На пачатку XXI стагоддзя сітуацыя істотна змянілася. Сёння ўжо нікога не здзівіш музейнай калекцыяй, майстэрствам мастака або прывезенай замежнай выставай. Каб убачыць творы Шышкіна або Пікаса, наведаць экспазіцыю Метраполітэн-музея або Траццякоўскай галерэі, не абавязкова набываць уваходны білет і некуды ісці. Інфармацыйны час дыктуе свае правілы: музеі набываюць вядомасць і папулярнасць дзякуючы не столькі калекцыям, колькі яркім праектам і ўдалым рэкламным кампаніям у СМІ.
Сучаснага чалавека, распешчанага багаццем прапаноў і магчымасцяў, неабходна пастаянна здзіўляць, захапляць і заклікаць выбраць. У рэшце рэшт, і музеі, і мастакі хочуць аднаго: каб мастацтва не толькі паказвалі, але і каб на яго глядзелі.
А як музею, які жадае знайсці водгук у наведвальніка, захаваць традыцыі, вечныя каштоўнасці і смела крочыць у будучыню? Складаная задача. Тым не менш Нацыянальны мастацкі музей з ёй спраўляецца, няхай і не заўсёды лёгка.
Фармаванне камунікатыўнай мадэлі ў Мастацкім адбываецца з дапамогай не толькі традыцыйных форм работы (экскурсій і лекцый), але і інавацыйных метадаў: распрацоўваюцца інтэрактыўныя праграмы; праводзяцца майстар-класы, канферэнцыі; ствараюцца музейныя святы, інклюзіўныя і міжнародныя праекты, віртуальныя туры па экспазіцыі.
Сёння акцэнт робіцца на стварэнне музейных праектаў, так званых «спецыяльных падзей», якія ўключаюць у сябе ўласна саму выставу і арганізаваныя ў межах яе розныя мерапрыемствы (лекцыі, семінары, сустрэчы, канцэрты).
За апошнія некалькі гадоў у Нацыянальным музеі быў створаны шэраг унікальных мастацкіх праектаў. Згадаем міжнародны выставачны праект «Сальвадор Далі», выставу карцін вядомага музыкі, лідара гурта «Акварыум» Барыса Грабеншчыкова «Татэмы Зімагораў», праект «Айвазоўскі і марыністы», прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння мастака, яркі, стыльны арт-праект «RELAX. Жывапіс. Скульптура. Графіка», напоўнены гармоніяй, пачуццёвасцю, спакоем і ціхамірнасцю. Выстава «Адкрыццё сучаснасці» прыадчыніла гледачу таямніцы мастацтва рэстаўрацыі. Самай яркай падзеяй Культурнай праграмы II Еўрапейскіх гульняў 2019 года стала экспазіцыя НММ «Гульні. Игры. Games». Незвычайная экскурсія «Гоя — рэжысёр тэатра ценяў» дазволіла гасцям музея адчуць атмасферу мяжы XVIII—XIX стагоддзяў і ўбачыць сапраўдныя містычныя творы Франсіска Гоі так, як гэта рабілі аматары мастацтва дзвесце гадоў таму — вечарам, пры свечках або лямпе... Кожную з пералічаных выстаў суправаджалі лекцыі, канцэрты, майстар-класы, сустрэчы з мастакамі або стваральнікамі праекта.
Нацыянальны музей практыкуе «Зборныя экскурсіі» або «Прагулкі з куратарам»: у прызначаны час кожны жадаючы мае магчымасць не толькі прагуляцца па выставе, але і сустрэцца з яе куратарам, даведацца больш падрабязна пра канцэпцыю і этапы пабудовы экспазіцыі.
Папулярнасцю ў наведвальнікаў Нацыянальнага мастацкага карыстаюцца міжнародныя праекты і акцыі. Несумненна, пальма першынства тут належыць Ночы музеяў. Раз на год каля дзвюх тысяч музеяў у свеце «не спяць», адкрываючы свае дзверы для ўсіх, каму цікава ўбачыць «храм муз» у нязвыклы час.
Нацыянальны мастацкі музей Беларусі ўпершыню прыняў удзел у Ночы ў 2005-м. На працягу ўсёй гісторыі міжнароднай акцыі ў вядучым музеі краіны можна было апынуцца «ў свеце Пікаса», разгадаць таямніцы «Усходняй ночы», прабавіць «Вечар у французскім стылі», трапіць у «Прасторы Жанчыны», пераканацца ў тым, што «Апакаліпсісу не будзе», знайсці нешта новае і цікавае, не разгаданае ў беларускіх традыцыях падчас «Беларускай ночы, або Музея ў фантастычных апавяданнях», не заблукаць у «Лабірынце часу», атрымаць асалоду ад маўклівасці «Ціхай ночы», параўнаць «Музей учора + заўтра», прыняць удзел у «Гульні ў класікі», паглыбіцца ў насычанасць колеравага спектру і вызначыць сваю «Форму колеру». Сёлета падчас міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» Мастацкі заклікаў сваіх гасцей: «Адчуваць!».
З кожным годам увага да Ночы музеяў узрастае, а НММ імкнецца прыдумваць цікавую тэматыку і здзіўляць сваіх гасцей. Мабыць, таму Мастацкі не змог спыніцца толькі на адной «ночы» ў год, арганізаваўшы «Вераснёвую ноч» — традыцыйную акцыю, прымеркаваную да святкавання Дня горада Мінска. У адрозненне ад Ночы музеяў, «Вераснёвая» мае больш інтэлектуальны фармат — дзеля такіх падзей ствараюцца выставы, чытаюцца лекцыі, вядуцца дыскусіі. І міжнародная акцыя «Ноч музеяў», і «Вераснёвая ноч» — маштабныя святы, зладжаныя ў музейнай прасторы.
Увогуле святы карыстаюцца ў музеі поспехам. Сёлета цікавасць у гасцей набыў святочны вечар «Навагодні джаз у Мастацкім!», а напярэдадні Новага, 2019 года музей запрасіў маленькіх і дарослых наведвальнікаў на «Ёлку ў Мастацкім». «Веснавое свята — 2019» адбылося ў лютым і ўзнавіла атмасферу святкавання Усходняга Новага года па месяцовым календары. Вясну сустракалі па сонечным календары: святочнай праграмай для дзяцей «Дзень добры, Масленіца!».
Асноўнай мэтавай аўдыторыяй свят у Мастацкім з’яўляюцца сем’і з дзецьмі. Музей надае вялікую ўвагу арганізацыі вольнага часу падрастаючага пакалення. З 1991 года ў Нацыянальным музеі працуе мастацка-адукацыйная студыя «У госці да Цюбіка». У студыі дзяўчаткі і хлопчыкі вучацца ўважліва глядзець і бачыць творы, разумець задуму аўтара, фармуляваць свае пачуцці і ўражанні словамі, а пасля — выказваць іх на паперы ў малюнку. Для юных аматараў таксама ствараюцца дзіцячыя інтэрактыўныя праграмы «Героі маіх карцін...», «У колеры ёсць душа, гатовая раскрыцца...», «Архангел Міхаіл, сіл грозных ваявода», «Пышная раскоша параднага партрэта» і нядаўна створаныя гульні-квэсты «Дзеці ў музеі» (прымеркавана да святкавання Дня абароны дзяцей) і «Падарожжа ў свет спорту» (арганізавана ў межах выставачнага праекта «Гульні. Игры. Games»).
Аднак дзейнасць музея цікавіць не толькі сем’і, дзяцей і моладзевую аўдыторыю. Аматарамі і наведвальнікамі Мастацкага з’яўляюцца людзі старэйшага пакалення. Прадстаўнікам «трэцяга ўзросту» прапануецца як самастойнае наведванне музея, так і разнастайныя тэматычныя экскурсіі, «Прагулкі з куратарам» па экспазіцыі.
Творчасць не мае межаў. Не мае перашкод і наведвальнік Мастацкага. Дзякуючы інклюзіўным праектам, такім як беларуска-шведская інклюзіўная лабараторыя «ArtIncLab», тактыльныя арт-праекты «І адчуваючы, бачыць...» і «Мастацтва на кончыках пальцаў», распрацаваным у Нацыянальным мастацкім, людзі з інваліднасцю могуць не толькі наведваць музей, але і быць актыўнымі ўдзельнікам творчага працэсу.
Мастацкі заваёўвае гарадскую прастору. Падчас свайго 75-гадовага юбілею музей «выйшаў у народ»: на фасадзе асноўнага будынка па вуліцы Карла Маркса, 24, з’явіліся восем рэпрадукцый з жывапіснымі шэдэўрамі Станіслава Жукоўскага, Апалінарыя Гараўскага, Івана Хруцкага, Фердынанда Рушчыца, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Віталя Цвіркі, Іосіфа Аляшкевіча і Валерыі Жолтак. Крыху пазней — у верасні 2014 года — рэпрадукцыі вядомых карцін з Нацыянальнага мастацкага ўпрыгожылі сцены двух вагонаў Мінскага метрапалітэна. І сёння на галоўных праспектах беларускай сталіцы мінчане і госці горада могуць бачыць знакавыя творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея.
Мастацкі не застаўся ў баку і ад значных міжнародных праектаў, якія звяртаюць увагу на розныя праблемы чалавецтва. Так, ужо некалькі разоў музей далучаўся да Міжнароднай экалагічнай акцыі Сусветнага фонду дзікай прыроды «Гадзіна зямлі». У 2018 годзе ў падтрымку акцыі музей на 60 хвілін адмовіўся ад асвятлення і прапанаваў наведвальнікам, узброіўшыся ліхтарыкамі, пагуляць па цёмных экспазіцыйных залах. Падчас «Гадзіны зямлі — 2019» адбыліся «экалагічныя» экскурсіі па пастаяннай экспазіцыі. Кожны меў магчымасць убачыць знакамітыя пейзажы Івана Шышкіна, Архіпа Куінджы, Івана Айвазоўскага, Апалінарыя Гараўскага і іншых творцаў з незвычайнага ракурсу — з пункту гледжання сучаснага стану навакольнага асяроддзя.
У ХХI стагоддзі немагчыма пакінуць без увагі тэлевізійны фармат і віртуальную прастору. Так, да 80-годдзя Мастацкага на тэлеканале «Беларусь 3» адбылася прэм’ера васьмісерыйнага дакументальнага фільма «Дом, дзе жыве мастацтва», які адлюстроўвае гісторыю галоўнага музея краіны. Дзейнасці Мастацкага музея прысвечаныя, напрыклад, цыкл перадач «Арт-гісторыі» пра яго шэдэўры, тэлепраграмы «Культпрасвет» на канале «Беларусь 3», «АРТіШОК» на канале «Беларусь 24» і іншыя.
Музей усталяваў нефармальны кантакт з аўдыторыяй на інтэрнэт-пляцоўках. Штодня павялічваецца колькасць падпісчыкаў афіцыйных старонак НММ у сацыяльных сетках. Інтэрнэт-карыстальнікі актыўныя і разняволеныя ў рэакцыях на публікацыі і падзеі музея, у водгуках, каментарыях. Імгненныя рэакцыі дазваляюць наведвальніку адчуць, што іх меркаванне пачутае, а гэта стымулюе згадваць музей часцей.
Нацыянальны музей не абмяжоўваецца стварэннем праектаў ва ўласных сценах, а заваёўвае глабальную прастору. У 2018 годзе Мастацкі далучыўся да міжнароднага Дня сэлфі і прапанаваў наведвальнікам зрабіць аўтапартрэты на смартфон у музеі і падзяліцца імі ў сацыяльных сетках.
Спецыяльны курс «Арт-азарт» (блогінг у сферы мастацтва для дзяцей) аб’ядноўвае рэальнае і віртуальнае наведванне Мастацкага. Падлеткі знаёмяцца з экспазіцыяй музея і папулярызуюць яго ў сеціве.
Нацыянальны мастацкі музей крочыць у нагу з часам: змяняе парадыгму падачы інфармацыі пра ўласныя калекцыі і падзеі, стварае ўнікальныя праекты, рассоўвае межы музейнай прасторы, ідзе насустрач наведвальніку і знаходзіць водгук у сваіх гасцей.
Менавіта таму ў кнізе водгукаў усё часцей з’яўляецца запаветны сказ: «Я выбіраю Мастацкі!».
Алёна Машчонак