Пачатак Open’er сягае 2002 года, калі ў Варшаве адбыўся невялікі аднадзённы фэст, што змясціўся на тэрыторыі ў сціплыя тры гектары. Назва фестывалю нарадзілася ад гульні словаў: па-першае, ён ладзіўся на вольным паветры; па-другое, галоўным спонсарам выступіў бровар «Хайнекен», тым часам як прыстасаванне для адкрыцця піўных бутэлек па-англійску пішацца «opener». Мяркуючы па ўсім, імпэту ў арганізатараў было тады ажно вышэй за берагі піўнога куфля, а таму праз год Open’er пераехаў у Гдыню, у парк імя Касцюшкі. Але і там неўзабаве фэсту аказалася цесна, таму ад 2006-га ён адбываецца пад Гдыняй, на тэрыторыі вайсковага аэрадрома ў Касакове. Заўважу, што ўжо ў 2011-м фестывальная плошча разраслася да 75 гектараў. Падобна, сёлета яна была яшчэ большай.
За гэтыя гады на фестывальных сцэнах выступілі амаль усе дзейныя, актуальныя зоркі сусветнай рок-музыкі, электроннай творчасці, папулярнага, альтэрнатыўнага рэпертуару ды рэпу. Згадаю толькі выканаўцаў рок-музыкі, якія ў розныя гады гасцявалі на Open’er: гэта Massive Attack, Pink, Placebo, Franz Ferdinand, Sonic Youth, Beastie Boys, Muse, Bjork, The Chemical Brothers, Pearl Jam, Kasabian, Coldplay, Nick Cave and the Bad Seeds, Arctic Monkeys, Red Hot Chili Peppers, Foo Fighters, Radiohead. Зрэшты, поўную карціну з пералікам назваў гуртоў і імёнаў асобных выканаўцаў можна пабачыць на зайздросна інфарматыўным, шыкоўна распрацаваным сайце opener.pl. Галоўным арганізатарам з’яўляецца фірма ALTER ART, а галоўнымі спонсарамі — аператар мабільнай сувязі Orange, згаданы вышэй бровар ды mastercard. Стратэгічны партнёр — мэрыя Гдыні, і гэта вельмі істотна хоць бы для вырашэння агульных арганізацыйных пытанняў. Так што бюджэт Open’er складаецца з лічбаў з многімі нулямі. І лічба гэтая застаецца камерцыйнай таямніцай. Прынамсі, менавіта так адказалі мне арганізатары…
Калі лічыць, што год ад года аўдыторыя Open’er няўхільна павялічваецца, пераезд фэсту з цэнтра Гдыні на тэрыторыю аэрадрома ў Касакове быў мерай вымушанай. Маштабны фестываль вымагаў і маштабных плошчаў. І таму першае ўражанне было такое: на тэрыторыі аэрадрома паўстаў сапраўдны горад, у якім было пяць канцэртных сцэн, фуд-корты, разнастайныя павільёны ўключна з кіна-тэатральнай залай, куды, дарэчы, заўсёды былі чэргі: усе восем паказаных спектакляў сёлета былі аншлагавыя. А летась выставу «Заўтра будзе вайна?» наведалі больш за 20 тысяч чалавек. І гэта на музычным фестывалі! Асобны павільён — гэта мастацкі музей, а яшчэ пляцоўкі для паказу моды, мноства НДА і г.д. Проста на фестывальнай плошчы працавала FM-радыё ў павільёне, дзе можна было набыць вінілавыя плыткі. Павільён, у які заўсёды была вялікая чарга, — гэта так званае «ціхае дыска»: ладзіш на галаве навушнікі, выбіраеш адзін з некалькіх каналаў трансляцыі і танцуеш, асобна ці ў кампаніі сяброў, нікому не замінаючы гукам. Пра тое, што Open’er вызначаецца прадуманай да дробязяў арганізацыяй, сведчыў і такі факт: невялікія чэргі, прабачце, у біятуалеты збіраліся толькі пасля заканчэння чарговага выступу артыста на галоўнай сцэне, пры якой часам сыходзіліся тысяч 15-20, а то й болей, слухачоў. Каля кожнай сцэны былі спецыяльныя месцы для людзей з інваліднасцю, ім дапамагалі валанцёры. І пры гэтым нідзе не было відаць ні аднаго прадстаўніка аховы правапарадку, што для беларускага вока нейкая нерэальная карцінка, а вось агульны парадак быў навідавоку.
Інакш кажучы, Open’er — гэта не толькі музычны фестываль. Самі арганізатары дэкларавалі наступнае: «Мы любім дзейнічаць, любім падглядаць, любім БЫЦЬ. Менавіта таму ў 2018-м мы выступілі з праектам Open’er Грамадзянскі, калі ў павільёне «Let’s Talk» наведнікі маглі дыскутаваць сярод іншых з амбудсменам, прадстаўнікамі Еўракамісіі і гасцямі таварыстваў НДА». Сёлета там можна было пагутарыць з прэзідэнтам суседняга Гданьска Аляксандрам Дуткевічам, амбудсменам Адамам Боднарам. Нехта можа й запярэчыць: навошта ўсё гэта там, куды прыходзяць слухаць музыку? Адказам будуць словы шэфа агенцтва ALTER ART Мікалая Зюлкоўскага: «Фестываль не вызваляе ад магчымасці думаць, ён нават павінен абуджаць думкі». Вось і атрымліваецца, што Open’er — гэта свята для людзей розных узростаў ды цікавасцяў, на якім кожны мае магчымасць выбраць занятак да душы. Ці не таму квіткі на наступны фэст пачынаюць набываць ці не за год да яго пачатку, нават калі яшчэ невядома, хто з зорак з’явяцца на фестывальных сцэнах.
Дарэчы, пра квіткі. Open’er не танны, як, відаць, і ўсе падобныя яму еўрапейскія фэсты. Скажам, карнэт на ўсе чатыры фестывальныя дні каштаваў 599 злотых пры курсе еўра 1:4,14. Кошты на фуд-кортах у параўнанні з коштамі ў горадзе недзе на трэць вышэйшыя, а за куфаль піва аб’ёмам у 400 грамаў трэба было аддаць 10 злотых. Праўда, «Хайнекен» разліваў сваю прадукцыю (гатунак быў спецыяльна звараны для фестывалю — з нізкім утрыманнем алкаголю) у куфлі шматразовага выкарыстання, здаючы якія, можна было вярнуць залогавую суму.
Што найбольш для нас нязвыкла і вельмі істотна: Open’er — гэта фестываль, на якім адсутнічаюць наяўныя грошы. Гэта значыць, яны там наогул не ходзяць. Заплаціць за тое ж піва ці перакус можна толькі карткай. А што тады рабіць такім, як я, у каго карткі няма? І гэта прадугледжана. На падыходзе да фестывальнай зоны і ўнутры яе ў спецыяльных кіёсках можна абмяняць наяўныя на бранзалецік і потым расплачвацца з ягонай дапамогай. Што я і зрабіў. Зручна? Безумоўна! А калі ў апошні дзень на ім засталася пара злотых, у тым жа кіёску мне грошы вярнулі, а бранзалет пакінулі на памяць. Адсутнасць разлікаў праз наяўныя — выразны плюс. Па-першае, гэта хутчэй і амаль ліквідуе чэргі; па-другое, ці не да нуля зводзіць магчымасць пэўных фінансавых махінацый.
Безумоўна, зладзіць такое магутнае мерапрыемства, што называецца «з колаў», адразу не атрымаецца. Адно толькі планаванне тэрыторый пад намётавыя гарадкі ды паркінгі для транспарту напэўна прымусіла арганізатараў у свой час паламаць галовы. Затое цяпер з гэтым праблем няма. На адным толькі паркінгу можна было налічыць некалькі соцень машын, меліся і спецыяльныя паркінгі для ровараў. Цікава, што для аўто кожны ўезд на паркінг каштаваў 30 злотых, але ж цягам чатырох-пяці дзён можна было заставацца на месцы за тую ж суму. А ў намётавых гарадках меліся ўсе зручнасці ўключна з душам. Можна было начаваць і ў мабільных дамках, разлічаных на чатырох чалавек. Іншымі словамі, і ў гэтай справе меўся дастатковы выбар.
Не ведаю, колькі аўтобусаў было замоўлена для рэйсаў ад вакзала Гдыня-галоўная да Касакова. Але хадзілі яны бесперапынна і за бясплатна. Арганізатары падлічылі: сёлета на фэсце прысутнічала больш за 110 тысяч чалавек, што, аднак, для Open’er не з’яўляецца рэкордам. Ды на пачатку кожнага канцэртнага дня людзі пакідалі транспарт і амаль адразу пачыналі, як і ў нас, «настройку» на канцэрты. Гэта значыць, даставалі пітво ды закускі, бо было вядома, што пранесці ежу і алкаголь у фестывальную зону праз два кардоны праверкі будзе праблематычна. І калі на першым кардоне дагляд быў хутчэй сімвалічны, дык на другім усё было куды больш жорстка. Праўда, заўважу, і вельмі добразычліва. Сам бачыў, як у нейкай дзяўчыны папрасілі дастаць з заплечніка ўсё да рэшты і ў выніку не дазволілі пранесці нейкія таблеткі. Спіс забароненых для праносу рэчаў маецца на сайце. А вось я з ім не азнаёміўся і быў вельмі ўражаны, калі мне не дазволілі прайсці з планшэтам і папрасілі пакінуць яго на захаванне. Так няведанне правілаў палегчыла маю кішэню на 20 злотых…
Ды нават такі кантроль за праходам усё адно не гарантаваў алкагольнай чысціні фестывальнай зоны, таму што пад ногі неаднаразова траплялася спецыфічная пустая шкляная тара. Як праносілі алкаголь — для мяне засталося загадкай, хоць за ўсе чатыры дні на вочы толькі аднойчы трапіўся аматар року з моцным зямным прыцягненнем.
Што датычыць іншых службаў, дык прысутнічалі і пажарныя машыны, і карэткі хуткай дапамогі. На самой тэрыторыі іх відаць не было, аднак пару разоў быў сведкам, як медыкі з’яўляліся нібыта з-пад зямлі, каб аказаць неабходную дапамогу каму-небудзь з наведнікаў, хто раптам адчуў сябе не лепшым чынам. Пазней мне паведамілі, што без уліку супрацоўнікаў дадатковых службаў ды кіроўцаў аўтобусаў на Open’er-2019 працавалі больш за 7800 чалавек.
Безумоўна, правесці цэлы дзень на нагах фестывальны, які пачынаўся падвячоркам і заканчваўся часам а 3-4-й уначы, вельмі няпроста. Адпачыць можна было ці на лавах на тэрыторыі фуд-кортаў, ці на спецыяльных пластыкавых матрацах, якія надзімаліся шляхам забегу супраць ветру. Яны выдатна вытрымлівалі нават не аднаго чалавека і дазвалялі прысесці-прылегчы дзе заўгодна, пазбягаючы адпачынку на мокрай траве.
Так, з чатырох дзён толькі адзін выдаўся без дажджу. Балтыка паказала характар: калі ўдзень няблага прыпякала сонца, дык увечары невядома адкуль напаўзалі набрынялыя вадой хмары. Да таго ж Open’er-2019 аказаўся ці не самым халодным за, як кажуць, усю гісторыю назіранняў. А дасведчаныя людзі папярэджвалі: гумовы абутак браць абавязкова! Як і парасон ці дажджавік, як і цёплы швэдар. Бо калі ты ў дажджы не скачаш пры якой сцэне, выступленне няхай і самага любімага артыста ўсё ж прымусіць цябе, мокрага ды змерзлага, пацягнуцца ў бок аўтобуснага прыпынку.
І яшчэ пра арганізацыю. Я як адзіны журналіст з нашай чацвёркі загадзя запоўніў анкету на акрэдытацыю. Чакаў адказу некалькі дзён. І адказ той расчараваў: у акрэдытацыі мне адмовілі. Ужо на месцы ў прэс-цэнтры мы спрабавалі высветліць, чаму так атрымалася, але звычайныя ягоныя супрацоўнікі нічога толкам растлумачыць не змаглі. Не атрымалася нават трапіць на прэс-канферэнцыю з дырэктарам фестывалю, дзе можна было даведацца пра тое, што не заўсёды трапляла ў поле зроку. І толькі ўжо ў Мінску стала вядома: ніякага прадузятага стаўлення да журналіста з-за Буга не было. Проста сёлета было атрымана столькі заявак ад СМІ з розных, нават не еўрапейскіх, краін, ажно недзе дзён за дзесяць да пачатку фэсту прэс-цэнтр наогул спыніў акрэдытацыю. Для ўсіх!
Мяркуючы па змешчаным вышэй пераліку зорных выканаўцаў, Open’er ад самага пачатку ўзняў вельмі высокую планку. Гэтым разам сярод яўных хэдлайнераў значыліся Vampire Weekend, The Strokes, The Smashing Pumpkins, Трэвіс Скот, Дар’я Заўялаў, Кайлі Міног, Лана дэль Рэй, якія выступалі на Orange Main Stage. Неспадзявана на гэтай жа сцэне з’явіўся раней не заяўлены Стормзі — ці не вядучы выканаўца хіп-хопу ды грайму ў Брытаніі. Ля альтэрнатыўнай сцэны я з задавальненнем паслухаў выступ гурта Greta van Fleet, які прыхільнікі сапраўднага року называюць маладымі пераемнікамі славутых Led Zeppelin. Спадабаліся сэты брытанца Тома Уолкера і амерыканскага саксафаніста Камасі Вашынгтона: ён неверагодным чынам мяшае ў сваёй музыцы джаз з элементамі хіп-хопу ды класічнага соўлу. Запомніліся прыджазаваныя палякі з групы EABS — Listy do Komedy. А вось сцэну, дзе выступалі выканаўцы электроннай музыкі, пабачыў толькі здаля: усё ж прадукцыя дыджэяў у мяне асабіста захаплення не выклікае. Хоць, магчыма, сэт каманды Swedish House Mafia і мяне прымусіў бы пайсці ў скокі, каб атрэсці з сябе кроплі дажджу… Даспадобы прыйшлася і музыка польскага калектыву P.Unity, які, цалкам магчыма, можна будзе з часам пачуць і ў Беларусі. У той час як музыка ўжо амаль легендарных The Smashing Pumpkins — яўна не мая. Ды прастаяў я на выступе гэтага гурта амаль да канца ў здзіўленні ад энергетыкі, што выплёсквалася са сцэны, ад неверагоднага ўмення музыкаў трымаць у руках шматтысячную аўдыторыю і пры гэтым амаль не рабіць аніякага шоу. Толькі музыка!
На заканчэнне пра тое, якія шанцы маюць айчынныя калектывы, каб трапіць на адну са сцэн Open’er у будучыні. Усё ў цэлым проста: дастаткова запоўніць на фестывальным сайце спецыяльную анкету і проста чакаць рашэння сябраў аргкамітэту, што займаюцца складаннем творчай праграмы фэсту. Зрэшты, чаму б і не паспрабаваць?