Тыя, хто хоча паглядзець на радзіму Хаіма Суціна і падзівіцца на арыгінальныя працы Шрагі Царфіна, наведваюцца на кубачак кавы ў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. А цэлыя аўтобусы турыстаў польскіх і не толькі завітваюць да не надта прыкметнага дамка былой музычнай школы, дзе ўладкаваны адзіны ў свеце (так!) музей Станіслава Манюшкі, беларуска-польскага кампазітара, дырыжора, стваральніка нацыянальнай оперы і класіка вакальнай лірыкі.
Размяшчэнне гэтага музея — геаграфічная загадка. Творца нарадзіўся на Убелі, чаму ж ягоны музей першапачаткова быў у пасялковай школцы ў Азёрным, а потым увогуле пераехаў у Смілавічы? Усе гэтыя пасёлкі знаходзяцца непадалёк, у межах адзінага Чэрвеньскага раёна. І так — Манюшка сапраўды нарадзіўся на Убелі і правёў тут сем гадоў дзяцінства, тут маці навучала яго музыцы, але гісторыя роду Манюшкаў пачынаецца са Смілавіч. Смілавіцкі палац належаў яшчэ дзеду кампазітара, таксама Станіславу, суддзі Вялікага Княства Літоўскага, які выкупіў фундамент палаца разам з зямлёй у Міхала Казіміра Агінскага ў 1791 годзе за пазыкі. Маленькага Станіслава хрысцілі ў Смілавіцкім парафіяльным касцёле (на жаль, узарваным, на ягоным фундаменце пабудавалі клуб-бібліятэку…). Згадайма і оперу «Страшны двор» — вяршыню творчасці кампазітара. Верагодна, што прататыпам самога «страшнага двара» для Манюшкі паслужыў якраз смілавіцкі замак. Калі малы Станіслаў наведваў родзічаў у Смілавічах, то быў зачараваны паданнем пра старадаўнія сапсаваныя куранты гэтага палаца, якія не заводзілі дзесяцігоддзямі, але час ад часу яны пачыналі іграць самі.
Захапляльную, пакручастую, поўную драматычных віражоў гісторыю роду Манюшкаў для вас распавядзе навуковая супрацоўніца Ірына Серада, для якой музей Манюшкі стаў справай сямейнай, яна літаральна вырасла ў ягонай атмасферы. Менавіта бацька Ірыны — дырэктар школы ў Азёрным, самаахвярны энтузіяст Васіль Несцяровіч — запачаткаваў музей яшчэ пяцьдзясят гадоў таму, у часы, калі ў кожнай савецкай школе адкрываліся то ленінскія куткі, то куткі працоўнай і баявой славы.
Да сярэдзіны 1960-х мясцовыя жыхары ўвогуле не ведалі пра Манюшку — чулі толькі, што быў такі пан, убельская сядзіба якога згарэла падчас вайны (да вайны ў ёй месцілася пачатковая школа). Карпатлівая праца па росшуку біяграфічных звестак пра кампазітара і збор першых экспанатаў наткнуліся на плёткі ды звады, маўляў, ствараюць музей пана-крывасмока і прыгнятальніка (пры тым, што Манюшкі далі волю сваім сялянам за некалькі дзесяцігоддзяў да афіцыйнай адмены прыгону). Школьная калекцыя пачалася з літаральна некалькіх плытак і музычных зборнікаў твораў, а ў выніку размясцілася ажно ў чатырох залах. Фармаванню калекцыі вельмі паспрыялі цесныя сувязі з Польскім музычным таварыствам, актыўнае супрацоўніцтва з якім працягваецца і сёння.
Калі школу ў Азёрным зачынілі праз малую колькасць вучняў, музей пераехаў у Смілавічы і адкрыўся сёлета ў цалкам абноўленым выглядзе. Першая зала прысвечана дзіцячым і юнацкім гадам ды віленскаму перыяду жыцця кампазітара. Другая зала апавядае пра варшаўскі перыяд і працу Манюшкі галоўным дырыжорам опернага тэатра. Папярэдне можна замовіць экскурсію з канцэртам — у Музычнай гасцёўні ладзяцца выступленні мясцовага ансамбля «Ігуменскія крыніцы».
Некалькі словаў пра саму экспазіцыю: яе складаюць арыгінальныя вокладкі выданняў опер, кантат, песенных зборнікаў (прадастаўлены Музеем тэатра, оперы і кіно Літвы), размаітыя тэатральныя афішы і плакаты. Абавязкова варта адзначыць і якасныя копіі малюнкаў Чэслава, бацькі кампазітара. Дзякуючы таленавітаму мастаку мы можам убачыць і партрэты родзічаў Манюшкі, замалёўкі убельскіх і смілавіцкіх мясцін ды нават напалеонаўскіх баталій.
Ад сядзібы на Убелі засталася толькі таполя, а на яе тэрыторыі пабудавалі санаторый «Волма» ды ўсталявалі памятную стэлу ў гонар кампазітара. Але фальварак разам з усімі гаспадарчымі пабудовамі можна разгледзець на падрабязным макеце.
Што варта паслухаць: як кубінцы адаптавалі «Гальку» і зрабілі оперу з любоўна-рэвалюцыйнымі жарсцямі. Як ставяць Манюшку японцы, апранутыя ў традыцыйныя касцюмы шляхты са слуцкімі паясамі. Што менавіта паліў Манюшка і навошта ў экспазіцыі кальян. Альбо пранізлівую гісторыю пра жонку кампазітара, якая пасля ягонай смерці была вымушана падпрацоўваць швачкай у Варшаўскай оперы, каб стачыць канцы з канцамі.
Месца для сэлфі: каля бюсту суворага кампазітара (падарунак Кашалінскай філармоніі) альбо на фоне шыкоўных оперных касцюмаў стагадовай даўніны з пастановак «Галька», «Графіня», «Парыя» (дарункі Варшаўскага і Познаньскага оперных тэатраў).
Музейная забаўка: пастукаць па капрызлівым алавяным кубачку, зробленым на убельскай манапольцы. Калі надвор’е паспрыяе, ён запяе (нам не пашанцавала).