ДЭМАГРАФІЯ ТВОРЧАСЦІ-3

№ 12 (312) 01.12.2008 - 31.12.2008 г

Бытуе досыць устойлівае меркаванне, што кожнае новае пакаленне спавядае ў творчасці «ўласную рэлігію», існуе ў асобнай, абумоўленай зменлівымі рэаліямі сістэме эстэтычных каардынат. Ці слушна так лічыць? Ці ёсць яны — вечныя каштоўнасці, непадуладныя павевам часу?

missing image file
Мы паспрабавалі высветліць гэта, звярнуўшыся з аднолькавымі пытаннямі да рэжысёраў, акцёраў, мастакоў,
умоўна падзяляючы творцаў на старэйшае,
сярэдняе і малодшае пакаленні:
 
1. Як вы ацэньваеце стан сучаснага мастацтва Беларусі?
2. Якая з’ява ці падзея ў беларускім мастацтве найбольш зацікавіла вас у 2008 годзе?
3. Ці існуе культурная і прафесійная пераемнасць
у айчынных творцаў розных пакаленняў?
4. Як выглядае беларускае мастацтва ў кантэксце еўрапейскага і сусветнага?
Адказы на рэдакцыйную анкету мы прапануем увазе чытачоў і такім чынам завяршаем цыкл публікацый «дэмаграфія творчасці».

Гаўрыіл Вашчанка

Народны мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар. У 1955 годзе скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. Сярод найбольш значных работ: роспіс «Асветнікі» ў Доме настаўніка, вітражы ў касцёле святых Сымона і Алены, манументальнае пано «Айчына»
ў Нацыянальнай бібліятэцы, карціны «Маё Палессе», «Балада пра мужнасць», «Зорка Палын».

1. Сучаснае беларускае мастацтва шматпалярнае. Амплітуда твораў — велізарная, ад прымітыву да высокапрафесійнага майстэрства, ад бязглуздзіцы да філасофскіх разваг. Гэта натуральны працэс развіцця. Насцярожвае іншае: моладзь духоўна раззброеная. Няма вялікай ідэі, якая б аб’ядноўвала ўсе мастацкія кірункі. Часта ў аснову творчасці кладзецца эгацэнтрызм, які выхоўвае нігілізм, а не цягу да стваральнай працы. Але ў любыя часы без грамадзянскіх пачуццяў у мастацтве нічога значнага не стваралася. Калі нараджаецца ідэя, то з’яўляюцца і людзі, якія гэтую ідэю могуць выказаць на адпаведным узроўні.

2. Для мяне знакавай падзеяй 2008 года стала выстава «Залатая калекцыя Саюза мастакоў», дзе былі сабраны лепшыя творы 1960 — 1980-х гадоў з фондаў творчай суполкі. Выстава экспанавалася зусім нядоўга, але яна засведчыла вельмі высокае прафесійнае майстэрства выканання, неардынарную пластыку і, галоўнае, тэматычную, духоўную напоўненасць работ, створаных у тыя часы. Сёння я бачу небяспечную тэндэнцыю: выставы не дэманструюць узоры высокага мастацтва, а паказваюць эпатажнае шоу. У экспазіцыях з’яўляюцца матылькі-аднадзёнкі, не разлічаныя на ўдумлівага гледача. Усё гэта вынік прыдуманага мастакамі і мастацтвазнаўцамі тэзіса аб тым, што мастацтва — гульня, у якой са звязкі «мастак і крытык» выпадае глядач. І гэта тэндэнцыя не толькі айчынная, але і агульнаеўрапейская.

3. Першая беларуская біенале жывапісу, графікі і скульптуры засведчыла: у нас ёсць і цікавыя мастакі сярэдняга пакалення, і прафесійныя маладыя творцы. Школу мы захавалі, і ў гэтым вялікая заслуга Акадэміі мастацтваў. Найбольшую пераемнасць я бачу на кафедры графікі. Праўда, у апошнія гады яе выпускнікі рэдка звяртаюцца да грамадзянскай, сацыяльнай тэматыкі, але якасць твораў нязменна высокая.

4. Беларусь — гэта Еўропа, яе цэнтральная частка. І нашы творцы годна трымаюць узровень і планку прафесійнага майстэрства. Гэта пацвердзілася і на Міжнароднай біенале жывапісу, якая адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Сярод замежных работ там былі як дасканалыя творы грамадзянскага гучання, так і дылетанцкія працы. Беларускія ж майстры паказалі адметны стыль і цікавае вырашэнне самай разнастайнай тэматыкі.

Рыгор Баравік

Загадчык кафедры рэжысуры Беларускай
акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства. У 1966 годзе скончыў рэжысёрскае аддзяленне Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Працаваў рэжысёрам у шэрагу беларускіх тэатраў. Сярод лепшых пастановак: «Трыбунал» Андрэя Макаёнка, «Міколка-паравоз» паводле Міхася Лынькова, «Чайка», «Тры сястры» Антона Чэхава, «Апошні шанц» Васіля Быкава.

1. Відавочна, што пры канцы ХХ і на пачатку ХХІ стагоддзяў наша прафесійнае мастацтва знаходзіцца на раздарожжы — пад моцным прэсінгам камерцыялізацыі і масавай сусветнай культуры. А яе вектар усё больш схіляецца ў бок аматарскай жыццятворчасці: размываюцца крытэрыі традыцыйных тэатральных школ, разбураецца сістэма рэпертуарных тэатраў, відазмяняецца змястоўна-выразная палітра драматургіі. Мастацтва прыстасоўваецца да павеваў часу, прымаючы звонку і знутры сігналы, што пасылаюць яму пануючыя эліты свету — ідэолагі, адміністратары, ангажыраваная інтэлігенцыя, новаспечаныя апазіцыянеры і іншыя коміваяжоры.

2. Першая падзея датычыцца інтрыгі вакол Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. Уразіла тое, што прыёмы партыйна-наменклатурных гульняў не згасаюць да гэтага часу. Што ананімка ці «гучнае слова ад імя калектыву» спрацоўваюць, як добра наладжаны канвеер — ад кіруючага органа, карэспандэнцкай замалёўкі да інтэрнета. І што тэатр не змог годна трымаць сябе ў «прапанаваных абставінах».

Уразіла пастаноўка Аляксандрам Гарцуевым спектакля «Дзеці Ванюшына». Рэжысёр пацвердзіў сваю здольнасць быць цікавым у розных стылістычных вымярэннях. Спектакль вяртае да ўзорных прац Купалаўскага тэатра, калі тэматыка сцэнічнага твора супадае з памкненнямі гледачоў і грамадскасці. А прафесійнасць выяўляецца ў акцёрскім ансамблі.

3. Дзе-нідзе існуе. Нашы карыфеі не хочуць трымаць каля сябе маладых рэжысёраў, бо яны — «закрываюць сонца». Не хочуць гэтага і многія тэатральныя адміністратары — творчыя пошукі не заўсёды супадаюць з іх камерцыйнымі планамі. Між тым у нас ёсць цікавыя рэжысёры: Віталь Катавіцкі, Генадзь Мушперт, Вольга Саратокіна, Кацярына Агароднікава, Ягор Лёгкін, Таццяна Траяновіч, Алег Кірэеў, Ігар Пятроў, Кацярына Аверкава, Андрэй Саўчанка, Сяргей Гіргель. Прыкра, калі дрэнныя «французскія настаўнікі»-рэжысёры становяцца заканадаўцамі «новага» беларускага мастацтва.

4. На нашых фестывальных тусоўках мы найчасцей сустракаемся з еўрапейскімі сцэнічнымі задворкамі. Сучаснае еўрапейскае тэатральнае мастацтва, якое імкнецца да агульначалавечых каштоўнасцей, большасці з нас не вядомае. Да нас яно даходзіць пераважна праз чуткі і плёткі. Або адкрываецца праз эратычныя, эпатажна-алагічныя тэмы.

Фёдар Конеў

Кінадраматург, у 1963 годзе скончыў Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. З 1968 года супрацоўнічае з кінастудыяй «Беларусьфільм». Аўтар сцэнарыяў да 22 мастацкіх стужак, сярод якіх «Фруза», «Сад», «Я памятаю».

1. Стан сучаснага беларускага кінематографа можна акрэсліць так: крытычны момант пройдзены, пацыент хутчэй жывы, чым наадварот. Тэхнічнае абсталяванне паляпшаецца, павялічваецца колькасць карцін, але гэта не азначае, што ўсё добра. Галоўная праблема — адсутнасць якасных сцэнарыяў. А без іх пра адраджэнне беларускага кіно гаварыць не варта.

2. Ацэньваць працэс аднаму з яго ўдзельнікаў вельмі цяжка — сёлета Сяргей Сычоў паставіў па маім сцэнарыі фільм «Пакуль мы жывыя...» Аднак як падзею года, якая вельмі ўсцешвае, магу адзначыць прыход на студыю рэжысёраў маладога ўзросту.

3. Сувязь пакаленняў перарвалася ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя. Да таго маладыя заўсёды працавалі разам са старэйшымі майстрамі. Калі здымкі сталі рэдкімі, гэты працэс спыніўся. Вынік: у нашым кіно не хапае прафесіяналаў. Але самае прыкрае, што на свядомасць моладзі не лепшым чынам уздзейнічае галівудскае кіно. Наша пакаленне «шасцідзесятнікаў» прыйшло ў мастацтва са сфарміраваным, самабытным светапоглядам. А цяпер шмат імітацыі чужога і мала свайго, арыгінальнага. Гэта вельмі непрыемна. У кіно прыходзяць зарабляць грошы. Куды падзеліся энтузіясты кінамастацтва?

4. Калі гаварыць пра беларускае кіно наогул, то няма сумневу, што яно займае пэўнае месца ў сусветнай культуры. Кожны год нашы стужкі атрымліваюць прызы на міжнародных фестывалях. Але з духоўнай сферы кіно патроху перайшло ў забаўляльную. Невядома, хто тут вінаваты. Сумна, калі гэта глядач, які вызначае попыт. Мы жывем у матэрыяльную эпоху, але людзі абавязкова будуць цягнуцца і да духоўнага. Ці гатовыя нашы кінематаграфісты працаваць з гледачом, якому зноў спатрэбіцца мастацтва, а не відовішча?

Упэўнены, беларускае кіно будзе паспяховым толькі пры ўмове сваёй адметнасці, непадобнасці да іншых. Арыгінальным яно можа стаць толькі праз драматургію. А з добрай драматургіі вынікае добрая рэжысура.

Сяргей Картэс

Кампазітар, народны артыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў 1962 годзе. Аўтар опер «Джардана Бруна», «Матухна Кураж», «Візіт дамы», «Юбілей», «Мядзведзь», балета «Апошні інка». Стварыў музыку да многіх драматычных спектакляў.

1. Пытанне глабальнае. І цяжка на яго адказваць, бо відаў мастацтва, накірункаў, жанраў шмат. Увогуле калі параўноўваць эпохі ранейшую і цяперашнюю, дык сёння кампазітары — маладыя і немаладыя — большыя прыхільнікі творчых пошукаў, чым іх папярэднікі. На маю думку, мастацтва Беларусі, несумненна, на ўздыме.

Ёсць кампазітары, творы якіх заўжды іду слухаць, бо цікава: што новага яны скажуць? Люблю музыку Вячаслава Кузняцова, які заўсёды знаходзіць новыя спалучэнні жанраў і форм. У творах Дзмітрыя Смольскага прываблівае дасканаласць выкладання думкі сродкамі аркестра. Вытанчанасць і высокі ўзровень кампазітарскага мыслення адчуваеш у творах Галіны Гарэлавай. Існуе плеяда кампазітараў, якія працуюць нашмат цікавей, чым іх папярэднікі.

2. Якія з’явы больш за ўсё зацікавілі ў адыходзячым годзе? Для мяне заўсёды была важнай не толькі забаўляльная або духоўная місія мастацтва, але і яго асветніцкая функцыя. На маю думку, у апошнім сезоне (як і ў папярэднім) больш за ўсё ў гэтым сэнсе зрабіў Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў разам са сваім аркестрам. Канцэртны цыкл «Уваскрашэнне класікі» спачатку гучыць у зале філармоніі, потым паўтараецца па тэлебачанні з абмеркаваннем і каментарыямі дырыжора. Ва ўсім гэтым і ёсць доля асветніцтва.

3. Вядома, існуе. Калі мы святкавалі дзень нараджэння Анатоля Васільевіча Багатырова, я падумаў, што, па сутнасці, ён — бацька ўсяго, што існуе ў беларускім музычным свеце. Амаль усе кампазітары ў студэнцкія гады былі ягонымі вучнямі. Базу, грунт заклаў менавіта ён. Іншая справа, што кожны пераемнік ідзе далей за свайго настаўніка.

Што да выканальніцкага мастацтва, дык пераемнасць тут таксама існуе, ад вялікіх артыстаў мінулага — да цяперашніх. Працяг традыцый відавочны ва ўсіх галінах. У Акадэміі музыкі выкладаюць вакал нашы лепшыя спевакі.

4. На маю думку, мастацтву не надта патрэбная глабалізацыя. Самая каштоўная якасць мастацкай творчасці — яе самабытнасць. Менавіта непаўторнасць з’яўляецца вышэйшым крытэрыем вартасці пэўнага сачынення. Незалежна ад тэмы, узнятай мастаком, плён яго творчасці — набытак яго краіны. На мой погляд, нельга параўноўваць мастацтва розных краін, напрыклад, беларускае і японскае, бо невядома, паводле якіх прынцыпаў гэта рабіць. Кожная дзяржава мусіць думаць, як дапамагчы мастацтву найперш акадэмічных жанраў. Але гэта ўжо зусім іншае пытанне…

Юрый Васільеў

Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, куратар галерэі «Свет фота». У 1961 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «Вылічальныя машыны». Сябар фотаклуба «Мінск». Прыняў удзел больш чым у 80 выставах. Адзін са стваральнікаў і арганізатараў выстаў «Фатаграфікі» ў Мінску.

1. Стан сучаснага мастацтва фатаграфіі выклікае неспакой. Мастацтва не можа развівацца без сур’ёзнай і паслядоўнай падтрымкі, варта памятаць, што яно — важная частка агульнай культуры нацыі. І ў тым, што творчая фатаграфія аказалася без належнай увагі і падтрымкі, вінавата грамадства, якое дазваляе так непаважліва ставіцца да сваёй культуры.

2. Вылучыць нейкую падзею ў жыцці нашай фатаграфічнай супольнасці надзвычай цяжка. На працягу некалькіх апошніх гадоў фатаграфія Беларусі перажывае глыбокі крызіс, развіваецца па інерцыі. На гэтым фоне крыху дадае аптымізму амаль аднагалосна прынятае рашэнне нашага творчага саюза аб правядзенні ў наступным годзе (да 190-годдзя вынаходства фатаграфіі) даволі буйнога мерапрыемства — «Месяца фатаграфіі ў Мінску». Але пакуль гэта толькі планы...

3. Мяркую, што не. Прычын некалькі. Па-першае, фатаграфія ў супольнасці мастацтваў развіваецца надзвычай імкліва. Калі яшчэ дадаць «допінг», які яна атрымала з прыходам лічбавых тэхналогій, то чакаць пераемнасці розных пакаленняў не выпадае. Фатаграфія шукае свае шляхі. На жаль, менш і менш глыбінных пранікненняў унутр жанру, развіццё адбываецца галоўным чынам за кошт пашырэння сфер уплыву, у тым ліку праз «захоп чужых тэрыторый». Па-другое, прафесіі фотамастака ў нашай краіне практычна не вучаць. Па-трэцяе, мы самі нічога не перадалі нашым наступнікам. Выставы забываюцца, фатаграфіі не захоўваюцца, паліграфічных выданняў няма. Таму кожнае пакаленне пачынае з нуля.

4. Беларуская фатаграфія ні ў еўрапейскім, ні ў сусветным кантэксце ніяк не прадстаўлена. Яна знаходзіцца ў самаізаляцыі. Ёсць адзінкавыя прыклады калектыўных выстаў і ўдзелу нашых аўтараў у асобных праектах за межамі краіны. Крыху ратуе становішча інтэрнет. Адсутнасць матэрыяльна-тэхнічнай базы ў аб’яднання «Фотамастацтва», мізэрная колькасць аўтарскіх альбомаў і іншых паліграфічных выданняў робяць беларускую фатаграфію практычна невядомай для еўрапейскай і сусветнай супольнасці. Я ўжо згадваў у часопісе «Фотамагія» пра надзвычай спрыяльнае стаўленне да фатаграфіі ў Літве, сёлета мог пабачыць, на якім высокім узроўні праходзіла «Варшаўскае лета фатаграфіі’08».

У нашай моладзі велізарнае імкненне да творчай фатаграфіі, яны ўкладаюць грошы ў сваю прафесійную адукацыю. Але выставачных залаў і галерэй, якія прадстаўляюць гэты від мастацтва, у нас недастаткова. Мяркую, што гэта мусіць стаць клопатам дзяржавы.

Уладзімір Тоўсцік

Заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, загадчык кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар. У 1972 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
Сярод найбольш значных работ: жывапісныя серыі «Святло і цені», «Сямейны альбом», «Поры года», манументальнае пано «Ладдзя часу» ў Нацыянальнай бібліятэцы.

1. Ацэньваць сучаснае беларускае мастацтва мне складана, бо я знаходжуся ўнутры творчага працэсу. Тым не менш магу зазначыць: ёсць станоўчыя зрухі, адбываецца змена пакаленняў, а гэта натуральны працэс развіцця. Праблема ў іншым. Раней пры ўсёй строгай рэгламентаванасці грамадства мастацтва было сапраўднай трыбунай для выказвання ўласнай пазіцыі. Лепшыя работы абавязкова выклікалі рэзананс. А цяпер да творцаў сталі адносіцца як да будаўнікоў, што павінны выканаць заказ да пэўнага тэрміну і ў неверагодным тэмпе. І пры такіх умовах трэба зрабіць якасную работу. Няма рэцэпта, па якім ствараецца шэдэўр. Непрадказальнасць робіць мастацтва непаўторным

2. Для мяне вялікую цікавасць уяўляе аздабленне Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Гэта знакавы архітэктурны аб’ект 2008 года. Як упрыгожаць адрэстаўраваны гмах, пабудаваны ў стылі канструктывізм, сучасныя мастакі? Ці здолеюць перадаць аўру «намоленага» пакаленнямі артыстаў месца? У гэтым ёсць вялікая інтрыга. Дакладна магу сказаць адно: перанос помніка Максіму Багдановічу з цэнтральнай алеі да аднайменнай вуліцы быў удалым крокам, на новым месцы статуя выглядае больш велічна і выразна.

3. Больш за трыццаць гадоў працую ў Акадэміі мастацтваў і магу засведчыць, што пераемнасць пакаленняў нам удаецца захаваць. Усё цікавае і значнае, што ствараецца сёння, базіруецца на дасягненнях папярэднікаў. Гэта натуральны працэс.

4. Беларускае мастацтва варта ацэньваць у кантэксце ўсходнееўрапейскага. Сумяшчэнне класічнай традыцыі і мадэрністычных тэндэнцый — гэтая рыса ўласцівая творцам як Славакіі, Венгрыі, Польшчы, так і Беларусі. Адчуваецца ў нас уплыў рускай мастацкай школы, і гэта натуральна: столькі дзесяцігоддзяў мы жылі ў адной краіне. Аднак ці абавязкова сябе з кімсьці параўноўваць? Для мяне існуе толькі якаснае мастацтва, якое перадае рытмы часу, ментальнасць народа. Калі ўсё зраўнуецца і уніфікуецца, будзе проста нецікава.

Аляксандр Гарцуеў

Рэжысёр Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. У 1980 годзе скончыў акцёрскае аддзяленне Беларускай акадэміі мастацтваў. У 2000-м — рэжысёрскае аддзяленне Расійскай акадэміі перападрыхтоўкі работнікаў мастацтва. Сярод лепшых спектакляў: «Крывавая Мэры» Дзмітрыя Бойкі, «Брат мой Сымон» Аляксея Казанцава, «Маэстра» Марыі Ладо, «Дзеці Ванюшына» Сяргея Найдзёнава. Выкладае рэжысуру ў Беларускай акадэміі мастацтваў.

1. Калі ў сучасным тэатральным мастацтве вылучаць пазітыўныя працэсы, варта адзначыць, што надышоў перыяд пералому. Калі зважаць на негатыў — думаю, што стан застою дасягнуў крытычнай кропкі. Неўзабаве ў тэатрах павінны з’явіцца новыя людзі. Найперш маю на ўвазе маладую рэжысуру, у якой пакуль не было магчымасці гучаць на ўвесь голас. Гэта Кацярына Агароднікава, Кацярына Аверкава, Ягор Лёгкін, Андрэй Саўчанка. На фоне агульнага «бязрыб’я», якое зараз паўсюдна існуе, яны спрабуюць нешта зрабіць. Думаю, дзякуючы іх намаганням у Беларусі можа з’явіцца новы тэатр. Толькі нельга іх затоптваць, ім абавязкова трэба дапамагаць.

2. У Мінску паказалі спектакль Някрошуса. Мы яго ўбачылі. Толькі гэта не нашы, а чужыя радасці. Менавіта ў Беларусі яркіх падзей і адкрыццяў я не назіраў. Так, Мікалай Пінігін паставіў цудоўны спектакль «Пінская шляхта», прадказальна выдатна паставіў. Я б вельмі здзівіўся, калі б ён зрабіў гэта блага. Схема напрацаваная, хоць ён такія спектаклі геніяльна робіць. Мне спадабаўся спектакль Кацярыны Агароднікавай «Піць, спяваць, плакаць». Прынамсі, яна мяне ў пэўнай меры здзівіла. Мы прывыклі да нейкай адной, усталяванай мадэлі беларускага тэатра. А тут — штосьці іншае. Хоць яркай падзеі, якая б у прынцыпе змяніла адносіны да тэатральнага працэсу, моцна ўразіла, душу перавярнула, сёлета не было. Дый гэта адбудзецца не раптоўна. Хоць у рэшце рэшт змена пакаленняў абавязкова пройдзе, і ў тэатрах таксама ўсё будзе зусім інакш.

3. Я абсалютна перакананы, што пераемнасць пакаленняў існуе. Прынамсі, у Купалаўскім тэатры іначай не можа і не павінна быць. Іншая справа, як яна здзяйсняецца, у якой меры прысутнічае. Мы, сярэдняе пакаленне, вучыліся ў старэйшых. Моладзь цяпер вучыцца ў нас. Таму пераемнасць існуе рэальна. Хоць, калі побач паставіць старэйшых купалаўцаў і маладых, можа стварыцца ўражанне, што паміж імі — бездань. Узнікае нават адчуванне, што яны спавядаюць розныя рэлігіі. І ўсё ж пры наяўнасці моцнага сярэдняга пакалення канцы звязваюцца. Моладзь прыслухоўваецца да нас, мы глядзім на старэйшых і разумеем, што з іх дасягненнямі немагчыма не лічыцца. Гісторыю Купалаўскага тэатра абсурдна пачынаць пісаць з новай старонкі. Так не бывае. Адрэзаць культурную традыцыю нельга. Яе неабавязкова пераймаць, але ведаць неабходна.

4. Здагадваюся, што кепска, бо калі наша мастацтва мала прадстаўляецца за мяжой, значыць там яно нікому не патрэбнае. Падобна, што тэатральныя дзеячы з іншых краін намі не вельмі цікавяцца. Або цікавяцца, а потым расчароўваюцца. Здагадваюся чаму: відаць, у кантэкст сусветнага мастацтва мы пакуль не ўпісваемся.

Ірэна Журко

Салістка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы, лаўрэат Нацыянальнага конкурсу вакалістаў імя Ларысы Александроўскай.
Скончыла Беларускую акадэмію музыкі ў 1988 годзе. Выканала партыі Тоскі, Аіды, Турандот, Іаланты ў аднайменных операх, Графіні ў «Вяселлі Фігара», Леаноры ў «Трубадуры», Чыа-Чыа-сан у «Мадам Батэрфляй», Маргарыты ў «Фаўсце», Яраслаўны ў «Князі Ігару», Кацярыны Ізмайлавай у «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета».

2. Такая падзея адбылася нядаўна. Гэта канцэрт, прысвечаны памяці Лучана Павароці. Надзвычай цікавым аказалася выступленне італьянскіх спевакоў, якія прыехалі па запрашэнні тэатра і пасольства Італіі. Яны прадэманстравалі неверагодны вакал! Чым адрозніваюцца італьянскія спевакі ад іншых? Найперш — школай. У іх ёсць сакрэты, якіх не выдаюць, асабліва ў выкананні бясконцага legatо... Італьянцы заўжды вылучаюцца. Але, думаю, моцна ўплывае і агульная атмасфера Італіі — традыцыі, культура спеваў, якая пачынаецца з дзяцінства, засвойваецца, як кажуць, з малаком маці.

3. Усё ўзаемазвязана. І ў мастацтве — таксама... Нашымі педагогамі былі майстры, якія не так даўно развіталіся са сцэнай, — Тамара Ніжнікава, Лідзія Галушкіна. Часта слухалі запісы Ларысы Александроўскай. Добра памятаю спектаклі з удзелам Людмілы Колас. Мы, студэнты, з ахвотай хадзілі яе слухаць. Заспелі і пастаноўкі, у якіх спявала Марыя Гулегіна, яна іншым разам давала парады, карысныя для будучых салістаў. Старэйшае пакаленне вакалістаў нас гадавала. Таму пераемнасць на самай справе існуе.

4. Пра гэта заўжды думаеш, калі выязджаеш на гастролі за мяжу. Разам з трупай Нацыянальнага тэатра оперы або асобна. Калі параўноўваеш аўдыторыю ў нас і за мяжой, дык бачыш, што там публіка лепш падрыхтаваная і больш высока цэніць менавіта класічнае мастацтва. Там слухач перакананы: опера — надзвычай складаны від выканальніцтва, ён патрабуе і таленту, і шматгадовага навучання. Рэакцыя нашага слухача часам моцна расчароўвае.

Тое, што беларускае опернае мастацтва цесна знітавана з еўрапейскім, спевакі адчуваюць штодня. Мы ўвесь час існуем, так бы мовіць, у кантэксце. Гэта асабліва яскрава выяўляецца, калі спяваеш у операх Моцарта, Вердзі, Пучыні, Гуно, Масканьі, Барадзіна, Шастаковіча. Выходзячы на сцэну ў такіх маштабных вобразах, артыст спалучае мастацтва ўласна беларускае, еўрапейскае і сусветнае. Але агульнаеўрапейскі кантэкст можна адчуць і паглыбляючыся ў музыку беларускіх кампазітараў. Так здарылася, калі ў тэатры ішла праца над операй «Сіняя Барада і яго жонкі» Віктара Капыцько. «Сіняя Барада» — спектакль, еўрапейскі па сваёй сутнасці.

Уладзімір Парфянок

Фатограф, куратар галерэі візуальных мастацтваў «NOVA» (Мінск), сябра экспертнай камісіі Беларускага грамадскага аб’яднання «Фотамастацтва». У 1980 годзе скончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Вучыўся ў «Студыі-3» пад кіраўніцтвам Валерыя Лабко. Аўтар персанальных выставачных праектаў «Lucida momenta», «Недакладныя факты з месца падзей», «Memento».

1. Адказ на пытанне залежыць ад таго, што мы маем на ўвазе пад словамі «сучаснае мастацтва». Калі сучасным называць усё тое, што сёння ствараюць мастакі — нашы сучаснікі, то праблемы нібыта няма. Калі ж прытрымлівацца іншых азначэнняў сучаснага мастацтва, таго, што ў свеце называюць мастацтвам актуальным — значыць скіраваным на надзённыя праблемы грамадства, то стан амаль катастрафічны...

2. Самым адметным лічу факт пашырэння ў нашай арт-прасторы такой формы выставачнай дзейнасці, як біенале мастацтва. На якім узроўні такія форумы арганізуюцца — гэта ўжо іншае пытанне.

3. Вядома, існуе, калі ў краіне ёсць навучальныя ўстановы з пэўнымі традыцыямі выкладання. Нашы стандарты навучання радыкальна адрозніваюцца ад тых, паводле якіх адбываецца адукацыйны працэс у многіх краінах свету. Прыкра, што ў спадчыну ў нас часта перадаецца не самае лепшае, а самае хадавое, запатрабаванае непераборлівым спажывецкім рынкам. Калі ж казаць пра беларускую творчую фатаграфію, якая ў нас так і не ўвайшла ў лік асноўных навучальных дысцыплін, то яе лёс нявызначаны і непрадказальны: кожная наступная генерацыя беларускіх фатографаў пачынае ствараць гісторыю амаль наноў...

4. Традыцыяналісцкія жанры і практыкі, пашыраныя ў нашым мастацтве, яшчэ неяк могуць «упісацца» ў шкалу сусветных каштоўнасцей (але ці шмат работ беларускіх творцаў захоўваецца ў вядомых музеях?). Што тычыцца сучасных мастацкіх форм, то тут мы адсталі на дзесяткі гадоў, і не заўважаць гэтага — значыць і надалей спрыяць стагнацыі ў культурным жыцці краіны...

Галіна Адамовіч

Рэжысёр студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».
У 1994 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Рэжысёр-дакументаліст». Аўтар шматлікіх стужак, у ліку якіх «Завядзёнка», «Геній месца», «Мужчынская справа». Узнагароджана прызамі многіх міжнародных фестываляў.

1. Па магчымасці стараюся не ацэньваць.

2. Вельмі важным лічу пачатак будаўніцтва новага корпуса кінастудыі «Беларусьфільм».

3. На жаль, не бачу гэтай пераемнасці. Думаю, што сувязі між творцамі розных узростаў больш не існуе.

4. Беларускае кіно, як мінімум, падзяляецца на ігравое, дакументальнае і анімацыю. Пра ігравое гаварыць сёння не хочацца, а вось сярод дакументальнай і анімацыйнай прадукцыі сустракаюцца, на мой погляд, вельмі годныя стужкі. Менавіта праз іх наша кінамастацтва мае прадстаўніцтва на сусветным узроўні.

Антаніна Слабодчыкава

Мастак-манументаліст, жывапісец.
У 2004 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Сярод асноўных твораў: канцэптуальныя праекты «1+1=1» у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, «he best» у галерэі «Падземка» (разам з Міхаілам Гуліным).

1. Наша сучаснае мастацтва, мне здаецца, не вельмі сучаснае. Не выклікала аптымізму і Першая беларуская біенале жывапісу, графікі і скульптуры. Безумоўна, нельга ўсе напрамкі мастацтва паказаць у межах адной экспазіцыі. Але сканцэнтравацца толькі на станковых відах і не паказаць медыя-кірункаў — перформансаў, відэаінсталяцый, аб’ектаў — было няправільна. У Беларусі традыцыйная выяўленчая форма не запаўняе ўсю прастору творчасці. Гэта яе частка. Хацелася б, каб наступная біенале вызначыла найноўшыя тэндэнцыі мастацтва.

2. Для мяне было вельмі цікава ўбачыць выставу маладых мастакоў, якія вучыліся і сёння працуюць у Дзюсельдорфе, але пазіцыяніруюць сябе беларускімі творцамі ў замежным свеце. Мяне ўразіла іх свабода мыслення і самавыяўлення.

3. Пераемнасць пакаленняў у асяроддзі беларускіх мастакоў адчуваецца аж занадта моцна. Так не павінна быць. Запазычваюцца тэхніка, манера выканання, нават тэматыка. На выставах — куды ні кінь погляд — бачыш палотны, пабудаваныя на адным і тым жа прынцыпе: прыгожыя фактуры, заліўкі, сфумата, моцны сімвалічны вобраз, пафасная шматсэнсоўная назва. Мастаку не трэба нават задумвацца, за тэхнічнай дасканаласцю выканання цалкам знікае глыбіня. У гэтым няма нічога арыгінальнага і новага.

4. У свеце беларускае мастацтва ведаюць мала. Ёсць асобныя майстры, напрыклад, Барыс Забораў або Андрэй Задорын, якія прадстаўляюць краіну сваёй творчасцю. Каб вылучыцца, трэба не засяроджвацца на камерцыйных кірунках, а быць больш разняволенымі, свабоднымі ў формах выяўлення мастацкай думкі. Варта захоўваць традыцыю, але павінна быць і моцная хваля мастакоў-наватараў.

Сяргей Лазарэвіч

Саліст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы, лаўрэат Нацыянальнага конкурсу вакалістаў імя Ларысы Александроўскай. Скончыў Беларускую акадэмію музыкі ў 2003 годзе. Выканаў партыі Папагена ў «Чарадзейнай флейце», Гаспара ў «Рыце, або Пірацкім трыкутніку», Фігара ў «Вяселлі Фігара».

1. На маю думку, сучаснае беларускае мастацтва здолела дасягнуць высокага ўзроўню таму, што захавала найбольш каштоўнае з нацыянальнай культуры савецкага перыяду і ранейшых часоў. Бо рух наперад немагчымы, калі не ведаеш і не памятаеш сваёй гісторыі, у тым ліку гісторыі культуры і мастацтва.

2. Вылучыць адну падзею цяжка. Але, напрыклад, Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, які прайшоў у кастрычніку, здзівіў магчымасцю сумеснага музіцыравання маладых выканаўцаў і прызнаных майстроў. Прыемна ўразілі арганізатары, якія здолелі прывезці ў Мінск аўтэнтычныя скрыпкі Страдывары.

Яркай падзеяй стаўся канцэрт «Жыццё — музыка!» Нацыянальнага тэатра оперы, прысвечаны памяці славутага італьянскага тэнара Лучана Павароці. У канцэрце прынялі ўдзел італьянскія спевакі Даменіка Меніні і Амбрэта Макі, расійскае сапрана Ірына Гардзей, нямецкі дырыжор Джэймс Ален Герэс. Годна выглядалі на гэтым прадстаўнічым фоне вядомыя салісты нашай трупы.

3. Калі казаць пра тэатр оперы, то бясспрэчна. Многія старэйшыя калегі ставяцца да маладых салістаў па-бацькоўску. Да прыкладу, падчас новага ўвасаблення опер, якія калісьці раней ужо былі ў рэпертуары, дзеляцца досведам, сакрэтамі, напрацоўкамі мінулых пастановак. Ды што казаць — практычна ўсе маладыя салісты, якія прыйшлі ў тэатр пасля заканчэння Акадэміі музыкі, навучаліся прафесіі ў педагогаў, якія спяваюць або спявалі ў нашым тэатры!

4. Думаю, дастаткова годна. Бо ў Беларусі адбываецца шмат культурных падзей. Напрыклад, фестываль «Славянскі базар у Віцебску», куды прыязджаюць калектывы з розных краін і паказваюць сваю творчасць. Культурны абмен узбагачае нацыянальнае мастацтва. І Беларусь не застаецца ўбаку ад гэтых працэсаў, што пацвярджаецца запатрабаванасцю беларускіх тэатраў за мяжой. Нацыянальны тэатр оперы часта запрашаюць на гастрольныя туры ў Еўропу, на фестывалі. Нашы артысты з поспехам удзельнічаюць у Днях культуры Беларусі, што ладзяцца ў Расіі, Украіне, іншых краінах. Кожная дзяржава, нават самая паспяховая ў эканамічным плане, не можа духоўна развівацца, калі не звяртаецца да сусветнай культурнай спадчыны.

Андрэй Куціла

У 2007 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта і паступіў на факультэт перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Рэжысёр відэафільма». Аўтар дакументальных стужак «Паэма веры» (разам з Аляксандрам Налівайкам) і «Фокусная адлегласць» (разам з Раманам Рамашкам). Удзельнік міжнародных кінафестываляў у Санкт-Пецярбургу, Лейпцыгу, Кракаве, Карлавых Варах.

1. Я толькі вучуся, і з прафесійнага гледзішча мне цяжка судзіць аб’ектыўна. Таму буду пакуль што разважаць як глядач. Калі гаворка ідзе пра мастацтва, то я бачу яго толькі ў дакументальным кіно некаторых нашых рэжысёраў.

2. Самымі цікавымі падзеямі лічу прэм’еры новых стужак творчага аб’яднання «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», а менавіта працы Віктара Аслюка і Галіны Адамовіч. Таксама парадаваў фестываль «Лістапад», на якім з’явіўся дакументальны конкурс.

3. У беларускім ігравым кіно даўно не назіраецца адкрыццяў, у ім пануе інерцыя. Фільмы рэжысёраў старэйшага пакалення попытам у шырокага кола гледачоў не карыстаюцца. Маладыя кінематаграфісты арыентуюцца на іншыя ўзоры. Таму цяжка казаць аб пераемнасці. У дакументалістыцы справы лепшыя, там ёсць з каго браць прыклад. Але і гэта нельга назваць пераемнасцю, бо апошні выпуск рэжысёраў-дакументалістаў адбыўся 14 гадоў таму.

4. Наша ігравое кіно выпадае з сусветнага кантэксту. Яно ўсё яшчэ ў васьмідзесятых — дзевяностых гадах мінулага стагоддзя. Студыя абнаўляецца тэхнічна, але творчы ўзровень пакуль што вельмі нізкі. Выключэнне складаюць беларускія дакументалісты. Іх стужкі запатрабаваныя ў свеце. Гэта пацверджана ўдзелам у самых прэстыжных міжнародных фестывалях і атрыманымі на іх узнагародамі.

Андрэй Калеснікаў

Фатограф, выкладчык Школы фатаграфіі
і фотастудыі «Краявід». У 1996 годзе скончыў гістарычны факультэт Педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. Вучыўся фатаграфіі ў студыі пры фотаклубе «Мінск». Персанальныя выставачныя праекты: «Ландшафт, які знікае», «Натуральныя віды».

1. Пры сутыкненні з творамі беларускага мастацтва кожны раз ловіш сябе на тым, што нібыта бачыш і адчуваеш неаднойчы бачанае ды адчутае. Гэтая непаўторная паўтаральнасць (якую не адмяняе нават ілюзія руху), а яшчэ — вяласць падзей, адсутнасць новых адметных аўтараў і, самае сумнае, прадказальнасць усяго мастацкага працэсу, здаецца, складаюць своеасаблівы характар тутэйшага клімату. А з гэтага вынікае, што беларускае мастацтва камфортна пачувае сябе ў звыклай сістэме каардынат і з’яўляецца ў пэўным сэнсе самадастатковым.

2. Тое, што ў нас звыкла называюць мастацкім жыццём, усведамляецца (асабліва ў часавай перспектыве) як шэраг даволі аднастайных і малавыразных падзей, з якіх сёлета ніводная не пераўтварылася ў сапраўдную з’яву. Такое становішча не спрыяе імкненню сачыць за гэтымі працэсамі.

3. Тэарэтычны характар пытання (адразу згадваюцца тэмы псеўданавуковых семінараў) прадугледжвае ход разважанняў кшталту тых, што пераважаюць на такіх мерапрыемствах. Безумоўна, можна весці бясконцую гаворку пра формы, метады ці традыцыі перадачы прафесійнага альбо культурнага вопыту, але, мне падаецца, больш карысным быў бы разгляд іншых узроўняў пераемнасці — тых, дзе яна выходзіць за межы звычайнага засваення, складаных форм паўтарэння, прафесійных традыцый... і дзе ў выніку знікае супрацьпастаўленне розных пакаленняў і здымаецца сама гэтая праблема.

4. Мяркую, што асноўная функцыя, якую выконвае і якой падпарадкавана сучаснае сусветнае мастацтва, — гэта стварэнне і падтрымка рознага кшталту ілюзій. У гэтым плане беларускае мастацтва не з’яўляецца выключэннем. Яно выкарыстоўвае распрацаваныя мадэлі (праўда, не заўсёды так эфектыўна, як заходняе, і амаль заўсёды — са спазненнем), але да гэтага далучаецца яшчэ адна ілюзія — паўнацэннага ўключэння ў агульнасусветны працэс. Сама пастаноўка пытання — у пэўным сэнсе і адказ на яго, бо каб не існавала такой заклапочанасці, усведамлення ізаляванасці беларускага мастацтва, то і гаворка пра гэта не ўзнікла б.