— Напэўна, калі б я не сыграў пана Тадэвуша, Скшэтускага, Ведзьмака — такіх звышвядомых і суперкамерцыйных, — дык не быў такім папулярным акцёрам. Часта ў акцёрскім жыцці здараецца так, што ролю складаную, якая спрыяе тваёй класнасці, асабовасці, магчымасцям, у тэатры граеш, выконваеш, увасабляеш доўга, сціпла. А з’яўляецца роля простая і разам з ёй — вядомасць. Важныя і тыя, і тыя. Кожны артыст хоча вярнуцца ў тэатр, але часта не можа. Бо баіцца. Бо не патрапіць.
Пан дырэктар, да свайго «6 паверха» вы дайшлі ў 2010 годзе. Ваш партнёр — вядомы рэжысёр Эўгеніюш Корын. Калі вы зразумелі, што наспеў час ствараць свой тэатр? Хто каго спакусіў альбо пераканаў: спрабаваць варта?
— Упершыню я пачуў пра Эўгеніюша Корына ў 1989 годзе, калі ён стаў на чале Новага тэатра ў Познані (тады ў польскім тэатры надышоў добры час, гэткая перабудова). Корын рабіў «Караля Ліра» з Тадэвушам Ламніцкім — адным з найвыбітнейшых артыстаў, якіх толькі нараджала польская зямля. Усе ведаюць, як гэта скончылася: у 1992-м Ламніцкі памёр на рэпетыцыі за тыдзень да прэм’еры, а водгулле здарэння шырока абляцела супольнасць. Праз чатыры гады я сустрэў Эўгеніюша ў нашай Тэатральнай акадэміі, на маім курсе ён рабіў дыпломны спектакль. Я не быў заняты, але не прамінуў спытацца, як працавалася з панам Ламніцкім. Ён мяне тады адправіў — вядома, што яму са студэнтам размаўляць. Аднак потым прапанаваў ролю ў «Злачынстве і пакаранні» Фёдара Дастаеўскага ў познаньскім тэатры.
Я быў заняты кар’ерай у кіно, ды з цягам часу, калі зрабіўся так званым папулярным акцёрам і засумаваў па сапраўдным тэатры, які вельмі люблю, я пазваніў Эўгеніюшу. На маю думку, ён якраз меў тую дасведчанасць, абазнанасць, майстэрства, з якімі можна было стварыць інтэлектуальны тэатр, заснаваны на добрай літаратуры. Ён на той час ужо быў выбітным прафесарам у Вроцлаве. Так усё і пачалося — з некалькіх тэкстаў зрабілі адзін, паспрабавалі другі, пашукалі трэці... Працавалася нам вельмі добра. Настолькі, што я зразумеў: мы маем вялікі голад на літаратурны тэатр, вялікую патрэбу ў ім. Я сам выхоўваўся менавіта на такім тэатры, але на пэўны час ён стаў адрынутым, пакінутым, нават забытым. Часіна мянялася да лепшага, людзі адцягнуліся на ўпарадкаванне дабрабыту, куплялі лядоўні, пралкі, машыны, кватэры, бралі крэдыты, а тэатр усё адсоўваўся. Я, як малады чалавек, які прафесійна ўзрастаў на Запасевічы (Збігнеў Запасевіч, акцёр, рэжысёр, педагог. — рэд.), Галубеку (Густаў Тэафіл Галубек, артыст, рэжысёр, сенатар. — рэд.) ды іншых найлепшых славутасцях польскага тэатра, ведаў, што калісьці надыдзе такі момант у Польшчы, калі людзі здаволяцца і захочуць вярнуцца ў глядзельні. Так і здарылася. Гэтак сама было і з нашай залай (тэатра «6 паверх». — рэд.). Колькі гадоў мы шукалі сабе такую ў Варшаве — яе папросту не было. А гэтая пуставала, зусім закінутая, ніхто сюды не хадзіў і нават не ведаў, што яна існуе. Мы склалі бізнэс-план, зрабілі прапанову гораду — і справа зладзілася. За абсталяванне, якое вы тут бачыце, мы выклалі ўсё да апошняга гроша, гэта быў такі першы крок супрацоўніцтва з горадам у галіне культуры. У Варшаве дваццаць чатыры дзяржаўныя (датацыйныя. — рэд.) тэатры, але мы з’яўляемся такім, які аніводнага злотага датацыі не бярэ (і не мае права браць паводле статуту), дый не шукае ніякай падставы прасіць грошы на сваю дзейнасць. Але арэнду за сваю залу мусім плаціць і ў траўні, і чэрвені, і ў ліпені — калі гледачы не ходзяць. Такую самую, як у студзені, лютым і сакавіку. Умовы досыць жорсткія, гэта пастаянная барацьба.
Дакладны разлік і веданне тэатральнага рынку?
— Так, я атрымаў адукацыю ў галіне маркетынгу. Пакуль навучаўся, зразумеў, што з маркетолагамі размаўляць пра тэатр лепш, як з людзьмі тэатральнымі. Глядач, калі ідзе ў тэатр, не разбірае, дзяржаўны ён ці прыватны. Яго больш хвалюе, каб не балела дупа і каб на выдаткаваныя грошы —а яны цяжка дасталіся — ён адчуў да сябе ўвагу і павагу, каб на тыя дзве гадзіны, якія звычайна бавяцца ў тэатры, ён забыўся, што жыццё складанае, хтосьці хворы, нечага не выстачыла ці не атрымалася, каб ён падумаў: «Як шкада, што так рэдка хаджу ў тэатр, бо я забыўся, што жыву!» Гэтак жа думалі Мальер, Чэхаў... Эўгеніюш Корын выхаваны пецярбургскай тэатральнай школай, дзе праца артыста з рэжысёрам — падстава для існавання тэатра. Корын паставіў самую вялікую колькасць польскіх спектакляў, паказаных больш за сто разоў, мае ўсе магчымыя ўзнагароды, тытулы і польскае грамадзянства і... не пазначаны, напрыклад, у спісе польскіх рэжысёраў. На шчасце, нам няма калі на гэта зважаць.
Неяк у інтэрв’ю вы назвалі сябе фронтмэнам тэатра, а Эўгеніюша Корына — мозгам. Як вы суіснуеце і разумеецеся?
— На шчасце, я яго люблю як чалавека і давяраю яму, а ён адказвае мне тым самым. Мы можам адрознівацца меркаваннем пра шмат якія рэчы, але ў нас аднолькавыя погляды на сцэну — на ўсё, што там адбываецца, і на тое, як там павінна быць. Адразу чуем, што моцна, добра, дыхтоўна, праўдзіва, пераканаўча, і тое, што папросту халтура. Гэта найважнейшая рэч. Без такой прыязні, мастацкага сяброўства, паразумення нічога б не было. Мы ў стане ацаніць геапалітычную важкасць тэатральнай прапановы — ці хацелі б самі гэта бачыць? А потым стараемся займаць артыстаў, лепшых за нас — гэта вельмі проста! І не зайздросцім калегам, калі ім штосьці ўдаецца, а радуемся. Альбо наша зайздрасць ператвараецца ў захапленне.
Эўгеніюш Корын — вядомы перфекцыяніст, гатовы бясконца кшталціць і ўдасканальваць. Але ж, здаецца, у камерцыйным прыватным тэатры час на падрыхтоўку спектакля моцна абмежаваны...
— Зусім наадварот. У нас працуюць толькі па добрай волі. Мы бяром выдатны тэкст, а для выбару выканаўцаў да нашых паслуг уся Польшча, незалежна ад таго, будзе гэта дзядзька Ваня і Войцех Маляйкат, дырэктар Тэатральнай акадэміі, альбо Соня, выбраная з трохсот студэнтаў. Ён ці яна атрымлівае кантракт, працуе два-тры месяцы, ведае тэкст на памяць з першай рэпетыцыі (з першай!) і памятае, што ў кантракце напісана: мусіць сыграць сто спектакляў. Пэўныя даты паказаў выстаўлены на тры сезоны наперад. Узгадняем вучобу, вакацыі, усе святы і да іх падобнае. Аднак акцёр мусіць ведаць, што да ягонага ўнёску ў спектакль і да ягонага таленту ставяцца ашчадліва, сур’ёзна. Наша моц — якасць. Мы адразу выпускаем спектакль з найлепшым акцёрскім складам, са святлом, гукам, касцюмамі, з усімі прадуманымі і вырашанымі дробязямі і вельмі моцна, шчыльна пракатваем.
Як вы аднойчы заўважылі: мусіце рабіць сваю справу не проста добра, а вельмі добра?
— Мы «ўклалі кій у мурашнік», бо на нашы пастаноўкі не выдаткоўваюць датацыйныя грошы, рэпертуар нікто не зацвярджае, але спектаклі ўсё роўна добра прадаюцца. Яшчэ з часоў маёй маладосці вялося так, што асобу, якая робіцца кіраўніком датацыйнага тэатра, не надта абыходзіць, ці дваццаць чалавек прыйшлі на спектакль, ці дзвесце. Асоба і так, і гэтак мае грошы для пастановак на наступны год. Я перакананы, што гэта вельмі дэмаралізуе стыль працы, бо асабліва можна не старацца. Між тым мяркую, што інстытуцыянальны тэатр — з’ява выдатная, бо там можна ставіць «Караля Ліра» альбо «Гамлета». Няможна зарабляць выключна на білетах, бо з тых білетаў не заплаціш столькі, колькі каштуе такое мастацтва, але гэтых тэатраў мусіць быць два ці тры, там павінны граць найлепшыя артысты, якія мусяць мець дзяржаўнае ўтрыманне, і ўзровень гэтых тэатраў павінен быць значна вышэйшы за наш! Ды хіба гэта так?..
Пан дырэктар, некаторыя вашы спектаклі вытрымліваюць па дзвесце-трыста паказаў...
— Па пяцьсот.
Маё захапленне! Але ці даводзілася вам расплачвацца за памылкі?
— Так. Адразу пасля адкрыцця тэатра, у вялікім камерцыйным, медыяльным і артыстычным поспеху, мы пастанавілі зрабіцца лепшымі, чым ёсць. Узялі трынаццаць найздольнейшых выпускнікоў тэатральных школ з фестывалю ў Лодзі і зрабілі з імі спектакль. Адна пятая залы прыйшла. Цяжка граць для пустой залы. Яны тры месяцы рыхтаваліся, з іх ліўся пот, тэкст выдатны, яны ўсе працаздольныя і таленавітыя, рэжысёр — Корын! Гледачоў няма. Білеты не прадаюцца. А справа простая: глядач гартае газету і выбірае спектакль, які цікавіць з пункту гледжання складу выканаўцаў, акцёрскага складу. У нас — 550 месцаў, гэта страшэнна шмат. То мусім рабіць такія пастаноўкі і з такімі выканаўцамі, што здолеюць зацікавіць людзей масава.
Як вы мяркуеце, тэатр можна назваць складнікам культуры паляка?
— Не трэба ашуквацца: у любой цывілізаванай дзяржаве тэатрам цікавіцца сем адсоткаў грамадзян. Мяркую, больш і не будзе. І за гэтыя адсоткі ідзе наша штодзённае змаганне. Маецца і важная асаблівасць: не варта рабіць прыватны тэатр да таго часу, пакуль з боку дзяржавы не працягнецца рука. Прадзюсар можа ўкладаць у спектакль, аднак не збудуе памяшканне. А працягнутая рука азначае публічна-прыватнае партнёрства. Калі дзяржаву гэта не цікавіць, няшмат з такой ініцыятывы будзе.
Але ж, здаецца, у вашым выпадку і дзяржаву, і горад такое партнёрства цікавіць?
— Цікавіць. Аднак вельмі мала. Зацікаўленасці магло б быць куды больш. Наша адзіная сцэна занятая трыццаць дзён у месяц, таму магчымасці абмежаваныя, хоць мы маглі б рабіць пастаноўкі для дзяцей, падлеткаў дый музычныя таксама — маем ідэі. Затое маем 80 падушак (прадаем па 50 злотых) для моладзі, але кожны студэнт Тэатральнай акадэміі прапускаецца без аплаты.
Ці робіце вы штосьці для дабрачыннасці?
— Нядаўна была канферэнцыя ў Варшаве, дык нам білі «брава» за тое, што дапамагаем дзіцячым дамам, хоспісам... Як прыходзяць да нас гледачы ў шаноўным веку, дык могуць бясплатна сабе замовіць адмысловы тэст (маркер), які нятанна каштуе ва ўстанове медычнай. Гэтае аб’яднанне апекі і тое, што наш тэатр стараецца быць установай сацыяльна актыўнай, вельмі важнае.
Як ваша асабістае жыццё падпарадкавалася «вышэйшаму ўзроўню тэатра»?
— Быў брунетам, стаў сівым. Але гэтыя дзесяць гадоў не змяняў бы ні на што. Эмоцыі, уражанні, стасункі, сяброўства — згадваецца суцэльны пазітыў. Тут няма ашуканства і не ўсё залежыць ад таго, зоркай ты з’яўляешся ці пачаткоўцам. Тут не Версаль, як у дзяржаўных тэатрах, і рэчы называюцца сваімі імёнамі. Калі дрэнна граеш — тое ў адказ і маеш, маўляў, хлусіш! Глядач правярае.