Стойкія салдацікі ў музыцы і ў рэальнасці

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

«Стойкі алавяны салдацік». Музычны спектакль для дзяцей паводле Ханса Крысціяна Андэрсена. Кампазітар Марына Марозава. Дырыжор Марына Траццякова. Музычны кіраўнік пастаноўкі Аляксей Шут. Музычная капэла «Санорус».

 Вялікі дацкі пісьменнік існаваў у сваім часе. Але, як высветлілася потым, Андэрсен натуральна ўпісваецца ў розныя часы. Ён -- казачнік, патрэбны ўсім. Гарэзна-пяшчотная, іранічная, мудрая і разам з тым пранікнёная інтанацыя ягонай прозы аказваецца блізкай малым і старым, дзецям і дарослым. На драматычнай, музычнай, лялечнай сцэнах увасоблены (і неаднойчы), пэўна, усе яго найбольш знакамітыя казкі -- «Крэсіва», «Русалачка», «Снежная каралева», «Салавей», «Брыдкае качаня»... Музычная феерыя Сяргея Баневіча «Стойкі алавяны салдацік» з 1989-га ідзе ў Беларускім музычным тэатры. І вось яшчэ адно прачытанне славутага сюжэта.Найперш -- пра аснову новага праекта «Саноруса»: партытуру Марыны Марозавай. Некалі Марынай былі напісаны дзве балетныя сюіты. Сёлета яна сур’ёзна перапрацавала партытуру, бо сімфанічную аркестроўку трэба было перастварыць для камернага складу інструментаў.Музыка «Салдаціка» меладычная і прыгожая. Кранальная, лёгкая для ўспрымання менавіта гэтай аўдыторыі -- дашкалят і малодшых школьнікаў. Яна разнастайная па інтанацыях, тэмпах і жанрах (бравурны «Марш алавяных салдацікаў», лірычна-пранікнёнае «Adagio», імклівы «Танец чорта»), вынаходлівая ў прыёмах аркестроўкі. У рэшце рэшт, па-жаночы шчырая і цёплая. Вельмі важна, што ў музыцы «Салдаціка» ёсць жывая душа, на гучанне якой адклікаецца юны слухач. Кожны інструмент аркестра мае тут сваё аблічча. Кампазітар шчаслівая, што яе запаветная мара -- пачуць і ўбачыць партытуру ўвасобленай на сцэне -- нарэшце ажыццявілася.Але ўспрымаць сімфанічную, па сутнасці, музыку дзецям 6-7 гадоў дастаткова складана і праблематычна, бо слыхавога досведу ў іх амаль няма. Перад калектывам і ініцыятарам пастаноўкі «Салдаціка» Аляксеем Шутом паўстала пытанне: як данесці да аўдыторыі зробленае аркестрам? І тут на дапамогу прыйшоў Казачнік (чытальнік Мікалай Казінін), які з’яўляецца перад дзецьмі ў абліччы самога Андэрсена -- у фраку, белых пальчатках… Скажу шчыра, не чакала, што поўная зала Дома культуры горада Дзяржынска, дзе адбывалася прэм’эра (менавіта гэты горад -- радзіма кампазітара), будзе так непасрэдна адгукацца на словы Казачніка, падтрымліваць дыялог з ім і перажываць за герояў.А яшчэ  сцэнічнаму ўвасабленню партытуры дапамог... тэатр ценяў. Сілуэты Салдаціка і Танцоўшчыцы, а таксама злога Чорціка з табакеркі, сілуэты палаца, ля якога знаёмяцца галоўныя героі, імклівыя змены і пералівы колераў сапраўды зачароўвалі дзятву. Так музыка набывала зрокавае, выяўленчае аблічча...Новы праект «Саноруса», магчыма, не прэтэндуе на феерычнасць. Але ён прывабны дэмакратычнасцю і дастатковай мабільнасцю, бо можа быць увасоблены на самых розных сцэнах. Для ажыццяўлення праекта калектыў выдаткаваў сур’ёзныя фінансавыя сродкі -- дарэчы, самастойна заробленыя ім падчас музычных імпрэз, што ладзіліся і ладзяцца ў школах, дамах і палацах культуры.Пасля прэм’еры найперш думалася пра тое, што і беларускаму кампазітару, які піша сімфанічныя творы, і калектыву кшталту «Саноруса», які шмат гадоў нястомна прапагандуе беларускую музыку, трэба сапраўды мець якасці стойкага алавянага салдаціка. Умець не скардзіцца, умець цярпець нягоды. Быць мэтанакіраваным і не разлічваць на хуткі поспех, на імгненнае прызнанне.«Санорус» мае ў сваім рэпертуары шмат музычных казак. «Пеця і воўк» Пракоф’ева, «Шчаўкунок» Чайкоўскага, «Маленькі прынц» Мдывані -- толькі некаторыя з іх. З аднаго боку, для юнай аўдыторыі такія сустрэчы з музыкай -- нібыта забава. З другога -- подступы да больш сур’ёзных спектакляў. Так калектыў паслядоўна выхоўвае сваю аўдыторыю. У той час, калі колькасць гадзін, адведзеных на прадметы мастацкія (спевы, маляванне), у школьных праграмах няўхільна скарачаецца, «Санорус» з ціхай годнасцю, без пафасных дэкларацый вядзе асветніцкую працу. Няхай не заўжды прыкметную, часта няўдзячную, але -- высакародную. Дзе ў невялікіх раённых цэнтрах, гарадскіх пасёлках дзеці і падлеткі могуць пачуць прыгожую, высакародную жывую музыку? Не поп-, не рок-, а камерны аркестр, які прэзентуе музычную казку?З усяго сказанага вынікае вельмі простая выснова, якая, на жаль, пакуль не знаходзіць водгуку ў кабінетах чыноўнікаў ад культуры. Калектыву даўно патрэбны ўласны будынак з памяшканнямі для рэпетыцый (магчыма, і не адным), а таксама для велізарнай нотнай бібліятэкі, для захоўвання касцюмаў і рэквізіту. А самае галоўнае -- з уласнай сцэнай і глядзельнай залай. Яна не павінна быць гіганцкай -- дастаткова 150-200 месцаў. Бо фактычна музычны тэатр для дзяцей у краіне ўжо даўно існуе. Яму не хапае толькі ўласнага ўтульнага дома… Таццяна ФЁДАРАВА