ІКАНАПІС ХХІ СТАГОДДЗЯ

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

«Калі нябачны, ахінуты плоццю, робіцца бачным, тады выяўляй падабенства Таго, Хто з’явіўся, накрэслівай на дошках і выстаўляй для сузірання». гэтыя словы (належаць яны багаслову, філосафу і паэту Іаану Дамаскіну) напісаны ў VIII стагоддзі. ХХІ стагоддзе — час стварэння ікон, якія абсалютна арганічна «ўпісаліся» ў пастаянную экспазіцыю Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук.

Так, напэўна, гэта першае ўражанне ад выстаўкі, што адбылася сёлета ў рамках фестывалю сучаснай хрысціянскай культуры: няма дысанансу. Нядаўна пісаныя іконы не кантрастуюць з выдатна адрэстаўраванымі абразамі веткаўскай школы. Мала таго. У адным шэрагу з ідэальна выкананым узнаўленнем фрэсак полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы (1161) — яны ўваскрэшаны шматгадовай і скрупулёзнай працай рэстаўратараў — цалкам дастойна выглядаюць падзейныя святочныя кампазіцыі Андрэя Жарава, манументальныя і велічныя абразы Віктара і Аляксея Доўнараў, пісаныя з асаблівай душэўнай і жывапіснай мяккасцю іконы Ірыны Казловай, найпадрабязная жыційна-апавядальная ікона Серафіма Сароўскага, выкананая Алегам Хамутовым, і многія іншыя творы.Мастацтвазнаўцы, што прызвычаіліся адшукваць на выстаўках штосьці нечаканае, адсочваць з’яўленне нейкіх новых тэндэнцый, тут могуць пачуваць сябе збянтэжанымі. Дзе творчы пошук? Дзе адкрыцці? Няма: усё тая ж яечная тэмпера, часцей за ўсё вырабленая саматужна, тыя ж дошкі, абцягнутыя павалакай і пакрытыя тоўстым слоем ляўкасу, тое ж ззянне пазалоты, тыя ж німбы. Ды і вобразы тыя ж: Ісус Хрыстос, Багародзіца са Спрадвечным Дзіцяткам, святыя, адвеку найбольш шанаваныя — або тыя, што выяўляюцца радзей, але асабліва важныя для Беларусі: мучанік дзіцятка Гаўрыіл Беластоцкі, Іуліянія Альшанская, Іаан Кармянскі...Мусім нагадаць, што ў дадзеным выпадку глядач сустракаецца з мастацтвам зусім асаблівага кшталту. Самі іканапісцы невыпадкова мяркуюць, што яны наогул займаюцца не мастацтвам, а малітоўным служэннем. Багасловы нам скажуць, што ікона не выяўляе, а з’яўляе нам або вялікую падзею, што вечна доўжыцца ў часе, або святы вобраз, што не мае ніякіх адносінаў да людской марнасці, мітусні і страсцей. То-бок — іконапісанне, можна сказаць, займаецца праблемамі вечнасці, святасці, яно імкнецца ўвасобіць нязгаснае святло ісціны пра чалавека, які можа ахапіць паўнату быцця толькі праз праяўленне свайго духоўнага, Боскага пачатку....І ніякай цемрыМістычна таямнічае мастацтва іконы прымушае ўзірацца ў далеч вякоў. На мяжы першых стагоддзяў узнік жывапіс пахавальных масак — фаюмскіх партрэтаў. Яны пісаліся на дошках, аклееных тканінай і пакрытых ляўкасам. І твары на іх глядзелі ў вечнасць. Гэта былі вобразы, прасякнутыя прадчуваннем Бога. З нараджэннем і пропаведдзю хрысціянства гэтае мастацтва стала сведчыць пра адноўленую паўнату Адкрыцця, адзінства слова і вобраза, з’яўленае ў асобе Ісуса Хрыста.Пераадолеўшы іканаборскую ерась, перажыўшы гістарычныя тэрміны Візантыі, умацаваўшыся ў Старажытнай Русі, ікона прыйшла ў век ХХІ.У пачатку 1990-х гадоў узнікла пільная патрэба адраджэння іканапісу як неад’емнай часткі праваслаўнага веравызнання. У Беларусі пачынальнікамі гэтага руху ва ўмовах перарванай традыцыі былі маладыя святары Ігар Латушка, Фёдар Поўны, архітэктар Павел Жараў. Тады акрэслілася неабходнасць вызначыць ідэальныя ўзоры іканапіснага мастацтва, якія мусяць стаць надзейным маяком для мастакоў. Было прынята адзінае, можна сказаць, безальтэрнатыўнае рашэнне: ікона XV стагоддзя, часу Андрэя Рублёва, дала той узор духоўнага жывапісу, які трэба адраджаць.Ікона пішацца для малітвы, для размовы верніка з Богам. Іншага прызначэння ў яе няма. І таму сярод аўтараў многіх вельмі дастойных, адзначаных высокім прафесійным узроўнем сучасных ікон (большасць іканапісцаў сёння маюць вышэйшую мастацкую адукацыю) асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе тыя, чые работы найбольш відавочна адпавядаюць гэтаму прызначэнню. Сярод іх — работы Вольгі Чарняк, надзвычайная тонкасць і адухоўленасць якіх прыцягваюць не толькі позіркі, але і сэрцы тых, хто пранікнуў у сутнасць творчасці ізаграфа.Маладая мастачка далучылася да пачынальнікаў сучаснага беларускага іканапісу, калі ў ім рабіліся толькі самыя першыя крокі. З руплівасцю і цярпеннем яна зладзіла ў сябе пад рукой своеасаблівую лабараторыю, дзе, як і яе калегі, на практыцы асвойвала запаветы старых майстроў. Матэрыялы і тэхналогіі — якасць і падрыхтоўка драўляных дошак, нанясенне ляўкасу, прыгатаванне натуральнай яечнай тэмперы з расціраннем фарбуючых мінералаў, пазалота, варка пакосту, нарэшце, ювелірна скрупулёзнае майстэрства, немагчымае без віртуознага артыстызму рук, — усім гэтым Вольга авалодала, ужо маючы вышэйшую мастацкую адукацыю. Раней яна працавала як кераміст, з захапленнем спасцігаючы надзвычай складаныя тэхналогіі гэтага мастацтва. Такая практыка выхавала адносіны да майстэрства як сатворчасці з прыродай — у поўнай згодзе з яе бясконца разнастайнымі матэрыяламі, фактурамі, формамі, выяўленчымі матывамі.Праца Вольгі над кожнай іконай працяглая, адказная, вымагае вялікіх высілкаў — на мяжы магчымасцей. І кожны раз — са скрухай, што ёсць гэтая мяжа. А паколькі пашырыць яе можна толькі карпатлівай духоўнай работай, а не вонкавымі прыёмамі, у іконах Вольгі Чарняк няма наўмысных эфектаў, няма падкрэсленай дэкаратыўнасці сілуэтаў або фарсіраваных танальных кантрастаў. (Чым паспяхова карыстаюцца многія іншыя мастакі.) Пластыкі форм яна дасягае не ценямі, а толькі святлом. Выяўленчая мова яе ікон з выкшталцонай тонкасцю ліній, ледзь улоўнымі градацыямі танальных пераходаў трымае тую грань, якая не дапускае разрэчыўлення. Вольга піша абліччы Збавіцеля, Божай Маці, святых, нідзе не ўпадаючы ў саладжавасць, пазбягаючы нават адцення сентыментальнасці. Яна ўмее спалучаць строгасць усевідушчых твараў з цеплынёй спагады і нейкім асаблівым свячэннем надзеі. Яно відавочна адчуваецца ў іконах Божай Маці — Ігараўскай, Пясчанскай, Чанстахоўскай. Па-майстэрску пакладзенае золата ў яе абразах стварае не ззяючыя плоскасці, а прастору іншабыцця, якое пералівіста і чароўна мігціць у агнях свечак і лампад, у промнях святла, што ліецца з вузкіх вокнаў Свята-Еўфрасіннеўскага храма.Індывідуальнасць творчага почырку аўтараў ікон, прадстаўленых на выставе, угадваецца ў асаблівасцях вобразнай мовы — упэўненай, дэкаратыўнай і кантрастнай або трапяткой да адчування нясмеласці ў выкананні, узбуйнена-маштабнай або ювелірна-скрупулёзнай. Але няма ніводнай іконы, пісанай абыякавым пэндзлем. Здаецца, мастацтва іканапісу — як архітэктура храма, як убранне святароў — не ад гэтага свету.ВяртаннеСамае адметнае ў іконе ХХІ стагоддзя — тое, што яна вярнулася, захаваўшы сваё прызначэнне і сакральную глыбіню, што яна не страціла каноны, паводле якіх ствараецца. Сучасная ікона не мае патрэбы ні ў этнаграфічнай афарбоўцы, ні ў якіхсьці іншых уплывах. У ёй не назіраецца, напрыклад, уздзеянне заходнееўрапейскага адраджэнскага жывапісу (вельмі мілае сэрцу некаторых тэарэтыкаў). Заўважым, аднак, што яшчэ з часоў Карла Вялікага і заснаванай ім Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі (VIII стагоддзе) ікона на Захадзе, насуперак рашэнням 7-га Усяленскага сабора, была прызнана толькі як элемент аздобы храма. Было страчана яе разуменне як неад’емнай часткі хрысціянскага веравызнання. Ікона паступова выцясняецца ў еўрапейскіх саборах алтарным абразом — гэта значыць становіцца па сутнасці свецкай карцінай на біблейскую тэму.Менавіта гэты ўплыў вылучае беларускую ікону часоў панавання уніяцкай царквы — XVII—XVIII стагоддзяў. Ён унёс у яе мілыя рысы жыццёвага рэалізму, але ў гэтым было і збядненне духоўнага сэнсу. Цяжка звяртацца з малітвай да святых, якія выглядаюць, напрыклад, як пацешныя вясковыя мужычкі. Пры ўсіх выдатных жывапісных якасцях некаторых уніяцкіх ікон у іх відавочная страта сакральнай сутнасці духоўнага мастацтва.

Класічная ікона рублёўскага ўзору настолькі чыстая, манументальная, велічная (нават у малых памерах), што па ўсёй сваёй прыродзе яна не можа, не здольна быць канфармісцкай. Прытрымліванне найвысокіх узораў праваслаўнага духоўнага жывапісу вылучае працу немалога атрада беларускіх іканапісцаў, які ўвесь час павялічваецца. А некаторыя адрозненні сучасных ікон — адразу бачныя адсутнасць паціны часу, упэўнены прафесійны почырк — не вынайдзены, не прыдуманы. Яны ўзнікаюць гэтак жа натуральна, як адбываюцца змены зямлі, прыроды, пакаленняў.

Эма ПУГАЧОВА