ПРАДМЕТ ЯК ПРАТЭЗ

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

Пра беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва напісана шмат: вытокі ўзнікнення твораў, асаблівасці тэхнікі і матэрыялаў... Логіка стварэння гэтых работ больш-менш ясная і зразумелая. Але чым жывуць майстры па-за межамі Беларусі? Асабіста для мяне тут больш пытанняў, чым адказаў. Таму надзвычай цікава было сустрэцца з мастаком, які распачаў сваю прафесійную адукацыю ў Беларусі, а завяршыў яе і рэалізаваўся як творца ў Амерыцы. Гутарка з Яўгеніяй Кагановіч адбылася ў Мінску, у горадзе, дзе яна нарадзілася і куды вярнулася праз 17 гадоў. Прайшоўшы шлях ад простага супрацоўніка ювелірнай майстэрні да загадчыцы кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва універсітэта ў горадзе Мілуокі, Яўгенія набыла унікальны вопыт. Акрамя таго, яна — насамрэч неардынарны мастак.

Колькі табе было, калі ты выехала з Беларусі?

— 16 гадоў. Прымалі рашэнне бацькі, так што выбару ў мяне не было.

Баялася напачатку?

— Было няпроста, але мне адразу пашанцавала: я ўладкавалася ў ювелірную майстэрню (нейкі досвед у гэтай справе атрымала яшчэ ў Мінску), навучылася працаваць з металам. І вырашыла рухацца ў гэтым кірунку. Паступіла ва універсітэт у Ілінойсе, пасля — аспірантура, а далей — конкурс на універсітэцкую пасаду, і вось я ў Мілуоках...

Цяжка абітурыенту паступіць у акадэмію?

— Не вельмі. Паказваеш работы і здаеш звычайныя — агульнаадукацыйныя — экзамены. Праходзіш паводле сумы балаў. Бярэш крэдыт, бо навучанне платнае...

А які прынцып выкладання, асабліва на ранняй стадыі?

— Перадусім — вывучэнне тэхнікі. Так, ідэі можна развіваць даволі свабодна. Але з такой умовай: рабі, што хочаш, але каб было відаць, што тэхніка табе падуладная.

Якія былі твае першыя працы?

— У асноўным прыкладныя: кольцы, брошкі. Матэрыял — срэбра, медзь. Гэтыя рэчы невялікія, бо сыравіну набывалі самі. Пасля пайшлі заданні, якія прадугледжвалі пэўнае абагульненне. Напрыклад, для засваення тэхнікі эмалі я зрабіла «Трон для гуманоіда», а заданне было — форма крэсла.

Ці абмяркоўвалася ідэя будучай работы?

— Так, але на ўзроўні парады. Увогуле, адносіны шмат у чым засноўваліся на даверы.

Паступова твае творы сталі страчваць ужытковую скіраванасць...

— Сапраўды. І пачалося гэта з серыі так званых музычных інструментаў. Галоўнае, што ідэя інструмента там засталася. Шмат у якіх маіх работах функцыя шырэйшая за першапачатковую, напрыклад, мікрафон — гэта і затычкі для вушэй.

У гэтых творах адчуваецца нейкая універсальнасць, але знаўцы могуць убачыць і прыкметы мясцовай школы. Якія ўплывы ты адчуваеш?

— Найперш, уплыў прынцыпаў прыкладнога мастацтва. Усе прадметы, якія валодаюць пэўнай функцыяй, нават талеркі, відэльцы, кубкі, маюць сваю гісторыю, сваё жыццё. Праз функцыю, праз прызначэнне рэчы можна перадаць нешта важнае. Сувязь паміж ёю і чалавекам адбываецца на аўтаматычным узроўні. Я ў гэта веру...

Ты не задумваешся, якой культуры прыналежыш? Амерыканскі ты мастак? Мастак свету?

— Задумваюся. Адчуванне раздвоенасці. Хто я? Адкуль? Прыманне, непрыманне...

Напэўна, адсюль вынікае ідэя супрацьлеглага прызначэння ў тваіх творах. Як успрымаюць цябе амерыканцы?— Пакуль я для іх руская.Тым больш дзіўна, бо ў рускай традыцыі больш апавядальнасці, нават гэткага разжоўвання. Але не ў тваіх работах...

— З часам я стала выкарыстоўваць іншыя матэрыялы, найбольш прыдатныя для ўвасаблення новых ідэй, — пластык, гуму. І ідэі пачалі з’яўляцца з нелітаральнага наследавання прыродзе. Бо цяжка імітаваць нешта, да чаго ты ўнутрана не дайшоў. Я раблю прадметы, якія служаць як працяг цела, нейкія прыродныя пратэзы, што дэманструюць унутраны стан чалавека, яго комплексы. Нашы імпульсы бываюць настолькі моцнымі, што мы гатовы «есці вачыма»... Якім чынам дадзеныя нам целы вызначаюць і абмяжоўваюць нашы адносіны да свету? Мне хацелася, каб мае рэчы выглядалі гэтак жа камічна безвыходна, як пачувае сябе чалавек, які спрабуе і не можа паразумецца. Які пачувае сябе настолькі няўпэўненым, што гэта абарочваецца яго агрэсіўнасцю.

Які лёс тваіх прац? Як ты іх «прасоўваеш»?

— Шмат выстаўляюся, удзельнічаю ў конкурсах, нешта і прадаецца. Пачалі запрашаць. Але маё становішча вельмі дзіўнае. У галерэях прыкладнога мастацтва мяне не выстаўляюць, бо мае творы — штосьці большае за прадметы ўпрыгажэння.

Гэта ж няблага...

— Я разумею, што ў высокім сэнсе гэта плюс, ды калі б пісала карціны, у мяне была б пэўная ніша.

Але ж побытавае прызначэнне прадмета даўно перайшло ў катэгорыю чыстага мастацтва.

— Барацьба адбываецца пастаянна — стыляў, ідэалогій. Але не пакаленняў. Ёсць кансерватары, якія маюць вучняў, што пераймаюць іх ідэі.

Ты магла б у імя новага адмовіцца — ад навыкаў, ад тэм?

— Ад матэрыялу я адмовілася. А ідэі першасныя, ад іх адмовіцца цяжка.

Ці ёсць у Амерыцы паняцце «правінцыя»? Або, іначай кажучы, «Нью-Йорк і ўсё астатняе»?

— У кожным буйным горадзе адбываецца нешта цікавае. У невялікіх гарадах — так, ёсць праблемы. Гэта галоўным чынам звязана з рынкам, але затое ў такіх месцах канцэнтруюцца мастакі — там больш танныя жытло і майстэрні.

Ты маеш працу і не так залежыш ад продажу работ.
Але часткай якой сістэмы ты сябе ўсведамляеш?

— Я частка сістэмы акадэміі. Займаюся сваім прадметам, «прасоўваю» яго...

Ты — своеасаблівы асветнік?

— Я не магу рабіць такія рэчы, якія рабіліся раней. Патрэбны адказы на новыя пытанні, поле маёй дзейнасці ўжо вызначана, але я мушу яго пашыраць. Толькі на такіх умовах я згадзілася на пасаду загадчыка кафедры дэкаратыўнага мастацтва.

Ці выкарыстоўваецца ў амерыканскай адукацыі досвед аўтэнтычнай культуры?

— Калі да мяне падыходзіць студэнт і паказвае работу, якая калькуе індзейскія ўзоры, я яму кажу: гэтая культура развівалася паводле канкрэтнай эстэтыкі, які сэнс паўтараць тое, што ўжо было? Але гэта гісторыя, якую трэба ведаць.

Гледзячы на твае работы, разумею, што адбыцца яны змаглі дзякуючы іншаму асяроддзю. Ты з’ехала рана і не паспела атрымаць порцыю стэрэатыпаў, своеасаблівых табу. Ці можна сёння гаварыць, што ты прадукт амерыканскай эстэтыкі?

— І так, і не. Ад дзяцінства, ад выхавання, ад пачаткаў фарміравання густу, светапогляду — не ўцячэш. Я — гібрыд, я бачу ўплыў абодвух бакоў.

Як выбудоўваюцца стасункі са студэнтамі? Што важней — давер ці дыстанцыя?

— У самым пачатку адбываецца проста навучанне, далей — дыялог. Студэнты плацяць за вучобу, яны зацікаўлены, паміж іншага, і ў сістэме ацэнак. Сёння адбываецца пэўны ўхіл у тэорыю, але тым не менш усе класічныя дысцыпліны застаюцца. У Амерыцы культ адукацыі, і часта 18-гадовыя студэнты не надта рэальна ацэньваюць свае здольнасці, таму сярод іх пануе разгубленасць. Пасля другога курса адбываецца ратацыя — выбар спецыялізацыі.

Ці няма дыспрапорцыі на аддзяленні?

— Ёсць: шмат жывапісцаў, графікаў, дызайнераў. Рынак да іх больш прыхільны.

Гэткі джэнтльменскі набор... Дарэчы, як наконт інтэлектуальнага, светапогляднага развіцця студэнтаў?

— Гэта пытанне выбару. Можна паступіць да прафесара з рэпутацыяй інтэлектуала.

Ці існуе культ мастака?

— Так, нават культ яго асобы. Джэфа Кунса ці Пітэра Вулкаса, з якім ты сустракаўся. Па студэнтах заўсёды відаць, хто папулярны. Для мяне гэта Том Фрыдман, Яна Стэрбак, Карнелія Паркер.

З часам у тваіх працах можна заўважыць нейкі рух, яны дакладна не статычныя. Што гэта — даніна модзе, калі музей ператвараецца ў парк атракцыёнаў?

— Так, людзі любяць аптычныя і іншыя эфекты. Для мяне важна работа ў развіцці, у пэўнай незакончанасці...

Калі ўзіраешся ў твае творы, узнікае адчуванне, што яны пра адзіноту, пра жаданне камунікацыі, пра няўпэўненасць. Такое ўражанне — вынік твайго ўласнага жыццёвага досведу? Табе, напэўна, даводзілася змагацца са сваімі пачуццямі, прымаючы амерыканскую рэальнасць?

— Калі шчыра, я дагэтуль яе не прыняла. Таму і выбрала шлях акадэмічнай адукацыі — ёсць магчымасць кантактаваць з людзьмі адусюль, знаходзіць аднадумцаў...

Своеасаблівы аазіс. Цікава, ці ёсць узрост, калі можна пакінуць Радзіму і не адчуваць з ёй повязі?

— Не ведаю. Вярнулася ў Мінск і зразумела, што я — адсюль.

Канстанцін СЕЛІХАНАЎ