Паказальны факт салідарнасці мастакоў сусветнага авангарду, якія шчыра адгукнуліся на ініцыятыву творцаў з Польшчы — Уладзіслава Стрэмінскага, Катажыны Кобры, Хенрыка Стажэўскага, паэтаў Юліяна Пшыбося І Яна Бжэнкоўскага.
Цягам наступных дзесяцігоддзяў калекцыя пастаянна пашыралася, і на сённяшні дзень музей з’яўляецца адзінай польскай установай, дзе так шырока дэманструюцца работы авангардных плыняў сусветнага мастацтва ХХ і ХХІ стагоддзяў. У 1945-м удава Караля Хілера аддала музею спадчыну гэтага аўтара. У тым жа годзе Уладзіслаў Стрэмінскі і Катажына Кобра ахвяравалі музею свае працы. У 1975-м уладальнік лонданскай галерэі Матэвуш Грабоўскі перадаў у дар 230 работ самых вядомых прадстаўнікоў маладога брытанскага мастацтва. У 1981 годзе адбыўся візіт Джозэфа Бойса, мастак ахвяраваў музею частку свайго архіва, якая ахоплівае больш за тысячу твораў. Тады ж НСПС «Solidarność» перадала ў якасці пастаяннага дэпазіту збор прац, створаных удзельнікамі міжнароднай акцыі «Будаўніцтва ў працэсе». У 1983-м амерыканскія мастакі падаравалі калекцыю сваіх работ, сабраную падчас абмену «Échange entre artistes 1931—1982», на 50-годдзе гурта «a.r.».
Цяпер самая вялікая выстава твораў з калекцыі знаходзіцца ў ms² — мадэрнізаваным будынку ткацкага завода ХIХ стагоддзя, адкрытым для наведвальнікаў з 2008-га. З гэтага ж часу музей прадстаўляе сваю калекцыю і звязаную з ёй традыцыю ў новым фармаце. Змены абумоўлены не толькі новым месцам экспанавання, але і іншым спосабам падачы інфармацыі. Музей адмовіўся ад храналагічнага парадку на карысць экспазіцый, засяроджаных вакол канцэптаў, важных для сучаснай культуры, якія выразна счытваюцца і ў калекцыі групы «a.r.» з 1931 года. Прадстаўленая ў ms2 экспазіцыя «Атлас сучаснасці» падзеленая на такія раздзелы, як «Аўтаномія», «Капітал», «Машына», «Горад», «Развіццё», «Эксперымент», «Прапаганда», «Норма», «Традыцыя», «Катастрофа», «Я», «Эмансіпацыя», «Рэвалюцыя». Тут творы не проста ілюструюць пэўны кірунак мастацтва, але раскрываюць тэмы, актуальныя для сённяшняга гледача. Дзякуючы такому падыходу адбываецца пастаяннае абнаўленне патэнцыялу гэтых прац.
Іншы будынак мастацкага музея, у якім калекцыя была прадстаўлена на працягу 50 гадоў, ms1, выкарыстоўваецца для часовых выстаў, перформансаў, майстар-класаў і лекцый. Там жа месціцца «Неапластычны пакой», распрацаваны Уладзіславам Стрэмінскім у 1948 годзе як месца для прадстаўлення дзейнасці групы «a.r.» і мастакоў-канструктывістаў.
Цяпер экспазіцыя суправаджаецца выставай работ, створаных сучаснымі мастакамі, такімі як Дэніэль Бюрэн і Ліям Гілік, такім чынам, авангардная традыцыя па-ранейшаму з’яўляецца прадметам абмеркавання і новых інтэрпрэтацый і дзякуючы гэтаму застаецца жывой.
Пра мінулае і сучаснасць Музея мастацтва мы размаўляем з Паўлінай Курц-Май, кіраўніцай аддзела збораў найноўшага мастацтва, і Даніэлем Музычуком, кіраўніком аддзела найноўшага мастацтва.
Як тагачасная паваенная ўлада ставілася да калекцыі сучаснага мастацтва групы «a.r.» і да авангарду? Як будаваліся гэтыя стасункі?
Паўліна Курц-Май: Калекцыя, сабраная перад вайной, была змешчана напачатку ў форме дэпазіту, а пазней перададзеная гарадскому музею, у той час гэта быў Музей гісторыі і мастацтва ў Лодзі. Тады кантакты паміж сучасным мастацтвам і гарадскімі ўладамі адбываліся праз аддзел асветы, дзе працаваў Бжэслаў Смолік, аматар графічнага мастацтва. Медык з адукацыі, але таксама бібліяфіл, ён усведамляў, якую вялікую ролю мастацтва адыгрывае ў фармаванні іміджу горада. У аддзеле асветы ён адказваў сярод іншага за музейную справу, зрабіў даволі шмат: напрыклад, падзяліў лодзскія музеі паводле розных профіляў, сярод іх былі музей этнаграфіі, мастацтва, гісторыі, прыродазнаўства. Камунікаваў з авангардыстамі, у тым ліку са Стрэмінскім. Склалася вельмі плённая сітуацыя: у горадзе былі авангардысты, якія імкнуліся прэзентаваць сучаснае мастацтва, і была гарадская рада, якая ім спрыяла. У выніку супадзення ўсіх гэтых чыннікаў калекцыя сучаснага мастацтва і была тут прэзентаваная ў 1931 годзе. Да самай вайны яна папаўнялася, але яе аснову складалі працы пачатку 1930-х.
Сітуацыя змянілася па вайне разам са зменай палітычнай сістэмы ў краіне. Спачатку перашкод для экспанавання авангардысцкага мастацтва не існавала. Ужо ў 1945-м музей узнавіў сваю дзейнасць. Гэта быў арганізацыйны перыяд, калі трэба было ўпарадкаваць зборы. Першая экспазіцыя адкрылася праз тры гады, яна ўтрымлівала і творы авангарднага мастацтва, сабраныя ў 1930-я, і новыя паступленні. Усё перамянілася, калі абвастрылася палітычная сітуацыя, сталі актыўна прапагандавацца ідэі сацыялістычнага рэалізму. У кастрычніку 1950 года была закрытая авангардная частка выставы, але ў часы адлігі, пасля смерці Сталіна, адкрылася новая экспазіцыя, якая паказвала ў тым ліку і авангарднае мастацтва. Безумоўна, пазней не ўсё было проста і адназначна, аднак, у прынцыпе, не ставілася перашкод для экспанавання найноўшага і авангарднага мастацтва.
Якія формы прымаюць навуковыя даследаванні ў Музеі мастацтва?
Паўліна Курц-Май: Калекцыя «a.r.» стала пачаткам і дала кірунак нашым зборам і доследам. Сябры гэтай групы супрацоўнічалі з мастакамі парыжскага асяродка, таму, на жаль, з-за моцных сувязей з гэтым колам аўтараў у калекцыі не было твораў прадстаўнікоў чэшскага дый увогуле ўсходняга авангарду. Атрымаўся толькі вузкі зрэз тагачаснага мастацтва.
Пасля вайны адбывалася сур’ёзная праца па зборы творчасці польскіх мастакоў, па адлізе мы працягвалі калекцыянаваць працы актуальнага арту, нягледзячы на тое што наш музей доўгі час быў установай, якая дэманстравала мастацтва ад Сярэднявечча да сучаснасці і толькі ў 2007-м больш выразна засяродзілася на ХХ і ХХІ стагоддзях.
У Лодзі адбываліся вельмі важныя мастацкія з’явы, выдатным прыкладам тут з’яўляецца выстава «Канструкцыя ў працэсе», што прайшла ў 1981 годзе і мела свае розныя выпускі, але найважнейшая менавіта тая, першая. Там дэманстраваліся працы, звязаныя з мінімалістычным мастацтвам, яны былі аддадзены нам на часовае захаванне. У той час афіцыйна яны не маглі быць падараваны, бо былі зроблены ў выніку супрацы з «Салідарнасцю». На пачатку 2000-х творы перайшлі ў дар. Сёння мы актыўна вывучаем актуальнае і рэфлексуем над гісторыяй сучаснага мастацтва, над тымі з’явамі, якія дасюль не былі паказаны ў нашай калекцыі. Таму сёння ў нас шмат набыткаў, звязаных, напрыклад, з феміністычным мастацтвам, гэта розныя працы — ад фільмаў да аб’ектаў. Год за годам мы працягваем актуалізаваць нашу калекцыю.
Даніэль Музычук: Каляжанка дакладна апісала асноўныя кірункі нашай дзейнасці. Сёння падтрымка з боку грантаў Нацыянальнага інстытута культуры і нацыянальнай спадчыны дазваляе нам пашыраць зборы, аднак мы павінны развівацца ў адпаведнасці з духам нашага музея. І тут ядро ранняй калекцыі і этас, звязаны з авангарднымі пачынаннямі асяродка «a.r», дзейнасцю Стрэмінскага і Кобры, з’яўляюцца вельмі цікавай інтэлектуальнай спадчынай, але таксама — грузам, бо мы павінны быць вернымі гэтаму духу. Таму тыя рэчы, якія мы шукаем і набываем, павінны ўваходзіць у дыялог з мінулым нашых збораў. Павінны дапамагаць выбудоўваць новую візію гэтага музея і яго будучыні, а таксама падтрымліваць дыялог, звязаны з авангардам і абстрактным мастацтвам. Кожным разам, робячы закупы, мы стараемся думаць пра тое, што гэтае новае папаўненне можа паведаміць нам пра калекцыі, якія фармуюць тоеснасць нашага музея. Таму праца па папаўненні калекцыі вельмі важная. Нашы папярэднікі часта не мелі магчымасцяў да набыцця пэўных важных частак збору, часам нейкія важныя з’явы існавалі па-за гарызонтам іх бачання. Ці, напрыклад, гэта былі з’явы, якія толькі сёння падаюцца нам істотнымі, бо гісторыя мастацтва скіравалася такім, а не іншым чынам.
У размове пра лодзскую сцэну вельмі важна адзначыць, што, нягледзячы на вялікую долю лібералізму ў адносінах да мастацкай культуры ў 1960-я, наш музей быў установай афіцыйнай. Таму кожная група мастакоў, якая збіралася зрабіць нешта, што не ўпісвалася ў афіцыйны канон, мусіла дзейнічаць падпольна, і ў любым выпадку — па-за сценамі музея. Сёння мы стараемся вярнуць гэтыя з’явы, прэзентаваць і набываць творы гэтых аўтараў. Тым больш новыя з’явы ў той час фармаваліся ў зацішшы, развіваліся ў выразнай апазіцыі ў адносінах да таго, чым займаўся музей.
Таму сёння пры папаўненні калекцыі авангарда выплываюць самыя розныя знаходкі, якія аказваюцца каштоўнымі. Мы стараемся паказаць як мага шырэй працы тагачасных мастакоў і мастачак, але праграма Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны мае сваю спецыфіку, бо яна скіраваная найперш на міжнародныя закупы. Такім чынам больш за палову артэфактаў, якія стараемся набываць за межамі Польшчы, гэта вельмі часта новыя творы. У год звычайна набываем ад пятнаццаці да дваццаці работ розных аўтараў. Вельмі розныя працы як па часе паўстання, так і па кошце.
Ваша экспазіцыя ўжо не будуецца паводле храналагічнага парадку?
Даніэль Музычук: Нашы папярэднікі прадстаўлялі ў экспазіцыі музейныя зборы, пачынаючы ад Сярэднявечча і да сучаснасці, менавіта ў храналагічным парадку, праз розныя этапы развіцця мастацтва. З 2008 года фармат сапраўды змяніўся на нехраналагічны. Сёння наша калекцыя дэманструецца ў дзвюх экспазіцыях, у двух розных месцах. У гістарычным будынку, які музей займае з канца Другой сусветнай вайны, прэзентуюцца працы з калекцыі і спецыяльныя выставы, якія суправаджаюць экспазіцыю Неапластычнай залы. Гэтая зала спраектаваная мастаком для прэзентацыі работ іншых творцаў. Падчас панавання сацрэалізму яна была закрытая, перафабаваная, у ёй паказваліся гістарычныя працы. Была ўзноўленая ў 1960-м і сёння выступае ў нейкім сэнсе як брыльянт усёй нашай кароны — найбольш важнае месца, дзе сустракаюцца розныя сцежкі інтэлектуальнага падарожжа нашых папярэднікаў. Да 1968 года там месцілася гістарычная экспазіцыя, сёння там прэзентуюцца працы, якія тэматычна, свядома альбо падсвядома апелююць да Неапластычнай залы. Там знаходзяцца работы, якія не паўсталі з увагі да дыялогу са Стрэмінскім ці з Кобрай, але, размешчаныя ў непасрэднай блізкасці да іх, пачынаюць адгукацца, падымаць падобныя праблемы і тэмы. Разам з тым рэшта калекцыі прэзентаваная на часовай выставе, што называецца «Атлас сучаснасці», гэта больш за 2000 квадратных метраў, на трох паверхах, дзе мы паказваем працы, якія парушаюць прынцып храналагічнага падзелу. Сабраныя паводле розных тэмаў, яны падымаюць найбольш істотныя праблемы, звязаныя як з грамадска-палітычным вобразам свету ХХ і ХХІ стагоддзяў, так і з развіццём мастацтва.
Там ёсць раздзелы, прысвечаныя такой з’яве, як аўтаномія мастацтва. Ці «капітал» — адно з найбольш істотных паняццяў мадэрнізму, якое мастакі дазваляюць убачыць у іншым святле. Такім чынам, тут сутыкаецца мінулае з будучыняй. Працы 1920-х займаюць тую ж прастору, што і сучасныя, пяцігадовай даўніны. Для нас важны перадусім інтэлектуальны дыялог. Мы ствараем канстэляцыі ўзаемадачыненняў паміж гэтымі работамі, і гэтая мэта тварэння крытычнай гісторыі мастацтва мо больш важная, чым правядзенне гледача праз чарговыя этапы развіцця мастацтва ХХ і ХХІ стагоддзяў.
Так, вы прапануеце наведнікам сапраўды цікавае падарожжа, але ў якіх яшчэ формах адбываецца камунікацыя? Як вы іх прывабліваеце ў музей, як імкняцеся спалучыць асвету і забаўляльнасць?
Даніэль Музычук: У гэтай справе мы стараемся выкарыстоўваць толькі легальныя сродкі. Калі сур’ёзна, то з таго, што я распавёў, відавочна: мы не скіраваныя на забаўляльны фармат. Займаемся тым мастацтвам, якое не належыць да самых лёгкіх, а прызначана для стварэння дыялогу паміж гледачом і творцам. Мы вядзём аповед пра калекцыі мастацтва ХХ—ХХІ стагоддзя ў залах нашай экспазіцыі. І пастаянныя, і часовыя выставы ладзім такім чынам, каб яны трактавалі розныя моманты альбо фармавалі дыялог з галоўнымі інтарэсамі нашых заснавальнікаў. Ці з намі, якія пазней развівалі гэтую ўстанову. У такім дыялогу мы звяртаемся як да пачаткаў, так і да найноўшай мастацкай прадукцыі. Часам мы замаўляем у аўтараў новыя працы, новыя рэалізацыі, яны працягваюць размову з мінулым. Вывучаем нашу калекцыю, адкрываем максімальна шырока зборы і архівы для даследавання. Мы стварылі партал, дзе іх паказваем, ён павінен зрабіць даступнымі ўсе веды, сабраныя ў гэтых сценах. Каб паўстала своеасаблівая інтэлектуальная карта, дзе могуць адбывацца сустрэчы, іншым шляхам складана дасягальныя, таму што творы знаходзяцца ў архівах. Акрамя таго, мы праводзім разнастайныя адукацыйныя праграмы, скіраваныя на прапаганду сучаснага мастацтва, у форме лекцый, канферэнцый, сустрэч, рыхтуем навуковыя публікацыі. Важна адзначыць, што мы з’яўляемся ўстановай, якая мае статус навукова-даследчай. Таму імкнёмся, каб нашы публікацыі адпавядалі стандартам навуковасці, падвышалі наш рэйтынг. Таксама распрацоўваем адукацыйныя праграмы, скіраваныя на моладзь і дзяцей, майстар-класы, сустрэчы, экскурсіі. Усімі гэтымі дзеяннямі мы стараемся працягнуць жыццё нашай экспазіцыі, твораў, што цярпліва чакаюць свайго гледача.
Яна Карыцкая