Мінулых дзён зачараванне...

№ 11 (311) 26.11.2008 - 26.11.2008 г

З часу прэм’еры оперы Маснэ «Манон», што адбылася ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета, мінула паўстагоддзя. Спектакль даўно зняты з пракату, не існуе яго дэкарацый, перашыты касцюмы, але фатаграфіі незабыўнай пары выканаўцаў партый галоўных герояў, Тамары Шымко і Валерыя Глушакова, працягваюць хваляваць і зачароўваць. Глядзіш на іх -- і чуеш, як ажывае кранальная італа-французская спеўная інтанацыя, як глыбока ў сэрца пранікае рамантыка першага і апошняга кахання.

Прэм’ера «Манон» прыпадае на цікавы этап у жыцці беларускай оперы. Спакваля сыходзіла эстэтыка народнасці, рэалізму і аптымістычнай бесканфліктнасці, чые мастацкія магчымасці вычарпаліся, і абазначылася вяртанне да вечных жанраў -- камедыі, філасофскага эпасу, лірыка-псіхалагічнай драмы. Перад маладымі спевакамі паўставалі новыя творчыя задачы, значна больш набліжаныя да рэалістычнага мастацтва, чым эталон, дэклараваны «сацыялістычным рэалізмам».На гэтым памежжы і распачаўся творчы шлях выпускніцы Беларускай кансерваторыі Тамары Шымко, у хуткім часе непераўзыдзенай опернай зоркі.Сярод яе гераінь прыкметна пераважаюць вобразы лірычныя, што ўвасабляюць чысціню, цнатлівасць, пяшчоту. Шымко не мела сабе роўных у партыі Дэздэмоны ў «Атэла», Мікаэлы ў «Кармэн», Мімі ў «Багеме». І нават у сталым узросце з вялікай пераканаўчай сілай іграла сарамлівую Маргарыту ў «Фаўсце» Гуно і крыштальную Эльзу ў складаным вагнераўскім «Лаэнгрыне». Часам на сцэне яна сапраўды здавалася ідэальнай істотай, што з нябёс апусцілася на грэшную зямлю і павінна загінуць у мітуслівым вадавароце жыцця.Ад вобраза Манон Ляско -- гераіні аповесці абата Прэво -- бярэ пачатак мастацкая дынастыя пачуццёвых, «эмансіпіраваных» жанчын, якія канфліктуюць з агульнай мараллю і, на навуку патомкам, гінуць, нібы зламаныя кветкі. Сюжэты пра жыццё парыжскіх арыстакратаў і іх каханак, пра спапяляльнае каханне з удзелам беднага юнака і багатага старога сталі тыповай прыкметай французскага стылю, асабліва калі набылі такое моцнае мастацкае абгрунтаванне, як «Дама з камеліямі» Дзюма і «Травіята» Вердзі, раманы Бальзака і «Сцэны з жыцця багемы» Мюржэ -- Пучыні. У фіналах большасці з гэтых твораў гераіня памірае, і ўсплеск трагічных эмоцый ставіць кропку ў развіцці бурнай любоўнай гісторыі.«Манон» Жуля Маснэ -- адна з лепшых французскіх опер лірычнага накірунку, аазіс рамантычных арыёза, нечаканае яднанне акварэльнай пяшчоты і сакавітага жанравага алею. «Манон» у пастаноўцы Беларускай оперы 1958 года засталася ў памяці шэрагам адметнасцей. На спектакль не пашкадавалі раскошы і мастацкай фантазіі, што было дзіўна ў той час, калі шыкоўны дэкор на сцэне павінен быў выкрываць «антычалавечую сутнасць разбэшчанай буржуазіі». З аднолькавай цікавасцю глядач аказваўся то ў шыкоўных апартаментах, то ў каталіцкім храме, то сярод шумнай парыжскай вуліцы, то ў казіно, спраектаваных таленавітым мастаком Кульваноўскім і заселеных рэжысёрам Ужанцавым і харэографам Младзінскай. Ад густоўных французскіх строяў, высокіх прычосак і ювелірных аздабленняў займала дух. Слых адпачываў у мілагучнай і меладычный атмасферы, створанай чулым дырыжорам Абрамісам.Тамара Шымко ў ролі Манон -- жанчына-мара. Прыгажуня са светлымі наіўнымі вачыма, што маглі належаць Наташы Растовай, яна з асалодай купалася ў «глянцавым» асяроддзі, нібы царыца салонаў Элен Бязухава. Яна магла быць легкадумнай і бязважкай, як таго вымагала роля, а магла -- нясмелай і сарамлівай, якой малявала яе тонкая і прывабная музыка Маснэ. Жаночай зброяй Тамары Шымко была ідэальная «галівудская» ўсмешка, якой актрыса шчодра і з веданнем справы карысталася. Але ўмела Шымко дасягнуць і незвычайнай драматычнай вышыні. У фінальнай дзеі -- проставалосая, бязмежна стомленая, апранутая ў шэрае арыштанцкае адзенне -- Манон развітваецца з дэ Грые, і прыгнечаная, перарывістая, зламаная тэма кахання замаўкае на яе чароўных вуснах...

…Некалі ў Мінск прыязджаў Іван Сямёнавіч Казлоўскі. Знакаміты Ленскі маскоўскага Вялікага тэатра спяваў у нашым спектаклі. Але закахаўся ён не ў Вольгу, як тое патрэбна па сюжэце, а ў Таццяну Ларыну -- Тамару Шымко з яе натуральнай доўгай русай касой і славянскай, утульнай, цёплай прыгажосцю. Прызнаваўся, што пасля першага позірку на яе хацелася ўсклікнуць словамі Пушкіна: «Всё в ней гармония, всё диво!..»

Артур ЗАЙЦАЎ