Галоўная тэма
У асноўнай праграме Месяца ў галерэі «Beta» (MOCAK) Міхаэль Шміт, адзін з самых вядомых нямецкіх фатографаў, паказаў «Прадукты харчавання». Панылы, каб не сказаць больш рэзка, шэраг падзей, які папярэднічае траплянню прадуктаў на нашы сталы. Нельга сказаць, каб мы нічога не ведалі пра «хімічную» ежу і працу мігрантаў. Пра шматтысячнае пагалоўе жывёл у ангарах. Не хочацца нават набываць ежу, калі ведаеш, які яна прайшла шлях — ад жывых баранчыкаў на лузе да хінкалі. Вядома, хінкалі — толькі прыклад: насамрэч звычайны сучасны яблык мае не так шмат агульнага са сваім правобразам. Або кавун без костачак. І ўсё ж мастацтва не сацыяльная лабараторыя.
Вялікая куратарская праца разгарнулася ў галерэі «Bunker», дзе «Мы тое, што мы ядзім» раскрыліся шырока. Па-першае, куратарка Наташа Крысці пачала са святога: «Сакральнае і прафаннае» стала першым падзелам калектыўнага праекта шасці аўтараў. Ён прадоўжыўся «Прадуктовымі войнамі» і «Паслухмянымі целамі», а завяршыўся «Святам памяці». Па фатаграфіі — усё цікава. Па канцэпцыі і тэкстах — узорна, і экспазіцыйныя прасторы пераканаўчыя. Але патрэба ў ежы для мільёнаў людзей і развіццё індустрыі паўсталі не сёння, і ці ёсць ім альтэрнатыва? Колькі ні кажы пра алергію, глютэн, калорыі, халестэрын... Ці вось ідэалогія фаст-фуду — ці гэта пытанне для мастацтва? Магчыма. А вось як дыскурс — сумняваюся.
Мапа дарог
У паралельнай праграме, як заўсёды, самыя цікавыя знаходкі. Напрыклад, у «Plastіc іs not fantastіc» ад Катажыны Карнецкай у галерэі «Mіodowa» ўсё ў той жа тэме ежа/экалогія прыёмы асамбляжу неверагодна дарэчныя. Аўтарка ўзяла за аснову маляўнічыя краявіды Татраў. Сёння гэта Татранскі нацыянальны парк, але для праекта спатрэбіліся працы польскіх класікаў мінулага стагоддзя. У гэтыя цудоўныя ландшафты, якія цяпер назвалі б часопіснымі, мастачка ўкараніла фактуру пластыкавых кубачкаў, шынных пратэктараў, трубачак для кактэйлю. Гэта не фантастыка, гэта сінтэтычныя прыродныя рэльефы нашых дзён, сучаснае навакольнае асяроддзе. З аднаго боку, правакацыя ў адносінах да класікаў, з іншага — рэфлексія з нагоды пройдзенага шляху дэградацыі ўнікальных каштоўнасцяў.
Не менш важна, што ў галерэі працуе варкшоп па арт-тэрапіі для людзей з ментальнымі траўмамі. І яны таксама робяць выставы: паводле методыкі, заснаванай на працах прафесара псіхіятрыі і філосафа Антонія Кемпіньскага, мастакі-аматары інтэрпрэтавалі карціну Пітэра Брэйгеля—старэйшага «Нідэрландскія прыказкі» («Свет дагары нагамі», 1559). Распавялі гісторыі, выбралі фрагменты і напісалі свае сюжэты. Эмацыйныя, з фантазіямі не горш, чым у Брэйгеля.
Самая шчырая выстава МФК не паддаецца апісанню — пішу пра яе ў самым цэнтры Казімежа, пад графіці «fuck wars», пад скрып старой брамы ў нейкім двары, але гэта мала што тлумачыць.
Называецца гэтае тварэнне немудрагелістым словам «Дыялогі». У які раз пераконваюся, што ўсе аповеды пра падзеі трэба пачынаць з прасторы: цяпер гэта кавярня «Eszewerіa» на вуліцы Ёзэфа, паўзмрочная, з індыйскімі водарамі. У асартыменце толькі гарбата, кава і алкаголь — вельмі кракаўскі набор. Унутры шмат пакояў, маленькіх ніш, нечаканых паваротаў, а ў глыбіні — невялікі двор пад дрэвамі. Шэраг трафеяў з антыкварнай крамы і фатаграфіі паўсюль. Над канапамі, люстэркамі, на калонах і ў міжаконнях, у поўнай цемры, у прыцемках і — вось жа цуд! — на бачных месцах. Дзве аўтаркі — Катажына Ажэхоўска і Джаана Рудзіньска. Працы сучасныя, часткова архіўныя і часткова, мабыць, перазнятыя. «Дыялогі» вядуцца з поўным растварэннем у атмасферы месца, што заслугоўвае асобнай хвалы, паколькі прастора актыўная і аўтэнтычная — гэта ж Казімеж. Аднак фатаграфічных кантрастаў прынцыпова шмат. Выстава не суправаджаецца інфарматыўнымі матэрыяламі, але прасочваецца, у адсутнасці куратарскага нагляду, дыялог практык еўрапейскіх і ўсходніх. «Практык» у сэнсе жыццёвых падрабязнасцяў, назіранняў, бытавога тэмпу. «Дыялогі» атрымаліся б значна больш строгімі і выразнымі ў галерэі, ды чаго не аддасі за патрэбную атмасферу! За таямнічасць малюнка, паглыбленага ў ненадакучлівай публічнасці, за інтэлектуальную гісторыю.
Яшчэ раз пра межы ідэнтычнасці
Як ні дзіўна, тэма здабыла для мяне другое дыханне. Дапамагла Стэфані Машамер з «Краінай чорнага малака». Стэфані перамагла ў конкурсе C/O Berlіn Talent Award 2018 і атрымала права на персанальную выставу «Not just your face honey» («Не толькі твой твар, дарагая»). Тады гаворка ішла пра чалавека, які адправіў ліст з прызнаннем у каханні і не атрымаў адказу. І вось у Кракаве фатографка ўжо паказвае сур’ёзную гісторыю пра Рыа дэ Жанейра. Хто яна? Што здымае — гэта travel ці што, або «гэта ўсё пра яго»? Ці можна змяшаць адрасатаў, краіны, будні і экзотыку, а потым разблытаць усе нітачкі? І замацаваць і сказаць: «Гэта дакладна маё». І зноў яно выслізне. Нагадаю: справа адбываецца ў модным габрэйскім Казімежы польскага Кракава, у выставачнай зале Нюрнбергскага дома. Аўтарка з Аўстрыі, у экспазіцыі — праблемы горада падчас правядзення Алімпійскіх гульняў (2016). Вось я і думаю аб прывідных межах.
«Жанчыны глядзяць», наадварот, падкупляе яснасцю, якую, як цяжкую артылерыю, дакументальная фатаграфія нясе пераканаўча і з годнасцю. Джаана Хеландэр і ёсць такая артылерыя — аўтарытэтная, заслужана ўзнагароджаная.
Прызнацца, экспазіцыя падалася мне занадта традыцыйнай. Магчыма, таму што яна размясцілася ў Музеі этнаграфіі. Ці яе раздзелы — «Жанчыны», «Мацільда», «Блізняты», «Тэатр і паэзія» — занадта прадказальныя. Фотаздымкі выдатныя, выразныя, але сам пасыл як быццам вяртае нас ва ўчарашні дзень. Хеландэр фатаграфавала сваіх блізкіх у 1976—2012 гадах. Усе яны паспелі нарадзіцца, пасталець, а хтосьці пайшоў з жыцця. У біяграфіі фатографкі ёсць Швецыя і Польшча: яшчэ студэнткай Ягелонскага ўніверсітэта Хеландэр інтэрнавалі за пратэст супраць уварвання ў Чэхаславакію, пазней яна эмігравала ў Швецыю. Сваякі перажываюць галоўныя падзеі жыцця сям’і. Аднак візуальна вастрыні гэтых перажыванняў асабіста мне не хапіла. Чыста жаночыя сюжэты (галоўны з якіх, як не цяжка здагадацца, — мацярынства) застаюцца без балансу з мужчынскімі.
Вельмі добры загалоўны кадр — спіны жанчын. Яны глядзяць у нікуды, перспектыва вуліцы губляецца, дзверы і вокны дамоў гледачу таксама не бачныя. Горад, суседкі і як быццам бы пасляваенная разруха вакол.
Адна з самых брутальных гісторый у праграме МФК чакала мяне ў галерэі «Pausa» ў лабірынтах Рынкавай плошчы. Некалькі слоў пра гэты хвалюючы пошук: у Старым горадзе ўсё занадта заблытана. Галерэя можа быць у канцы доўгага пасажу з маленькім панадворкам, а потым трэба спусціцца ў цокальны паверх. Ці, наадварот, недзе наверсе, над рэстаранам — нізавошта не знойдзеце, калі ў вас не развітая інтуіцыя. Адрас і паказальнік нічога не значаць, супрацоўнікі ні пра што не ведаюць. Уваход часам чакае госця з іншай вуліцы, дзе цэлы букет сваіх публічных прастор, плюс жылыя, з гаўбцамі над галавой. Ратунак ад спякоты, дарэчы, таксама ў такіх пасажах. Дык вось, «Hatchіng» (штрыхоўка, насяканне) Томэка Тындыка — пра цялеснасць. Пра ролевыя эксперыменты і перажыванні, пра не вельмі зразумелы, але траўматычны сэксуальны вопыт. Вось тут ёсць трывога і разгубленасць, туга і паніка. Прыкладна на той жа хвалі турботы, што і «Штрыхоўка», студэнты Акадэміі фатаграфіі аб’ядналіся ў праекце «Я хачу сысці». Але памер мае значэнне: выстава ў пад’ездзе, з невялікімі фарматамі адбіткаў, саступае галерэйнай зале ў палову паверху.
Можна, вядома, паспрабаваць прааналізаваць самі кадры абедзвюх экспазіцый з псіхааналітычных пазіцый. Але боль зыходзіць з нябачнага.
Калектыўны праект «Воўна і шоўк. Новая эротыка» на леташнім Месяцы фатаграфіі ў Рызе быў, бадай, пра тое ж і на той жа візуальнай мове. Злучаючы гэтыя выставы ў адзін шэраг, варта думаць пра гендарнае даследаванне. Давер, эмпатыя, бяспека і іх адсутнасць — краевугольныя падставы гэтых пабудоў.
«Тое, што нам падабаецца» ў варыяцыях і тэхналогіях
«Lіke we lіke іt» — дзіўны дэвіз для вялікай падзеі, аднак для фестывальнага працэсу з вялікай колькасцю прэзентацый і абмеркаванняў, напэўна, прывабны. У гэтым сэнсе «Грамадства пачынаецца з траіх» Анджэя Стэйнбаха знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне. Тры чалавекі, якія сядаюць і ўстаюць, чаргуюць жэсты, даюць фатографу спажыву для разважанняў пра адносіны салідарнасці, падаўлення ці падпарадкавання ў грамадстве. Адважная спроба — у адсутнасці усялякага кантэксту (калі не лічыць нейтральнай уніформы) і дзеянняў. Візуальна вельмі вытрыманая, але шматзначная.
«Мікада» Ігара Амулецкага — фатаграфіі іншага кшталту. Японскай гульнёй Мікада займаўся сам фатограф, а дзіцячым драўляным канструктарам — ягоны дзевяцігадовы сын Ігнацы. Дзіця праявіла настойлівасць, фантазію, дбайнасць — увогуле справа пайшла. Амулецкі зрабіў калажы спачатку яркімі, потым гарманічнымі, а затым ператварыў фатаграфіі ў скульптурныя аб’екты са шклом. Гэта амаль ужо дызайн, ды ў канцэпцыю прыцягнутыя дакладныя навукі, тэорыя выпадковага выбару і ідэі ўніверсалізму.
«Монаміф» (абодва праекты ў галерэі «Shara Kamіenіca») дапаўняе шэраг тэхналогій, якія працуюць у калабарацыі з фатаграфіяй. Філіп Бэрэнт прыцягвае ў хаўруснікі адну з самых уплывовых прац па параўнальнай міфалогіі — «Герой з тысячаю абліччаў» Джозэфа Кэмпбэла (1949), а далей адыходзіць у археалагічныя падрабязнасці гісторый пра Асірыса, Праметэя і Буду. Наўрад ці іх можна пазнаць у яго калажах, але рэлігійныя імпульсы, мабыць, счытваюцца. Не ў прыклад традыцыяналістам, фатограф дазваляе сабе веру без шанавання, нешта дакументуе, а нешта, наадварот, ускладняе ўражаннямі, абстракцыяй. Вось такая раптоўная фатаграфія — здавалася б, у міфалогіі яна навошта?
Ганна Арлоўска ў галерэі «Re» таксама змешвае кантэксты: у «Pompіer, Muck, Socroccoco» яна згадае нядаўняе савецкае мінулае квартала Нова Рута з усім шлейфам палітычных і сацыяльных памкненняў. Да сацрэалізму дамешвае культурны пласт, звязаны з маёнткам Яна Матэйкі — ён размешчаны па суседстве. Ці то святло, ці то фармат — усё прымушае ўглядацца ў адбіткі, разгадваючы коды гісторыі, якая сыходзіць.
Несупадзенне ўсяго з усім
...Крыху бянтэжыць, што я засталася на баку той фатаграфіі, дзе дакументальны малюнак разбураны. Маўляў, калі аўтару ёсць што сказаць, то форма другасная. Але для мяне яна важная. І разрыў паміж пэўным-дакладным і ўяўным занадта значны.
Паспрабую патлумачыць. Любы кракаўскі пад’езд ці далёкі кут у двары — гэта амаль ужо стрыт-арт, ці графіці, ці гісторыя. Мільёны (!) людзей з усяго свету прыцягвае сюды сапраўднасць. Нават на тэрыторыі МОСАК, на фабрыцы Шындлера, уваход у галерэю «Re» суседнічаў з іншай шыльдачкай: «Гэтыя металічныя дзверы і акно захаваліся з тых часоў, калі зачынялі памяшканне ў 1943—1945 гады». Менавіта там, у гэтых напаўцёмных маленькіх цэхах працавалі выратаваныя яўрэі. А побач — моцныя, прафесійныя экспазіцыі, музейныя інсталяцыі з добрымі буклетамі, заўсёды камфортныя кавярні, дзе ўсё пераасэнсавана, перанесена з мінулага ў будучыню. А вось што пакіне пасля сябе наш час? Што саступіць свае пазіцыі, а што абярэ сённяшні глядач? Спажыванне таго, што нам падабаецца, ці прадуманую, абгрунтаваную гуманітарную экалогію? Кракаў натхняе на выбар.