Гісторыя музея
Тады пытанне пра асобную Карцінную галерэю не вырашылася: музей быў выселены са свайго будынка на Архірэйскім падвор’і ў чатыры пакоі Дома калгасніка і ў 1934-м атрымаў назву Дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея БССР. Але паколькі месца было мала, то ён не функцыянаваў як публічная ўстанова. Усебеларускія мастацкія выставы, што перыядычна адкрываліся з 1925 года, праходзілі ў непрыстасаваных памяшканнях то Камуністычнага ўніверсітэта, то Клуба працаўнікоў асветы, то Дома калгасніка ці Дома Чырвонай арміі. Маладая беларуская сталіца патрабавала асобнай мастацкай пляцоўкі: наступалі часы грандыёзных ідэалагічных юбілейных экспазіцый — напрыклад, да 20-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі «Ленін і Сталін — арганізатары БССР». Упершыню гэтае пытанне разглядалася на Бюро ЦК КП(б)Б у чэрвені 1936-га. У 1937 годзе пры Інстытуце літаратуры, мастацтва і мовы АН БССР пачала працу спецыяльная група па арганізацыі Карціннай галерэі БССР.
24 студзеня 1939 года выйшла пастанова Савнаркама БССР «Аб арганізацыі карціннай галерэі ў г. Мінску»: галерэя павінна была размясціцца ў пяці пакоях былога будынка Акадэміі навук БССР пасля пераезду Акадэміі ў новыя карпусы, узведзеныя Іосіфам Лангбардам. Увесь фонд карцін і скульптур, акрамя музейных экспанатаў з сістэмы Наркамасветы ды іншых наркаматаў, загадвалася перадаць Кіраўніцтву па справах мастацтваў пры СНК БССР. Ужо праз два тыдні паводле акта ад 8 лютага 1939 года ў Карцінную галерэю было перададзена больш за 400 твораў мастацтва з Дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея. Гэта работы, што мелі мастацкую вартасць, — нацюрморты, краявіды, партрэты негістарычных асоб, жанравыя кампазіцыі і працы сучасных мастакоў. У пастанове пра арганізацыю Дзяржаўнай карціннай галерэі прозвішча яе кіраўніка яшчэ не называецца. Мікалай Міхалап быў зацверджаны як дырэктар праз паўтара месяца пасля пастановы асобным распараджэннем СНК БССР ад 9 сакавіка 1939 года. Нягледзячы на тое, што ён не з’яўляўся «вытрыманым партыйцам», Міхалап, спецыяліст мастацкай прамысловасці, прапанову прымае як загад: адмаўляцца ў тыя гады не было прынята. Акалічнасці менавіта гэтага прызначэння сёння невядомыя.
Асоба ў фокусе
Мікалай Міхалап адыграў выключную ролю ў стварэнні галерэі. Мінчук і інтэлігент у першым пакаленні, ва ўсіх шматлікіх анкетах ён пазначаў сябе беларусам. Маладосць яго прайшла пад уплывам ідэй беларускага адраджэння.
У 1905 годзе ён паступіў у прыватную пецярбургскую Цэнтральную вучэльню тэхнічнага малявання барона Шцігліца. Вучні займаліся па праграме Акадэміі мастацтваў, заняткі афортам вёў выдатны майстра гравюры Васілій Матэ.
Міхалап любіў згадваць маладосць і нялёгкія, але цікавыя гады жыцця ў Пецярбургу: беларускі гурток студэнцкай моладзі, які Мікалай наведваў разам з Янкам Купалам, удзел у афармленні першай пастаноўкі пецярбургскай «Паўлінкі». У гуртку ён зацікавіўся беларускім арнаментам на кафлі і слуцкіх паясах, адшукваў іх у старых выданнях збораў Імператарскай публічнай бібліятэкі.
Пасля доўгіх назіранняў за жывёламі ў Белавежскай пушчы ён зрабіў для дыплома фаянсавую статуэтку «Зубра» (1915). У той жа год упершыню прадстаўляе свае творы, восем керамічных вырабаў, на мінскай выставе 1915 года «Мастакі — воінам».
1925—1930-я прысвечаны працы ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, куды Міхалап быў запрошаны Міхаілам Керзіным, загадчыкам навучальнай часткі. Ён узначальвае керамічны аддзел, стварае керамічную майстэрню, выкладае тэхналогію керамікі і кампазіцыю да тых часоў, пакуль аддзел «за ненадобностью» не закрываюць. У жніўні 1930 года Міхалапу прапануюць новую працу ў сталіцы БССР — загадчыкам керамічнай лабараторыі ў аддзеле мінеральнай тэхналогіі Навукова-даследчага інстытута прамысловасці. Ён узначальвае групу па даследаванні вогнетрывалай і тонкай керамікі, вывучае пытанне вырабу безвінзовай глазуры для абліцовачных плітак.
У 1933 годзе Мікалая Міхалапа абіраюць дэлегатам на савецка-германскую канферэнцыю фарфорава-фаянсавай прамысловасці, у 1937-м ён член Навуковай рады Інстытута прамысловасці, дзе адказвае за вывучэнне фарфоравай масы з беларускай сыравіны на Дулеўскім заводзе, з’яўляецца адным з арганізатараў міжнароднай выставы ў Парыжы «Мастацтва і тэхніка ў сучасным жыцці» (1937), да якой рыхтаваў «спецыяльныя мастацкія экспанаты па кераміцы». На ўсіх гэтых пасадах Міхалап паказаў сябе выдатным арганізатарам.
Новы будынак па вуліцы Карла Маркса
Новаму дырэктару акрэслілі задачу — стварыць да 20-годдзя БССР галерэю з адпаведнымі савецкімі экспанатамі і экспазіцыяй, што лёгка б дэмантавалася пад маштабныя ідэалагічныя выставы, прызначаныя ў тым ліку і для паказу ў сталіцы СССР. Створаны ў 1938 годзе Саюз мастакоў БССР, хоць і меў сярод сваіх сяброў 100 асоб (40 мастакоў пражывала ў Мінску), не мог прафесійна выконваць такога кшталту задачы. У 1939-м пачалася падрыхтоўка да выставы «Ленін і Сталін — арганізатары беларускай дзяржаўнасці», прымеркаванай да 30-годдзя БССР. На пасяджэнні Бюро ЦК КП(б)Б ад 16—17 жніўня 1939 года было вырашана арганізаваць выставу выяўленчага мастацтва да Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве ў чэрвені 1940-га.
З першых дзён кіравання Мікалай Міхалап выявіў моцны арганізатарскі талент. Галерэю планавалася стварыць у былым малым будынку Інбелкульта. Але Міхалап дабіўся большага. Газета «Звязда» ад 15 чэрвеня 1939 года паведамляе, што для галерэі перададзена новае памяшканне — трохпавярховы дом былой Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы па вуліцы Карла Маркса. Будынак, што да рэвалюцыі быў жаночай гімназіяй, меў 15 вялікіх па плошчы і высокіх пакояў, у ім маглі размясціцца каля 400 экспанатаў.
Аддзел мастацкай прамысловасці
У галерэі напачатку былі створаны тры аддзелы — старажытнага, народнага і сучаснага выяўленчага мастацтва. Дырэктар арганізуе экспедыцыі, падчас іх ідзе пошук прадметаў народнага мастацтва — посцілак, ручнікоў, народных ікон. А потым на сваю рызыку пашырае ўласныя паўнамоцтвы: дабіваецца асаблівай пастановы (у чэрвені 1939 года) аб стварэнні аддзела мастацкай прамысловасці, у які прапаноўвалася перадаваць усе керамічныя вырабы, шкло, творы з дрэва, тканіны і мэблю з ліку тых, што не экспанаваліся ў абласных музеях. Міхалап просіць перадаць з Дзяржаўнага Эрмітажа паўсотні работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку мэблю з «Сіняй спальні» Аляксандра ІІ у Зімнім палацы.
Перадачы з музеяў СССР
У ліпені пачаліся рамонт і прыстасаванне новага памяшкання для размяшчэння экспанатаў. У першай палове чэрвеня ў галерэю ўжо прывезлі каля 600 карцін (трэба адзначыць прафесійны выбар твораў), гравюр і скульптур, у тым ліку 50 гравюр заходніх майстроў ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў. Некалькі дзясяткаў карцін еўрапейскіх майстроў з уласных фондаў былі перададзены з маскоўскага Музея выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна. Вядомы савецкі мастак Барыс Іагансон ахвяраваў мінскай галерэі эскіз вялікай панарамы «Пераход праз Сіваш», масквіч Фёдар Мадораў — карціну «Канал гатовы». Спецыялісты з Траццякоўскай галерэі і «супрацоўнік-жывапісец» галерэі Адольф Гугель, выхаванец Віцебскай мастацкай вучэльні, пачалі рэстаўрацыю твораў, якія паступілі.
У жніўні 1939 года ў галерэю з музеяў Віцебска і Магілёва дадаткова былі перададзены дзве карціны Рэпіна, працы перасоўнікаў Якабі, Башылава, Лемаха, Катарбінскага, Клевера, Піманенкі і Архіпава, а таксама два краявіды італьянскай школы, «Забойства св. Стэфана» Сальватора Розы, тры мармуровыя статуі («Венера Медыцэйская», «Венера Галіцыцэйская» і «Меркурый і Аргос») і дзевяць карцін Януарыя Сухадольскага з Гомельскага гістарычнага музея. У 1939-м агульная колькасць твораў, што паступілі з Гомеля, дасягнула 55-ці.
Дзяржаўны рускі музей у Ленінградзе перадае 30 верасня 1939 года Карціннай галерэі 85 эстампаў рускіх мастакоў ХІХ—ХХ стагоддзяў з дуплетнага фонду. З арыгінальных дошак у Пецярбургу былі надрукаваны гравюры «Icones» Гірша Лейбовіча.
У 1939 годзе ў галерэю былі перададзеныя некалькі твораў з былога Музея пралетарскай культуры ў Віцебску і больш за 60 — з расфарміраванага ў 1930-м у Ленінградзе Музея яўрэйскага гісторыка-этнаграфічнага таварыства, у тым ліку матэрыялы этнаграфічных экспедыцый 1928 года і такія шэдэўры пачатку ХХ стагоддзя, як «Развод» Юдэля Пэна, «Пахаванне ў мястэчку» Абрама Маневіча, фармальныя экспрэсіяністычныя акварэлі Ісахара Бера Рыбака і Льва Зевіна. Міхалап, які нейкі час працаваў у Віцебску, добра ведаў многіх тамтэйшых мастакоў. Шкада, што з добра выбранай калекцыі захаваліся лічаныя работы. Цяпер усе яны знаходзяцца ў экспазіцыях музеяў у Мінску і Віцебску.
Адкрыццё Дзяржаўнай карціннай галерэі
8 лістапада 1939 года адбылося ўрачыстае адкрыццё галерэі, прымеркаванае да 22-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі і 30-годдзя БССР. Тыднёвік «Літаратура і мастацтва» падрабязна апісвае гэтую падзею і распавядае пра першых візітораў: «...прысутнічалі байцы і камандзіры мінскага гарнізона, стаханаўцы, пісьменнікі-ардэнаносцы Змітрок Бядуля і Міхась Лынькоў, скульптары заслужаныя дзеячы мастацтваў Керзін і Грубэ... У гэты дзень карцінную галерэю наведалі сакратары ЦК КП(б)Б т. Панамарэнка, Малін, Грэкава».
На час адкрыцця ў галерэі мелася больш за 1200 экспанатаў. Палову твораў у першыя гады складалі калекцыі старажытнага і прыкладнога мастацтва. Пра ўзровень экспазіцыі можна меркаваць з падрабязнага артыкула Мікалая Міхалапа ў «ЛіМе». Ён нібы ведаў, што гэтыя звесткі будуць каштоўнымі для нашчадкаў — гісторыкаў мастацтва. Напрыклад, у экспазіцыі рускага мастацтва ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў прысутнічалі: «Мужчынскі партрэт» Антропава, «Партрэт Загражскай» Рокатава, бюст фельдмаршала Румянцава-Задунайскага Шубіна, «Бітва пры Кангуце» Растрэлі, гравюры Зубава, Чэмесава, Ухтомскага, Сакалова. Дакладна вядомы і склад беларускіх залаў: «Майстар гадзіннікаў» Пэна, аўтапартрэт і краявід Альпяровіча, партрэты дачок Волкава, «Калгасны статак» Геды, «Апошні дзень Чапаева» Зайцава, «Уступленне Чырвонай арміі ў Мінск» Манасзона, «Паранены таварыш» Пашкевіча, «Парыж» і «Манмартр» Цукермана.
Праз два гады праца была наладжана, галерэя мела ўласны грузавік з кіроўцам і дастатковы штат супрацоўнікаў. Міхалап надаваў кадравым пытанням шмат увагі, у галерэі працавалі навуковыя супрацоўнікі з універсітэцкай адукацыяй: Аляксандра Васілеўская, Ганна Главацкая, Сендэр Палеес, Алена Аладава. Абавязкі намесніка дырэктара па захаванню экспанатаў выконваў Дзіперштэйн, захавальніцай фондаў была Зоя Канапацкая, мастаком-рэстаўратарам — Адольф Гугель.
Творы з Заходняй Беларусі
Пасля 17 верасня 1939 года — далучэння да БССР Заходняй Беларусі і Беластока — Карцінная галерэя папоўнілася мастацкімі каштоўнасцямі з ліку нацыяналізаванай маёмасці шляхецкіх маёнткаў і замкаў Заходняй Беларусі. Гэта былі мэбля эпохі Людовіка ХІV і майстэрні Жакоб, камінныя гадзіннікі, статуэткі са слановай косці (64 адзінкі), 480 прадметаў рускага фарфору. Збор заходнееўрапейскага мастацтва налічваў 800 адзінак, у тым ліку 210 — мейсенскага фарфоравага заводу, меліся збор кітайскага фарфору, каўказскія дываны і французскі габелен ХVIII стагоддзя,
30 прадметаў урэцкага шкла, 200 посцілак беларускіх ткачых, паясы фабрык «Леа Маджарскі ў Слуцку», Пасхаліса ў Ліпкаве, Францыска Маслоўскага ў Кракаве. Асаблівую каштоўнасць уяўлялі мастацкія творы з Нясвіжскага замка. Сярод узятых на ўлік 264 карцін і партрэтаў спецыяльнай камісіяй адзначаны як высокамастацкія каля 40 фамільных партрэтаў ХІV—ХVIII стагоддзяў, 20 гуашаў і малюнкаў Фалата, 32 слуцкія паясы, мэбля, гадзіннікі і вазы. Са шляхецкіх сядзібаў паступілі таксама «Дажынкі» Рушчыца, карціны Эраста Сукоўскага, Зянона Ленскага, Генрыха Вейсенгофа.
Слуцкія паясы
Міхалап пачаў змаганне за перадачу радзівілаўскіх мастацкіх багаццяў галерэі, а не ў маскоўскія музеі, бо стала вядома пра арганізацыю музейных экспедыцый з галоўных мастацкіх скарбніц СССР. Трэба было дзейнічаць хутка. У вопісе маёмасці замка ад 6 кастрычніка 1939 года ідзе гаворка пра 32 паясы з Рыцарскай залы, якія маюць высокую мастацкую якасць. Але лёс замка яшчэ не быў вядомы. 27 снежня 1939 было прынятае рашэнне пра арганізацыю ў замку музея, але ўжо 10 студзеня 1940 года «во изменение решения» пастанавілі перадаць замак пад Дом адпачынку НКУС БССР, «оставив временно на месте исторические ценности». І вось нарэшце пастанова:
«...наиболее ценные художественные картины, коллекцию слуцких поясов, часть мебели и представляющие ценность скульптуры и вазы передать Управлению по делам искусств при СНК БССР для Республиканской картинной галереи».
Гэтыя дакументы даюць уяўленне пра намаганні дырэктара далучыць каштоўныя экспанаты да фондаў галерэі. Безумоўна, дапамагла дэкадная выстава ў Маскве, на якой Мікалай Міхалап марыў паказаць паясы — беларускую адметнасць, сенсацыю, як потым пісалі газеты, «узор выдатнай творчасці беларускіх прыгонных ткачых». Ён нездарма ганарыўся гэтым зборам: «Па сваёй паўнаце, багацці і разнастайнасці рысункаў гэта калекцыя адзіная ў свеце», — пісала газета «Звязда» 10 мая 1940 года.
Навуковыя дасягненні
За два з паловай гады нястомнай працы зборы галерэі дасягнулі трох тысяч адзінак захавання.
Гэта быў сапраўдны подзвіг музейшчыкаў першага пакалення, якія здолелі за 9 месяцаў у неверагодных умовах жорсткай ідэалогіі, рэпрэсій і барацьбы з рэлігіяй назапасіць у сваіх фондах шмат сапраўдных твораў мастацтва.
Галерэя паспела правесці некалькі вялікіх стацыянарных выстаў і рыхтавала перасоўныя для абласных гарадоў Беларусі — Брэста, Магілёва і Віцебска. Вялася асветніцкая праца. Алена Аладава падрыхтавала і здала ў друк кароткі каталог-даведнік па галерэі. Са снежня 1939 года пачаў працаваць лекторый па гісторыі мастацтва ХVIII—ХIХ стагоддзяў і савецкім перыядзе.
Кожны навуковы супрацоўнік вёў уласную тэму: Васілеўская рыхтавала даследаванне пра творчасць Заіра Азгура, Аладава — пра старажытнае мастацтва Магілёўшчыны, Палеес — біябібліяграфічны слоўнік мастацтва Беларусі з ХII стагоддзя і манаграфію пра трох старэйшых мастакоў Беларусі — Пэна, Кругера і Альпяровіча. Ён жа склаў і каталог твораў Пэна ў галерэі.
Ідэалагічныя выставы 1940 года
Пасля адкрыцця галерэі ўсе сілы яе супрацоўнікаў былі аддадзены падрыхтоўцы выставы да Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве ў чэрвені 1940 года. Часу было толькі паўгода. Газета «Літаратура і мастацтва» ад 23 красавіка 1940 года ў артыкуле «Да выстаўкі выяўленчага мастацтва ў Маскве» паведамляе, што скончаны адбор экспанатаў, сабрана каля 1000 твораў. «У аддзеле народнай творчасці — выдатныя слуцкія паясы. Сабраныя творы экспаніраваны ў Карціннай галерэі БССР». Быў падрыхтаваны і выдадзены каталог «Изобразительное искусство Белорусской ССР» з уступнымі артыкуламі Аладавай і Палееса («Слуцкія паясы»). На выставе, акрамя сучаснага беларускага мастацтва, меліся раздзелы старога мастацтва і асобна — паказ слуцкіх паясоў з радзівілаўскай калекцыі. У 1940 годзе выдалі каталог вялікай выставы — «Ленін і Сталін — арганізатары БССР» з прадмовай Главацкай. Экспазіцыя аб’ядноўвала 50 скульптур і 221 твор жывапісу. Гэта бясцэнныя для гісторыкаў Беларусі дакументальныя крыніцы нашых ведаў пра даваенны перыяд існавання галерэі.
Дэкадная выстава праходзіла ў Маскве ў выставачным павільёне Цэнтральнага парка культуры і адпачынку, архітэктурна аформленым брыгадай мастакоў пад кіраўніцтвам Валерыя Алтуф’ева. Сярод экспанатаў — старажытныя мініяцюры, кнігі Францыска Скарыны, гравюры Гірша Лейбовіча, копіі насценных роспісаў. Наталля Сакалова ў газеце «Чырвоная Змена» 12 чэрвеня 1940 года пі-ша: «Зверху да нізу павільёна спускаюцца шырокія залататканыя стужкі, упрыгожаныя танчэйшым раслінным арнаментам, — гэта так званыя слуцкія паясы, вядомыя яшчэ задоўга да выставы».
У час Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве Сендэр Палеес прачытаў цыкл лекцый па беларускім мастацтве для супрацоўнікаў Траццякоўскай галерэі. Ад гэтых лекцый захаваўся ілюстрацыйны матэрыял — здымкі 32 слуцкіх паясоў з нясвіжскіх збораў Радзівілаў, якія трапілі ў галерэю.
Пачатак вайны: рабаўніцтва
Першыя дні пачатку вайны — самая цьмяная старонка гісторыі музея. У галерэі на той час меліся толькі два навуковыя супрацоўнікі: Аладава і Мядзведзева. Палеес быў у камандзіроўцы ў Брэсце, Васілеўская — з перасоўнай выставай у Магілёве, Главацкая — у адпачынку.
Вайна пачалася нечакана. Бамбіць Мінск пачалі ўжо 24 чэрвеня. З лістоў вядома, што яшчэ 23 чэрвеня Мікалай Міхалап тэлефанаваў беларускім мастакам, з дапамогай якіх спадзяваўся ратаваць галерэю. Але многія былі мабілізаваныя. Тады Міхалап пайшоў у ЦК КПБ, але заспеў там толькі афіцэраў, якія спешна пакавалі партыйныя архівы. Ніякіх загадаў пра эвакуацыю галерэі не паступала.
У чэрвені ў галерэі дэманстраваліся дзве выставы. Адна з іх — «Ленін і Сталін — арганізатары беларускай дзяржаўнасці», другая — экспазіцыя прыкладнога мастацтва (палехскія шкатулкі) з Загорскага музея. Увесь асноўны фонд знаходзіўся ў сховішчах.
Супрацоўнікі галерэі і некаторыя мастакі (Гугель, Бразер) сабраліся ў газасховішчы Карціннай галерэі. Эвакуяваць зборы галерэі сіламі музейных супрацоўнікаў немагчыма: не было ні транспарту, ні рабочай сілы. Кіроўцу адзінага музейнага грузавіка мабілізавалі, сам грузавік быў перададзены ваенкамату. І ўсё ж нешта здолелі зрабіць. Аладава і Міхалап, паводле пазнейшых успамінаў, запакавалі многія экспанаты, схавалі збор слуцкіх паясоў спачатку ў скрыні, а потым у паляніцы з дровамі. Усе яшчэ разлічвалі на хуткую перамогу Чырвонай арміі, як абяцала савецкая прапаганда.
Але партыйным уладам, ад якіх чакалі загаду, бы-ло не да галерэі. Мінск гарэў, пачалася паніка, жыхары беглі з горада. Карцінная галерэя згінула не ад снарадаў і бомб, а ад абыякавасці кіраўніцтва, яно не здолела забяспечыць галерэю транспартам.
«Міхалап перад прыходам немцаў зачыніў будынак на ключ і скіраваўся з горада разам з хворай жонкай», — згадвала мастацтвазнаўца Ірына Ялатамцава, якая сябравала з дырэктарам. Мікалай Міхалап, як сведчаць яго падрабязныя запісы, прыняў рашэнне пакінуць горад 26 чэрвеня а 4-й гадзіне вечара. Сем’і Аладавай і Міхалапа выходзілі з ахопленага агнём горада разам.
Гэты трагічны дзень — 26 чэрвеня 1941 года — назаўсёды застаўся ў памяці музейшчыкаў. Ён падрабязна занатаваны і Аладавай, і Міхалапам.
«26 чэрвеня пад націскам надыходзячага ката-немца пакінулі наш родны горад. Пакідаючы яго, я адчуваў вельмі падаўлены стан, бо перажываць гэты момант было вельмі цяжка», — пісаў Міхалап у 1943 годзе да пляменніцы. Той жа стан адчаю адчуваецца і ва ўспамінах Аладавай: «Сыходзячы з разбуранага Мінска ў чорныя дні вайны, з намі сустрэліся на ўскраіне горада мастакі Гаўрыленка і Зайцаў. Памятаю, як суцяшалі яны тады нас, музейных работнікаў, што з адчаем азіраліся на палаючыя ўскраіны горада. Там засталося наша тварэнне — толькі набраўшая сілу цудоўная карцінная галерэя з цудоўнай калекцыяй старажытнабеларускага, рускага, замежнага і прыкладнога мастацтва. З вялікім зборам лепшых работ мастакоў рэспублікі».
28 чэрвеня 1941 года фашысты ўвайшлі ў Мінск. Нямецкія часці СС пачалі гвалтоўнае рабаванне галерэі (за два дні да гэтага дзверы ўжо былі зламаны марадзёрамі-мінчукамі, якія павыносілі дываны і шкатулкі палехскіх майстроў). 16 жніўня ў галерэі з’явіўся рэйхсфюрар СС Генрых Гімлер. Як ні прыкра, адзіныя здымкі інтэр’ераў галерэі ў час вайны былі зроблены асабістым фатографам фюрара Вальтэрам Фрэнтцам.
Першыя нямецкія часці толькі часткова пагаспадарылі ў галерэі. Затым у Мінску з’яўляюцца Ганс Пасэ — дырэктар Дрэздэнскай галерэі і асоба, упаўнаважаная па стварэнні асабістага музея Гітлера на яго радзіме, у Лінцы, — і Кай Мюльман, упаўнаважаны па ўліку культурных і мастацкіх каштоўнасцей на ўсходніх тэрыторыях.
Меліся ў горадзе і прадстаўнікі таварыства «Спадчына», якое ўзначальваў сам Гімлер. Жадаючых прысвоіць мінскія калекцыі аказалася шмат, і паміж імі існавала суперніцтва. Лепшыя прадметы прыкладнога мастацтва і палотны, як сведчаць дакументы, былі канфіскаваныя Гансам Пасэ, каштоўныя калекцыі адпраўлены ў Рэйх і ў Кёнігсберг. Да верасня 1941 года збор мастацкай галерэі быў практычна страчаны. У гэты час гаўляйтар Вайсрутэніі (так звалася Беларусь)
Вільгельм Кубэ скардзіцца Альфрэду Розенбергу, што горад пазбавіўся мільённых каштоўнасцей, бо неацэнныя «палотны, мэбля XVIII—XIX стст., вазы, вырабы з мармуру, гадзіннікі і г.д. СС аддае на разрабаванне вермахту». Шмат чаго было вывезена ў невядомым кірунку, нешта засталося ў нямецкіх арганізацыях у Мінску.
Вайна раскідала мінскіх галерэйшчыкаў па розных кутках краіны: Аладава трапіла ў Саратаў, дзе скончыла курсы вадзіцеля грузавіка, а потым была прызначаная намесніцай па навуковай частцы музея імя Радзішчава, Палеес — у Фрунзэ, дзе ўзначальваў Карцінную галерэю Кіргізскай ССР. 7 ліпеня 1941 года Мікалай Міхалап з жонкай знаходзіўся ў пасёлку Краж пад Куйбышавам, дзе ўладкаваўся працаваць у школу настаўнікам чарчэння і малявання.
У жніўні 1944 года, пасля вызвалення Мінска, Міхалап звярнуўся да Панамарэнкі, Старшыні Савета народных камісараў, з просьбай пра вяртанне на працу ў Мінск. У лісце ад 22 жніўня 1944 года да дачкі Мікалай Міхалап яшчэ спадзяецца на працяг ранейшай дзейнасці. 19 жніўня ён нечакана атрымаў ліст ад Зарэмы Канапацкай, у якім яна піша, што каштоўныя экспанаты нямецкі вылюдак вывез, але будынак захаваўся.
Толькі ў кастрычніку 1944 года Міхалап даведаўся: дырэктарам галерэі прызначаная Алена Аладава. Паведаміла пра гэта Зарэма Канапацкая, якую новая кіраўніца запрасіла працаваць захавальніцай фондаў. Мікалай Міхалап піша ў адказ: «Ваша праца ў Галерэі прынясе шмат карысці, і Вы будзеце там адным з асноўных работнікаў. Так што выбар т. Аладавай, па-мойму, вельмі ўдалы. Пра сябе магу паведаміць, што перажываю, як ніколі, тугу па родных мясцінах і людзях увесь час знаходжання ў Кражы... І не можаш працаваць так, як гэтага патрабуе сённяшні дзень. А працы ў нас непачаты край! Перадайце прывітанне... усёй вашай сям’і, а таксама ўсім мастакам і работнікам галерэі». Міхалап спакойна і годна паставіўся да прызначэння энергічнай і маладой Алены Аладавай; акрамя таго, першаму кіраўніку галерэі споўнілася ўжо 59 гадоў.
З 1944-га пачынаецца новы перыяд існавання музея — адраджэнне, вяртанне старых і збор новых экспанатаў пад кіраўніцтвам Алены Аладавай, другога легендарнага дырэктара галерэі.