Яго апраўленнем сталі два грандыёзныя канцэрты — «Маладыя галасы сусветнай оперы» з удзелам пераможцаў Каляднага конкурсу вакалістаў папярэдніх гадоў і гала-канцэрт салістаў, а сам форум складаўся з чатырох спектакляў з рэпертуару Вялікага тэатра Беларусі і аднаго запрошанага. Усе тэатральныя пастаноўкі з’яўляюцца касавымі, лёгка збіраюць публіку, а калі ў іх выканальніцкія склады ўключаны цікавыя запрошаныя салісты — дык становяцца проста аншлагавымі.
Тытульным спектаклем форуму чакана ўспрымалася адна з апошніх прэм’ер сезона — опера Барадзіна «Князь Ігар» у пастаноўцы Галіны Галкоўскай (падрабязней у №11 «Мастацтва» за 2019 год). Сярод салістаў адзначым поспех Аксаны Волкавай у партыі Канчакоўны, яе раскошна-аксамітны тэмбр, тэхнічнасць, мяккае гукавядзенне і роўнасць голасу на ўсіх рэгістравых пераходах.
У эфектнай, шмат’яруснай у сцэнаграфічным вырашэнні «Турандот» Пучыні (рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ) высокі прафесіяналізм прадэманстравалі выканаўцы галоўных партый. Выразнае сапрана Кацярыны Галаўлёвай (Турандот) гарманічна гучала ў дуэце са спінтавым тэнарам Томасам Полам (Калаф), выпускніком Універсітэта музыкі ў Вене і Зальцбургскай кансерваторыі Мацартэум. У ролі Ліу эмацыйна выступіла Клаўдыя Канг (Паўднёвая Карэя), а бясспрэчным фаварытам нацыянальнай вакальнай школы быў і застаецца 76-гадовы бас Васіль Кавальчук (Цімур). Аркестр пад кіраўніцтвам Алега Лесуна гучаў збалансавана і пераконваў разнастайнасцю аркестравых фарбаў і высокай дынамікай.
Гэтым разам узрадаваў і музычны складнік у спектаклі «Лятучая мыш» Штрауса пад кіраўніцтвам дырыжора Івана Касцяхіна, хоць па-ранейшаму прытрымліваюся ўласнага крытычнага стаўлення ў дачыненні да эклектычнай пастаноўкі Міклаша Габара Керэньі («Мастацтва» №5/2019). Выдатна ўзаемадзейнічалі жаночы дуэт Дыяны Трыфанавай (Разалінда) і Ірыны Кучынскай (Адэль) і малады перспектыўны беларускі мужчынскі ансамбль у складзе Дзмітрыя Шабеці (Генрых), Андрэя Мацюшонка (Альфрэд), Дзяніса Янцэвіча (Фальк).
У рэпертуарным спектаклі «Кармэн» паспяхова і натхнёна выступілі Аксана Волкава (Кармэн), тэнар Адам Дыгель (Хазэ) з ЗША і Яніс Апейніс (Эскамілья), саліст Латвійскай нацыянальнай оперы і Міхайлаўскага тэатра. Вельмі ўдалым у музычным плане паўсталі хор (хормайстарка Ніна Ламановіч) і аркестр разам з дырыжорам Андрэем Галанавым. І ўсё ж хацелася ў будучыні хоць бы нейкім чынам разнастаіць традыцыю абавязковага ўключэння гэтай пастаноўкі ў праграму форуму.
Напярэдадні паказу гастрольнага спектакля «Севільскі цырульнік» Расіні (у інтэрпрэтацыі Нацыянальнай оперы Украіны) было шмат спадзяванняў. Аднак чаканні выявіліся шмат у чым неапраўданымі. Рэжысёр Анатоль Салаўяненка пераносіць дзеянне оперы ў пазачасавую індустрыяльную прастору сучаснага сюр-горада. У гэтым рашэнні ёсць і разыначкі: Фігара перасоўваецца на электрасамакаце, ідзе сумесны прагляд трансляцыі футбольнага матчу, вакол модныя брэнды і неонавыя шыльды... Але ў гэтых спробах псеўдаактуалізацыі опернай прасторы і «прышпільных» дэталях на другі план адыходзіць жыццё герояў на сцэне. У Салаўяненкі акцёры дзейнічаюць у досыць традыцыйных, часам зусім запаволеных па тэмпарытме мізансцэнах. Дый у тэхнічным плане многія з іх не дацягваюць да белькантавых фіярытур Расіні. Яшчэ больш расчаравала музычная частка пад кіраўніцтвам дырыжоркі Алы Кульбаба: аркестр гучаў на сярэднім вучнёўскім узроўні, практычна разваліліся ўсе ансамблевыя сцэны. У дадатак на працягу ўсяго спектакля вельмі раздражнялі празмерна гучныя выкрыкі прыезджага суфлёра. Вось ужо сапраўды ніколі не прадбачыш, дзе можа праявіцца ахілесава пята! Шкада, што Салаўяненка не прывёз у Мінск адну са сваіх яркіх пастановак нацыянальных украінскіх опер.
На апошнім форуме нарэшце ўвасобілася ў жыццё даўняя мара ўсіх, хто турбуецца пра развіццё і папулярызацыю нацыянальнага музычнага мастацтва, — прайшоў конкурс рэцэнзій маладых оперных крытыкаў. У ім узялі ўдзел студэнты і выпускнікі Беларускай акадэміі музыкі, якім была дадзена шчаслівая магчымасць наведваць спектаклі форуму. Несумненна, іх свежы погляд на пастаноўкі, дух спаборніцтва, уваходжанне ў тэатральны кантэкст — усё гэта пазітыўныя крокі.
Дзесяцігадовы перыяд — немалы тэрмін для фестывалю, і, безумоўна, сёння можна ўпэўнена казаць пра значнасць і культурна-асветніцкую функцыю Мінскага опернага форуму. Узнікла катэгорыя гледачоў, для якіх штогадовае наведванне спектакляў фестывалю зрабілася абавязковым складнікам культурнага вольнага часу. Аднак існуе шэраг праблем, якія з года ў год суправаджаюць фестываль, ды так і застаюцца нявырашанымі. На афішах па-ранейшаму адсутнічае нацыянальны рэпертуар, не прадстаўлены жанр камернай оперы, тэатр да крыўднага паслядоўна абыходзіць буйныя юбілейныя даты, звязаныя з імёнамі выдатных беларускіх кампазітараў, спевакоў, дырыжораў, рэжысёраў. Адсутнічае багатая гістарычная рэтраспектыва станаўлення і развіцця опернага мастацтва ў Беларусі. Шкада, што менавіта юбілейны форум праляцеў міма імёнаў Станіслава Манюшкі і Яўгена Глебава, а таксама прэзентацыі лепшых сольных і харавых сцэн з беларускіх опер. Актуальным і знакавым па многіх параметрах магло б стаць знаёмства беларускай публікі з операй «Пасажырка» Мечыслава Вайнберга. У якасці перспектыўных ідэй будучых оперных форумаў могуць увасобіцца тэматычныя лекцыі, фотавыставы, інсталяцыі, дэманстрацыя шырокаму гледачу рукапісаў оперных клавіраў і партытур з пазнакамі дырыжораў і рэжысёраў.
Пажадаем у будучыні Мінскаму опернаму форуму не баяцца эксперыментаваць, вітальна рэагаваць на бясспрэчныя тэндэнцыі сусветнага музычнага тэатра. І ўсё ж, куды б ні падзьмуў вецер перамен, асабіста я галасую за тое, каб не пазбаўляць нас, гледачоў і крытыкаў, новых сустрэч з гэтым яркім музычным праектам.