Перш чым акрэсліць тыя творчыя ідэі, якія хвалююць гэтага музыканта сёння, нагадаем, што ён двойчы выпускнік Беларускай кансерваторыі: спачатку па класе баяна, а затым, у 1986-м, па кампазіцыі ў прафесара Дзмітрыя Смольскага.
Хвашчынскі адразу актыўна пачынае працаваць у розных жанрах. Паказальнымі опусамі таго часу сталі сімфанічная фрэска «Хатынь» і кантата «Зорачкі маленства». Як музычны кіраўнік фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», затым — Дзяржаўнага ансамбля танца кампазітар піша музыку да шэрагу праграм гэтых калектываў, у тым ліку балет «Па старонках Полацкага сшытка» (1990), да фільма-балета «Тураўская легенда» (1991), харэаграфічнай карціны «Купалле» (1994). З канца 1990-х пачынае плённае музычна-творчае супрацоўніцтва з дырыжорам Аляксеем Шутом і Музычнай капэлай «Санорус». У іх інтэрпрэтацыі гучалі шматлікія опусы кампазітара на духоўныя тэксты: Miserere, Stabat Mater, Dona nobis pacem, Alleluia і інш.
Пасля свайго ад’езду ў Амерыку Сяргей Хвашчынскі стаў пераможцам больш як у 10 амерыканскіх і міжнародных кампазітарскіх конкурсах. Яго харавыя творы прынеслі перамогу розным творчым калектывам на прэстыжных музычных спаборніцтвах. Сярод выканаўцаў — хор «Stellenbosch University» (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка), прызнаны лепшым сусветным моладзевым хорам у рэйтынгу 1000 хораў, Капэла Юрлова (Расія), пераможца шматлікіх міжнародных фестываляў «Rose Ensemble» (ЗША), адзін з вядучых хораў Амерыкі «Salt Lake Vocal Artists», Шатландскі камерны хор, бэнд ваенна-паветраных сілаў ЗША ў Еўропе, Сімфанічны бэнд Даласа і інш. Музыка Хвашчынская гучала ў Карнэгі-хол і Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі, у Ісаакіеўскім і Домскім саборах.
Дырыжорка Марына Траццякова не толькі падтрымала ідэю правядзення гэтага аўтарскага канцэрта, але і склала разам з кампазітарам агульную канцэпцыю ды стварыла выразныя інтэрпрэтацыі яго музычных опусаў. Бо пагадзіцеся, што ў сітуацыі татальнага рынку нашмат лягчэй сыграць канцэрт папулярнай класікі, чым двухгадзінную праграму музыкі сучаснага аўтара.
Падкрэслім: музычная мова Хвашчынскага вылучаецца яркімі, выразнымі вобразамі, характэрным тэмбравым каларытам, арыгінальнымі канцэпцыямі. Вечар адкрывала мемарыяльная тэма, прысвечаная памяці дырыжора Алексея Шута, — «Багародзіца Дзева, радуйся» для хору a`capella (менавіта з гэтай працы пачалася творчая дзейнасць Хвашчынскага ў Амерыцы), і прэм’ерны опус «Lacrimosa» для флейты, габоя і струнных.
У праграме канцэрта ў кантрасным супастаўленні прагучалі разнажанравыя сачыненні, напісаныя для розных складаў інструментаў і ў розныя гады. Гэта і «Музычная шкатулка» для квінтэта драўляных духавых і ўдарных, якая стварае святочны настрой, прадчуванне Калядаў. Дарэчы, згаданая п’еса вельмі падабалася ў свой час Дзмітрыю Смольскаму, настаўніку кампазітара.
Дыялог паміж эпохамі, стылямі і традыцыямі ва ўсёй шматмернасці разгарнуўся ў прэм’ерным Concerto grosso для камернага аркестра і скрыпкі; яе партыя віртуозна прагучала ў Кацярыны Пукст. А вось опус «Amadeus’ Smile» («Усмешка Амадэуса») для саліруючага фартэпіяна і сімфанічнага аркестра кампазітар прысвяціў генію Вольфганга Амадэя Моцарта, з якім святкуе свой дзень нараджэння ў адзін дзень. Жаданне ўбачыць, нібы ў кінакадры, чароўную ўсмешку класіка, дакрануцца да яго ўзрушальнага меладычнага дару і ўнутранай экспрэсіі знайшло адлюстраванне ў цытаванні тэмы з Санаты до-мажор (Sonata facile). Пераасэнсоўваючы гэтую музычную тэму, Хвашчынскі разважае пра любоў да жыцця і ўсведамленне яго хуткаплыннасці, а ў фінале п’есы ставіць шматкроп’е, якое ўспрымаецца як бясконцасць.
Зусім у іншай стылістыцы прагучалі два харавыя опусы: калыханка бацькоў свайму першынцу «Where Did You Come From» на вершы шатландскага паэта Джорджа Макдональда і жартоўны спіч «Signs of Rain or...» з элементамі jazz-pop і спірычуэл пра тое, як знайсці 40 прычын, каб тактоўна адмовіць сябру ў запрашэнні пайсці разам на паляванне (вершы брытанскага доктара Эдварда Джэнера, які, акрамя ўсяго іншага, распрацаваў вакцыну супраць воспы).
Нацыянальныя матывы віртуозна былі ўвасоблены ў энергічнай беларускай «Полечцы», што ў працэсе развіцця музычнай думкі быццам прымярала на сябе розныя стылявыя ўборы: то строга класічныя, то джазава-галівудскія.
Упершыню ў Мінску прагучала разгорнутая філасофская харавая сімфонія для салістаў, хору і сімфанічнага аркестра «У пакаянні» («in Repentance»). Яна была напісаная ў 2008 годзе, калі ў свеце адбылося шмат драматычных падзей. Па словах Сяргея: «Гэта быў цяжкі час сусветнага эканамічнага крызісу, прыродных катаклізмаў, абвастрэння адносін Ізраіля, дзе жыве шмат маіх аднакласнікаў, і Палестыны, вайны ў Афганістане, Іраку, Асеціі з многімі ахвярамі... Мая сімфонія была напісана дзесяць гадоў таму, але яе ідэя застаецца актуальнай і сёння. Адказ на пытанне, якое задаю ў гэтым сачыненні: "Што рабіць?" — можна пачуць у заключнай частцы, "Kyrie", у словах "Прымі мяне ў пакаянні, Госпадзе, і памілуй мяне"».
У кожнай з пяці разнамоўных частак гэтай харавой сімфоніі гучыць толькі адзін малітоўны заклік: на іўрыце (Adonai, Eloheinu rahem), рускай (Господи, помилуй), лацінскай (Miserere, mei Deus), англійскай (Lord, Have Mercy) і грэчаскай (Kyrie, eleison) мовах. У стылістыцы вакальна-сімфанічнай фактуры цэлага аб’ядналіся традыцыі рускіх духоўных спеваў і партэснага канцэрта, грыгарыяніка, Gospel музыка, мантажная драматургія і агульная саўндтрэкавая платформа. Асабліва адзначым высокапрафесійнае выкананне саліруючых партый Настай Храпіцкай і Ігарам Саевічам.
Свой канцэрт Сяргей Хвашчынскі завяршыў узнёслай нотай, хорам a`capella «Святло кахання» на вершы беларускай паэткі Валянціны Паліканінай (салісткі Наталля Ісялёнак і Паліна Чайкоўская). Больш за 20 гадоў таму яе неаднаразова выконваў Аляксей Шут, сачыненне аказалася адной з першых сумесных творчых прац кампазітара і капэлы «Санорус».
Сапраўды, музычнае вяртанне на радзіму адбылося, і канцэрт шмат у чым стаў для беларускай публікі адкрыццём Сяргея Хвашчынскага, які працягвае ў сваёй творчасці традыцыі нацыянальнай кампазітарскай школы і адкрыты да імпульсаў сусветнай культуры. Ён выдатна валодае магчымасцямі аркестра, хору, асобных інструментаў. Хочацца верыць, што яркая пластычнасць і выразнасць меладычных ліній кампазітара стане своеасаблівай зарукай запатрабаванасці яго музыкі і прызнання слухачоў.