Палатно было ў кепскім стане з вялікай дзіркай збоку (мастак відавочна працаваў недарагімі фарбамі) і адкрылася ў поўнай меры толькі пасля рэстаўрацыі, калі ўпершыню дэманстравалася на музейнай выставе «Плынь часу» ў 2019 годзе. Фарбы, пакрытыя лакам, зазіхацелі яскравымі ружовымі адценнямі.
Намесніцу дырэктара па навуковай рабоце Ірыну Паньшыну карціна адразу зацікавіла і несумненнай прыналежнасцю да даваеннай калекцыі (налепка «ДКГ» на абароце карціны і нумар «2724» сведчыў, што яна паходзіць са старых даваенных збораў беларускіх музеяў), незвычайным фарматам і якасным прафесійным жывапісам. Спадарыня Ірына беспаспяхова паказвала яе ўсім старым мастакам Мінска, спадзеючыся, што хтосьці пазнае руку невядомага жывапісца. У чаканні атрыбуцыі карціна праляжала некалькі гадоў, перш чым яе зарэгістравалі.
На пачатку 2000-х новае пакаленне супрацоўнікаў музея атрымала доступ да рукапіснага інвентару Сацыяльна-гістарычнага музея 1934 года, які захаваўся ў Гістарычным музеі. Паводле наяўнага нумара вядучая навуковая супрацоўніца Валянціна Вайцяхоўская знайшла імя аўтара. Ім аказаўся мастак мяжы стагоддзяў Вільгельм Катарбінскі (1849—1921), ураджэнец Небарова пад Варшавай.
Аўтарства Катарбінскага пры параўнанні з іншымі яго палотнамі не выклікае сумненняў ні па матывах — з сельскага ўкраінскага ці беларускага жыцця, — ні па аблюбаваным ім бляклым ружавата-зялёным каларыце, ні па характэрным фармаце, ні, нарэшце, па адпаведнасці біяграфіі майстра, які працаваў у тыя гады ў Беларусі.
Вільгельм Катарбінскі — з шэрагу так званых «забытых мастакоў», хоць у свой час на пачатку ХХ стагоддзя яго імя было на слыху гэтак жа гучна, як імя Рэпіна або Семірадскага. Яго, што праўда, дасюль блытаюць са стрыечным братам, акадэмічным жывапісцам Мілашам Катарбінскім (1854—1944), які скончыў Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, і прыпісваюць яму дэталі біяграфіі брата. Творчасць Вільгельма Катарбінскага належыць да мастацтва некалькіх краін: Польшчы, дзе ён нарадзіўся і атрымаў першапачатковую мастацкую адукацыю, Італіі, дзе Катарбінскі пражыў 20 гадоў і праславіўся як мастак, Украіне, дзе ён працаваў апошнія 30 гадоў свайго жыцця як манументаліст, і як аказалася, Беларусі, дзе творца меў маёнтак на Случчыне ў Кальску, у якім час ад часу працаваў у 1890—1910 гады. Найбольш цікавая для нашай гісторыі мастацтваў апошняя, беларуская старонка яго жыцця, амаль невядомая. З успамінаў Андрыяна Прахава, сына археолага і гісторыка Мікалая Прахава, вядома, што маёнтак Кальск быў набыты майстрам па вяртанні з Рыма пасля сваёй жаніцьбы ў 1888 годзе. Катарбінскі з ранняга юнацтва быў закаханы ў сваю кузіну, але не атрымаў адабрэння касцёла на шлюб з-за блізкага сваяцтва. Калі яму было ўжо амаль 40 гадоў, яго каханая заўдавела і мастак змог ажаніцца з ёй. Сам творца называў яе малітоўна ЯНА, а яго сябры-жывапісцы, якія працавалі над роспісам Уладзімірскага сабора ў Кіеве, так і не ўбачылі яе твару, заўсёды схаванага пад чорным вэлюмам. Жонка Катарбінскага аддавала перавагу жыццю ў маёнтку і не ўваходзіла ў багемнае кіеўскае кола мужа. Так і засталася яна таямнічай рамантычнай незнаёмкай. Шлюб быў нядоўгім, і жонка вярнулася ў свой маёнтак пад Вільняй, а мастак пасяліўся ў двухпакаёвых апартаментах гасцініцы «Прага» ў Кіеве.
Біяграфія Вільгельма Катарбінскага вядомая з рэдкіх дакументаў і ўспамінаў мастака, запісаных сучаснікамі з яго слоў. Катарбінскі быў сярэднім з траіх сыноў Аляксандра Катарбінскага, эканома ў маёнтку Небароў пад Варшавай, які належаў княгіні Аляксандры Радзівіл. Скончыўшы гімназію ў Варшаве, Вільгельм пачаў вучыцца ў Рафаля Хадзевіча ў Варшаўскай мастацкай школе, у 1871 годзе паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт па патрабаванні бацькоў, што былі настроены супраць яго мастацкай кар’еры. Ён даўно марыў аб Італіі, але бацька не падтрымліваў захапленні сына. Дзякуючы дзядзьку, які даў яму грошы на праезд, Вільгельм адправіўся ў Рым у Акадэмію св. Лукі вучыцца ў Франчэска Падэста. Скончыў яе з першым медалём, быў прызнаны лепшым малявальшчыкам Рыма. Працуючы да знямогі, дасягнуў вялікіх поспехаў, прайшоўшы непазбежны шлях беднасці. Ён займеў уплывовых заказчыкаў ад калекцыянераў да турэцкіх паш, што ахвотна замаўлялі яму гарэмныя сцэны з наложніцамі, адкрыў у Рыме ўласную майстэрню (дзе даваў прыватныя ўрокі жывапісу Марыі Башкірцавай). Катарбінскі знаёміцца ў Рыме са сваім кумірам Генрыхам Семірадскім, ганарыцца сяброўствам, пераймае яго акадэмічны стыль. Спрыяе яму і часты падарожнік у Рыме Уладзімір Стасаў, вядомы рускі крытык, на замову якога Вільгельм Катарбінскі год працуе над капіяваннем старажытнага манускрыпта з Ватыканскай бібліятэкі. «Акрамя Рэпіна і Антакольскага, я нікога з усіх нашых мастакоў не ведаю такога моцнага і арыгінальнага розумам!» — пісаў Уладзімір і лічыў яго «разумнейшай і незвычайнейшай асобай». Усім рускім мастакам у Рыме Стасаў раіў пазнаёміцца з Катарбінскім — цудоўным гідам па Рыме. Сябры браты Свядомскія рэкамендуюць яго археолагу Прахаву, ініцыятару роспісу фрэскамі Сабора Святога Уладзіміра ў Кіеве. Там сабралася бліскучая плеяда рускіх мастакоў — Васняцоў, Несцераў, Урубель, так званыя «сабаране». Катарбінскі ўвайшоў у іх каманду пад мянушкай «Катарр», Васняцоў увёў яго партрэт — гордага шляхціца, што падкручвае вусы, — у сваю карціну «Царэўна Несмяяна». Мікалай Мурашка характарызаваў яго як «вельмі простага і вясёлага спадара, поўнага вытанчаных жартаў». Як католік, Вільгельм працаваў пад фірмай Свядомскіх, не маючы права спачатку падпісваць свае творы, хоць царква з захапленнем прымала яго эскізы. Удзел у роспісе сабора даў усім мастакам усерасійскую вядомасць, карціну Катарбінскага «Оргія» пазней купіў імператар Мікалай II для музея Аляксандра III у Пецярбургу.
Хацеў набыць палатно Вільгельма Катарбінскага ў сваю галерэю і Павел Траццякоў, з умовай подпісу па-руску, але Катарбінскі, як і Семірадскі, які падпісваў карціны выключна па-польску, адмовіўся: «Вы купляеце маю карціну, а не мой аўтограф». Ён паступова мяняе свой італьянскі акадэмічны салонны стыль, прадыктаваны Рымам і ўплывам Семірадскага, і цалкам аддаецца моднаму містыцызму і сімвалізму мадэрну. У яго творчасці з’яўляюцца новыя персанажы — вампіры, дэманы Суму, млявыя русалкі, наяды, самазабойцы, тапельніцы, анёлы і летуценныя панны, якія кормяць ібісаў. «Далікатны дэкаданс» Катарбінскага з рэзкім прысмакам Старажытнага Егіпта дадаў яму славы і неверагоднай папулярнасці ў шырокай публікі. «Ад усяго, што ён робіць, вее вытанчанасцю, пяшчотай і глыбокім, шапэнаўскім, польскім сумам», — піша крытык Уладзімір Дэдлаў. Акрамя іншага, Вільгельм Катарбінскі ілюструе Біблію, у 1901 годзе вядзе перапіску з Элаізай Ажэшка ў Гродне з нагоды ілюстрацый яе аповесцей. Ён становіцца модным мастаком у Кіеве, жыве гадамі ў дарагіх гасцініцах. У 1915 годзе Пецярбургская акадэмія мастацтваў прысвойвае яму ганаровае званне акадэміка «за вядомасць на мастацкай ніве».
Летнія месяцы Катарбінскі звычайна праводзіць у беларускім Кальску ў Пагосцкай воласці Слуцкага павета, дзе была абсталяваная велізарная майстэрня. Верагодна, гэтую адзіноту ў сельскай глушы ён успрымаў як аддуху, калі амаль штогод пераадольваў амаль 450-кіламетровы шлях да Слуцка. Тут таксама склалася сяброўскае кола мясцовых памешчыкаў і інтэлігентаў, якія запрашалі пагасціць у свае сядзібы, распісаць касцёлы. Імя Катарбінскага гучала тады нароўні з Рэпіным, што, дарэчы, не прымаў жывапісу мастака і называў яго мастацтва «полячиной», яго самога — «цынікам у думках і ў мастацтве», яго карціны — «самай збітай ардынарнай заезджанай італьяншчынай», жорстка крытыкуючы яго «евангельскія сюжэты з млявым да слепаты, збітым малюнкам, з пахабнай размалёўкай як ад сябе ўсёй карціны».
Вільгельм Катарбінскі ахвотна выконвае замовы беларускіх шляхціцаў, піша партрэты мясцовай эліты. У артыстычным гуртку, які збіраўся ў блізкім да Кальска маёнтку Канстанціна Гектара Прушынскага Устрань пад Слуцкам, ён знаёміцца з тамтэйшымі мастакамі — Зянонам Ленскім, Янушам Уніхоўскім, студэнтам з Кракаўскай Акадэміі мастацтваў Яўгенам Гепертам. Катарбінскі напісаў палотны чатырох евангелістаў для Траецкага касцёла ў Старчыцах, пра што сведчаць фатаграфіі, якія захаваліся ў кнізе «Нашы касцёлы» Ёзэфа Жыскара. Мастак быў абраны ганаровым вернікам Траецкага касцёла, што, на жаль, не захаваўся.
У рэвалюцыйныя гады (хутчэй за ўсё ў 1918-м) Катарбінскі перавёз у Кальск частку сваіх твораў з кіеўскай майстэрні, баючыся за іх захаванасць, бо мастацкая спадчына была адзінай маёмасцю і забеспячэннем старасці. Багаты некалі жывапісец раптоўна ператварыўся ў бедняка.
Але палітычныя падзеі ў Беларусі развіваліся імкліва: у сакавіку 1918-га была абвешчаная Беларуская народная рэспубліка, 1 студзеня 1919 года — Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, якая ў хуткім часе злучылася з Літвой. ЛітБел праіснаваў каля года і распаўся ў час польскай акупацыі 1919—1920 года. Менавіта ў час гэтага палітычнага ліхалецця трапіла на Беларусь калекцыя немаладога і ўжо хворага мастака — і засталася безнагляднай. Ва ўкраінскім мастацтвазнаўстве лічыцца, што калекцыя Катарбінскага была страчаная па дарозе з Кіева ў Кальск. Гэта аказалася толькі здагадкай. Карціны даехалі да Кальска, але заставаліся там нядоўга.
У картатэцы «Мастакі Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя» беларускага краязнаўцы Сэндара Палееса (БДАМ ЛіМ) 1950-х захавалася згадка пра далейшы лёс гэтай калекцыі. Палеес, спасылаючыся на часопіс «Школа і культура Савецкай Беларусі» (№ 1 за красавік 1919 года), зрабіў кароткую выпіску з нататкі «У Мінскім Абласным музеі»: «Нядаўна са Слуцка была вывезена інструктарам музея т. Кастэлянскім вялікая галерэя карцін мастака В.А.Катарбінскага ў колькасці 282 палотнаў, якія захоўваюцца ў памяшканні музея» (с. 74).
Гэта была адна з першых экспедыцый Наркамасветы (Народнага камісарыята асветы), якая выконвала пастанову Часовага Рабоча-сялянскага ўрада Беларускай рэспублікі ад 30 снежня 1919 года «Аб перадачы культурных каштоўнасцей навукі і мастацтва, якія знаходзяцца ў маёнтках і розных установах камісарыята па асвеце і арганізацыі іх уліку, аховы і збірання», падпісаную Жылуновічам, Чарвяковым і Кнорыным. Пастанова прадпісвала перадаць «усе калекцыі і асобныя прадметы, якія маюць значэнне для навукі і мастацтва, усе бібліятэкі, усе навуковыя і мастацкія дапаможнікі, музычныя інструменты, прылады тэатра, мастацкую і старадаўнюю мэблю» Наркамасветы для арганізацыі музеяў. У камісію па прыёмцы ўваходзілі кансультанты. Адным з іх стаў 27-гадовы «адзін з самых культурных мінскіх мастакоў» Арон Кастэлянскі, родам з Бабруйска, які вярнуўся на радзіму пасля вучобы ў мастацкіх студыях Масквы. Ён і даставіў калекцыю ў Мінск.
Калекцыя Катарбінскага адной з першых трапіла ў Абласны музей, у сакавіку 1919 года. Узначальваў малады музей, які быў арганізаваны ў снежні 1918 года, галоўны інструктар нехта Л. Замкаў. На арганізацыю музея было выдзелена 6 тысяч рублёў. У музей сцякаліся ўсе творы з нацыяналізаваных дваранскіх маёнткаў і кватэр буржуазіі. На красавік 1919 года ўжо было сабрана каля 300 карцін, 200 твораў графікі, срэбра, старадаўні фарфор, гадзіннікі, дываны, тканіны, стыльная мэбля, мастацкія альбомы з гравюрамі розных эпох, бібліятэка ў 500 тамоў і іншае. З-за адсутнасці месца ў музеі неапісаныя творы захоўваліся ў скрынях у трох пакоях ніжніх паверхаў былога Дваранскага сходу. Але гэтая праца была перапыненая польскай інтэрвенцыяй.
8 жніўня 1919 года польскія войскі ўвайшлі ў Мінск. На захопленай тэрыторыі быў устаноўлены жорсткі акупацыйны рэжым, адноўленая ўлада памешчыкаў. Багацці Беларусі раскрадалі і перапраўлялі ў Польшчу. У верасні 1919 года Мінск наведаў начальнік дзяржавы Юзэф Пілсудскі, які не знайшоў у ім «польскага духу». Вырашана было стварыць у Мінску польскі музей, ініцыятарам якога выступіў Вільгельм Ельскі з Ігнатычаў, буйны калекцыянер польскіх мастакоў. Мастаку Ігнату Урублеўскаму быў даручаны архітэктурны праект будучага музея, які і быў выкананы. Але да будаўніцтва справа не дайшла: у снежні 1919 года Вільгельм Ельскі раптоўна памёр. Польская ўлада ў Мінску пратрымалася каля года. Калекцыі і Вільгельма Ельскага, і Вільгельма Катарбінскага, хутчэй за ўсё, былі вывезены ў Польшчу. Таемнае знікненне гэтых твораў так і засталося загадкай.
Сам мастак пра гэта ўжо не ведаў: у апошнія гады, па ўспамінах Прахава, ён пакутаваў на ўзроставы атэрасклероз і з 1919-га жыў у доме ўдавы Прахава Эміліі, куды былі перавезеныя творы з кіеўскай майстэрні. Памёр ён у 1921 годзе ў Кіеве.
У літаратуры ёсць няпэўныя здагадкі пра тое, што нібыта Пілсудскі аддаў цэлы вагон пад калекцыі карцін Катарбінскага. Праўда, апісвалася гэта як кіеўская гісторыя. Хутчэй за ўсё, так і адбылося: і ў канцы 1919 — пачатку 1920 года калекцыя з Мінска была перавезена ў Польшчу, бо слядоў яе ў 1920-я ўжо няма. Новы наступ войскаў Заходняга фронту пад кіраўніцтвам Тухачэўскага пачаўся 4 ліпеня 1920 года, а 11 ліпеня 1920 года быў узяты Мінск. Абласны музей быў разрабаваны. Узнікшы на рэштках яго калекцый Беларускі Дзяржаўны музей (БДМ) ў 1924 годзе прыняў у свае фонды дзве карціны Катарбінскага — «Пейзаж» і «Уцёкі ў Егіпет». Яны паходзілі з калгаса «Труд» у мястэчку Шыпяны пад Смалявічамі — былога багатага маёнтка Ваньковічаў. Верагодна, Катарбінскі па запрашэнні гаспадароў прыязджаў у іх маёнтак. Магчыма, менавіта ён напісаў «Партрэт маладой Ваньковіч ва ўкраінскім уборы» (Клары Сафіі Фокс-Патоцкай), блізкі па нумары паступлення ў БДМ.
У фондах Нацыянальнага мастацкага музея праз 70 гадоў воляй выпадку апынулася толькі адна з амаль трох соцень карцін, якія былі ў музеях Беларусі, — гэты самы «Пейзаж», знойдзены такім незвычайным чынам. Палотны Катарбінскага ёсць у Рыме, Кіеве, Сумах, Пецярбургу, Маскве, Варшаве. З’яўленне невядомага твора Вільгельма Катарбінскага ў мінскіх зборах — сапраўдная ўдача, што вяртае ў гісторыю мастацтваў краіны яшчэ адно імя. Карцін гэтага моднага жывапісца эпохі мадэрну няма нідзе ў Беларусі, хоць ён звязаны з ёй некалькімі дзесяцігоддзямі жыцця.