ТВОРЧЫЯ САЮЗЫ СЁННЯ. ПЕРШАПАЧАТКОВАЯ ІДЭЯ І РЭАЛІІ
Грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз мастакоў» (далей Саюз) вядзе сваю гісторыю з далёкага 1938 года. Тады ўстанова «Саюз савецкіх мастакоў БССР» стала апорай і рэалізацыяй савецкай ідэалогіі. Сёння змянілася краіна, мадыфікуецца ідэалагічная, сацыякультурная позва. Як змяняецца Саюз мастакоў? Як адказвае на выклікі сучаснасці?
— Паводле статута, асноўнай дзейнасцю Саюза з’яўляецца развіццё беларускага нацыянальнага мастацтва, у тым ліку выставачная актыўнасць. Калі паглядзець трохгадовую справаздачу, то можна пераканацца, што за гэты час было вельмі шмат зроблена. У прыватнасці, мой міжнародны праект «Аpple смак», які быў прыцягнуты ў Палац мастацтва часткова за спонсарскую дапамогу (мая падзяка Сяргею Касцючэнку, ААТ «Прыёрбанк»). Гэта была выстава тэматычная, прысвечаная Яблычнаму Спасу, яблыку. Усе мастакі працавалі на пэўную тэматыку. Усе гэтыя салянкі, як я называю вялікія агульныя праекты, асаблівую цікавасць у публікі не выклікаюць. А тут, нягледзячы на лета, выставу наведала больш за 5 тысяч чалавек. Гэта ўзровень наведвальнасці мерапрыемстваў, арганізаваных і спансіраваных Белгазпрамбанкам. Быў створаны каталог, падрыхтавана суправаджальная праграма. Але галоўнае — узніклі міжнародныя кантакты. Сумесныя праекты з Румыніяй, Эстоніяй, таксама падключыліся нашы калегі з Ірландыі. Такія праекты — паступальныя крокі, якія даюць нам рэкламу ў сусветнай супольнасці.
Такім чынам, сёння я магу сказаць, як мы павінны змяняцца і што мусім зрабіць для гэтага. Не так даўно мы вялі публічны праект і ўзаемадзейнічалі з гарадскімі і рэспубліканскімі структурамі. Заўважу, што беларускіх мастакоў там вельмі мала ведаюць. Неабходна сябе рэкламаваць, паказваць! Нас павінны пазнаваць! Першым крокам на гэтым шляху стане стварэнне сайта з поўнай інфармацыяй пра кожнага нашага мастака, сучаснага і класіка. Гэта будзе нейкая агульная платформа, якая прадстаўляе ўвесь спектр — ад керамікі да тэкстылю. Бо нават аўкцыённыя дамы маюць аддзяленні, якія працуюць з Літвой, Расіяй, Украінай, але не з Беларуссю. Мы павінны ўвайсці ва ўсе гэтыя прасторы і заявіць пра сябе.
Вы гаворыце і пра міжнародную, глабальную прастору, але таксама і пра лакальную? Бо важна шукаць узаемадзеянне на розных узроўнях.
— Так. Усе працэсы ўзаемазвязаныя. Часта гэта праблема камунікацыі. На з’ездзе яна стала відавочнай: людзі прыязджаюць раз на тры гады, пагутарылі і раз’ехаліся. А што ў гэтыя тры гады? Яны павінны мець магчымасць задаваць пытанні, атрымліваць адказы, мець доступ да інфармацыі аб пленэрах і г.д. У сучасным свеце высокіх тэхналогій і ўсеагульнай інтэрнэтызацыі мы мусім адпавядаць рэаліям. Напрыклад, яшчэ як першы намеснік я стаў ініцыятарам тэматычнай выставы «Увайсці ў IT» з прыцягненнем Парку высокіх тэхналогій, у супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры. Праект плануем рэалізаваць у 2020 годзе. Перад мастакамі будзе ставіцца пытанне — як IT-тэхналогіі паўплывалі на сённяшняе жыццё. Па выніках конкурснага адбору эскізных праектаў фарміруецца будучая экспазіцыя выставы. Важна, што Парк высокіх тэхналогій падтрымае стварэнне прац, і ў далейшым плануецца закупка. За восем месяцаў мы падрыхтуем і рэалізуем гэты праект. Гэта цікава, актуальна, сучасна, гэта можна дэманстраваць, гэта прыцягне гледачоў! Такімі праектамі можна заявіць пра сябе і ў міжнароднай прасторы.
БЕЛАРУСКІ САЮЗ МАСТАКОЎ І СУЧАСНАЕ МАСТАЦТВА
Такім чынам, згодна з прадстаўленай логікай, творчы саюз змяняецца ў асноўным за кошт выставачнай дзейнасці, іншага пункту гледжання на інфармацыйную павестку. Аб’яднанне становіцца, прынамсі пазіцыянуе сябе, адкрытым. У чым заключаецца агульная стратэгія развіцця Саюза мастакоў? Я маю на ўвазе сінхранізацыю з эканамічнымі, сацыяльнымі, ідэалагічнымі сучаснымі позвамі. Акрамя таго, з’явілася новая генерацыя мастакоў, якія пераарыентавалі само поле мастацтва, у тым ліку ўкараніліся альбо спрабуюць выйсці на тэрыторыю сучаснага мастацтва. Як у такім выпадку быць з новымі медыя?
— Калі казаць пра апошні пункт, то музеі сталі закупляць не толькі творы традыцыйных формаў, але таксама відэамастацтва, інсталяцыі, аб’екты і іншае. Тыя віды, якія не былі прадугледжаны раней у класіфікатары. Датычна сучаснага мастацтва, я думаю, што мастакі, ужо падлучаныя да існуючых секцый, практыкуюць гэтую мову, я ў тым ліку. Аднак, паводле статуту, які з’яўляецца нашым асноўным дакументам, у выпадку, калі ёсць неабходная колькасць людзей, яны могуць выступіць з ініцыятывай і адкрыць асобную секцыю. Пакуль прэцэдэнту не было. Але, калі ён адбудзецца, у мяне ніякіх пярэчанняў не будзе.
ПАЗІЦЫЯ САЮЗА Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ПРАВАВОЙ ПАДТРЫМКІ МАСТАКОЎ. ФІНАНСАВАЯ ПОЗВА
— Саюзу важна засяродзіцца на пытаннях аўтарскіх правоў, увогуле на прававой падтрымцы мастакоў. Калі звярнуцца да досведу нашых калег з Швецыі, Англіі, то гэтай праблеме надаецца вельмі шмат увагі. Саюзы дапамагаюць сваім мастакам, ствараюць умовы і прававую абарону. У нас пакуль не надавалася гэтаму належнай увагі. У выпадку з замежнымі арганізацыямі многае вырашаецца пры падтрымцы дзяржавы. Гэты момант мы можам вырашыць, напрыклад, за кошт грантаў. Дарэчы, да апошняга часу Саюз не ўдзельнічаў у такога роду праграмах. Была спроба ў канцы 2018 — пачатку 2019, аднак гэта былі буйныя арганізацыі, якія патрабуюць ад заяўнікаў паспяховага вопыту і сур’ёзнай папярэдняй гісторыі. Тым не менш першы крок зроблены, і мы працягнем гэтую палітыку. Сёння з’яўляюцца добрыя магчымасці ў Літве і Нарвегіі, мы вядзём перамовы і ўсталёўваем кантакты. Напрыклад, мне ўдалося арганізаваць два міжнародныя пленэры ў Літве. За грошы, якія былі вылучаныя непасрэдна літоўскім Сеймам.
Перспектывы і своечасовае пашырэнне поля ўжытку — добры знак. Але як быць з важнымі і вострымі пытаннямі, звязанымі з вытворчасцямі, уласнасцю, мастацкім камбінатам?
— Гэта вельмі балючая тэма — адаптацыя да сённяшніх умоў. І не толькі для Беларусі. Я шмат паездзіў, пабываў і ў Румыніі, Малдове, ва Украіне. У савецкія часы там таксама працавалі мастацкія камбінаты, былі вытворчасці. Сёння ўсяго гэтага не засталося. З гэтай прычыны ў мяне не было амбіцый апынуцца ў старшынскім крэсле, мяне ўгаварылі. Аднак тыя праблемы, якія ёсць цяпер у Саюзе, а таксама складаныя эканамічныя ўмовы ў свеце прывялі да таго, што арганізацыі патрэбныя новая ідэя і новая канцэпцыя. Людзям патрэбная новая надзея. І гэта ўсё павінна быць своечасова. Мы памятаем пра досвед Канфедэрацыі Саюза мастакоў, сітуацыю з Барысаўскім камбінатам. Мадэль працы аб’яднання патрабуе пераўтварэнняў у сённяшніх рэаліях, інакш мы проста страцім тое, што маем. Важная задача — захаваць, прымножыць, развіць і заявіць пра сябе, паказаць, што мы ёсць. Што мы актыўная, магутная структура.
МІЖНАРОДНЫЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ. ПОШУК ПАРТНЁРСТВА
Вельмі важна быць актыўнымі і заняць сваё месца ў лакальным арт-полі, але таксама неабходна стаць бачнымі і на міжнароднай мастацкай сцэне. Міжнародная палітыка прадугледжвае наяўнасць мэтанакіраванай і стабільнай стратэгіі, патэнцыйных партнёраў. Вы згадалі пра грантавыя праграмы і кантакты з падобнымі Саюзу творчымі арганізацыямі за мяжой, ваша бачанне перспектыў Саюза мастакоў у міжнароднай інтэракцыі.
— Мы быццам бы падпісваем дамовы з рознымі структурамі, але далей за гэтыя намінальныя дакументы справа не рухаецца. На сённяшні дзень, маючы за плячыма шэраг міжнародных праектаў, правёўшы выставу ў Кітаі, я зразумеў, што нам не хапае планавання бюджэту, у тым ліку на гэтыя патрэбы. Напрыклад, у нашым гадавым фінансавым плане няма артыкула на міжнародныя адносіны, запрашэнне замежных партнёраў і г.д. Гэты артыкул важна прадугледзець у нашых выдатках.
Істотным партнёрам для нас засталася Расія. На буйным міжнародным праекце «Інтэрмузей» я назіраў зацікаўленасць і музейшчыкаў, і Міністэрства культуры ўкладваць грошы ў гэты праект, у развіццё двухбаковых адносін. Пра нас там мала ведаюць, неабходны вялікі рэтраспектыўны праект, глабальная выстава з прыгожым альбомам. Гэта першы напрамак. Іншае стратэгічна важнае для нас узаемадзеянне — Кітай. Тут ёсць поспехі. Развіваецца кітайска-беларускі праект «Адзін пояс — адзін шлях», адбыліся сумесныя мастацкія выставы. Быў незвычайны поспех, адна з кітайскіх агратурыстычных вёсак пабудавала нам базу для арт-рэзідэнцый. Мы заключылі пагадненне аб рабоце нашых мастакоў на гэтай базе на выгадных для беларускага боку ўмовах, з аплатай дарогі і знаходжання ў творчай рэзідэнцыі.
Кітайскі кірунак вельмі нам цікавы, мы працуем у самім Кітаі (Пекін, Хандан, правінцыя Шаньсі і Чэнду), таксама супрацоўнічаем з пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Мінску, Кітайскім культурным цэнтрам. Мы заключылі пагадненне з Культурнай Кітайскай Асацыяцыяй.
Яшчэ адзін стратэгічны напрамак — Азербайджан. Нядаўна прыязджаў прадстаўнік цэнтра сучаснага мастацтва Гейдара Аліева з Баку. Гэта моцны партнёр, але ён вельмі мала ведае пра беларускіх мастакоў. Былі разавыя спробы, аднак вялікай, маштабнай выставы Саюза ў Баку яшчэ не было. Таму мы павінны паказваць наша мастацтва.
РЭПРЭЗЕНТАЦЫЯ КАЛЕКТЫЎНАГА ГОЛАСУ ПРАФЕСІЙНАЙ ТВОРЧАЙ СУПОЛЬНАСЦІ. ПАШЫРЭННЕ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ПОЛЯ
Вы казалі аб адным рэсурсе — сайт ці інтэрнэт-партал. Я разумею, што гэта вялікая праца і сур’ёзны выклік. Таксама як і рэалізацыя важнай функцыі Беларускага саюза мастакоў як творчага саюза — рэпрэзентацыя «калектыўнага голасу мастакоў», якія жывуць у Беларусі. У Англіі, напрыклад, асноўным прызначэннем аб’яднання з’яўляецца падтрымка і доступ да рэсурсаў (юрыдычная і эканамічная экспертыза і дапамога, адукацыйныя і трэнінгавыя праграмы, гранты, майстэрні, расцэнкі і інш.). Так вызначаецца / афармляецца статус мастака. Як наш Саюз лабіруе інтарэсы мастака, творчай супольнасці, як робіць яго бачным?
— Гэта вельмі важнае пытанне. Справа ў тым, што на адзін з апошніх прэзідыумаў мы запрасілі прадстаўніка Пенсійнага фонду, які распавёў нам крыху пра структуры, сістэму налічэння і размеркавання сродкаў. У выніку атрымліваецца так, што чалавек, які актыўна ўдзельнічаў у жыцці Саюза і краіны, у якасці пенсіі атрымлівае самую мінімальную выплату. Гэта, вядома, няправільна. У маштабе дзяржавы 1200 мастакоў — гэта невялікая колькасць для таго, каб падняць статус. Гэта вельмі балючае пытанне, і мы яго будзем разглядаць і вырашаць, па меншай меры спрабаваць вырашыць. Бо першыя крокі зробленыя, дыялог з дзяржаўнымі структурамі пачаты. Падтрымка ўсіх секцый таксама важная, на бліжэйшай Радзе гэтае пытанне мы падымем і выпрацуем адзіную ўнутраную стратэгію ў гэтым кірунку. Што тычыцца падтрымкі і дапамогі, безумоўна, Саюз гэтым займаўся ўсё сваё існаванне. Гэта і матэрыяльная дапамога, і выплаты па стане хваробы, на юбілеі і г.д. Пастаянна ідзе праца па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы: замены вокнаў у майстэрнях, рамонтныя работы. Вырашана важнае для мастакоў пытанне, звязанае з падаткаабкладаннем: пры падтрымцы Міністэрства культуры ініцыятыўная група Саюза дамаглася зніжэння зямельнага падатку для майстэрняў па вуліцы Гая. Гэта яскравы прыклад, калі можна прадуктыўна ўзаемадзейнічаць з дзяржавай у асобе гарадскіх структур, Міністэрства культуры. Ніхто не верыў, калі мы займаліся гэтым пытаннем, але гэта ўдалося. Таму першыя крокі трэба рабіць, і рабіць разумна.
Вы згадалі пра дыялог з дзяржавай з нагоды статусу мастака, пачаты і досыць прадуктыўны. Як жа быць з астатнімі прадстаўнікамі творчай супольнасці: куратарамі, арт-крытыкамі, мастацтвазнаўцамі? Калі з пазіцыямі першых двух зусім усё няпэўна, то апошнія з’яўляюцца часткай прафесійнай супольнасці БСМ. Як вы бачыце ролю гэтых спецыялістаў у працы і рэалізацыі новых задач Саюза?
— Гэта якраз-такі момант інфармацыйны, праблема камунікацыі. Вялікая нагрузка і адказнасць будзе класціся на плечы нашых калег-мастацтвазнаўцаў. Мы павінны вельмі сур’ёзна папрацаваць над нашым рэйтынгам, рэкламай, іміджам, таму што гэта надзвычай важны складнік, які мы не ўлічвалі дасюль, але гэтым неабходна займацца.
Можна так сказаць, што ў перспектыве гэта голас Саюза?
— Так.
БЕЛАРУСКАЯ КАНФЕДЭРАЦЫЯ ТВОРЧЫХ САЮЗАЎ. ПЛАТФОРМА ДЛЯ АГУЛЬНАЙ ПРАВАВОЙ ПАЛІТЫКІ АРТ-ПОЛЯ
У турбулентныя часы распаду СССР, на пачатку 1990-х была створана Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў. На сённяшні дзень у яе ўваходзяць 13 грамадскіх аб’яднанняў: саюзы мастакоў, архітэктараў, дызайнераў, кінематаграфістаў, кампазітараў, тэатральных дзеячаў, журналістаў, фатографаў і інш., а таксама Беларускі фонд культуры, Гільдыя кінаакцёраў. Гэта каля 10 000 чалавек. Тут якія перспектывы і ці ёсць рэальныя вынікі суіснавання? Што сёння здольная даць такая ўсеагульная кансалідацыя?
— Такога роду арганізацыя патрэбная, але для гэтага трэба больш кансалідацыі. Трэба разгледзець і выпрацаваць адзінае разуменне арганізацыі, тады будуць карысць і вынік. Самае важнае — разуменне агульных мэтаў. Зноў жа, я даведаўся пра Канфедэрацыю, будучы першым намеснікам, раней я пра яе дзейнасць не чуў. І мне бачыцца, што фінансавацца такая арганізацыя можа з дзяржаўнага (гарадскога альбо рэспубліканскага) бюджэту, каб была магчымасць стабільна працаваць і выконваць свае функцыі.
Мне думаецца, што прасцей нейкія пытанні, звязаныя, напрыклад, з заканадаўствам, вырашаць разам. Лабіраваць інтарэсы як сваіх творчых груп, так і супольнасці ў цэлым.
— Тут якраз можна казаць аб рашэнні агульных, глабальных пытанняў, звязаных з пенсійным забеспячэннем, напрыклад. Каб гэта кранула не толькі адзін саюз, але ўсе трынаццаць. Усе мы ў адной запрэжцы. Акрамя таго, пытанні аўтарскіх правоў, сацыяльнай абароны творчых работнікаў. Гэта і ёсць місія канфедэрацыі. На сённяшні дзень мы цесна супрацоўнічаем з Міністэрствам культуры, таксама з Міністэрствам інфармацыі і Міністэрствам юстыцыі, але ёсць неабходнасць у такім прамежкавым органе, які б рэгуляваў агульныя пытанні. Напрыклад, камісія па этыцы, з прадстаўнікамі ўсіх творчых саюзаў. Патрэбны незалежны, больш адкрыты, сумленны рэсурс.
МУЗЕІ. ПАЛІТЫКА ЎЗАЕМАДЗЕЯННЯ
Наступнае пытанне пра ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі інстытуцыямі, такімі як музеі, галерэі. Ваша меркаванне аб новым алгарытме закупак твораў мастацтва для музейных калекцый. Ці ўсе ўдзельнікі працэсу згодныя з гэтымі новаўвядзеннямі?
— Змены, якія адбыліся, датычаць таго, што адабраныя музеямі прадметы для закупкі, іх узровень і каштоўнасць сцвярджае Прэзідыум Саюза.
Прэзідыум выступае ў якасці эксперта?
— Так. А затым працуе ўжо непасрэдна экспертна-закупачная камісія. Але гэты прамежкавы этап, які пацвярджае мастацкую каштоўнасць твораў, з’яўляецца добрым элементам супрацоўніцтва з Саюзам.
Аднак ці не падаецца вам, што музеі, магчыма, лепш ведаюць як свае калекцыі, так і патрэбы да іх папаўнення? Гэтыя інстытуцыі, хутчэй за ўсё, маюць нейкую канцэпцыю, згодна з якой адбываецца праца з фондамі.
— Я лічу, крок зроблены ў правільным кірунку. Але, магчыма, у гэтую закупачную і адборачную камісіі неабходна прыцягнуць больш мастацтвазнаўцаў. Як прадстаўніку маладога пакалення, мне дзіўна, што ёсць мастакі вельмі годныя, якіх раней не закуплялі. Неабходна падумаць, скласці спісы, паглядзець, зрабіць нейкую базу ў адкрытым доступе з пазначэннем аўтарства і колькасці работ у калекцыях музеяў. Мы павінны разумець, што мастакі не жывуць вечна. Лічыцца, што «залаты век» творчага чалавека — 35-55 гадоў, многія аўтары з гэтага пакалення яшчэ ні разу не закупляліся. А гэта патэнцыйна наша спадчына. Каб не атрымалася, як, напрыклад, з Георгіем Ніскім, у рэспубліцы засталося толькі дзве яго працы ў калекцыях. І ў працяг гэтай тэмы скажу, што ў нас маецца наша ўласная калекцыя — наш фонд. Тут мы ўжо многае зрабілі: адрамантавалі памяшканні для захоўвання, паставілі новыя стэлажы, сістэматызавалі і перапісалі працы. Цяпер нам трэба ўсё гэта адлічбаваць, зрабіць каталог і падумаць, якім чынам збор можна экспанаваць. Гэта ўнікальная калекцыя, з ёй можна рабіць і выставы за мяжой. Можна рабіць на пастаяннай аснове нават музей!
ВЫСТАВАЧНЫЯ ПЛЯЦОЎКІ, НОВАЕ ВЫДАННЕ
Наколькі я ведаю, неабходна таксама атрыбутаваць працы, пабудаваць агульную канцэпцыю рэалізацыі калекцыі, ці тое тэмпаральныя выставачныя праекты, анлайн-платформа або пастаянная экспазіцыя. У гэтай сувязі можна казаць, што ў Саюза ў планах адкрыццё новай выставачнай прасторы? Бо галерэя Палаца мастацтва — пляцоўка для часовых выставачных праектаў. Альбо ёсць іншы фармат узаемадзеяння з гледачом?
— Сапраўды, пляцовак, дзе экспануецца мастацтва, у краіне мала. З праектаў, якія, на маю думку, будуць цікавыя і гораду, і Саюзу, — «Дзень адчыненых дзвярэй», калі мастакі на адзін дзень адкрываюць сваю майстэрню. Кожная майстэрня — гэта міні-музей, са сваёй энергетыкай і атмасферай. Мы плануем рабіць такі фестываль, з майстар-класамі, актыўнасцямі.
У многіх замежных прадстаўніцтвах творчых саюзаў ёсць свае перыядычныя выданні: інфармацыйныя, аналітычныя, даследчыя і г.д. У гэтым напрамку нешта канкрэтнае вы плануеце прадпрымаць?
— Так. Пасля таго як мы рэалізуем інтэрнэт-пляцоўку. Такое выданне, хоць бы з перыядычнасцю раз на месяц, неабходнае для Саюза. У цэлым у нас яркае мастацкае жыццё, шмат адбываецца выстаў, арт-праектаў, адкрыццяў. Нам трэба паказваць і расказваць пра сябе, у тым ліку з неабходнасці дакументавання сваёй дзейнасці, замацавання яе ў гісторыі. Мы фактычна такім чынам пішам сваю гісторыю. На перспектыву гэта вельмі добрая і патрэбная ініцыятыва.
Вольга РЫБЧЫНСКАЯ