МОЙ СУРАЗМОЎЦА УЛАДЗІМІР ПРАКАПЦОЎ — ТАКСАМА ПРАДСТАЎНІК ЦЭЛАЙ ЭПОХІ, ШТО АХОПЛІВАЕ 20 ГОД НАПРУЖАНАЙ ПРАЦЫ З САМАГА КАНЦА ХХ СТАГОДДЗЯ. ЯКІ ГЭТА БЫЎ ЧАС, У ЯКІМ СТАТУСЕ МУЗЕЙ СУСТРАКАЕ СВАЁ 80-ГОДДЗЕ, КУДЫ РУХАЕЦЦА, ЯК ПАШЫРАЛІСЯ ПЛОШЧЫ І ЗМЯНЯЛІСЯ КАНЦЭПТЫ — ПРА ЎСЁ ГЭТА ГУТАРЫМ З ДЫРЭКТАРАМ НАЦЫЯНАЛЬНАГА МАСТАЦКАГА МУЗЕЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ.
Ваш музей сёння перажывае дынамічныя трансфармацыі, удасканальваецца інфраструктура, пашыраюцца функцыі, завяршаецца будаўніцтва музейнага квартала… Музей мяняецца, і адбываўся гэты працэс паступова. Вы былі прызначаны дырэктарам у 1998 годзе, стаўшы пераемнікам Юрыя Карачуна. Што працягвалі, а што новага ўвялі ў параўнанні са сваім папярэднікам? Як развівалася стратэгія музея з прыходам новага дырэктара?
— Першае, што я зрабіў, калі стаў дырэктарам, — ушанаваў сваіх папярэднікаў. Паставіў бюсты Мікалаю Міхалапу, Алене Аладавай і Юрыю Карачуну. На фасадзе галоўнага будынка ўсталявалі мемарыяльную дошку, прысвечаную Аладавай, а таксама ўшанавалі архітэктара музейнага будынка Міхаіла Бакланава.
Адначасова я прааналізаваў і перагледзеў усю гаспадарку музея: мы мелі восем філіялаў у розных рэгіёнах Беларусі. У Мазырскім раёне ў вёсцы Гурыны (былы будынак 8-гадовай школы) знаходзілася карцінная галерэя, дзе размяшчаліся творы беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя. У адным з будынкаў комплексу Гальшанскага касцёла таксама быў філіял. Я зразумеў, што грошы размываліся, эфекту не было ніякага. Таму патраціў пяць-шэсць гадоў на тое, каб скараціць філіялы, аддаць іх на мясцовае кіраванне. Напрыклад, Музей-майстэрня Заіра Азгура перададзена гораду Мінску, Лошыцкі музейны будынак — таксама сталіцы. Нам, праўда, у спадчыну застаўся Мірскі замак, у якім мы на працягу 12 год рабілі рэстаўрацыю, музеефікацыю, а ў 2010 годзе ён стаў асобнай рэспубліканскай установай. У Гальшанах будынак быў перададзены касцёлу, бо ён першапачаткова яму належаў. Пакінулі ў якасці філіялаў толькі музей Ваньковіча ў Мінску, Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах і Музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве. Калі філіялаў стала менш, з’явілася магчымасць сканцэнтраваць усе сродкі на галоўным корпусе музея, дзе таксама было шмат праблем. І адна з істотных заключалася ў тым, што музей — адзін з найбуйнейшых навуковых і культурна-асветных цэнтраў краіны, які ў 1993 годзе атрымаў пачэснае найменне «нацыянальны», не мог плённа развівацца з-за недахопу плошчаў.
Дзякуючы наведванню музея ў 1999 годзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам аднавілася раней «замарожанае» ўзвядзенне прыбудовы да галоўнага будынка. Па просьбе кіраўніцтва музея ў 2000-м нам быў перададзены суседні 5-павярховы дом 1954 года пабудовы на вуліцы Леніна, 22, дзе размяшчаўся інстытут «Геасэрвіс».
Хачу падкрэсліць важны аспект: на працягу гэтых дваццаці двух гадоў музей з’яўляўся замоўцам. Мы самі адказвалі за ўсе працэсы, звязаныя з будаўніцтвам, за фінансы, за своечасовае іх асваенне. Гэта даволі складана, і аналагаў у краіне я не ведаю, але за гэтыя гады я набыў яшчэ адну прафесію: стаў і прарабам, а не толькі адміністратарам, мастаком, мастацтвазнаўцам. Такім чынам мы ўводзілі прыбудову, праводзілі рэканструкцыю і музеефікацыю Мірскага замка, у апошнія тры гады зрабілі капітальны рамонт і музеефікацыю Музея Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, і сёння гэтак сама будуем музейны квартал. Для нас важна, што мы не даем магчымасці пускаць працэс на самацёк.
А вы задаволены новым корпусам музея, які быў адкрыты ў 2006 годзе?
— Новы корпус мае клімат-кантроль, кругласутачнае відэаназіранне, сучасную сістэму асвятлення, плошча складае 7130 м2 , у тым ліку экспазіцыйная — 2640 м2 , дэпазітарый — больш за 1000 м2 з сучасным абсталяваннем. Ён стаў лагічным працягам і доўгачаканым дапаўненнем да асноўнага будынка музея 1957 года.
Што тычыцца архітэктурнага вырашэння: там ёсць пытанні… Але праект быў зроблены да мяне, і на яго былі выдаткаваны вялікія грошы. Нешта я змог змяніць па ходзе спраў. Калі б ад мяне залежала, я б зрабіў праект іншым. Узяў бы за аснову бакланаўскі будынак, скампанаваў бы яго наадварот: усталяваў вялікую лесвіцу, закальцаваў галерэю. На жаль, атрымалася шмат вольнага месца, але ўсё з цягам часу перафарматуем. Дэкору не будзе, італьянскага дворыка — таксама, будзе нармальны музейны інтэр’ер, спадзяюся.
Вы некалі казалі, што тры разы мянялі свой штат…
— Не штат, а сваіх намеснікаў. Тры разы, таму што той аб’ём работ і адпаведную адказнасць не ўсе вытрымлівалі. Кожны год з’яўляліся новыя праблемы, іх трэба было вырашаць штодзённа, штодзень канкрэтнай справай даказваць сваё прызначэнне. Не ўсе гэта могуць вытрымаць, музею трэба аддавацца цалкам, бо гэта не толькі тваё рабочае месца, а фактычна — і твой родны дом. Я гэта асабістым прыкладам даказваю сваім падначаленым. Таксама я тры разы перафарбаваў залы рускага мастацтва ў старым корпусе, сам выбіраў колеры і ў астатніх залах музея. Сёлета былі вымушаны па ўсім бакланаўскім будынку рабіць абследаванне з экспертызай сцен, столі, падлогі. На працягу трох месяцаў гэты будынак быў закрыты, карціны — вынесены. Пасля экспертызы шматлікія нішы ў сценах былі зашпакляваны, паркетная падлога таксама шмат дзе адноўлена. Усё было пафарбавана зноў, і я застаўся задаволены гэтай вялікай работай — залы музея сёння выглядаюць як новыя і адпавядаюць тым колерам, якія я хацеў бачыць. Нарэшце і першая зала набыла сапраўдны колер «бардо», як я і хацеў.
Вы прыйшлі пасля сур’ёзнага фінансавага крызісу: зразумела, гаспадарчыя пытанні патрабавалі неадкладнага вырашэння. А якія адбыліся праграмныя змены ў музейнай палітыцы?
— Па-першае, я адразу паставіў кропкі над «і» ў выставачнай дзейнасці. Калі раней, у часы БССР, музей быў амаль адзіным месцам, дзе можна было арганізоўваць выставы, то сёння маюцца Палац мастацтва, разнастайныя галерэі, НЦСМ, таму аўтары з сучаснымі праектамі могуць выстаўляцца ў іншых месцах. Бо напрамак музея — класічны. Не акадэмічны. Праўда, мы арганізуем эксперыментальную лабараторыю ў арт-кафэ для маладых аўтараў, таксама падчас Ночы музеяў мяняем фармат на больш вольны.
Зараз мы ўвогуле пераглядаем выставачныя формы працы з мастакамі. Бо наш музей з цягам часу ператварыўся ў карцінную галерэю, стаў пляцоўкай, дзе выстаўляюцца ўсе юбіляры. Менавіта таму мы вырашылі ладзіць экспазіцыі толькі класікаў беларускага мастацтва: напрыклад, да 95-годдзя Віктара Грамыкі, да 100-годдзя Віталя Цвіркі, плануем у наступным годзе адзначыць 90 гадоў Мая Данцыга, Арлена Кашкурэвіча і Леаніда Дударэнкі. Каб дарасці да выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі, трэба мець адпаведнае імя, дастаткова высокі прафесійны ўзровень. Некаторых мастакоў нават са званнямі мы не рэкамендуем на вучонай радзе. Бо не павінны ператварацца ў прахадную галерэю.
У нас вялікія музейныя зборы, якія нам важна паказаць гледачу, і мы ладзім на аснове калекцый тэматычныя выставы. Летась паказалі «RELAX, або 6 практык расслаблення вачыма мастакоў» — выставу на аснове нашых фондаў. Два разы паказалі творы Айвазоўскага. Першы раз падалі яго як марыніста. Па заяўках паўтарылі, але ўвялі іншых мастакоў, звязаных з тэмай мора. Такія выставы звычайна доўжацца тры месяцы, і гэта дае нам магчымасць арганізоўваць інтэрактыўныя праграмы — лекцыйныя, музычныя, экскурсійныя. Сярод удалых экспазіцый згадаю «Гульні. Игры. Games» прысвечаную спорту, дзе былі паказаны творы і савецкага перыяду з нашых фондаў, старое кіно і працы сучасных мастакоў. Кантраст раскрыў новыя аспекты тэмы. Таму наша перспектыва — не проста развесіць работы на сценах, а стварыць свайго роду адкрыты падручнік, карысны для студэнтаў. Сёння, на жаль, зніжаецца ўзровень выкладання ва ўстановах мастацтваў, таму важна паказаць, як працавалі нашы старыя майстры. Вельмі важная частка нашай дзейнасці — замежныя выставы. Не ўсе гледачы могуць наведаць Ліхтэнштэйн ці нейкую іншую краіну.
Таксама плануем паказваць сваіх класікаў, чые творы апынуліся за межамі Беларусі. У наступным годзе ў рамках ЮНЕСКА будзем адзначаць 150 гадоў Фердынанда Рушчыца. Актыўна вядзём перамовы з польскімі і літоўскімі музеямі наконт выстаў і канферэнцый. Плануецца гашэнне маркі, выпуск манеты, прысвечанай мастаку. Арганізуем мы і выставы з іншых музеяў. Напрыклад, у рамках святкавання стагоддзя УНОВИСа вядзём перамовы з установамі блізкага і далёкага замежжа.
Міністэрства культуры даводзіць нам план платных паслуг. Мы гэты план павінны выконваць: чым больш будзе інтэрактыўных праектаў, у тым ліку і замежных, тым больш наведвальнікаў, тым больш сродкаў, з якіх выплачваем супрацоўнікам прэміі, з пазабюджэтных грошаў аплачваем часткова камунальныя паслугі і трымаем аўтатранспарт.
На якія выставачныя кампрамісы вы гатовы пайсці ў пошуку фінансавых сродкаў?
— Ні на якія. Напрыклад, я ўпэўнены, што камерцыйны мастак Нікас Сафронаў не будзе ў нас выстаўляцца, а расійскія мастакі, такія як Валянцін Сідараў, Таір Салахаў, Зураб Цэрытэлі, браты Ткачовы, Дзмітрый Жылінскі і іншыя, будуць, бо гэта сапраўды высокі прафесійны ўзровень. Такая выстава, дарэчы, плануецца ў наступным годзе.
Якраз вось хацела спытаць: вы некалі сказалі, што павінны рабіць праекты з такімі знакавымі музеямі, як Траццякоўка, Эрмітаж. Чаму не з еўрапейскімі музеямі? Вялікіх сусветных паказаў хранічна тут не хапае.
— Каб арганізаваць такі еўрапейскі праект, патрэбныя вялікія грошы, бо вельмі высокія страхоўкі. Гэта мы ведаем па нашых музейных выставах Марка Шагала. Зараз вось з Францыяй будзе сумесная выстава, прысвечаная Надзі Лежэ, але там графіка, яе танней прывезці. Пытанне тут толькі ў фінансах. Мы стараемся браць творы з іншых музеяў, але гэта галоўным чынам абменныя выставы. Напрыклад, графіка выбітнага швейцарскага мастака з Ліхтэнштэйна Іагана Людвіга Блойлера «Падарожжа па Рэйне» экспанавалася сёлета ў адказ на нашу выставу абразоў (ХVII—XX стагоддзяў). Прычым яна ўпершыню за два стагоддзі пакінула сцены музея Ліхтэнштэйна. У наступным годзе адбудзецца выстава Карнэлія Баба з Бухарэсцкага нацыянальнага мастацкага музея. Ёсць дамовы з Арменіяй, Узбекістанам, Украінай…
Якім чынам арганізуюцца ў вас выставы? Хто ініцыятар?
— Вучоная рада разглядае заяўкі беларускіх мастакоў, якія выконваюцца толькі на 15-20 адсоткаў. Выставы з фондаў ладзяць супрацоўнікі, па міжнародных — дамаўляемся са сваімі калегамі. Расстаўляем наступныя прыярытэты: напачатку міжнародныя выставы, а тыя плошчы, што застаюцца, аддаём беларускім класікам.
Самае значнае ваша дасягненне на пасадзе дырэктара.
— За гэтыя два дзесяцігоддзі набыты пэўны аўтарытэт музея не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. А самае галоўнае — распачата будаўніцтва музейнага квартала, у ажыццяўленне якога мала хто верыў нават з маіх калег.
Які плануецца адкрыць ужо ў наступным годзе… У чым яго ўнікальнасць?
— Гэта будзе адзіны музейны комплекс з пяці будынкаў, злучаных паміж сабой пераходнымі галерэямі і прыбудовамі. Такім чынам мы задаволім нашы ўзрослыя патрэбы, станем сапраўдным музеем ХХІ стагоддзя. Займеем належныя ўмовы для захавання твораў мастацтва дзеля будучых пакаленняў. Сёння ў музеі ўтрымліваецца больш за 33 тысячы адзінак захавання, сярод іх шмат сапраўдных шэдэўраў — як беларускіх, так і сусветных.
Важна разумець, што захаванне музейных прадметаў ідзе поруч з іх рэстаўрацыяй, гэта рэчы цалкам узаемазвязаныя. Сфарміраваць упершыню ў Беларусі буйны рэстаўрацыйны цэнтр, забяспечыць яго найноўшым абсталяваннем і кваліфікаванымі кадрамі — надзённая патрэба, і яна, упэўнены, дасць штуршок развіццю айчыннай музейнай рэстаўрацыі.
Мы нарэшце зможам паказаць многія скарбы, якімі валодае музей. Агульная экспазіцыйная плошча павялічыцца на 3263 м2, ці на 43% у параўнанні з цяперашняй, і наш музей зможа паказаць каля 8% свайго збору пры сённяшніх 3%. А гэта азначае, што наведвальнікі змогуць пабачыць шматлікія творы, некаторыя з якіх раней экспанаваліся толькі на часовых выставах, а многія ўвогуле ніколі не паказваліся публіцы. Найперш гэта, вядома, датычыцца нацыянальнай мастацкай спадчыны. Гледачы ўбачаць беларускае мастацтва такім, якім яны яго яшчэ не бачылі, у той паўнаце і разнастайнасці, у якой яно ніколі нідзе не экспанавалася.
І гэта далёка не ўсе нашы задумы. У другой палове 2020 года плануецца адкрыццё першай чаргі — будынка па вуліцы Карла Маркса, 24, дзе будуць праходзіць самыя розныя выставачныя праекты на плошчы 845 м2, з развітай інфраструктурай: арт-кавярняй, крамай сувенірнай прадукцыі. Паралельна з гэтым вядуцца работы па ўводзе ў эксплуатацыю музейнага будынка па вуліцы Кірава, 25, што ўвабраў у сябе элементы архітэктуры XIX—XX стст. Тут запланавана размясціць рэстаўрацыйныя майстэрні, архіў і бібліятэку, памяшканні пад захаванне асобных фондавых калекцый.
У далейшым будуць рэканструяваныя цяперашнія адміністрацыйны і галоўны будынкі музея. У цэнтры комплексу пасля аб’яднання галерэямі ўсіх аб’ектаў музея з’явіцца ўтульны ўнутраны дворык, які стане паркам скульптуры.
Такім чынам, праз некаторы, спадзяюся, непрацяглы час будзе скончана рэстаўрацыя і прыстасаванне ўсіх аб’ектаў музейнага комплексу Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, які і знешне, і вонкава будзе адпавядаць высокаму званню апірышча муз. Для самых розных наведвальнікаў, у тым ліку і для людзей з інваліднасцю, будзе спецыяльны ліфт, будуць прадстаўлены высокамастацкія экспазіцыі, што раскрыюць гісторыю нацыянальнага і замежнага мастацтва, міжнародныя выставачныя праекты, а таксама прастора для іншых форм музейнай актыўнасці. І ўсё гэта з выкарыстаннем найноўшага мультымедыйнага абсталявання.
Мяркую, праз нейкі час новая генерацыя музейных экскурсаводаў будзе гаварыць наведвальнікам: «Яшчэ на пачатку XXІ стагоддзя пастаянная экспазіцыя музея займала ўсяго пяць залаў…»
Што з запланаванага не ўдалося рэалізаваць на пасадзе дырэктара?
— Усё ўдалося, і самае галоўнае — атрымалася развіццё музейнай інфраструктуры. Калі б я на працягу сваёй дзейнасці не займаўся гэтым стратэгічным пытаннем — пашырэннем музейнай плошчы, — то заўтра ў майго пераемніка не выйдзе нічога. Урэшце ўсё можна купіць — і Шагала, і Кікоіна. Важна, каб сцены і музейнае абсталяванне адпавядалі ўзроўню ХХІ стагоддзя.
Нацыянальны мастацкі музей — візітоўка краіны, ён падвышае яе імідж. Мы павінны годна паказаць нашы набыткі замежным турыстам, каб яны мелі ўяўленне, што ў краіне развіваецца не толькі рэальны сектар эканомікі, але і мастацтва, а пра яго за мяжой мала ведаюць. Важна выхоўваць пачуццё гонару за нашу культуру, гісторыю, мастакоў у нашых гледачоў, асабліва моладзі.
Наша місія — навукова-асветніцкая, адукацыйная, эстэтычная — папулярызацыя мастацтва, у тым ліку і беларускіх аўтараў, не толькі праз выставы. Мы выдаём каталогі, альбомы, выходзіць серыя кніг «Нашы славутыя мастакі з Беларусі», за 9 гадоў выпусцілі больш за 30 на трох мовах — беларускай, рускай, англійскай, так званы беларускі іканастас нашых ураджэнцаў.
Гісторыя музея даволі трагічная, першапачатковая калекцыя была амаль цалкам страчана. Якім чынам папаўняюцца музейныя зборы сёння, ёсць свайго роду звышідэя — кампенсаваць страту знакавых рэчаў для беларускай культуры?
— Мы пастаянна шукаем на гэта сродкі. Слуцкіх паясоў у нас толькі два, а было да вайны 48.
З твораў ураджэнцаў Беларусі — адзін Рушчыца. З мастакоў Парыжскай школы маем два графічныя аркушы Марка Шагала, якія падарыў Белгазпрамбанк. Спонсары набываюць па нашай замове той ці іншы твор, дораць яго нам. Беларус-калекцыянер з Масквы Аляксандр Валадчынскі падараваў работу Бялыніцкага-Бірулі, два нацюрморты ўраджэнца Гродна, мастака Парыжскай школы Восіпа Любіча набытыя Ганаровым консулам Беларусі ў Цюрыху Анастасіасам Акратасам, тры творы Надзі Хадасевіч-Лежэ («Абстрактная кампазіцыя з чырвоным шарам», 1928 год, «Партрэт», 1935 год, «Мір», 1948 год), работа Кікоіна, карціна Крэменя і твор Глюкмана набыў Ганаровы консул Беларусі ў Лазане Андрэй Нажэскін.
Расійскі бізнэсмен, беларус па паходжанні Георгій Хацанкоў пры пасрэдніцтве Пасольства Беларусі ў Францыі падараваў 12 прац сучасных беларускіх мастакоў з уласнай калекцыі: тры творы народнага мастака Аляксандра Кішчанкі, адзін — Аляксея Марачкіна, а таксама скульптараў Галіны Гаравой (чатыры творы), Уладзіміра Слабодчыкава, Леаніда Давыдзенкі і Станіслава Ларчанкі.
Нам не трэба, напрыклад, закупляць палотны Шышкіна ці іншых рускіх мастакоў, акрамя, канешне, падарункаў музею, бо кожны з іх каштуе каля мільёна долараў. За гэтыя грошы можна купіць, скажам, тры працы Рушчыца ці Майсенкі.
Мы ведаем, чаго ў нас не хапае, аднак на ўсё не стае фінансавых магчымасцей. Таксама мы павінны збіраць творы і сучасных мастакоў — знакавых аўтараў. Але звычайна атрымліваем такія работы ў дар.
Культавы твор, які б я хацеў выстаўляць у нашым музеі і на які б прыязджалі нават замежныя турысты, — гэта «Габелен стагоддзя» Аляксандра Кішчанкі.
Бліжэйшыя планы тычацца, верагодна, адкрыцця квартала.
— Так, зацвердзіць у наступным годзе палову музейнага квартала, а затым і другую. Мне і калектыву музея пад сілу адкрыць і квартал, і нават музейны мікрараён.
Асабіста я атрымліваю на сваёй пасадзе асалоду, таму што ўсё сышлося ў маёй працы: мастак, мастацтвазнаўца, арганізатар, добрая школа ў апараце Савета Міністраў. Выдатная базавая адукацыя і набыты вопыт дазваляюць мне сёння на роўных размаўляць з любым мастаком, са сваімі замежнымі калегамі, весці перамовы дзеля роднага музея Беларусі.
Тады будзем чакаць адкрыццяў у абноўленым музеі.
Гутарыла Алеся Белявец.