Арт-атака арт-кантакт

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

На працягу шасці дзён Магілёў быў маладзёжнай тэатральнай сталіцай Беларусі. Цікавасць да мерапрыемства ў гараджан была неверагодная. Білеты на ўсе фестывальныя паказы зніклі яшчэ да афіцыйнага адкрыцця. Спецыяльная праграма М.аrt. кантакту – штодзённыя прэс-канферэнцыі, абмеркаванні спектакляў, майстар-класы, майстэрні маладых рэжысёраў – выклікала відавочную цікавасць у тэатральнай моладзі. Не менш важна, што ўсё праходзіла ў добразычлівай атмасферы. Фестываль працаваў як выдатна наладжаны механізм, без непазбежных вытворчых накладак. Не быў адменены ніводзін спектакль. У глядзельнай зале штовечар гучалі авацыі.

/i/content/pi/mast/1/25/st20_1.jpg

 

«Дзень нараджэння». Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. Праект «Новая сцэна».
«Дзень нараджэння». Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. Праект «Новая сцэна».

«Сапраўдны захад» С.Шэпарда. Новы драматычны тэатр (Масква,Расія).
«Сапраўдны захад» С.Шэпарда. Новы драматычны тэатр (Масква,Расія).

«Сапраўдны захад» С.Шэпарда. Новы драматычны тэатр (Масква,Расія).
«Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра. Сучасны мастацкі тэатр (Мінск).

«Да пабачэння, Папялушка» паводле Я.Шварца. Тэатр-фестываль «Балтыйскі дом»
«Да пабачэння, Папялушка» паводле Я.Шварца. Тэатр-фестываль «Балтыйскі дом»
(Санкт-Пецярбург, Расія).

«Discopigs» Э.Вальш. Сучасная сцэна пры Старой Прохоffні (Варшава, Польшча).
«Discopigs» Э.Вальш. Сучасная сцэна пры Старой Прохоffні (Варшава, Польшча).

«Я твая нявеста» паводле В.Астаф’ева. Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
«Я твая нявеста» паводле В.Астаф’ева. Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

На працягу шасці дзён Магілёў быў маладзёжнай тэатральнай сталіцай Беларусі. Цікавасць да мерапрыемства ў гараджан - неверагодная. Білеты на ўсе фестывальныя паказы зніклі яшчэ да афіцыйнага адкрыцця. Спецыяльная праграма М.аrt. кантакту – штодзённыя прэс-канферэнцыі, абмеркаванні спектакляў, майстар-класы, майстэрні маладых рэжысёраў - выклікала відавочную цікавасць у тэатральнай моладзі. Не менш важна, што ўсё праходзіла ў добразычлівай атмасферы. Фестываль працаваў як выдатна наладжаны механізм, без непазбежных вытворчых накладак. Не быў адменены ніводзін спектакль. У глядзельнай зале штовечар гучалі авацыі.

Неспадзяванае

З памяці тэатралаў яшчэ не знікла «Маладзечанская сакавіца». Менавіта гэтым фестывалем у Беларусі шмат гадоў запар распачынаўся веснавы вандроўны сезон. У Мінску «Сакавіца» лічылася хатняй, амаль ручной. Бо збірала ў асноўным апошнія пастаноўкі сталічных тэатраў. У Маладзечна ехалі з задавальненнем, па прафесійныя кантакты і шматлікія прызы, якімі шчодра асыпалі ўдзельнікаў гасцінныя гаспадары, што, здаецца, дагэтуль не страцілі надзею на адраджэнне «Сакавіцы».

Сёлета напрыканцы сакавіка на фестываль нечакана запрасіў Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Збіраўся М.аrt. кантакт — Міжнародны маладзёжны тэатральны форум, у якім прынялі ўдзел сцэнічныя калектывы з пяці краін: Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы. Падзея падавалася не проста нешараговай — неверагоднай. Успрымалася як гром з яснага неба. Сказаць, што прыдумаць, арганізаваць, урэшце, сабраць і правесці тэатральны фестываль няпроста — значыць не сказаць пра гэтую катаржную працу нічога. Мы звыкла ставімся да тэатральных фестываляў, якія існуюць у нашай краіне цягам гадоў. Але тут раптам — узяў і нарадзіўся. Першая рэакцыя самая правільная: так не бывае!

І ўсё ж... На працягу шасці дзён Магілёў быў маладзёжнай тэатральнай сталіцай Беларусі. Цікавасць да мерапрыемства ў гараджан — неверагодная. Білеты на ўсе фестывальныя паказы зніклі яшчэ да афіцыйнага адкрыцця. Спецыяльная праграма М.аrt. кантакту — штодзённыя прэс-канферэнцыі, абмеркаванні спектакляў, майстар-класы, майстэрні маладых рэжысёраў — выклікала відавочную цікавасць у тэатральнай моладзі. Не менш важна, што ўсё праходзіла ў добразычлівай атмасферы. Фестываль працаваў як выдатна наладжаны механізм, без непазбежных вытворчых накладак. Не быў адменены ніводзін спектакль. У глядзельнай зале штовечар гучалі авацыі.

Гісторыя пытання

Цяжка пераацаніць ініцыятыву Магілёўскага тэатра ў адкрыцці і правядзенні М.аrt.кантакту. У наш час міжнародным фестывальным рухам ахоплены лепшыя тэатры свету. Удзел у міжнародных сцэнічных форумах і ўзнагароды, атрыманыя на іх, сведчаць пра ўзровень і прэстыжнасць тэатральнага мастацтва краіны. Дзесяць гадоў таму хваля фестываляў пракацілася практычна па ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. Але ўзняцца над другаснасцю тэатральных прапаноў, паставіць уласны фестываль на пастаянную аснову, патрапіць на міжнародную арбіту і замацавацца на ёй удалося нямногім. З сямі заяўленых тэатральных форумаў дзесяцігадовую адлегласць пераадолела толькі брэсцкая «Белая Вежа». На сённяшні дзень гэта адзіны ў Беларусі міжнародны тэатральны фестываль, які адбываецца штогод, якому ўдалося далучыцца да міжнароднага фестывальнага руху, уплываць на ягоны сюжэт і нават зрабіцца аб’ектам тэатральных інтрыг. Большасць падобнага роду намаганняў паступова сышлі на нішто. Сутыкнуўшыся з арганізацыйнымі і фінансавымі цяжкасцямі, заложнікі ўласнай ініцыятывы вымушаны выжываць. Таму і тэатральныя фестывалі або спыняюць сваё існаванне, або збіраюцца зрэдчас, па меры магчымасцей. Назапашаны агульны вопыт сведчыць, што існаванне міжнароднага тэатральнага фестывалю на пастаяннай аснове магчыма то лькі дзякуючы ўпартасці, прафесійнай апантанасці, любові да сваёй справы і велізарным намаганням арганізатараў. А таксама іх пастаяннаму і зацікаўленаму супрацоўніцтву з мясцовымі ўладамі.

Новікаў

Сярод гарадоў — Брэст, Гродна, Гомель, Віцебск, Маладзечна, Бабруйск — праз якія гучна пракаціліся тэатральныя фестывалі, не было Магілёва. Горад з рэпутацыяй тэатральнага лідэра, знакаміты зорнымі выбухамі падзей і імёнаў на дзесяцігоддзі выпаў з тэатральнага працэсу. Відавочна, гэта было несправядліва і няправільна. Але ў тэатральным жыцці бываюць сітуацыі, якія зрушыць з мёртвай кропкі надзвычай складана. Пры існуючых жыццёвых рытмах, вокамгненных зменах абставін і падзей тэатры з агульнай мастацкай арбіты знікаюць гэтак жа імкліва, як і людзі. Варта толькі выйсці з поля зроку — і пра іх забываюцца на другі дзень. Каб працягваць рэальнае творчае жыццё ў рэальна існуючых абставінах, трэба не проста нагадваць пра сябе штохвілінна, а — пастаянна ўдзельнічаць ва ўсім. Той, каму такія гонкі не пад сілу, імгненна трапляе на лаўку запасных. Там шмат гадоў адпачываў Магілёўскі драмтэатр — пакуль яго не ўзначаліў Андрэй Фёдаравіч Новікаў. Гісторык па адукацыі, малады, прыгожы, моцны — што яшчэ? Які дагэтуль не меў да тэатра ніякіх адносін.

Пэўны час Новікаў назіраў, «свяціўся» на ўсіх фестывалях, настойліва даводзіў, што Магілёву варта мець «уласны форум», што ён шукае ідэю і вучыцца ў дырэктара Гомельскага тэатра Валянціны Рагоўскай. У многіх выпадках словы і намеры так і застаюцца словамі і намерамі. Таму на дэкларацыі маладога дырэктара ніхто асабліва не зважаў.

Ды толькі Новікаў практычна пацвердзіў прыгожую сентэнцыю пра тое, што ў мастацтве ўсё вырашае асоба. Пры існуючай у нас татальнай раз’яднанасці тэатральнага люду нікога не здзівіла, што незаўважна і нечакана, пад носам ва ўсіх узнікла і паўнацэнна пачало існаваць новае жыццяздольнае і канкурэнтнае творчае ўтварэнне. Сцэнічнае жыццё ў Магілёўскім тэатры пачало біць магутным і рознакаляровым фантанам.

Пачалося з гучнай і яркай перамогі на «Маладзечанскай сакавіцы» са спектаклем «Трыстан ды Ізольда». Магілёўскі тэатр зрабіўся жаданым госцем у сталіцы. Маладыя сталічныя рэжысёры зачасцілі ў Магілёў на пастаноўкі. У тэатры паспяхова пачаў працаваць свой галоўны рэжысёр Уладзімір Пятровіч, які на «Белай Вежы» зрабіў сенсацыю сваім спектаклем «Ноч Гельвера». Нарэшце, Магілёўскі тэатр трапіў на шэраг прэстыжных фестываляў. Толькі за 2005 год ён быў запрошаны на «Славянскі вянец» (Масква), на Фестываль антычнага мастацтва «Баспорскія агоны» (Керч, Украіна), на форумы «Рэальны тэатр» (Екацярынбург, Расія), «Залаты Віцязь» (Мінск) і «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (Гомель). Нарэшце, у сакавіку заззяла рампа М.art. кантакту.

Грунтоўнасць і педантычная патрабавальнасць, з якімі Новікаў будуе свой тэатральны дом, заўважны літаральна ва ўсім. Яны наскрозь пранізвалі нашы фестывальныя будні. Найперш, М.аrt.кантакт быў начыста пазбаўлены ўсялякай фанабэрыі. Тут насамрэч працавалі людзі, адданыя тэатру і захопленыя ім. Прадуманыя і густоўныя дробязі з фестывальным брэндам кідаліся ў вочы на кожным кроку. Але галоўнае, здзівіла і ўзрадавала разнастайнасць тэатральных прапаноў і рэпертуарная афіша. Большасць калектываў — удзельнікі і лаўрэаты прэстыжных міжнародных фестываляў. Сярод іх — сапраўдныя знакамітасці, такія рэжысёры, як В.Далгачоў і А.Праўдзін.

У прасторы зместу

Існуюць фестывалі з надзвычай вялікай і разнастайнай праграмай, якую фізічна немагчыма ахапіць цягам адведзенага на прагляды часу. Узровень спектакляў бывае вельмі няроўным. Выпадковых удзельнікаў выключыць з афішы фэсту даволі складана, таму што праграма часта фарміруецца на падставе прапанаваных для прагляду відэакасет. М.art. кантакту адразу ўдалося многае. Абмежаваная колькасць спектакляў-удзельнікаў (усяго толькі 10!) — затое сярод іх практычна не было нецікавых, нявартых увагі і Бог ведае якіх яшчэ. Кожны спектакль тым або іншым чынам свою прысутнасць на маладзёжным тэатральным форуме апраўдаў. Агульны прафесійны ўзровень быў высокі.

Арлоўскі дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора» (Расія) адкрыў фестываль на вельмі кранальнай і драматычнай ноце. Спектакль па моднай цяпер п’есе Э.Шміта «Оскар і Ружовая Дама» быў разыграны на полі сур’ёзнага і глыбокага зместу. Ён адразу вызначыў прызначэнне і мэту маладзёжных стасункаў.

Для асэнсавання тэатр прапануе гледачам адну з самых балючых і далікатных тэм. Даверлівая і сардэчная размова з публікай адбываецца ад імя смяротна хворага хлопчыка, якому неўзабаве наканавана скончыць сваё зямное існаванне. Гэта свайго роду запаветная споведзь, няпросты і глыбокі роздум пра цану жыцця, пра ўсвядомлены шлях кожнага чалавека да Бога. П’еса Э.Шміта ўяўляе доўгі ланцуг маналогаў галоўнага героя, таму звычайна яе выконваюць у жанры монаспектакля. Але рэжысёр Аляксандр Міхайлаў уводзіць у структуру пастаноўкі іншых дзейных асоб і разгортвае перад гледачамі паўнавартаснае сцэнічнае дзеянне з элементамі маладзёжнай монаэстэтыкі. Ёе разлічвае на кліпавае мысленне моладзі, насычае пастаноўку рухам і экспрэсіяй. Гэта палягчае ўспрыманне сур’ёзнага спектакля і яшчэ больш падкрэслівае ягоную гуманітарную накіраванасць. Ролю Оскара бліскуча выконвае актрыса Алена Крайняя. У яе ўяўленні Оскар — нязграбны падлетак з рэзкімі рухамі і непрадказальнымі рэакцыямі. У яго сцёрты і вельмі бледны твар, па якім немагчыма вызначыць узрост. Ягоныя словы, учынкі, крыўда, боль і надзея са спачуваннем успрымаюцца гледачамі, а трагічны лёс востра перажываецца. Трагічныя і драматычныя інтанацыі спектакля напаўняюць глядзельную залу. Тэатру ўдаецца пазбегнуць адчування безвыходнасці, удаецца пераканаць гледача ў неабходнасці кантактаў з хворымі людзьмі. Жыццё, нягледзячы ні на што, працягваецца. Жыццё, вартае таго, каб ацаніць кожнае ягонае імгненне. У наш жорсткі і прагматычны век значэнне такога спектакля, адрасаванага моладзі, немагчыма пераацаніць. Арлоўскі тэатр выразна акрэсліў высакароднае і гуманітарнае прызначэнне сучасных тэатраў для дзяцей і падлеткаў. Прапанаваў змястоўную мадэль, якая зусім не з’арыентавана на маладзёжную маскультуру.

Тое, што не ўсё ў тэатральным свеце прызначана на продаж, засведчыў і Маскоўскі новы драматычны тэатр, які паказаў спектакль «Сапраўдны захад» па п’есе сусветна вядомага амерыканскага драматурга Сэма Шэпарда. Невялічкі тэатр на ўскраіне Масквы пад кіраўніцтвам Вячаслава Далгачова практычна асвойвае сістэму Станіслаўскага, паглыбляючыся ў школу тэатра перажывання і адаптуючы яе да сучаснага тэатральнага досведу. Прафесар класаў рэжысуры і акцёрскага майстэрства ў самых прэстыжных ВНУ Расіі і ЗША стварае тэатр, адкрыты для эксперымента, дзе навучанне акцёрскаму мастацтву — бясконцы і натуральны працэс. Паняцце псіхалагічнай акцёрскай школы не павінна быць чымсьці закаснелым і змярцвелым. Таму навучанне адбываецца цягам усяго прафесійнага жыцця, падмацоўваецца ўласным вопытам, назіраннямі, выхадам акцёраў на натуру. Спектакль зрабіўся своеасаблівай дэманстрацыяй сілы маладога рэжысёра Наркас Іскандаравай і акцёраў М.Калінічава і Н.Алфёрава, якія паказалі недасягальны для нас узровень навучання.

Дзея спектакля разгортваецца амаль што ў рэжыме рэальнага часу і прадумана ва ўсіх магчымых нюансах. «Кінематаграфічны» па сваёй сутнасці сюжэт напоўнены вострымі і таленавіта паказанымі жыццёвымі падрабязнасцямі. Гульня дэталямі адбываецца інакш, чым у знаёмым і папулярным у нас тэатры метафарычнага дзеяння. Тут стаўка зроблена на верагоднасць і праўду чалавечага існавання, на тонкія моманты псіхалагічнага перажывання. На знакамітае «веру — не веру» паводле Станіслаўскага. На дотык і стасункі адно з адным. Глыбокае акцёрскае існаванне, напоўненае сучасным зместам. Здаецца, тэатр не надта разлічвае на гульню алюзій або асацыяцый. Проста гэта расповед пра нас з вамі, пра нашых дзяцей, сяброў і бацькоў.

У цэнтры ўвагі — адносіны паміж блізкімі людзьмі, пытанні ўзаемаразумення ў сям’і, праблемы нерэалізаванасці таленту, дзіцячыя комплексы, якія суправаджаюць чалавека ўсё жыццё, ламаючы лёс і кар’еру, прага самасцвярджэння і ўваходжання ў чалавечую супольнасць. Увесь гэты складаны комплекс праблем лёгка прачытваецца ў спектаклі і падмацоўваецца бліскучымі акцёрскімі работамі.

Спектакль Львоўскага духоўнага тэатра «Уваскрэсенне» хутчэй паказаў магчымасці маладых украінскіх акцёраў, чым маладой рэжысуры. Усе выканаўцы вылучаліся яркімі і кідкімі знешнімі данымі, выбуховым тэмпераментам, акцёрскай апантанасцю і схільнасцю да вырашэння сусветных праблем. Нягледзячы на рэлігійны акцэнт у назве, паняцце «духоўны» мае абсалютна свецкі сэнс. Праблемы духоўнага адраджэння чалавека, складаныя філасофскія і сацыяльныя пытанні быцця — у полі зроку гэтага калектыву. Хоць падалося, што пэўная блытаніна ў назве тут узнікла зусім невыпадкова. Грувасткае сцэнічнае мысленне, хаатычнасць светаадчування былі ўласцівы і спектаклю львоўскага тэатра «Заходні прыстанак» па п’есе Б.-М.Кольтэс.

Беларуская праграма М.art. кантакту цалкам апраўдала ягоныя абвешчаныя мэты і прызначэнне. Найперш таму, што была ў поўнай меры «маладой» і, само сабой зразумела, эксперыментальнай. І спектакль Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек «Дзень нараджэння», і спектакль дыпломнага курса Беларускай акадэміі мастацтваў — пастаўлены маладымі рэжысёрамі паводле ўласных сцэнарыяў, сыграны пачынаючымі акцёрамі і напоўнены энтузіязмам і вынаходлівасцю.

«Дзень нараджэння» зроблены ў рамках праекта тэатра лялек «Новая сцэна» і шырокай публіцы паказаны ўпершыню. На падставе лакальнага жыццёвага сюжэта — толькі адзін дзень нараджэння — будуецца і разыгрываецца дзеянне. Дзе самі акцёры і іх бязмоўныя персанажы ўсё прыдумваюць і ажыццяўляюць. Яны самі — і жывыя людзі, і лялькі, і персанажы. Надзвычай рухомыя і прывабныя істоты, смешныя і кранальныя. Усплёск таленту, сілы, маладосці. Нястрымныя рытмы фантазіі. На працягу гадзіны сцэнічнага часу лялечнікі існуюць так выбухова, што ад іх немагчыма адвесці вачэй. Напаўняюць сюжэт гумарам, драматызмам, шчырымі пачуццямі і экспрэсіяй. Усяго толькі звычайны дзень нараджэння пражываецца акцёрамі ад пачатку і да канца. Чаканне, святкаванне, развітанне... Уласна кажучы, без п’есы, без слоў, амаль без дэкарацый. Але з дакладным адчуваннем заяўленага стылю і пастаўленых перад сабой сцэнічных задач. Рэжысёр спектакля — малады акцёр-лялечнік Яўген Карняг — сваю будучыню звязвае з рэжысурай. Юлія Марозава, Надзея Янушкевіч, Марс Чыгіркін з годнасцю прадстаўляюць нашу акцёрскую школу і магчымасці, якія яна адкрывае для вучняў Аляксея Ляляўскага.

Пластычны спектакль «Дах» — спроба маладога педагога і харэографа Вольгі Скварцовай практычна засвоіць тэхніку сучаснага танца-мадэрн. Далучыцца да моднага ва ўсім свеце напрамку — тэатра танца. У аснове спектакля — студэнцкія эцюды на жыццёвыя тэмы. Галоўная з іх — каханне. Менавіта каханнем напоўнена наша жыццё, асабліва калі ты малады. Гэтае чароўнае, палкае, часам балючае і нераздзеленае пачуццё перапаўняе студэнцкі спектакль. Ягоныя шчырасць, імпульсіўнасць, усхваляванасць перадаюцца глядзельнай зале, мала каго пакідаючы абыякавымі. Такія спектаклі — выдатная аснова для маладзёжнага тэатральнага форуму.

Іх нязмушаныя імправізацыйнасць і шчырасць натуральна падмацоўваліся ў ранішніх рэжысёрскіх майстэрнях, дзе студэнты стваралі своеасаблівыя міні-спектаклі з маладымі акцёрамі Магілёўскага тэатра. Паводле задумы дырэктара тэатра А.Новікава, будучым на форуме мусіць узнікнуць своеасаблівая рэжысёрска-акцёрская біржа для пачаткоўцаў.

Зрэшты, спектакль гаспадароў «Я твая нявеста» паводле В.Астаф’ева таксама зрабіўся свайго кшталту школай для маладых акцёраў. Увогуле, на фестывалі не саромеліся паўтараць: «Мы вучымся. Творчасць і вучоба — адначасова». Рэжысёр спектакля і педагог Беларускай акадэміі мастацтваў Валянціна Еранькова не толькі крок за крокам далучала да прафесіі студэнтаў Магілёўскага каледжа мастацтваў, яна адразу ставіла перад імі складаныя мастацкія задачы. І маладыя акцёры справіліся. Напоўнены псіхалагічнымі нюансамі твор В.Астаф’ева пераведзены ў плоскасць прыпавесці. Падзеі Вялікай Айчыннай разглядаюцца з гістарычнай адлегласці і маюць усе прыкметы паэтычнага асэнсавання. Маладыя акцёры шукаюць і паспяхова знаходзяць у побыце, учынках, абліччы сваіх герояў чалавечую адпаведнасць. Ёю становяцца гонар, каханне, іронія, сумленнасць, а галоўнае — жаданне выжыць і любоў да жыцця. Вобраз Смерці ў выкананні Алены Крыванос быў прыраўнаваны да сцэнічнага адкрыцця. Усе аднадушна адзначалі, што ў тэатры з’явілася нешараговая актрыса з незвычайнай індывідуальнасцю. Крануў і расчуліў малады акцёрскі дуэт — Яўгена Максіменкі (Міша) і Таццяны Шыбалавай (Ліда).

Тэатр, які распачынае фестываль на высокім узроўні, сам мусіць гэтаму ўзроўню адпавядаць. Цудоўна, што ў магіляўчан так і атрымалася.

У разгорнутай фестывальнай панараме неўзабаве вызначыліся свае лідэры. Ды толькі не ўсё і не ва ўсіх атрымалася дастаткова пераканальна. У жывой тэатральнай справе аднолькава прыязна ставіцца да ўсіх паказаў проста немагчыма. Не вельмі ўпэўнена прагучаў па-юнацку задзірлівы спектакль «Дванаццатая ноч» У. Шэкспіра ў выкананні Сучаснага мастацкага тэатра (рэжысёр Кацярына Агароднікава). Сама ідэя мужчынскага тэатра не ўражвае свежасцю і навізной, хоць і спалучана з моцным піяр-ходам. Да таго ж, рэжысуру Каці Агароднікавай на фестывалі прадстаўляў яе муж Міхаіл Лашыцкі. Сапраўднае аўтарства спектакля так і засталося да канца не высветленым. Затое рэжысура была практычна вычарпана за першыя 15 хвілін і працягвалася на ўзроўні манатоннага прыёму.

Сустрэча з пастаноўшчыкам Балісам Латэнасам, сынам знакамітага літоўскага рэжысёра Альгердаса Латэнаса, таксама не спраўдзіла інтрыгоўных чаканняў. Спектакль «Людзі старажытных прафесій» — студэнцкая спроба адпавядаць сусветна вядомаму Літоўскаму маладзёжнаму тэатру, брэнд якога выкарыстоўваецца. Але выклікала захапленне п’еса маладога піцерскага драматурга Данілы Прывалава.

Затое спектакль «Discopigs» Энды Вальш, з неверагоднай экспрэсіяй сыграны акцёрамі варшаўскай Сучаснай сцэны пры Старой Прохоffні, замахнуўся на тэатральныя асновы. Такой адчайнай споведзі, такой балючай самаідэнтыфікацыі пры бліскучым тэхнічным акцёрскім выкананні беларуская сцэна, бадай што, яшчэ не бачыла.

Спектакль «Да пабачэння, Папялушка» паводле казкі Я.Шварца Тэатра-фестывалю «Балтыйскі дом» і знакамітага расійскага рэжысёра Анатолія Праўдзіна, які шмат гадоў прысвяціў менавіта дзіцячаму і маладзёжнаму тэатру, завяршаў М.art.кантакт. Вытанчаная акцёрская школа, простае і шчырае існаванне ў вобразах, карункавыя ўзоры зместу, асаблівыя вабнасць і магнетызм сцэнічнай атмасферы, прастадушны чалавечы сэнс інтэрпрэтаванай знакамітым Я.Шварцам з дзяцінства вядомай казкі пра Папялушку. Адмаўленне ад усялякіх сцэнічных канонаў і шаблонаў, вера ў тое, што шчасце абавязкова будзе, нават калі мы яго не адразу пазнаем, — вось што такое «Папялушка», ператлумачаная А.Праўдзіным. І адна з мастацкіх вяршыняў фестывалю, у неабходнасці і перспектыўнасці якога немагчыма ўсумніцца.

ЛЮДМІЛА ГРАМЫКА