Пошук чаго? Праўды. Пэўнасці. Арыенціраў. Базавых структур рэальнасці. Менавіта так, як бы пафасна гэта ні гучала, і менавіта таму яе карціны здольныя парадкаваць хаос на зменлівай мяжы (сёння, у лічбавую эпоху, асабліва рухомай) паміж фігуратыўным і абстрактным.
Азарт і любоў да працэсу творчасці з’явіліся ў Зоі Літвінавай яшчэ ў дзяцінстве. Яе творчы шлях, верагодна, і вызначыла тое, што яна захавала ў сябе гэтую першаснасць уражанняў ад адчування тайны: «Я любіла прыцемкі, выходзіла ў вёсцы на вуліцу, каб злавіць начныя шорахі і пахі. Заварожвала таямніца месяца. Калі наступае змярканне, усе сілуэты набываюць іншыя формы. З’яўляюцца асаблівыя гукі, аблічча зямлі становіцца іншым. Гэта хвалююча, трывожна, страшна, але надзвычай прывабліва. У падсвядомасці з’яўляліся розныя бачанні свету. Я ўспрымала свет, прыроду, неба, аблокі, снег, і яны мне падаваліся неверагоднымі. Таму тэма шэпту праглядаецца шмат у якіх маіх работах. Увесь час думаю, як яго можна расшыфраваць. Наогул, што такое шэпт ветру, шэпт закаханых, шэпт маці з дзіцем? Як гэта адлюстраваць? Прадмет мастацтва вельмі складаны. Мы павінны перадаваць сваё ўнутранае адчуванне, стаўленне да падзеі, прадмета або сітуацыі, а не проста спісваць, што бачым. Спісваць — гэта ў прынцыпе бессэнсоўна. Дарэчы, я доўга думала, як адлюстраваць шэпт, спрабавала мноства варыяцый. І ўрэшце прабілася з гэтай тэмай. На Захадзе вельмі многіх яна зачапіла».
Суседскія бабулькі па вечарах збіраліся і расказвалі казкі-небыліцы пра жахлівыя і таямнічыя падзеі, дзяўчынцы хацелася ўсё гэта намаляваць. Пазней шмат чытала, асабліва філасофскую літаратуру, аднак яе творы не ілюструюць завершаныя канцэпты, у іх ёсць уласная пераканальнасць формулы-адкрыцця.
У выніку дзяўчынка з вясковай адукацыяй выбрала не рачны тэхнікум, а мастацкую вучэльню. Пайшла супраць волі бацькоў. І гэтае «супраць», гэтае юнацкае бунтарства перарасло ў творчае — яе Каткоў і ўзяў у сваю групу са словамі «люблю непаслухмяных». Ёй страшэнна пашанцавала на настаўнікаў — выбітныя каларысты і «фармалісты» Сяргей Каткоў і Альгерд Малішэўскі ў Мінскай мастацкай вучэльні, Гаўрыіл Вашчанка і Аляксандр Кішчанка ў мастацкай акадэміі. Апошні непасрэдна не выкладаў, падтрымліваў яе ў пошуку.
Самае значнае адкрыццё, якое ўсё і вызначыла ў далейшым, адбылося ў вучэльні, калі Літвінава пісала аголеную натуру. Белае цела, яркая памада, фіялетавая драпіроўка. Жанчына французскага тыпу. Як пісаць, а не спісваць з натуры, як перадаць гэтую экзотыку? Зоя выціснула дзве фарбы — странцыянавую і фіялетавую, крыху бяліл. Напісаўшы выдатную пастаноўку, адкрыла для сябе ўмоўнасць жывапісу. Карціну можна напісаць двума колерамі — цёплым і халодным, а трэці — падарунак. З такім падыходам да жывапісу ў мастацкую акадэмію яе, канешне, не ўзялі. Ледзь не выгналі з тэатральна-дэкарацыйнага. Пакуль нарэшце не ўбачыў яе працы на праглядзе Аляксандр Кішчанка і не перавёў на манументальнае аддзяленне. Прадстаўнік львоўскай школы, ён меў выкладчыкаў з Францыі і любіў вялікіх французаў — Сезана, асабліва Лежэ, на якога абапіраўся ў пошуках канструктыўных асноў выявы.
На выставе ёсць партрэт Аляксандра Кішчанкі 1969 года — некалькі колераў, строгія сечаныя планы, моцны рэзкаваты малюнак. Не «Літвінава», якой мы яе ведаем, але ўжо ясна, куды рушыць — аддаліцца ад фігуратыўнасці, ад літаратурнасці і жыццёвай літаральнасці. У кожным наступным творы будзе ставіць новую задачу і шукаць новую логіку жывапісных структур, такім чынам перапіша для нас усю гісторыю заходняга мадэрнізму, ад вытокаў якога мы былі некалі гвалтоўна адсечаны. Пройдзе праз цкаванні і беднасць, адсутнасць замоў дзесяцігоддзямі, каб пасля ўразіць заходняга гледача асаблівым жывапісным светам, выкананым з упэўненым, пераканальным майстэрствам.
У гэтым пошуку яна знайдзе важныя арыенціры: на пачатку творчасці вельмі паўплывала руская фрэска, у прыватнасці — Андрэй Рублёў. Рэлігійны жывапіс стаў для Зоі Літвінавай класікай, базай, і сур’ёзныя пластычныя задачы мастачка стала ставіць менавіта дзякуючы вялікім ідэям, якія патрабавалі асаблівых вырашэнняў. Пераканальную форму выяўлення духоўнага свету яна ўбачыла ў Кандзінскага. Паралельна Літвінава падымала і іншыя задачы — фармальныя: суадносіны аб’ёмаў, маштабаў, цэльнасць, малое і вялікае, цёплае і халоднае. Безумоўна, напрыканцы ХХ стагоддзя цяжка стаць стваральнікам новых жывапісных прыёмаў, пазбегнуць постмадэрнісцкай перавытворчасці, аднак шлях Зоі Літвінавай вельмі арганічны: мастачка пастаянна спрабавала «выціснуць усё з сябе, выкручваць сябе, не паўтарацца. Хоць у любага мастака ёсць свая арганіка, мова, я заўсёды старалася не быць падобнай да сябе. Бо палатно — гэта напружанне і энергія, яго напісанне патрабуе неверагоднай канцэнтрацыі ў вырашэнні галоўнай задачы: выявіць духоўны свет як нерэальны». Жывапіс для Зоі Літвінавай — гэта найперш стаўленне да свету. «Як ты будзеш яго адлюстроўваць — твая справа. Але шукай сваю пластыку, выяўленчыя сродкі. Гэта для мяне з самага пачатку з’яўлялася важным. Таму і мой жывапіс ніколі не быў натуралістычным».
Яе карціны спыняюць погляд, каб зацягнуць яго унутр рамы — у герметычна замкнёную і лагічна ўпарадкаваную прастору. Кампазіцыі яе работ іерархічныя, строга структураваныя, нібы творы рэлігійнага жывапісу. Каркас выявы парадкуе хаос колеравай феерыі — як думка стрымлівае эмоцыю. Улюбёны прыём: цэнтраімклівы ці цэнтрабежны рух ствараюць дынамічную прастору для існавання форм. Трохкутнік пакладзены у аснову многіх кампазіцый, ён ад рэлігійнага жывапісу і ад рэлігійнага канцэпту адначасова. Нягледзячы на частую прысутнасць чалавечых постацей, яны не дамінуюць, а сувымяраюцца з асяроддзем, набываючы яго рысы. Праз складаную жывапісную пластыку мастачка пласт за пластом, тэкст за тэкстам (бо ў кожнай кампазіцыі можа быць ужыта некалькі візуальных моў) дасягае семантычнай шматпланавасці, якая спрыяе пазачасаваму існаванню яе твораў, паралельна і незалежна ад актуальных трэндаў у жывапісу. Таму яе першымі ацанілі заходнія галерысты, нават пакупнікі, што прывыклі пралічваць усе хады. І гледачы, бо што б ні было закладзена ў жывапіс мастачкай, мы адчуваем чыстую невербальную жывапісную асалоду.
На сваёй выставе Зоя Літвінава ўсё перамяшала, куратар Леанід Хобатаў звыкла збудаваў экспазіцыю па колеравых плямах, а не паводле храналогіі, і яна пагадзілася. Вызначыць логіку развіцця яе стылю даволі складана, ён зменлівы. У аснове сваёй гэта маятнікавы рух ад фігуратыўнасці да абстракцыі, ад стрыманасці амаль ахраматычнага колеравага ладу да візуальнага вар’яцтва. Некалі ёй параілі падпісваць працы, малюючы птушку з доўгім вокам. Птушка-жанчына, анімэ, духоўная субстанцыя, што лучыць зямлю і неба. На пачатку жывапіснай часткі экспазіцыі размясцілася такое ранняе пазнавальнае літвінаўскае палатно. Нават чытаецца сюжэт — на калена ляжачай жанчыны прысела птушка. Яны нібы з адной матэрыі. Таямніца месяца і таямніца душы склалі дынамічную і хвалюючую пластычную формулу.
У 1980-я Зоя Літвінава захапілася народным мастацтвам, дыванкамі, знайшла новую формулу абстрактнага, што адкрылася ёй, як сама згадвае, праз прыроду, формы якой трэба не «спісваць», а шукаць у іх вобразы і пластычныя рашэнні. У канцы гэтага дзесяцігоддзя Зоя Літвінава апынулася ў аўстрыйскіх гарах, убачыла незвычайнае святло і зразумела, што святло — гэта духоўная субстанцыя. Тады ў яе палотнах з’явілася золата. Яно стала камертонам: па-іншаму пачалі вырашацца суседнія колеры, сфармавалася асаблівая колеравая гама, жывапіс стаў больш свабодным.
У 2000-я пачаўся новы этап, нарадзіўся вялікі цыкл чыстай абстракцыі, Зоя Літвінава стала цікавіцца знакамі, яны для яе не проста фармальны ход, але ёмістыя пластычныя формулы. Твор гэтага часу «Згаранне чорнага ў эфіры» нагадвае аўтаматычны жывапіс Міро, але ў ім наслойваецца некалькі моў, захоўваецца намёк на пазнавальнасць, строгі каркас кампазіцыі робіць гэты сюжэт трапяткім і стабільным адначасова. Мільготкая субстанцыя просіць уладкавання.
Страх «страціць сваю праўду», а дакладней — адчуванне абмежаванасці мовы абстракцыі трансфармуецца сёння ў перыяд вольных інтэрпрэтацый. Зоя Літвінава наўмысна блытае гледача, парушаючы храналагічны аповед. Сёння любая яе карціна не ўкладваецца ні ў якую храналогію, яна распачынае твор нібы ад пачатку, не ведаючы нічога і ведаючы так шмат.