БІЕНАЛЕ: НАВАТАРСТВА І КАНФАРМІЗМ

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

Біенале жывапісу, графікі і скульптуры — мерапрыемства для Беларусі новае і нязвыклае. Але кіраўніцтва Саюза мастакоў мяркуе зрабіць яго традыцыйным, а таксама чаргаваць гэтае буйное свята станковага мастацтва з біенале дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Сёлетняя экспазіцыя заняла ўсе плошчы сталічнага Палаца мастацтва. Работы адбірала камісія, якую склалі старшыні секцый і асобныя мастакі. У выніку да экспанавання былі дапушчаны 350 твораў 285 аўтараў з Мінска, Віцебска, Гродна. Усе працы выкананы ў 2007—2008 гадах. Сімвал акцыі — кола: знак сонца, зямлі і неба, што натхняе на творчыя здзяйсненні.

Агульнагарадскія мастацкія акцыі — фестывалі, біенале, выставы — несумненна, з’яўляюцца наступным узроўнем прэзентацыі сучаснага мастацтва. У пэўным сэнсе іх задача — аб’яднаць і інтэграваць лакальныя і разрозненыя высілкі асобных галерэй, груп, школ і іншых суполак, а звышзадача — выявіць новыя ідэі, тэндэнцыі і прыярытэты сучаснага мастацкага жыцця.

Якая эфектыўнасць такога кшталту акцый? З камерцыйнага пункту гледжання — нулявая: для таго, каб прадаваць, неабходны іншыя стратэгіі і праграмы. Аднак у мэты фестываляў не ўваходзіць камерцыйны складнік. Задачы такіх мерапрыемстваў агульнакультурныя і цалкам мастацка-аналітычныя — вылучыць і рэпрэзентаваць розныя пакаленні, накірункі, групы аўтараў, выявіць стылістычныя дамінанты ў творчасці айчынных майстроў, тэарэтычна і крытычна асэнсаваць «ландшафт» мастацкага жыцця Беларусі. Але, акрамя гэтага, гаворка можа ісці і пра здольнасць біенале ўвесці ў сучасны выяўленчы працэс новых мастакоў і зацікаўленых гледачоў, і пра магчымасць спалучыць у адзінай прасторы работы рознай пластыкі і светабачання, і пра стымулюючую ролю гэтай акцыі ў актывізацыі мастацкага жыцця Беларусі.

Для нашай краіны, дзе дасюль адчуваецца неабходнасць у пісьменнай выставачнай палітыцы, у прафесійнай класіфікацыі сучаснага беларускага мастацтва, Першая беларуская біенале жывапісу, графікі і скульптуры з’яўляецца выдатнай магчымасцю стварэння новай творчай інфраструктуры і інтэграцыі ў міжнародную культурную прастору. Акцыя мусіла засведчыць, што Беларусь валодае вялікім патэнцыялам нацыянальнага мастацтва, у тым ліку сучаснага і авангарднага.

Экспазіцыя павінна была вызначыць яркія тэндэнцыі, характэрныя для нашага мастацтва. Найперш — сцверджанне метафары і канцэпцыі, якія прыходзяць на змену тэматычнаму складніку. Больш чым рэаліі і калізіі рэчаіснасці, творцаў цікавяць уласныя асацыятыўныя адчуванні. Узбагачаецца мастацкая паэтыка, майстар звяртаецца да ўнутраных рэалій быцця, да псіхалагічнага стану героя, да глыбінь падсвядомасці, і гэта вымагае ад яго нетрадыцыйнага падыходу да вырашэння палатна ці графічнага аркуша. Рэальныя ўражанні становяцца асновай для трансфармацыі рэчаіснасці. А прадметы, архітэктурныя збудаванні — штуршком для фантазіі, якая дазваляе выбудоўваць пэўную мізансцэну карціны.

Наколькі ўдалым аказалася ажыццяўленне цікавай ідэі? Пра гэта ішла гаворка на абмеркаванні, у якім прынялі ўдзел крытыкі і мастацтвазнаўцы. Акрамя шчырых віншаванняў, кіраўніцтву Саюза мастакоў давялося выслухаць і нямала крытычных заўваг. Перадусім адзначалася, што беларуская біенале, нягледзячы на папярэднюю распрацоўку патрабаванняў да яе правядзення, шмат у чым не дасягнула ўзроўню падобных замежных акцый. Яна не мела акрэсленай канцэпцыі, запамінальнай назвы, выразнага слогана. Традыцыйна на такія мастацкія імпрэзы прадстаўляюцца работы, што раней не выстаўляліся, — на жаль, гэтую акалічнасць арганізатары не ўлічылі. Здзівіла, зрэшты, і недапушчэнне да ўдзелу ў выставе тых сяброў Саюза мастакоў, якія маюць запазычанасці па аплаце майстэрняў. Жаданне кіраўніцтва творчай суполкі такім нестандартным чынам паўплываць на даўжнікоў пайшло не на карысць біенале.

Выбар лепшых мастацкіх твораў, своеасаблівае рэйтынгавае апытанне, вынікам якога павінна стаць выстава пераможцаў у маскоўскім Цэнтральным доме мастака, рабілі самі ўдзельнікі мерапрыемства, а значыць — людзі зацікаўленыя і, магчыма, не зусім аб’ектыўныя. Ці не таму так нечакана размеркаваліся прыярытэты? Пасля падліку галасоў у раздзеле «жывапіс» першае месца атрымалі творы Уладзіміра Канцадайлава і Леаніда Хобатава, другое — Сяргея Кірушчанкі і Сяргея Цімохава, трэцяе — Аляксандра Некрашэвіча. У графіцы прызавыя месцы падзялі паміж сабой Рыгор Сітніца, Уладзімір Савіч, Андрэй Басалыга, у скульптуры — Андрэй Асташоў, Юрый Анушка, Валянцін Борзды.

Міжволі параўноўваеш біенале з папярэдняй выставай у Палацы мастацтва, дзе былі ўпершыню за некалькі дзесяцігоддзяў выстаўлены 67 работ з фондаў Саюза мастакоў. Парадаксальна, але некаторыя палотны ўбачылі свет толькі другі раз у жыцці — пасля таго, як былі закуплены экспертным саветам з выстаў, якія адбыліся і дваццаць, і пяцьдзесят гадоў таму, бо саюз пачаў збіраць сваю калекцыю адразу пасля стварэння. Прадстаўленыя ў экспазіцыі работы выклікалі ва ўсіх адно і тое ж адчуванне — велічнасці падачы і манументальнай вобразнасці. А яшчэ — грунтоўнасці ў выкананні, сур’ёзнасці ў выбары тэм, іх распрацоўцы, абагульненні думак і ідэй. Па вялізных памерах палотнаў можна было меркаваць, што мастакі ў асноўным не задумваліся пра магчымага пакупніка ці пра інтэр’ер, у які твор мусіць упісацца. Пра такі неразважлівы пафас мы ўжо забыліся...

Задача Першай беларускай біенале жывапісу, графікі і скульптуры — цалкам іншая, далёкая ад мемарыяльнага ўшанавання. Сучаснае мастацтва ўвайшло ў новую стадыю развіцця. Асноўнай праблемай мастацкай практыкі другой паловы ХХ стагоддзя сталася вызначэнне межаў мастацтва. Аднак пытанне «Што ёсць мастацтва?», як і наступнае: «Якім павінна быць яго існаванне ў сучасным зменлівым свеце?» — засталіся без адказу. Механізмы мастацкай творчасці, заканамернасці эстэтычнага і пазаэстэтычнага ўспрымання не вывучаны. Культурны партрэт часу яшчэ толькі пішацца, гісторыя ствараецца паміж эпохамі. Сёння важнейшым за пытанне аб межах і логіцы мастацтва з’яўляецца пытанне аб каардынатах пачуццёвасці, якая гэтую логіку змацоўвае. Сучаснаму творцу зноў цікавы чалавек, прычым чалавек «па абодва бакі палатна».

Ніколі яшчэ ў мастацтве не існавала такой разнастайнасці форм выказвання. Асабліва відавочна гэта ў жывапісе. Праўда, на біенале валадарыла класічнае стаўленне да жывапіснай творчасці. У нашай мастацкай практыцы палатно як матэрыяльны фактар знікае пакуль яшчэ рэдка. Аспрэчваюцца катэгорыі класічнай эстэтыкі: твор, творчасць увогуле, ідэал прыгожага — але гэта не закранае тых, хто забяспечвае іх рэальнае функцыянаванне: жывых, упісаных у гісторыю мастака і гледача. Нас хвалююць тэхналогія творчасці, матэрыял мастацтва, энергетыка работ. Пры гэтым класічныя прыёмы не толькі не знікаюць у мінулым, але і прэтэндуюць на ролю спецыфічнага камертона для актуальных выказванняў. Палатно існуе як «памяць мастацтва», што выступае дасканалым носьбітам структур дыялога, які завязваецца паміж мастаком і гледачом. Палатно працуе як сцяна, якая аддзяляе «дом мастацтва» ад астатняга свету. Зрэшты, такі погляд мае сваіх паслядоўнікаў і за межамі нашай краіны. Рукатворнасць у мастацкім мэйнстрыме апошніх гадоў можна праілюстраваць пэўнымі тэндэнцыямі: і так званым «вяртаннем жывапісу» з яго традыцыйнымі матэрыяльнымі вартасцямі, і бумам малюнка.

Графічныя творы дазволілі акрэсліць глыбінныя праблемы, якія выявіліся праз імправізацыі на стыку розных тэхналогій і стылістычных падыходаў. Гэты від мастацтва вызначаецца сёння як «унікальная графіка». Варта нагадаць, што з актыўнага мастацкага працэсу друкаваная графіка пачала знікаць яшчэ ў 1990-х. І праблема тут не толькі ў адсутнасці тэхналагічных магчымасцей. Відавочна, што ўсеагульная архівізацыя, цікаўнасць да ўласных каранёў, рукатворнасць, імкненне да прыродных матэрыялаў, а таксама каларыстычнае «фантаніраванне» проціпастаўляюцца друкаванай графіцы, якая засталася ў межах традыцыйнага фігуратыўнага мастацтва. Адначасова адыход ад тэхналогіі, якая падаўляе індывідуальнасць, зварот да прастаты і шчырасці прыводзяць да адмаўлення складаных графічных тэхнік, да своеасаблівага сімбіёзу — выкарыстання ў графіцы жывапісных прыёмаў, калажу, дрыпінгу.

Самы, бадай, трывожны недахоп Першай беларускай біенале жывапісу, графікі і скульптуры — у тым, што арганізатары не знайшлі свайго адметнага ракурсу, які б вылучыў акцыю сярод мноства іншых, якія паспяхова існуюць у свеце. Айчынная ініцыятыва пакуль не мае ўласнага твару, брэнду, які дапаможа ёй сцвердзіцца ў маштабным шэрагу падобных інтэрнацыянальных мерапрыемстваў. Заставацца ўвесь час у межах стылёвых прыярытэтаў адной краіны — значыць не развівацца ўглыб і ўшыркі. Запазычыць паказальныя элементы папулярных міжнародных «мега-шоу» без пераасэнсавання і рэканфігурацыі — значыць зрабіць мерапрыемства імітацыйным, то-бок — нецікавым. Такая вось дылема...

Прызнаныя ў свеце біенале — ад Венецыі, Каселя да Стамбула — маюць агульную мэту: вызначыць кардынальныя змены, што цягам двух гадоў адбыліся ў мастацтве, якое мае найменне «сучаснае», — у сістэме яго рэпрэзентацыі, дыстрыб’юцыі, асэнсавання. Часта біенале самі намацваюць і ўзаконьваюць «вектар сучаснасці». Наша біенале такімі пытаннямі і часавымі аспектамі не цікавілася. Не наватарскія тэндэнцыі былі ў цэнтры гэтага мерапрыемства, а знарочысты «інтэлектуалізм», канфармізм. І прычынай гэтага маглі стаць менавіта адсутнасць канцэпцыі, няўзгодненасць «кропак адліку».

Неакрэсленасць канцэпцыі шкодзіла і міжнароднай выставе «Разам», на якой былі сабраны 180 работ графікаў, жывапісцаў і скульптараў з Беларусі, Літвы, Латвіі, Румыніі, Малдовы, Расіі, Польшчы. Выстава адбылася ў працяг біенале, айчынныя аўтары былі адабраны па яе выніках. Экспазіцыя дала магчымасць параўнаць стылёвыя асаблівасці, пластыку, характэрны нацыянальны погляд на тэматыку і зместавы складнік работ аўтараў з Беларусі і тых краін, якія не толькі тэрытарыяльна блізкія да нас, але і знаходзяцца ў коле нашых сяброўскіх стасункаў.

Аднак падбор краін-удзельніц выклікаў і шэраг пытанняў. Чаму сярод запрошаных не было, напрыклад, Украіны, і гэта пры тым, што ўкраінскія творцы актыўна асвойваюць еўрапейскую мастацкую прастору, паспяхова канкурыруюць з беларускімі мастакамі, іх работы пластычна вельмі разнастайныя і цікавыя? З іншага боку, ці варта да бясконцасці пашыраць спіс краін, мастакі з якіх патэнцыяльна маглі б разнастаіць экспазіцыю? Пасля прагляду экспазіцыі так і застаецца няясным, з якой мэтай збіраліся мастакі. Актуалізаваць супрацоўніцтва? Падчас экспанавання выставы не адбылося жывой гутаркі на гэтую тэму. Выданне каталога — факт, безумоўна, станоўчы, але ён толькі канстатуе адкрыццё выставы — без аніякага мастацтвазнаўчага абгрунтавання. Магчыма, арганізатары выставы імкнуліся паказаць шырокую панараму работ беларускіх і замежных творцаў? Але для ахопу такога велізарнага спектру недастаткова запрасіць да ўдзелу толькі шэсць дзяржаў. Лагічным было б сабраць мастакоў з краін, памежных з Беларуссю. І тады мы маглі б прасачыць, як змянілася накіраванасць сучаснага мастацтва ў нашых бліжэйшых суседзяў і якую «прыступку» займаем мы на іх фоне. Калі мэтай было супаставіць нашы творчыя дасягненні, то варта было б больш увагі надаць выбару жанраў — іначай знікаюць падставы для параўнанняў і вывадаў.

Магчыма, рабіць дыскурс актуальнага мастацтва для Беларусі справа не вельмі надзённая. Але ў нас ёсць шэраг больш традыцыйных форм і накірункаў, дзе мастакі працуюць паспяхова і ярка. Сапраўды, аўтары, якія ўдзельнічалі ў выставе «Разам», заслугоўваюць таго, каб іх называць «зоркамі». Іх работы выяўляюць тое лепшае, што было зроблена за апошнія гады ў краіне, і сведчаць: мы захавалі прыхільнасць да нацыянальных традыцый і эксперыментавання ў межах дакладна вызначанай сюжэтнасці. Аднак пры гэтым экспазіцыя выклікае навязлівае адчуванне ўжо бачанага, добра вядомага. Адразу пазнаецца стыль кожнага, большасць работ створана некалькі гадоў таму і неаднаразова паказвалася ў іншых экспазіцыях (прыемныя выключэнні — інсталяцыі Васіля Васільева, жывапісны аб’ект Руслана Вашкевіча, творы Леаніда Хобатава, Уладзіміра Панцялеева, Рамана Сустава, Аляксандра Некрашэвіча). Але там, дзе гэтыя работы ў адной выставачнай зале чаргуюцца з работамі замежных гасцей, асабліва калі ёсць магчымасць убачыць розніцу ў вырашэнні аднаго і таго ж жанру, розніцу менталітэтаў, сюжэтнай накіраванасці, гучнасці колеравай гамы і экспрэсіўнасці пластыкі, прыём арганізатараў цалкам апраўданы.

Наталля ШАРАНГОВІЧ

 З нагоды біенале сябры секцыі мастацтвазнаўства і крытыкі
Саюза мастакоў вызначаюць стратэгіі і ўсведамляюць практыкі сучаснага беларускага мастацтва.

 Спроба крытычнага адбору

Ацэньваючы біенале ўвогуле станоўча, я думаю, што немагчыма зрабіць аб'ектыўны выбар сярод такой колькасці сродкаў і форм выяўлення. І было б больш канструктыўна, каб у раздзеле «жывапіс», напрыклад, разглядалі асобна намінацыі «пейзаж», «партрэт», «фармальная кампазіцыя». У экспазіцыі няма твораў слабых, недарэчных, непрафесійных. Я памятаю час, калі мастакі выступалі супраць выстаўкамаў, забываючыся, што ад гэтага залежыць якасць выставы. Вельмі добра, што практыка крытычнага адбору вяртаецца, аднак камісія павінна не проста разгледзець прынесеныя самімі аўтарамі даволі выпадковыя карціны і скульптуры, а прайсціся па майстэрнях і замовіць для экспазіцыі тыя работы, якія сапраўды з’яўляюцца наватарскімі і цікавымі. Сёлета ж, як і раней, кожны прынёс тое, што было пад рукой у майстэрні. Таму і адкрыццяў на выставе я не ўбачыў, і гэта аб’ектыўна адлюстроўвае цяперашнюю сітуацыю ў мастацтве. І яшчэ. Кожная біенале мусіць мець пэўны пасыл, выказваць нейкую ідэю. Прычым вызначыць гэтую ідэю трэба загадзя, за год-паўтара да адкрыцця біенале, каб даць магчымасць мастакам асэнсаваць яе і прапанаваць адпаведныя творы. Антураж для такой буйной акцыі трэба распрацоўваць больш скрупулёзна. Падача мерапрыемства — вельмі важны складнік яго падрыхтоўкі.

Валерый ЖУК

Дзе праблемныя творы?

Згадваю нашы ранейшыя вельмі змрочныя і катастрафічныя прадчуванні. Тады здавалася: у беларускім мастацтве склалася крызіснае становішча. Але прайшло некалькі гадоў, і мы бачым: творчы ўзровень нашых майстроў не зніжаецца. Прафесійнасць вызначаецца дасканалым валоданнем тэхнічнымі сродкамі выяўлення, уменнем перадаць думку, выбудаваць кампазіцыю. Сёння ўжо не адчуваецца бясспрэчнага пяршынства жывапісцаў і скульптараў, няма вялікай розніцы паміж мастакамі Мінска, Віцебска, Гродна.

Аднак заўважу: выстава заўсёды атрымліваецца больш дасканалай, калі ёсць работы тэматычныя, праблемнага характару. Шэраг мастакоў распрацоўваюць экалагічную тэматыку, маюць схільнасць да міфалагізмаў, цікавяцца антычнай спадчынай. Праўда, апеляцыі да антычнасці часам заводзяць іх у мадэрн, у пачатак мінулага стагоддзя. І тады хочацца запытацца: а дзе ж сучаснасць? Нельга быць нейтральным, чыста сузіральным, аддаваць перавагу мінуўшчыне без ажыўлення яе праблемамі ХХІ стагоддзя. Большасць прадстаўленых на выставе кампазіцый стрыманыя па колеры, залішне пастэльныя, мінорныя. І гледачу бывае складана з першага погляду вызначыць, хто аўтар карціны, бо работы маюць агульнае пластычнае падабенства.

Каб я вызначаў прыярытэты, аддаў бы свой голас моладзі. Цікавымі падаліся творы Аляксандра Некрашэвіча, Андрэя Савіча. Пластычныя аб’екты Сяргея Возісава, Алесі Гуршчанковай сведчаць, што маладыя скульптары віртуозна валодаюць тэхнікай і фармальнай кампазіцыяй. На жаль, старэйшыя не ставяць перад сабой звышзадачы. Колькі можна вар’іраваць усё той жа набор прадметаў: адна або дзве фігуркі, талерка, столік, кілішак? Гэта занадта проста. Тут, як у спорце, трэба штораз скакаць хоць на сантыметр вышэй. Трэба ад сябе патрабаваць нашмат больш, інакш атрымаецца рух па коле. Але ж вастрыня, нервовасць — гэта пульс нашага часу.

Яўген ШУНЕЙКА

Выбар стылю і пластыкі

Гэтая выстава сведчыць пра сённяшні стан творчай суполкі. У экспазіцыі так шмат тэматычных, зместавых супярэчнасцей, што міжволі задумваешся: ці не гаворыць гэта аб праблемах, якія патрабуюць неадкладнага выяўлення і абмеркавання? Гэта праблемы выбару стылю і пластыкі, запазычвання прыёмаў маладымі творцамі ў старэйшых, знікнення некаторых адметнасцей, якія раней вызначалі ступень развіцця нашага мастацтва. Самыя галоўныя пытанні: на якім узроўні знаходзіцца беларускае мастацтва, што сёння з'яўляецца яго тварам? І адказаць на іх адной выставай, нават назваўшы яе біенале, немагчыма.

Таццяна ЦЮРЫНА