнасць. Рыхтуем каштарыс кожнага праекта — дарога, пражыванне ў гасцініцы...

Вы і ў гэтыя клопаты паглыбляецеся?

— А як жа! Абавязкова. Таму што павінен балансаваць: адну праграму зраблю з меншымі выдаткамі, а ў іншай магу дазволіць больш сур’ёзныя. І пра калектыў мушу думаць, і пра гледача — каб не страціць публіку, якая «робіць надвор’е» і поспех канцэрта. А гэта інтэлігенцыя, яна наўрад ці зможа купляць білеты даражэй чым за 15 тысяч...

Чамусьці ўяўляла, што галава дырыжора Анісімава занятая выключна пытаннямі інтэрпрэтацыі музычных твораў...

— Мне патрэбна цеплыня залы. Яе рэакцыя...

А дырыжор рэакцыю як адчувае — спінай, скурай?

— Выходжу на сцэну, гляджу ў залу, бачу твары, і робіцца зразумелым, якая публіка сёння. Іншым разам магу дазволіць сабе сур’ёзныя рэпертуарныя эксперыменты. Калі ўпэўнены, што перад тым публіку не расчараваў. Сімфанічныя сачыненні беларускіх кампазітараў наш слухач мала ведае і часам успрымае як неабавязковы дадатак да класікі. А высвятляецца, што яны цікавыя і яны хвалююць! Калі мы зрабілі творчы вечар Яўгена Глебава пад назвай «Рукапісы не гараць» (згадваючы ягоную оперу «Майстар і Маргарыта»), у зале быў аншлаг! У першым аддзяленні гучалі ўрыўкі з музыкі да драматычных спектакляў, кінафільмаў, другое аддалі больш сур’ёзным жанрам. Важна, каб людзі зразумелі, што гэта жывое...

Ідэі, як правіла, зыходзяць ад вас?

— Так. Асноўная драматургія сезона для аркестра распрацоўваецца, зразумела, мной. Пры гэтым трэба браць пад увагу публіку з рознымі густамі і схільнасцямі... Яшчэ Новы год не прыйшоў, а ўжо практычна маем «каркас» будучага сезона — ад верасня 2009-га да жніўня 2010 года...

Так і ў Еўропе?

— Там плануюць нават на тры-чатыры гады наперад. Бо сур’ёзныя дырыжоры і салісты «распісаны» загадзя. З імі нават кантракты падпісваюцца, напрыклад, на 2012-ы, і артыст не мае права гэтую дату нікому абяцаць.

А ваш асабісты час распісаны да якога года?

— Ёсць прапановы на 2011-ы. Гэта пастаноўка оперы «Нос» Шастаковіча ў Дубліне, у Ірландыі. На 2010-ы існуе надзвычай цікавая прапанова з Барселоны, з Тэатра Лісэо — быць музычным кіраўніком оперы «Гулец» Пракоф’ева.

Наколькі разумею, вы чалавек, лёгкі на пад’ём? Бо надзіва нязмушана перамяшчаецеся па свеце, з кантынента на кантынент...

— Лёгкасць у тым, што працуюць авіялініі. (Усміхаецца.) Шчыра кажучы, апошнім часам не вельмі шанцуе, бо ўсю дарогу даводзіцца рабіць перасадкі. Калі лячу з Бусана ў Паўднёвай Карэі (там з’яўляюся мастацкім кіраўніком аркестра), дык перасадку раблю ў Сеуле. Паколькі ў Пермі я — галоўны запрошаны дырыжор, часта прыязджаю і туды. Прамога рэйса з Пермі ў Мінск няма. Трэба ляцець праз Маскву, а гэта няпроста. Тым не менш у дарозе не марную часу. Шмат прыходзіць цікавых думак, ідэй. Іх занатоўваеш, штосьці перагортваеш... Гэта не значыць, што я не працую з партытурамі дома (пра Гергіева жартуюць, што ён рыхтуецца да спектакляў пераважна ў самалётах)...

Скажыце, сярод вашых замежных праектаў пераважае оперны жанр ці сімфанічная музыка?

— Быў перыяд, калі шмат працаваў у тэатрах. Прычым гэта супала з часам, калі з’яўляўся галоўным дырыжорам Беларускага тэатра оперы і балета. Тут амаль дваццаць пяць гадоў кіраваў аркестрам. І амаль пятнаццаць — спалучаў гэтую пасаду і актыўнае супрацоўніцтва з «Гранд-опера» ў Парыжы, з Амстэрдамскім тэатрам, «Дойчэ-опер» у Берліне, Гамбургскай і Нюрнбергскай операмі, а таксама опернымі трупамі Італіі. Хоць, вядома, час ад часу ўзнікалі і праекты з сімфанічнымі аркестрамі.

Потым надышоў перыяд, калі пераважаў сімфанічны жанр. Амаль дванаццаць гадоў сумяшчаў дзейнасць сімфанічнага дырыжора ў Мінску з дзейнасцю дырыжора Ірландскага сімфанічнага аркестра. Калі цяпер працую з аркестрам Беларускай дзяржаўнай філармоніі, маю больш прапаноў менавіта ад сімфанічных калектываў. Хоць і працягваю кантактаваць з операй.

Як у дзяцінстве любіў оперны жанр, так і працягваю яго любіць. Праз гэтую страсць даў згоду супрацоўнічаць з операй Растова-на-Доне. Амаль пяць гадоў працаваў там (не пакідаючы без увагі і іншыя аркестры). Калі ўлічыць, што гэта малады калектыў, які нарадзіўся не так даўно, іх поспех на «Залатой масцы» дорага каштуе. Іх перамога мяне грэе. Такім прызнаннем ганаруся!

Калі ў Растове мой кантракт скончыўся, дык каб па-ранейшаму не аддаляцца ад опернага жанру, даў згоду быць галоўным запрошаным дырыжорам у Пермскім тэатры оперы і балета імя Чайкоўскага. Некалі ён быў маім родным тэатрам. Там пяць гадоў я працаваў галоўным дырыжорам...

Патлумачце, як усё гэта можна паспець і сумясціць?!

— Якая мадэль сучаснага дырыжора на Захадзе? Ён — кіраўнік як мінімум трох аркестраў. Як мінімум! Нават такі заняты чалавек, як Джэймс Левайн, галоўны дырыжор «Метраполітэн-опера», кіруе таксама аркестрамі ў Бостане і Мюнхене. Магу згадаць Зубіна Мету, у распараджэнні якога — фларэнтыйскі аркестр, Мюнхенская опера, ізраільскі аркестр, а таксама мноства фестываляў, якімі ён кіруе. Валерый Гергіеў — мастацкі кіраўнік Марыінскага тэатра. Але акрамя гэтага — Лонданскага аркестра, Мікеле- і Ратэрдамскага фестывалю. А яшчэ фестывалю «Зоркі белых начэй». У свеце існуе шэраг надзвычай запатрабаваных дырыжораў.

Што адбываецца ў сусветнай оперы? Якія тэндэнцыі вызначаюць рух наперад? Вы маеце шмат эксклюзіўнай інфармацыі...

— Многае цяпер можна бачыць і чуць па канале «Мецца». Вельмі добрую магчымасць сачыць за падзеямі дае інтэрнет. Дыскі, праўда, крыху адстаюць ад тэндэнцый — гады на 3–4. Бачу, што ўзрастае цікавасць да спецыяльных часопісаў, якія адлюстроўваюць свет оперы: «Opera» ў Лондане, «Opernglass» у Берліне. У Амерыцы існуе такі часопіс, як «Operanews». Часопісы, якія выдаюцца ў адной краіне, выклікаюць міжнародны інтарэс. Іх выпісваюць і чытаюць ва ўсім свеце. Напрыклад, у Іспаніі такія выданні можна купіць на кожным скрыжаванні. Пакажу вам часопіс «Classika», які выдаецца ў Токіо. Кошт — 8 долараў. Увесь ён прысвечаны класічнай музыцы: тут не толькі інфармацыя, але і аповеды пра дырыжораў, спевакоў, аркестры... Часопіс мае больш за 100 старонак і выдаецца штомесяц. Што ўразіла? Пра балет у ім дзве старонкі — і ўсё!

Вы маеце на ўвазе, што ў заходнім музычным свеце оперы больш, чым балета?

— Можна згадаць кошт білетаў. Опера — у два разы даражэйшая за балет. І гэта нармальная, звыклая з’ява.

Дарэчы, які кошт за мяжой білетаў на оперу, балет, сімфанічныя канцэрты?

— На канцэрты — ад пятнаццаці да двухсот долараў (самыя танныя — гэта стаячыя месцы). Опера — ад васьмідзесяці да трохсот. Балет — ад дваццаці да ста пяцідзесяці.

Менеджэры, імпрэсарыо — звычайна асобы з якой адукацыяй? З вышэйшай музычнай?

— Па-рознаму. Часам з эканамічнай, юрыдычнай. Часцей за ўсё гэта былыя спевакі, піяністы — інакш кажучы, музыканты...

У размове вы згадвалі, што свабодна гаворыце па-англійску. Веданне мовы — яшчэ са школьных часоў?

— Не, там была нямецкая. Англійскую пачаў вучыць самастойна і позна, гадоў у 45...

Для таго, каб вольна размаўляць з імпрэсарыо?

— Але і з аркестрантамі таксама...

Па заходніх мерках, колькі рэпетыцый трэба аркестру, каб сыграць новую праграму з невядомым дырыжорам?

— Па-рознаму. Калі ставіцца новая опера, дык рэпетыцыі ідуць досыць доўга, да трох тыдняў. Многае залежыць ад тэмпу працы рэжысёра. І дырыжору трэба быць на рэпетыцыях. Нядаўна вярнуўся з Японіі, там за мной ледзь не па пятах хадзілі, каб не прапусціў ніводнай...

А што ставілася?

— «Яўгеній Анегін».

Цікава, галоўнага героя спяваў японец?

— Усіх спявалі японцы. А калі «Анегін» ставіўся ў Парыжы, там Грэмін быў рускім, Анегін — англічанінам, Таццяна — нарвежкай...

І ўсе спявалі па-руску?

— Так. І ў Японіі спявалі па-руску... А вось у Германіі, у «Комішэ-опер» — гэта трэцяя сцэна Берліна, пасля «Дойч-опер» і Нацыянальнай оперы (там ставяць спектаклі на мове арыгінала), — «Барыс Гадуноў» спяваўся па-нямецку. У лонданскім «Ковент-Гардэне» оперы ідуць на мове арыгінала, Англійская нацыянальная опера, якая непадалёку, ставіць толькі па-англійску. Усе оперы — італьянскія, нямецкія...

І Вердзі ў іх гучыць па-англійску?!

— Апошнім часам яны пачалі выпускаць дыскі на англійскай мове. І дыскі карыстаюцца поспехам, іх купляюць, бо цікава даведацца, пра што спяваюць...

Калі ж дырыжор працуе над сімфанічнай праграмай, дык і за тры дні можна паспець. Здараецца, за тыдзень. Усё залежыць ад таго, колькі часу доўжыцца рэпетыцыя. Англічане любяць працяглыя рэпетыцыі, але ў сціслы адмежак часу. Напрыклад, з 10 да 16, з перапынкам на абед. Але затое — два дні. А немцы расцягваюць на тыдзень, у іх рэпетыцыі з 9 да 12. Так што час падрыхтоўкі праграм розны.

Які адпачынак для вас найлепшы?

— Вельмі люблю важдацца з кнігамі і дыскамі. Магу гадзінамі іх перакладваць, нават не слухаць, а глядзець. І да мяне прыходзяць пэўныя думкі, ідэі... Магчыма, лепшая форма адпачынку — на прыродзе. Апошнім часам вельмі падабаецца ціхі горад. Мінулым летам давялося тыдзень пабыць у Мінску. І я быў такі шчаслівы! Ідзеш — ціха, спакойна... Горад — цудоўны, дагледжаны. Наогул мне падабаецца не мяняць надта моцна абстаноўку наўкол...

Якіх з’яў вам не хапае ў музычным жыцці Мінска?

— Нядаўна запрашалі дырыжыраваць за мяжой. Прычым сказалі, што залы дзве: адна «невялікая», усяго на 800 месцаў, а большая — на дзве або дзве з паловай тысячы. А ў нас, здараецца, вялікую залу філармоніі на 700 месцаў поўнасцю сабраць цяжка. Праўда, апошнім часам на канале СТБ ідзе перадача «Уваскрэсенне класікі», дзе паказваюцца праграмы нашага калектыву. Здаецца: нашы канцэрты пачалі выклікаць болей цікавасці...

Вам ніколі не хацелася занатаваць свае шматлікія і сапраўды эксклюзіўныя ўражанні? Або жывое музыканцкае жыццё багацейшае, чым яго адлюстраванне?

— Да пэўнага жанру трэба мець схільнасць. Цяпер чытаю вельмі цікавую кнігу — «Дзённікі» Мравінскага. Некалі і я вёў дзённікі. Думаю, што вярнуся да іх, калі будзе болей часу. Мае літаратурныя сябры падбухторваюць зрабіць не кнігу ўспамінаў, а занатаваць пэўныя думкі. Але на тое патрэбны час і грошы. Мне ж цікавей атрымаць грант на пакупку новых інструментаў у аркестр або на пашыў новых касцюмаў. Нават гэтыя праблемы вырашаем з пэўнымі цяжкасцямі...

Таццяна Мушынская