У кампазіцыйна свабодных, дэкаратыўных, сакавітых па колеры творах майстра нават дэталь унутрана перажытая і лагічна абгрунтаваная. У гэтым кантэксце вялікае значэнне набывае атмасфера, якая праз думкі, пачуцці, эмацыйны настрой пранікае ў ягоныя працы. Рэчаіснасць, неаддзельная ад гісторыі мінулых стагоддзяў, напаўняецца адметным сімвалічным гучаннем, раскрываючы глыбіню і шматграннасць узроўняў успрымання жыцця. Невыпадкова, што ў карцінах Рэвякова гарманічна спалучаюцца і суіснуюць рэальнасць і ірэальнасць, сучаснасць і гісторыя, старадаўняя тэхніка пісьма і ўнікальнасць аўтарскага стылю, алегарычнасць сюжэта і сімволіка піктаграм.
Нягледзячы на жанравае багацце ўласнай творчасці, увага майстра заўсёды была засяроджаная на жанры партрэта, у якім ён дасягнуў філасофскай трактоўкі і завершанасці мастацкага вобраза. Кампазіцыйна ўраўнаважаныя, цэльныя па каларыце, тэматычна разнастайныя, партрэты работы Рэвякова распавядаюць пра таямніцы чалавечай душы, чулай да пранізлівай прыгажосці навакольнага свету. Асаблівае значэнне аўтар надае фактуры палотнаў, якая амаль ніколі не бывае гладкай і роўнай. Усё як у сапраўдным жыцці. Адштурхоўваючыся ад акадэмічнай школы жывапісу і старадаўняй манеры пісьма, Андрэй Рэвякоў стварае вобразы, адметныя матэрыяльнасцю, фізічнай адчувальнасцю, эфектам прысутнасці.
Нягледзячы на рэалістычную накіраванасць работ, «рэальнасць» у іх дастаткова ўмоўная. Метафізічны пачатак, якім прасякнуты карціны, надае ім асаблівы магічны характар, стварае атмасферу сакральнасці, датычнасці да адвечных працэсаў быцця. Невыпадкова, што на многіх палотнах прысутнічаюць пэўныя знакі — тлумачальныя замалёўкі, чарцяжы, піктаграмы, нават украпіны іншых мастацкіх матэрыялаў. Іх семантыка звязвае ў адзінае цэлае нябачныя сэнсавыя ніці, паглыбляючы сімвалічны змест.
На сваёй новай выставе «Файн-Art», якая ладзілася ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Арт-Мінск-2019», Андрэй Рэвякоў прэзентаваў, апроч іншых, карціны, выкананыя ў анімалістычным жанры. Пры больш глыбокім аналізе твораў становіцца відавочна, што «сапраўднае мастацтва караніцца ў прыродзе: хто ўмее выявіць яго, той валодае ім» (Дзюрэр). Упершыню да анімалістычнай тэматыкі аўтар звярнуўся ў 2018 годзе падчас эксперыментальнай працы над серыяй выяў папугаяў («Індзейскі», «Гатычны», «Палярны», «Зорны»). Мастак свядома змяшчае птушак у нетыповыя для іх умовы, тым самым паказваючы кур’ёзнасць і непрадказальнасць самой сітуацыі. Форма кола, да якой майстар звяртаецца ў гэтай серыі палотнаў, сімвалізуе сувязь нябеснага і зямнога, мінулага і сучаснага, рэальнасці і мары. У гэтым кантэксце папугай, што ў многіх культурах лічыўся пасрэднікам паміж матэрыяльным і звышнатуральным светам, выдатна раскрывае філасофскую канцэпцыю твораў.
Мастак праз выявы жывёл здольны раскрыць цэлы спектр чалавечых пачуццяў. У карцінах «Капу$та», «Белы дзень», «Коткін дом», «Двое пад месяцам» прачытваюцца збянтэжанасць, здзіўленне, рэўнасць...
На выставе ў галерэі «Мастацтва» Андрэй Рэвякоў прадставіў карціны, напісаныя пераважна ў жанры ню, а таксама праграмны манументальны твор «Прысвячэнне Дзюрэру» (2019). Трапятлівасць, праяўленая ў дачыненні да герояў сваіх палотнаў, знаходзіць яркае ўвасабленне ў гарманічнай напоўненасці вобразаў, прадуманасці кампазіцыі, яснасці каларыту, адметнай святланоснасці. У рабоце ўвасобіліся разважанні беларускага майстра пра зямное і ўзнёслае, жыццё і смерць, шчырае і нязменнае служэнне мастацтву. Трыпціх, які аўтар прысвяціў знакамітаму нямецкаму майстру эпохі Адраджэння, раскрывае асобу Альбрэхта Дзюрэра не толькі ў якасці рэфарматара жывапісу і графікі XVI стагоддзя, а найперш як філосафа.
Творчы свет Андрэя Рэвякова — разнастайны і неадназначны, поўны парадоксаў і сэнсавай глыбіні. Стылістычная, кампазіцыйная, каларыстычная дасканаласць, віртуознае валоданне малюнкам надаюць усім палотнам майстра падкрэсленую арыгінальнасць, гарманічнасць гучання, робяць іх актуальнымі ў сучасным жыцці. Рамантычнасць, вытанчанасць, арыстакратычнасць жывапісу Андрэя Рэвякова — нагода для далейшых даследаванняў творчасці майстра ў кантэксце развіцця беларускага выяўленчага мастацтва XXI стагоддзя.
Ксенія Сяліцкая-Ткачова