Заснавальнік - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Выдаецца са студзеня 1983 года
ДЭМАГРАФІЯ ТВОРЧАСЦІ-3
Бытуе досыць устойлівае меркаванне, што кожнае новае пакаленне спавядае ў творчасці «ўласную рэлігію», існуе ў асобнай, абумоўленай зменлівымі рэаліямі сістэме эстэтычных каардынат. Ці слушна так лічыць? Ці ёсць яны — вечныя каштоўнасці, непадуладныя павевам часу?
ПРАДМЕТ ЯК ПРАТЭЗ
Пра беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва напісана шмат: вытокі ўзнікнення твораў, асаблівасці тэхнікі і матэрыялаў... Логіка стварэння гэтых работ больш-менш ясная і зразумелая. Але чым жывуць майстры па-за межамі Беларусі? Асабіста для мяне тут больш пытанняў, чым адказаў. Таму надзвычай цікава было сустрэцца з мастаком, які распачаў сваю прафесійную адукацыю ў Беларусі, а завяршыў яе і рэалізаваўся як творца ў Амерыцы. Гутарка з Яўгеніяй Кагановіч адбылася ў Мінску, у горадзе, дзе яна нарадзілася і куды вярнулася праз 17 гадоў. Прайшоўшы шлях ад простага супрацоўніка ювелірнай майстэрні да загадчыцы кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва універсітэта ў горадзе Мілуокі, Яўгенія набыла унікальны вопыт. Акрамя таго, яна — насамрэч неардынарны мастак.
ІКАНАПІС ХХІ СТАГОДДЗЯ
«Калі нябачны, ахінуты плоццю, робіцца бачным, тады выяўляй падабенства Таго, Хто з’явіўся, накрэслівай на дошках і выстаўляй для сузірання». гэтыя словы (належаць яны багаслову, філосафу і паэту Іаану Дамаскіну) напісаны ў VIII стагоддзі. ХХІ стагоддзе — час стварэння ікон, якія абсалютна арганічна «ўпісаліся» ў пастаянную экспазіцыю Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук.
БІЕНАЛЕ: НАВАТАРСТВА І КАНФАРМІЗМ
Біенале жывапісу, графікі і скульптуры — мерапрыемства для Беларусі новае і нязвыклае. Але кіраўніцтва Саюза мастакоў мяркуе зрабіць яго традыцыйным, а таксама чаргаваць гэтае буйное свята станковага мастацтва з біенале дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Сёлетняя экспазіцыя заняла ўсе плошчы сталічнага Палаца мастацтва. Работы адбірала камісія, якую склалі старшыні секцый і асобныя мастакі. У выніку да экспанавання былі дапушчаны 350 твораў 285 аўтараў з Мінска, Віцебска, Гродна. Усе працы выкананы ў 2007—2008 гадах. Сімвал акцыі — кола: знак сонца, зямлі і неба, што натхняе на творчыя здзяйсненні.
УГЛЯДЗІСЯ Ў ТВАР
V Міжнародны фестываль монаспектакляў «Я» напрыканцы восені прайшоў у Мінску і для прыхільнікаў тэатральнага мастацтва стаўся падзеяй нечаканай, нават раптоўнай. Зрэшты, на стабільнасць і прадказальнасць у справах такога кшталту ў наш час разлічваць даволі цяжка. Дый не кожны здатны за чарговы культурны праект змагацца да апошняга. Тым не менш, монафестываль у Беларусі ў чарговы раз адбыўся. Меў усе прыкметы вонкавай сціпласці, праходзіў у адзін, а не ў два этапы, як папярэдні, і ўсё ж ранейшы мастацкі ўзровень захаваў. Сваю адметнасць і прысутнасць у агульнай плыні тэатральнага працэсу пацвердзіў. Арганізатарамі V Міжнароднага фестывалю монаспектакляў «Я» гэтым разам зрабіліся Беларускі цэнтр Міжнароднага інстытута тэатра (ЮНЕСКА), Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь, Беларуская акадэмія мастацтваў, Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі.
КАТЭГОРЫІ ПРАСТОРЫ І ЧАСУ
Ва ўмовах імклівага развіцця тэхналагічных і гуманітарных ведаў структура мыслення мяняецца надзвычай хутка. Са зменай парадыгмы ў мастацкай і навуковай карцінах свету і пераходам ад пісьмовай культуры да экраннай звязана інтэграцыя тэхналогій і гуманістыкі. Пра гэта сёння шмат гавораць... Аднак усе гэтыя павярхоўныя размовы не адмяняюць неабходнасць глыбокага асэнсавання сучасных мастацкіх працэсаў.
АЛЯКСАНДР АНІСІМАЎ: ПРОСТА ЗОРКА
Тэатры і аркестры, з якімі супрацоўнічаў і супрацоўнічае Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў, — а яны належаць самым розным краінам Усходняй і Заходняй Еўропы, Азіі, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі і нават Аўстраліі, — выклікаюць павагу. Мала хто з дзеячаў беларускай музычнай культуры карыстаецца такім поспехам — без перабольшання! — ва ўсім свеце. Мала хто зрабіў такую яркую, бясспрэчную, маштабную міжнародную кар’еру. У тэатральных кулуарах неаднойчы даводзілася чуць, як Анісімава называлі «лятучым галандцам». Хтосьці вымаўляе гэтыя словы з захапленнем, хтосьці — з іроніяй, але ўсе аддаюць належнае яго імклівасці, нястомнай празе ўсё новых і новых творчых уражанняў. Як жа ён выглядае зблізку — легендарны дырыжор, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, неаднаразовы лаўрэат прэстыжнай тэатральнай прэміі «Залатая маска»? Чым заклапочаны, з якой нагоды радуецца, пра што думае, якія планы строіць?
МАКСІМ ПЯТРУЛЬ: "ДАРОГА НА ЎСХОД -- МОЙ ШЛЯХ ДА СЯБЕ"
Майстэрня мінскага скульптара Максіма Петруля — невялічкая студыя ў мансардзе пад дахам высотнага будынка. Але гэта, скажам так, толькі яе цэнтральная частка. Тут месцяцца камп’ютэр і бібліятэчка, ствараюцца невялікія макеты і мадэлі — і нараджаюцца вялікія мастацкія задумы, якіх не можа не мець малады творца. А вось сапраўдная скульптурная майстэрня Максіма Петруля — з’ява шырэй няма куды, бо гэта — пляцоўкі скульптурных сімпозіумаў некалькіх краін. Самая ўлюбёная — Кітай. Таму, калі Максім распавядае нават пра звычайныя творчыя моманты, гучаць прыгожыя і загадкавыя словы : Фучжоу, Куньмін, Харбін, Пекін...
Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by
© 2013-2024 «Мастацтва». Зроблена ў «Вэбпрофі»