МОЎЧКІ ПРА МУЗЫКУ
Калі апытаць людзей розных узростаў на тэму любімага віду мастацтва, дык музыка напэўна набярэ большасць галасоў. Ды рабіць на гэтай падставе нейкія высновы было б, на маю думку, заўчасна. Бо шмат што ў рэальным жыцці сведчыць пра зусім іншае.
Дастаткова звярнуцца да раздзела «Музыка» на форумах партала
tut.by, на які штодня заходзіць куды больш за мільён наведнікаў. Дык вось, цягам першага тыдня 2020-га ў гэтым раздзеле, дзе гаворка ідзе амаль выключна пра папулярныя стылі музыкі, з’явіўся толькі адзін (!) новы допіс. Няпроста тлумачыць прычыны, але, відаць, шараговыя аматары музыкі дый самі музыканты страцілі цікавасць да прагляду і выкладання інфармацыі на форумах, а перанеслі сваю ўвагу ў сацыяльныя сеткі. Вось там можна вычытаць куды больш разнастайнасцяў, а таксама паслухаць-паглядзець навінкі. Інакш чым іншым можна патлумачыць той факт, што некаторыя беларускія выканаўцы, пра якіх парталы амаль не згадваюць, збіраюць на канцэртах не адну тысячу слухачоў?
Тымі ж прычынамі можна растлумачыць і сітуацыю з музычнымі сайтамі. Іх у краіне крайне мала. Згодна з сайтам list.1k.by, іх наогул менш за дзясятак, жывых і мёртвых. Праўда, чамусьці не згадваюцца tuzinfm.by, experty.by (апошні сёлета ўзяў перапынак, варта спадзявацца, што часовы). 31 сакавіка 2015-га спыніў існаванне сайт ultra-music.com, які надаваў шмат увагі айчыннай папулярнай музыцы розных стыляў ды жанраў. У той жа час такія рэсурсы, як guitar.by, metalmap.by, belmusic.by, classicalmusic.by, з’яўляюцца альбо занадта вузкаспецыялізаванымі, альбо проста малаінфармацыйнымі і прэтэндаваць на шырокае асвятленне музычнага жыцця ў Беларусі не ў стане. Згадзіцеся, агульная карціна не вельмі радасная. Ёсць, праўда, шэраг блогераў, якія мэтанакіравана і досыць рэгулярна пішуць пра беларускую музыку, аднак зноў жа іх допісы не прэтэндуюць на шырокі ахоп аўдыторыі.
Так, укараненне новых інфармацыйных тэхналогій істотна паўплывала на перадзел крыніц інфармацыі. Але вось што цікава: у свой час, яшчэ ў 1990-я,
у Беларусі пачалі паўставаць друкаваныя музычныя выданні. Дастаткова згадаць газеты «Немига», «Нью-мьюзикл Сорока», часопіс «Уши», некаторыя іншыя. У 1996-м прыватная фірма «Нестор» выйшла на рынак з новым выданнем «Музыкальная газета», першапачаткова тыднёвікам, пазней — двухтыднёвікам. Газета распаўсюджвалася, акрамя Беларусі, ва Украіне і Расіі і ў лепшыя часы яе наклад сягаў амаль 20 тысяч асобнікаў. У рэдакцыі згуртаваўся дастаткова прафесійны склад журналістаў. Ды з цягам часу тыраж пачаў з розных прычын падаць, і ў снежні 2007-га апошні нумар газеты пабачыў свет накладам усяго ў 2500 асобнікаў.
Той жа «Нестор» у 1997-м заснаваў часопіс «Jazz-квадрат», тэматыкай якога былі джаз, блюз і этна-музыка. На тыя гады ён стаў першым у свеце перыядычным друкаваныя выданнем такога кірунку на рускай мове. Пазней перайшоў на двухмесячны графік і, нягледзячы на распаўсюд ці не ў шасці краінах, на прыбытак так і не выйшаў, што прывяло да закрыцця выдання ў 2009-м. Цяпер, праўда, спадкаемцам, і даволі жывым, з’яўляецца сайт jazzquad.ru. Практычна такі ж самы лёс напаткаў яшчэ адно выданне «Нестора» — часопіс «НОТ-7-7», які паўстаў у 2003-м. Ён быў адрасаваны аматарам рок-музыкі і скончыў сваё існаванне зноў жа пераважна з фінансавых прычын у той жа год, што і «Jazz-квадрат».
Яшчэ раз падкрэслю: усе тры выданні паўсталі дзякуючы прыватнай ініцыятыве і ніякай падтрымкі з боку дзяржавы не мелі. У выніку краіна з амаль 10-мільённым насельніцтвам апынулася без аніводнага перыядычнага выдання наогул! Для параўнання: польскі часопіс Jazz Forum ужо шмат гадоў мае стабільны друкаваны наклад 8000 асобнікаў пры вельмі добра распрацаваным сайце і часткова фінансуецца дзяржавай у рамках падтрымкі выданняў для дзяцей, па пытаннях навукі, здароўя і мастацтва.
Так што, мяркуючы па ўсім, на гэтым збольшага непрацяглую гісторыю існавання беларускай друкаванай музычнай прэсы можна лічыць скончанай, бо занадта мала шанцаў на тое, каб у бліжэйшы час на рынку з’явілася нейкае новае спецыялізаванае выданне…
Я не закранаю нашыя радыё і тэлебачанне — гэта тэма для асобнай гутаркі. Але тое, што адбылося з музычнай прэсай цягам апошніх недзе 25 гадоў, наводзіць на розныя, збольшага невясёлыя думкі. Што будзе ў будучыні — прагназаваць складана: інфармацыйныя тэхналогіі развіваюцца вельмі імкліва, музычны рынак падхоплівае навінкі з ахвотаю і актыўна ўключае іх у абыходак. Упэўнены ў адным: нас чакаюць такія змены, пра якія цяпер можна толькі фантазіраваць…
ЗНАКАВЫ ЮБІЛЕЙ
50 гадоў мінула з таго часу, як у пятніцу, 13 лютага 1970 года, свет убачыў дэбютны альбом гурта Black Sabbath. Выданне чарговых кружэлак калектыву ў 13-ы дзень месяца зрабілася надалей фірмовай «фішкай» гэтага ансамбля. Аднак рэліз паўвекавой даўніны засведчыў не толькі выхад на сусветную музычную арэну надзвычай знакавай каманды, але й тое, што дзякуючы той плытцы ў тэрміналогіі рок-музыкі паўстаў новы тэрмін: хэві-мьюзік, які тлумачыў цяжкае, заснаванае на ўстойлівых гітарных рыфах гучанне. Ужо праз пару гадоў на мурах будынкаў, платах у Беларусі пачалі з’яўляцца літары HMR, а савецкая ідэалогія распачала чарговае безнадзейнае змаганне з новай «правакацыяй» заходняга ладу жыцця. Чым тое скончылася — агульна вядома. А між тым лідар Black Sabbath Озі Осбарн працягвае выступаць з канцэртамі, па-ранейшаму збіраючы вялікія аўдыторыі. Усё ж 50 гадоў на сцэне — выдатны доказ жыццяўстойлівасці народжанага ў мінулым стагоддзі новага стылю рок-музыкі.