Мультыжанравы, разнастайны паводле стыляў, кірункаў і тэм фестываль «Варшава Зінгера» ўразіў сваім наборам мерапрыемстваў. Для мяне было істотным зразумець, як арганічна спалучыць такія розныя падзеі. Як арганізатарка канцэртаў і фестываляў класічнай музыкі я звычайна знаходжуся ўнутры працэсу. А на «Варшаву Зінгер» мне ўдалося паглядзець пад іншым вуглом: атрымаць важны інстытуцыянальны досвед, прааналізаваць, як пабудаваны і як функцыянуе адзін з найбуйнейшых міжнародных фэстаў яўрэйскай культуры.
• Крыху гісторыі
Яўрэі жывуць на польскіх тэрыторыях больш за тысячу гадоў. У Польшчы праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя культурам нацыянальных меншасцяў, у прыватнасці — яўрэйскай. «Варшава Зінгера» — адзін з самых важных польскіх фестываляў і адна з нешматлікіх падзей у свеце, што паказвае сучасную яўрэйскую культуру ў такіх маштабах. Гэта сапраўднае свята для прыхільнікаў старажытнай і цікавай культуры. За 9 дзён у Варшаве можна даведацца пра традыцыі і новыя тэндэнцыі ў яўрэйскім мастацтве і музыцы.
Фестываль назвалі ў гонар Ісаака Башэвіса Зінгера — лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1978 года. Амерыканскі пісьменнік, знаўца і выкладчык літаратуры Кевін Хорварт адзначыў, што Зінгер «ніколі не перастаў пісаць на ідыш, як быццам ніколі не ад’язджаў з Варшавы».
Упершыню фэст адбыўся ў 2004-м, калі Польшча святкавала стагадовы юбілей пісьменніка, пад ганаровым патранатам мэра Варшавы Леха Качыньскага і міністэрства культуры Польшчы. Асноўная мэта фестывалю — аб’яднаць артыстаў і арганізатараў вакол яўрэйскай культуры. Варта адзначыць, што эмблема фэсту ўяўляе з сябе спалучэнне двух знакаў: яўрэйскага (скрыпач на даху) і варшаўскага (русалка).
За 16 гадоў узровень фэсту вырас, і паводле свайго маштабу ён стаў адным з самых буйных мерапрыемстваў падобнага кшталту ў Польшчы. А пачыналася ўсё з чатырох канцэртных дзён. «Мы рабілі два вялікія канцэрты на вуліцы, такія мерапрыемствы прыцягваюць людзей, яны бясплатныя», — згадвае праграмная дырэктарка фестывалю Ізабэла Тэадаркевіч. На дзясятым па ліку фестывалі было ўжо дзесяць канцэртных дзён. Сэрцам дзеі сталі плошча Гжыбоўскага і вуліца Пружная, якія на час фэсту ператварыліся ў Варшаву 1920-х.
З першага ж года праграма была яркай і насычанай. Многія музыкі выступаюць у фестывалях ад самага пачатку. Напрыклад, такі вядомы калектыў, як Kroke, двойчы прыняў удзел у фэсце (у 2011 і 2017 гадах). Гэтыя выканаўцы сталі яшчэ больш вядомыя пасля таго, як на запісе аднаго са сваіх альбомаў сустрэлі Стывена Спілберга. Ён запрасіў іх выступіць на канцэрце Survivors Reunion у Іерусаліме і ў рамках польскай прэм’еры фільма «Спіс Шындлера». У рамках чатырнаццатага фестывалю, напрыклад, выступіў Давід д’Ор, ізраільцянін, які спявае ў пяці актавах, сапраўдны феномен. А ў юбілейным, дзясятым фестывалі браў удзел Томаш Станька, знакаміты трубач, які не патрабуе прадстаўлення ў джазавых колах.
У фэсту склаліся і свае традыцыі: пэўныя падзеі праходзяць з года ў год, як, напрыклад, Шабат Шалом, ноч клезмераў, Кадзіш, музычныя экскурсіі. Шабат Шалом адбываецца на плошчы Гжыбоўскага, дзе за вялікім сталом можна прадэгуставаць стравы яўрэйскай кухні, гучыць музыка, ладзяцца танцы. «Але гэта ўмоўны Шабат, бо сапраўдны заступае пазней і пераносіць усіх людзей у сінагогу», — тлумачыць Ізабэла Тэадаркевіч.
Важнай падзеяй з’яўляецца фэст унутры фэсту — Singer Jazz Festival, які ўпершыню адбыўся ў 2014 годзе. Яго мастацкі кіраўнік — Адам Барух.
Сёлета фестываль «Варшава Зінгера» прайшоў ужо ў шаснаццаты раз. З 9 жніўня па 1 верасня публіцы былі паказаны 250 мерапрыемстваў, прычым як у Варшаве, так і ў іншых гарадах Польшчы (Білгарай, Леончын, Радзымін), дзе жыў і тварыў Зінгер.
У Варшаве асноўныя месцы правядзення фэсту былі звязаныя з жыццём і гісторыяй польскіх яўрэяў. Гэта, напрыклад, сінагога імя мужа і жонкі Залмана і Рыўкі Ножык, яўрэйскі тэатр імя Эстэр Рахель і Іды Каміньскай, музей гісторыі польскіх яўрэяў «Палін», плошча Гжыбоўскага, тэатр «Квадрат», музей Варшаўскай Прагі, Цэнтр культуры ідыш, Яўрэйскі гістарычны інстытут, кніжныя крамы, кавярні, рэстараны, піўныя.
• Арганізатары
Арганізатарам фестывалю «Варшава Зінгера» выступіў фонд «Шалом», старшынёй якога з’яўляецца актрыса тэатра, рэжысёрка і папулярызатарка культуры ідыш Голда Тэнцэр. Яна мастацкая кіраўніца фэсту, а таксама дырэктарка Яўрэйскага тэатра.
Фонд «Шалом» быў створаны сіламі выпускнікоў яўрэйскай школы ў Польшчы. Галоўная мэта фонду — захаваць культурныя і гістарычныя традыцыі польскіх яўрэяў.
Важны праект — выстава «Я бачу заўсёды іх твары» — быў ініцыяваны адміністрацыйнай дырэктаркай тэатра Евай Каміньскай. Яна звярнулася да грамадскасці з ідэяй узнавіць фотаархіў польскага яўрэйства да Другой сусветнай вайны. Меркавала сабраць каля сотні фатаграфій, але іх сталі дасылаць тысячамі, прычым каля 80% было не ад яўрэяў. Матэрыялы сабраны ў фотавыставу, паказаную ў 29 гарадах свету. Па яе выніках была выдадзена кніга з фотаздымкамі і тэкстамі на англійскай і польскай мовах.
Мы плануем прывезці гэтую выставу ў Мінск да канцэрта «Жоўтыя зоркі» і пазней паказаць яе ў адным са сталічных музеяў.
• Партнёры і спонсары
На вокладцы праграмнага каталога пазначана велізарная колькасць партнёраў (у тым ліку інфармацыйных) і спонсараў. Можна толькі ўявіць, які шлях быў пройдзены за гэтыя гады, бо пачыналі працу толькі тры чалавекі. «Варшава Зінгера» праходзіць пад ганаровым патранатам міністэрства культуры Польшчы, асабіста мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага і амбасадаркі Ізраіля ў Польшчы Ганны Азары. Далей ідуць тэатр «Квадрат», Аўстрыйскі форум культуры, музей «Палін», кінатэатр «Ілюзіён», Італьянскі інстытут культуры, Яўрэйская рэлігійная абшчына ў Варшаве, Нацыянальная фільматэка, пасольства Люксембурга ў Польшчы, інстытут Сервантэса, гатэль «Вестын».
Мецэнатам фестывалю з’яўляецца Зігмунд Ролат, які перажыў Халакост. Таксама фэст падтрымліваюць гарадскія ўлады, адміністрацыя міністэрства ўнутраных спраў, пасольства ЗША ў Польшчы, мясцовае кіраванне Мазавецкага ваяводства, Фонд польска-нямецкага супрацоўніцтва, іспанская культурная асацыяцыя, Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны (з фонду садзейнічання культуры) і інш. Інфармацыйных партнёраў нават складана пералічыць. Гэта галоўныя тэле- і радыёкампаніі краіны, тэатры і музеі, рэстараны і бары. І калі ў першыя некалькі гадоў арганізатары пісалі шмат лістоў у арганізацыі ды амбасады і прасілі аб падтрымцы праекта, то цяпер спонсары і партнёры знаходзяць іх самі.
Кінулася ў вочы, што амаль ва ўсіх установах, куды б мы ні заходзілі, былі афішы ды ўлёткі, і табе маглі дэталёва распавесці пра фестываль. І ўсё гэта — вынік велізарнай працы людзей на карысць развіцця і папулярызацыі яўрэйскай і польскай культуры, якія сплятаюцца ў адзінае цэлае.
• Праграма
Незвычайна прыгожы вечар адкрыцця фестывалю адбыўся ў сінагозе імя Залмана і Рыўкі Ножык. Спецыяльным госцем прэм’ернага канцэрта стаў адзін з лепшых кантараў свету Якаў Лемер. Таксама ў сценах сінагогі выступілі кантары Ёні Роўз і Шмуэль Барзілай.
У зале прысутнічаў і галоўны мецэнат фэсту Зігмунд Ролат. Ён адным з першых пачаў распрацоўваць праект стварэння музея гісторыі польскіх яўрэяў «Палін» (некаторыя мерапрыемствы ў рамках фестывалю праходзілі ў музеі) і ў інтэрв’ю The New York Times падкрэсліваў, што «гэта не музей Халакосту, гэта музей жыцця».
«Варшава Зінгера» сёлета ў чарговы раз здзівіла вялікай колькасцю каларытных і разнастайных праектаў. Жыхары Варшавы і госці горада змаглі ўбачыць самыя вядомыя спектаклі варшаўскага Яўрэйскага тэатра і тэатральных калектываў з Італіі і Іспаніі. Адбылося шмат важных кінапаказаў, у тым ліку аб Праведніках народаў свету. Хачу адзначыць фільм «Красавік» 1961 года Вітальда Лясевіча паводле сцэнарыя і кнігі Ёзэфа Хена, паказ якога адбыўся ў кінатэатры «Ілюзіён».
У спісе мерапрыемстваў фестывалю былі і кулінарныя майстар-класы з дэгустацыямі, і музычныя прагулкі, і аўтарскія сустрэчы, і лекцыі, і пазнавальныя экскурсіі, і мерапрыемствы для дзяцей, і, вядома, платныя ды бясплатныя канцэрты, літаратурныя і паэтычныя чытанні.
Важнай часткай фэсту сталі мерапрыемствы памяці ахвяраў Халакосту.
У мой агляд патрапілі галоўным чынам музычныя падзеі. Так, напрыклад, вельмі незвычайным быў выступ калектыву з Вены Roman Britschgi quartett. Музыканты ўжо не ў першы раз прымаюць удзел у фестывалі. «Большая частка нашай музыкі чэрпае сваё натхненне ў яўрэйскай, турэцкай, імправізаванай джазавай і камернай музыцы, якая напісана мной. Мы таксама трохі інтэгруем некаторыя электронныя гукі і сэмплы старых вінтажных пласцінак, праўда, гэта музычная калажная праца, калі слухачы на нашым канцэрце як быццам прысутнічаюць у маленькім кінатэатры», — кажа сам Раман Брычгі. Музыкі з’яўляюцца вядучымі выканаўцамі аўстрыйскага джазу/клезмеру/класікі. Яны натхняюцца Мардэхаем Гебірцігам, Джонам Зорнам, Антоніа Вівальдзі, Жакам Офенбахам, Даніэлем Замірам. Спадзяемся неўзабаве ўбачыць і пачуць музыкаў у Мінску.
Як і кожны год, на фестывалі «Варшава Зінгера» гучалі клезмерскія і джазавыя матывы.
Як мы ўжо адзначалі, Singer Jazz Festival з’яўляецца фэстам унутры фэсту і мае сваё адкрыццё. У гэтым годзе былі прадстаўлены розныя віды джазу: ад класічнага і блюзу да эксперыментальных формаў.
Моцнае ўражанне на мяне зрабіў канцэрт Kuba Stankiewicz quartet, які выконваў музыку Рамана Статкоўскага. Майстэрства музыкантаў спалучалася з таленавітымі апрацоўкамі Кубы Станкевіча.
Адной з найбуйнейшых падзей фестывалю стаў канцэрт «Hammond Summit». Эксперыментальны джаз не пакінуў слухачоў абыякавымі. Гучанне інструментаў і галасы перапляталіся ў адзінае музычнае палатно. Можна назваць гэты канцэрт выдатным прыкладам інтэлектуальнага джазу.
Таксама хацелася б адзначыць цікавы музычны вечар — «Тэхора». Моцны голас Адрыен Хаан і яе артыстызм надавалі выступленню яркую тэатральнасць і выразнасць. Гэта быў аповед пра вайну, смерць, надзею, любоў і прабачэнне. Песні выконваліся на нямецкай, іўрыце і ідыш.
• Клезмер на фестывалі
Асаблівай папулярнасцю карысталіся канцэрты клезмерскіх ансамбляў. Сёлета жанр быў прадстаўлены вельмі разнастайна. Сярод самых яркіх мерапрыемстваў — канцэрт калектыву Klezmersi ў наступным складзе: Дам’ян Арлоўскі (скрыпка), Роберт Кусмерскі (акардэон), Міхал Лямжа (кантрабас) і Роберт Смадэрэк (кларнет). Усе музыкі маюць акадэмічную адукацыю высокага ўзроўню. Сам канцэрт аказаўся выдатна пастаўленым музычна-тэатральным дзействам, увасобленым з прыгожым пачуццём гумару.
А 31 жніўня на плошчы Гжыбоўскага адбыўся вялікі бясплатны канцэрт вядомага калектыву Kapela Brodow. Нягледзячы на тое што музыкам давялося выступаць пад пякучым сонцам, яны былі ў выдатнай форме. Выканаўцы «Капэлы» прадэманстравалі цалкам іншую манеру ігры на інструментах. І гэта не выпадкова, бо Kapela Brodow — збіральнікі і выканаўцы традыцыйнай музыкі. Яны граюць разам з 1992 года. Рэпертуар складаюць свецкія і рэлігійныя песні і танцы з розных тэрыторый былой Рэчы Паспалітай. Кіраўнік калектыву Вітэк Брода, скрыпач і этнамузыколаг, за доўгія гады этнаграфічных экспедыцый сабраў вялікую колькасць яўрэйскіх мелодый, якія засталіся ў памяці польскіх музыкаў. Дарэчы, у лістападзе Kapela Brodow прыедзе ў Мінск на першы ў Беларусі Klezmer Fest, які пройдзе 7—8 лістапада ў «Ок16».
Адзначым і канцэрт «Noc Klezmerów», на якім выступаў юнацкі Orkiestra klezmerska teatru sejneńskiego, створаны падчас працы над тэатральнай пастаноўкай п’есы Шымона Ан-Скі «Дзіббук». Прэм’ера спектакля адбылася ў 1996 годзе. І калектыў існуе і працягвае развівацца.
***
Некалькі высноў напрыканцы. Фестываль «Варшава Зінгера» з’яўляецца выдатным прыкладам таго, як трэба папулярызаваць яўрэйскую культуру, культуру ідыш. Як сказала ў сваім інтэрв’ю праграмная дырэктарка Ізабэла Тэадаркевіч: «Трэба паказаць, што яўрэйская культура прысутнічае ва ўсіх галінах: тэатр, музыка, кіно, літаратура, кулінарыя і г.д. Яна вельмі звязана з польскай, гэта тысячагадовая гісторыя польскіх яўрэяў. Таму так важна яе захаваць». Мне здаецца, варта пачаць гэтую важную працу і ў Беларусі, бо гісторыі беларусаў і яўрэяў таксама цесна пераплятаюцца. І наша задача — адкрыць наноў культуру ідыш беларусам, асабліва маладому пакаленню. Насенне закінута ў зямлю, і з яго народзіцца цудоўны фестываль яўрэйскай культуры, які прывабіць шмат зацікаўленых людзей і супольнасцяў ды кансалідуе ўсіх.
Ганна Лянькова