Як своеасаблівая прафесійна-грамадская арганізацыя сярэднявечны цэх даваў магчымасць вылучаць прадстаўнікоў у гарадскі магістрат. Гэтыя вылучэнцы потым адстойвалі інтарэсы сваёй карпаратыўнай суполкі ў органах гарадскога самакіравання.
Рамеснікі ці іншыя спецыялісты, аб’яднаныя ў цэхі, звычайна імкнуліся атрымаць ад кіраўніка дзяржавы ці ўласніка горада спецыяльныя прывілеі, якія рэгламентавалі б парадак іх функцыянавання і давалі пэўныя льготы. Такія дакументы маглі называцца ўласна прывілеямі, статутамі і да т.п.
Адным з такіх дакументаў з’яўляецца выяўлены ў Галоўным архіве старажытных актаў Варшавы прывілей 1668 года для музыкантаў Слуцка з падзагалоўкам «Парадак музыкантам г. Слуцка, пададзены ў годзе 1668, у месяцы лютым, 12 дня».
Рэгламент дзейнасці музыкантаў Слуцка быў выдадзены ад імя войта Крыстафа Вінклера. Прадугледжвалася, што яго павінен быў зацвердзіць уласнік горада князь Багуслаў Радзівіл.
Дакумент быў складзены для таго, каб навесці пэўны парадак у сферы дзейнасці музыкантаў. Галоўным чынам — забяспечыць інтарэсы мясцовых музыкаў у іх канкурэнцыі з прыезджымі гастралёрамі. Сярод тагачасных выканаўцаў у дакуменце згадваюцца арганісты, цымбалісты, скрыпачы. Відавочна, што напісанне вышэйзгаданага парадку для музыкантаў Слуцка было ініцыятывай не столькі войта, колькі саміх музыкаў, якія папрасілі даць ім пэўныя гарантыі дзейнасці ў горадзе, як гэта рабілася для прадстаўнікоў іншых прафесій.
Парадак для музыкантаў Слуцка распавядае пра арганізацыю дзейнасці музыканцкага цэху, рэгламент працы, правілы навучання, паводзін унутры цэха і падчас працы ды інш. Так, сябры цэха не павінны былі канфліктаваць паміж сабой, біцца, лаяцца, брыдкасловіць. Цэх быў абавязаны раз на чатыры тыдні праводзіць сход для сваіх сяброў. Тыя сходы мусілі праходзіць арганізавана, чынна і прыстойна. Адзначалася таксама, што калі хто, напіўшыся, парушаў парадак падчас сходу, то павінен быў заплаціць штраф у памеры фунта воску.
Цэх у дакуменце называецца брацтвам. У ім існавала своеасаблівая іерархія: старшыя і простыя братчыкі, якія падпарадкоўваліся старшым. Двух старшых брацтва сябры выбіралі раз на год на сходзе, пасля чаго абраныя кандыдаты зацвярджаліся гарадскім войтам. У 1668 годзе старшымі былі зацверджаны Максім Косцел і Суфрон Козька. Структура ўнутранага кіравання цэхам была арганізавана так, каб не дапускаць канцэнтрацыі ўлады ў адных руках. Вось чаму абіраўся не адзін кіраўнік, а двое старшых: гэта гарантавала своеасаблівае «двуўладдзе». Прадугледжвалася таксама, што скрынка з грашыма цэха павінна была знаходзіцца ў аднаго старшага, у той час як ключ ад яе — у другога. Гэта спрыяла і калектыўнай адказнасці за маёмасць цэха.
У тэксце дакумента выразна прасочваюцца прыкметы мясцовага пратэкцыянізму. У Слуцку дазвалялася граць на масавых мерапрыемствах (вяселлі, банкеты) у корчмах і прыватных дамах толькі мясцовым музыкантам. Войт даручаў кіраўнікам цэха і прызначаным імі асобам сачыць за тым, каб заезджыя і тыя з мясцовых выканаўцаў, што не ўваходзілі ў склад цэха (так званыя партачы), не выступалі ў горадзе. Калі б такія выпадкі былі выяўлены, парушальнік нёс бы адказнасць перад уладамі горада. Разам з тым слуцкаму брацтву дазвалялася прымаць у свой склад прышлых музыкантаў.
Ніжэй прыводзіцца тэкст дакумента, які можа быць цікавы і сёння тым, хто займаецца арганізацыяй музычнага жыцця ў Беларусі.
Парадак музыкантам г. Слуцка, пададзеныў годзе 1668, у месяцы лютым, 12 дня.
Вялікі дагэтуль быў непарадак, адносна музыкантаў не было адпаведнай пастановы, якой бы яны кіраваліся ў сваёй дзейнасці. Прыезджыя аднекуль арганіст, цымбаліст, скрыпачы гралі ў неналежных месцах і не ў адпаведны час, ады-
маючы тым самым прыбытак у тутэйшых музыкантаў слуцкіх мяшчан. Часта, нарабіўшы ў горадзе пазык і гвалту, яны ўцякалі прэч. Такую сітуацыю павінна змяніць гэтая мая пастанова, выдадзеная мясцовым слуцкім музыкантам. Яна выпісана і, як асобны дакумент, падпісана мною ўласна, і ёю павінны кіравацца слуцкія музыканты, калі іншае рашэнне не будзе прынятае Іх міласцю.
1. Найперш павінны кожны год пасля запустаў дваіх старшых сярод сваіх выбіраць, якіх павінны слухацца ўсе іншыя музыканты, у тым ліку як граць і павышаць майстэрства. Кіравацца павінны будуць паводле ніжэй запісаных пунктаў. На гэты год за старшых паводле майго дазволу і з іх жа згоды прызначаю Максіма Косцела і Суфрона Козьку, якіх павінны слухацца і паважаць як старшых. Яны ж, у сваю чаргу, павінны будуць сачыць за парадкам.
2. Тыя старшыя павінны з дапамогай малодшых братоў ці са спецыяльна прызначанымі асобамі прыглядаць і сачыць, каб чужыя захожыя музыканты-партачы на вяселлях, банкетах, у корчмах і прыватных дамах не гралі. А калі такія былі б выяўлены, належыць гарадскім слугам іх затрымаць і да войтавага ўраду выклікаць для ўстанаўлення парадку. Калі малады шляхціц або мешчанін захоча прывезці на сваё вяселле музыкантаў аднекуль з-за горада, гэтага ім дазваляць нельга, хоць раней і быў такі звычай.
3. Кожныя чатыры тыдні дазваляю ім збіраць сход. Прыйшоўшы на яго, павінны сябе паводзіць спакойна і прыстойна, абмяркоўваючы толькі тое, што адносіцца да іх майстэрства і як выкарыстаць нейкі грош, атрыманы ў выніку ажыццяўлення прывілея Іх міласці, для дапамогі сваім менш забяспечаным братам.
4. У выпадку, калі ў горад прыйдзе які-небудзь захожы музыкант і захоча зарабляць музыкай, нельга яму гэтага дазваляць. Найперш трэба паведаміць пра яго войтаваму ўраду і даць такі дазвол толькі тады, калі гэта не будзе цяжарам для брацтва ці калі яно прыме гэтага чалавека ў свой склад. Таксама павінны будуць сачыць за тым, каб праз сваіх малодшых такі прышлы музыкант быў бы тры разы павядомлены, каб ім не чыніў перашкод.
5. Калі будуць набіраць вучняў, то павінны запісваць іх у спецыяльны спіс, дзе будзе адзначана, на які тэрмін майстар бярэ вучня на навучанне. За гэта майстар павінен даць паўзлотага. А калі вучань стане самастойным, то павінен будзе выплаціць брацтву адзін злоты.
6. Не павінны перашкаджаць адзін аднаму ў дамовах на правядзенне вяселляў, банкетаў. А калі хто-небудзь зробіць такое, то павінен будзе выплаціць штраф у памеры капы літоўскіх грошаў, таму што ніхто не павінен ствараць перашкоду таму, хто першы дамовіўся. А каб былі пра гэта адпаведныя звесткі, калі хто з кім дамовіўся пра заручыны вяселля ці банкета — адразу ж павінен пра гэта паведаміць гадавому старшаму і за гэтую абвестку заплаціць брацтву тры грошы.
7. Калі б хто з музыкантаў, дамовіўшыся на выступ, на вяселле не з'явіўся і падвёў людзей і ў той жа час дзе ў іншым месцы меў бы выступ, той, апроч пакарання, прызначанага яму ўрадам, павінен будзе заплаціць брацтву адзін злоты.
8. Забавы забаронены ў Вялікі пост і ў першы дзень урачыстых святаў грамадскіх пастоў. А хто б наважыўся граць, не маючы на тое адпаведнага дазволу, той, апроч штрафу і кары на карысць ураду, павінен будзе заплаціць брацтву адзін злоты.
9. Любыя грошы, якія музыканты збяруць са штрафаў і складак, павінны будуць зберагаць, пакуль з волі і ласкі князя не атрымаюць скрынку бляшаную альбо медную, якая будзе захоўвацца ў старшага, ключ ад якой будзе ў другога старшага.
10. Калі хто-небудзь з членаў брацтва памрэ, павінны будуць яго ля труны суправаджаць усім брацтвам, на што дазваляю ім захоўваць неабходныя свечкі і сукно.
11. Таксама калі які музыка са Слуцка будзе сыходзіць, жадаючы дзе-небудзь у іншым месцы шукаць прыбытку, павінен будзе заплаціць у брацкую скрынку адзін злоты за тое, што яго выпішуць з рэестра і вызваляць з брацтва.
12. Калі б які з братчыкаў старшага братчыка адважыўся біць, ганіць, абзываць зняважлівымі словамі, за гэта павінен быць пакараны турмой на тры дні і заплаціць капу літоўскіх грошай у скрынку брацкую, акрамя кары, якую павінен выплаціць ураду. А хто б яшчэ не слухаўся старшага, не прыходзіў бы на сходы ці, з-за пакарання альбо падчас сходу напіўшыся, парушаў бы парадак, той за кожную такую правіну фунт воску павінен будзе заплаціць. А хто не зможа прысутнічаць на сходзе, той павінен папярэдзіць пра гэта сам альбо праз некага, што не зможа прысутнічаць. І калі гэтак папярэдзіць, тады не павінен будзе выплачваць штраф.
Тады тыя артыкулы і парадак да далейшай ласкі і волі князя Пана Слаўнага і Міласцівага выдаў музыкантам слуцкім, захаваўшы, аднак, магчымасць для іх лепшага рашэння і выканання,
Крыстаф Вінклер.
Ягор Сурскі