Кастрычнік 2008

№ 10 (310) 01.10.2008 - 31.10.2008 г

Кастрычніцкі нумар часопіса «Мастацтва» адкрывае расповед Наталлі Шаранговіч пра новыя творы вядомага жывапісца Мацвея Басава («Настальгія па дзяцінстве». С.2).

Традыцыйны «Круглы стол» гэтым разам прысвечаны праблемам сучаснай пластыкі. Якім павінна быць культурнае аблічча горада? Над гэтым і іншымі пытаннямі разважаюць вядомыя скульптары і архітэктары. Вядучая -- Наталля Шаранговіч («За дзень -- і на вякі. Скульптура ў прасторы сучаснага горада». С.4).
У рубрыцы «Мастацкі дзённік» свае погляды на своеасаблівасць бягучага моманту ў розных сферах мастацкага жыцця краіны выказваюць Таццяна Мушынская (С.12), Антон Сідарэнка (С.16), Алеся Белявец (С.20), Людміла Грамыка (С.24), Наталля Шаранговіч (С.28).
Больш падрабязны расповед пра апошнія значныя падзеі на культурнай прасторы Беларусі прапануюць Таццяна Міхайлава (творчы вечар Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова ў Нацыянальным тэатры балета. С.13), Ларыса Міхневіч (мастацкі праект «Just Now», прымеркаваны да юбілею Казіміра Малевіча, што адбыўся ў Віцебску і Мінску. С.14), Платон Зубаў (прэм’ера дакументальнага фільма Юрыя Цвяткова «Шклоўскі афорт» пра балетную трупу славутага мецэната Сямёна Зорыча. С.17), Антон Сідарэнка (новае нямецкае кіно на экранах Беларусі. С.18), Іван Пятровіч (персанальная выстава Ігара Саўчанкі «Фатаграфаванне». С.21), Надзея Якаўлева («Вішнёвы сад» у пастаноўцы Алега Жугжды у Мыцішчынскім тэатры лялек «Крэсіва». С.22), Антон Сідарэнка (ХХІХ Алімпійскія гульні на тэлебачанні. С.25), Яўген Шунейка (выстава тэкстыльных кампазіцый Людмілы Налівайка «Свет восеньскіх беражніц». С.26), Кацярына Кенігсберг (выстава «ФотаМастацтва» Інстытута міжнародных сувязей Штутгарта, што адбылася ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. С.29), Наталля Ганул (прэм’ера оперы Андрэя Мдывані «Маленькі прынц». С.30).
Госць рубрыкі «Постаць» -- галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча Міхась Казінец. Гутарку з народным артыстам Беларусі правяла Вера Гудзей-Каштальян («Маэстра». С.32).
Нататкі пра Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа-2008» прапануе Таццяна Арлова («Служыць пастуху або чалавеку?» С.36).
Кіназнавец Людміла Саянкова разважае над шляхамі развіцця беларускага дакументальнага кіно («Простыя ісціны дакументальнага экрана». С.40).
Таццяна Кандраценка аналізуе сумесныя мастацкія праекты, што адбываюцца ў Беларусі, асаблівую ўвагу надаючы дыялогу беларускай і нямецкай культур («Рэалізм і эклектыка». С.44).
Рубрыка «Паралелі» прапануе дарожныя нататкі Таццяны Мушынскай, прысвечаныя вандроўцы ў сталіцу Чэхіі. У сферы асаблівай увагі аўтара -- музычнае жыццё Прагі і «пражскі след» у жыцці вялікага беларускага асветніка Францыска Скарыны («Па слядах Скарыны і Моцарта». С.48).
Нарыс Уладзіміра Рынкевіча пра жыццё і творчасць Готліба Кіслінга, выдатнага прадстаўніка віленскай мастацкай школы, друкуецца пад рубрыкай «Культурны пласт» («З гронкі віленскіх гравёраў». С.52).
Завяршае нумар рубрыка «Рарытэт/з архіва памяці». Знакамітую спявачку Лідзію Галушкіну ў партыі Амнерыс з оперы Вердзі «Аіда» згадвае Артур Зайцаў («Жанчына-загадка». С.56).