ПАЧАТКАМ ШЛЯХУ ДА СПАСЦІЖЭННЯ КЛАСІЧНАЙ МУЗЫКІ ЗРАБІЛІСЯ ДЛЯ ЯГО ЗАНЯТКІ Ў ФАЛЬКЛОРНЫМ ТЭАТРЫ «ГОСЬЦІЦА» І ДЗІЦЯЧАЙ СТУДЫІ ПРЫ НАШЫМ ОПЕРНЫМ ТЭАТРЫ. ПОТЫМ НЕВЕРАГОДНА НАСЫЧАНАЯ ЎРАЖАННЯМІ ВУЧОБА Ў МУЗЫЧНАЙ ШКОЛЕ №10 ІМЯ ГЛЕБАВА, МІНСКІМ МУЗЫЧНЫМ КАЛЕДЖЫ І БЕЛАРУСКАЙ АКАДЭМІІ МУЗЫКІ. З 2015 ГОДА МІХАІЛ СУГАКА ВУЧЫЦЦА Ў ПАРЫЖСКАЙ ВЫШЭЙШАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КАНСЕРВАТОРЫІ МУЗЫКІ І ТАНЦА, ЦЯПЕР ЗАКАНЧВАЕ МАГІСТРАТУРУ. ПА ПРАГРАМЕ ЕЎРАПЕЙСКІХ АБМЕНАЎ ERASMUS MUNDUS ВЫВУЧАЎ МАЙСТЭРСТВА ДЫРЫЖЫРАВАННЯ Ў АКАДЭМІІ ІМЯ СІБЕЛІУСА Ў ХЕЛЬСІНКІ І МІЛАНСКАЙ КАНСЕРВАТОРЫІ ІМЯ ВЕРДЗІ. ТАКСАМА ЯМУ ПАШЧАСЦІЛА ПАЗНАЁМІЦЦА НА АСАБІСТЫМ ВОПЫЦЕ З СІСТЭМАЙ ПАДРЫХТОЎКІ ДЫРЫЖОРАЎ НЕ ТОЛЬКІ Ў ФРАНЦЫІ І БЕЛАРУСІ, АЛЕ І Ў ВЕНЕСУЭЛЕ, ФІНЛЯНДЫІ, ІТАЛІІ.
Начальнік аркестра ці чыгуначнай станцыі?
Слова «дырыжыраваць» прыйшло да нас ад французскага дзеяслова «diriger», гэта значыць «накіроўваць». Дырыжор — той, хто накіроўвае групу музыкантаў, каб гралі сугучна, разам гучалі прыгожа, зладжана. Па-французску наша прафесія называецца «chef d’orchestre» — «начальнік аркестра». Французы могуць пажартаваць на адрас не вельмі музычнага дырыжора «chef de gare» — начальнік чыгуначнай станцыі, які рухамі і жазлом скіроўвае людскую плынь на пероне.
Частыя ўяўленні пра паспяховую кар’еру дырыжора: аказацца ў пэўны час у патрэбным месцы або правільнае знаёмства з патрэбным чалавекам. Маўляў, што тут складанага — «махаць палачкай»? Насамрэч трэба вельмі многае ўмець. Асвоіць некалькіх музычных інструментаў, авалодаць схемамі і тэхнікамі дырыжыравання, самастойна пісаць інструментоўкі, вывучыць сотні артыкулаў з разборам музычных твораў і рэкамендацыямі іх аўтараў.
Аднак магчыма атрымаць выдатную адукацыю і нават мець вопыт кіравання аркестрам, але так і не застацца ў прафесіі. Аркестр — гэта ў першую чаргу музыканты, людзі высокаадукаваныя, таленавітыя і эмацыянальныя, як правіла, з характарам, і да іх важна знайсці падыход, заваяваць іх давер. А гэта ўжо ўласныя якасці асобы дырыжора, валоданне псіхалогіяй і нават менеджарскія здольнасці.
У Горадзе музыкі
Як паказвае мой досвед, суадносіны тэорыі і практыкі — асноўнае адрозненне ў падыходах да навучання дырыжорскаму майстэрству ў розных краінах. З першых дзён навучання дырыжыраванню ў Францыі кожны праграмны твор студэнт «замацоўвае» ў аркестры, а заняткі з канцэртмайстрамі носяць выключна трэніровачны характар: праверка тэмпаў, складаных пераходаў. На практыцы выглядае так: сёння ты вучыш ноты самастойна, заўтра прайшоў п’есу з канцэртмайстрамі, а праз дзень ужо становішся ля пульта да аркестра. Некалькі рэпетыцый — і дырыжыруеш у філарманічнай канцэртнай зале. Вучэбны канцэрт запісваецца на відэа (для абмеркаванняў) і часта транслюецца праз інтэрнэт на сайце кансерваторыі. Мэта — навучыць у рэальнасці ўзаемадзейнічаць з прафесійнымі музыкантамі, кіраваць аркестрам.
Варта патлумачыць: Парыжская нацыянальная кансерваторыя музыкі і танца належыць да «Горада музыкі». Гэтая грамадска-камерцыйная структура існуе пад патранажам Міністэрства культуры Францыі. Акрамя музычных навучальных устаноў, у яе ўваходзяць некалькі канцэртных залаў, амфітэатр, медыятэка, музей музычных інструментаў. У 2003-м у дадатак да вучэбнага студэнцкага аркестра з ініцыятывы педагогаў кансерваторыі быў створаны маладзёжны аркестр з выпускнікоў (OLC). Гэты праект вырашае шэраг актуальных задач: дае музыкантам-пачаткоўцам вопыт аркестравай рэальнасці не ў адукацыйным асяроддзі, узбагачае навучальныя планы студэнтаў опернага, харэаграфічнага, дырыжорскага аддзяленняў, бо абслугоўвае іх практычныя заняткі, выконвае опусы студэнтаў кампазітарскага аддзялення. Аркестр OLC — своеасаблівы мост паміж навучаннем і прафесійнай сферай. Таксама калектыў мае шэраг камерцыйных праектаў па-за сценамі кансерваторыі, дае канцэрты пры падтрымцы такіх сур’ёзных партнёраў, як Парыжская філармонія, Парыжская опера, Radio France, Musica Festival.
Дарэчы, на згаданых пляцоўках даволі часта выступаюць і будучыя дырыжоры. У дасье кожнага з нас за год вучобы дадаецца ў сярэднім 7-8 музычных твораў з практыкай дырыжыравання прафесійным аркестрам. У выніку выпускнік Парыжскай кансерваторыі разам з дыпломам дырыжора мае ўражальны досвед працы з аркестрам і багаж асноўнага сімфанічнага рэпертуару.
Мне было цікава даведацца, што ўжо ў першым статуце Парыжскай кансерваторыі (тады Каралеўскай школы спеваў і дэкламацыі) яна разглядалася не толькі як навучальная ўстанова, але і як канцэртная арганізацыя. Упэўнены: і ў Беларусі такое можна было б увасобіць, і гэта не пашкодзіла б нашым педагагічным традыцыям.
У Мілане і Хельсінкі
У кансерваторыі імя Вердзі, як і ў Беларускай акадэміі музыкі, заняткаў з сімфанічным аркестрам вельмі мала, а навучанне ў класе па дырыжыраванню зводзіцца да практыкаванняў з канцэртмайстрам. Дарэчы, у Мілане студэнты часта паказваюць «хатнія» нарыхтоўкі наогул без акампанементу, махаючы палачкай пад пільным позіркам прафесара. Але мне пашанцавала папрацаваць з легендарным філарманічным аркестрам «Ла Вердзі»: здаваў экзамены, дырыжыруючы сімфанічнай паэмай «Дон Жуан» Рыхарда Штрауса і сімфанічнай сюітай «Пелеас і Мелізанда» Равэля. Галоўным жа набыткам ад вучобы ў Мілане стала для мяне паглыбленне ў опернае мастацтва. З радасцю паўдзельнічаў у якасці дырыжора ў студэнцкіх пастаноўках дзвюх опер — «Дон Жуан» Моцарта і «Турандот» Пучыні. Каб зразумець, што такое італьянская опера і як яе трэба выконваць, адмыслова трэба пабываць у Італіі і пабачыць, як гэта робяць італьянцы.
У Акадэміі імя Сібеліуса будучыя дырыжоры працуюць з аркестрам студэнтаў музычных спецыяльнасцяў, пастаянныя заняткі ідуць штомесяц, яны ўключаныя ў вучэбныя планы. У Фінляндыі мяне ўразіла тэхнічная абсталяванасць вучэбных кабінетаў і выкарыстанне сучасных тэхналогій у працэсе навучання. Напрыклад, расклад заняткаў у электронным выглядзе, любыя змены часу або аўдыторыі імгненна бачныя ў вашым календары на тэлефоне. Смартфон падкажа вам таксама наяўнасць свабодных аўдыторый для асабістых заняткаў, расклад усіх майстар-класаў і лекцыі любога з факультэтаў: а раптам вам цікава іх наведаць? Такім чынам можна эфектыўна планаваць свой працоўны дзень і больш паспяваць.
У Фінляндыі таксама натхніўся праектамі, дзе музыка арганічна ўплятаецца ў дзяржаўныя праграмы сацыяльнай накіраванасці. Наш клас дырыжыраваў сімфанічным аркестрам горада Ювяскюля падчас выступленняў у аддаленых населеных пунктах. Аркестр выступаў іншым разам у спартыўных залах сельскіх школ, перад нешматлікімі гледачамі, сярод якіх былі дзеці з асаблівасцямі развіцця. Мяне ўразілі шчырая ўвага і зацікаўленасць дзяцей і дарослых класічнымі творамі, іх павага да музыкантаў — і адсутнасць жадання схалтурыць перад правінцыйнай публікай у аркестрантаў.
Роля педагога
Вядома, мне імпануе варыянт, які традыцыйна склаўся ў беларускіх музычных установах. У нас выкладчык — гэта Настаўнік. Той, хто цябе вядзе да прафесіі, адкрывае яе таямніцы і накіроўвае да глыбіннага спасціжэння, і мы без ценю сумневу крочым па ўказаным шляху. Настаўнік дае нам спісы патрэбных кніг, ён выхоўвае наш густ, перадае свае веды і пэўнае светаўспрыманне.
У Францыі такой раскошы няма. Тут трэба крочыць самастойна. Прафесар, вядома, ёсць. Але ён зусім не «адзіны педагог» і на ролю «мамы-таты» не прэтэндуе. Заняткі носяць характар майстар-класаў. У агульным і цэлым студэнты самі выбудоўваюць стратэгію ўласнага развіцця, самі шукаюць літаратуру, самі падбіраюць відэа канцэртаў і аркестраў, самі вызначаюць, што правільна і няправільна. Першыя месяцы навучання такая самастойнасць мяне крыху бянтэжыла. Калі гаворка заходзіць пра персанальныя дырыжорскія школы, то гэта тычыцца хутчэй нейкіх асобных аркестраў ці абрання пэўнага стылю музычных інтэрпрэтацый.
Прыватныя фонды і мецэнаты
На працягу многіх дзясяткаў гадоў яны цесна супрацоўнічаюць з Парыжскай кансерваторыяй. Існуе шмат асацыяцый, якія з’яўляюцца пасярэднікамі паміж багатымі і ўплывовымі людзьмі з розных краін свету і адміністрацыяй кансерваторыі (напрыклад, стыпендыю на навучанне ў Фінляндыі і Італіі мне выдзеліў японскі фонд). Кожны замежны студэнт можа падаць заяўку на датацыю па аплаце жылля (да 50%), а таксама заяўку на атрыманне стыпендыі. Што цікава, сярод спонсараў практычна няма музыкантаў.
Стыпендыя ў кансерваторыі мае сваёй мэтай не заахвочванне выдатнікаў. Мецэнаты падтрымліваюць матываваных студэнтаў, каб падчас навучальнага працэсу яны мелі магчымасць сканцэнтравацца на вучобе і ўдасканальвалі сваё музычнае майстэрства, не думаючы аб падпрацоўках. Акрамя ўласна стыпендыі, можна падаваць заяўку на аплату майстар-класаў, грашовую падтрымку пры набыцці інструментаў, дарагой апаратуры гукарэжысёра. Мецэнаты ці асацыяцыі фінансуюць некаторыя амбіцыйныя студэнцкія праекты, запіс і выпуск дыскаў, арэнду памяшканняў для канцэртаў або фестываляў. Для такой шчодрасці ёсць аб’ектыўная выгада: урад Францыі ўлічвае сумы ахвяраванняў пры штогадовым налічэнні падаткаў і робіць вялікія зніжкі, а ад іншых падаткаў наогул вызваляе.
Аднак унёсак робяць не толькі дзеля падаткапаслаблення. Многім мецэнатам прыемна быць саўдзельнікамі станаўлення будучых зорак класічнай музыкі. Яны з радасцю прыходзяць на канцэрты студэнтаў і іх выступленні на адкрытых экзаменах, сочаць за поспехамі і прагрэсам сваіх падапечных.
Аматараў класічнай музыкі ў Францыі велізарная колькасць. Характэрна: музычнае мастацтва для многіх тут хобі, якому прысвячаюць шмат часу. У любым узросце французы могуць пачаць вывучаць інструмент, займацца індывідуальна з выкладчыкам, каб потым выступаць у аматарскім аркестры ці ансамблі, якія ёсць у кожнай мэрыі. Магчыма, гэта адна з прычын, чаму так паважліва ставяцца ў Францыі да музыкантаў-прафесіяналаў.
Міхаіл Сугака