Кветкі на асфальте

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Аголеныя акцёры, целы якіх абцягнуты сеткамі з-пад бульбы, моўчкі, без руху, роўным шэрагам ляжаць на падлозе. Іх галовы амаль дакранаюцца да ног насцярожана-напружаных гледачоў, што ў першым радзе партэра.

/i/content/pi/mast/1/23/st19_1.jpg
Віталь Баркоўскі

/i/content/pi/mast/1/23/st19_2.jpg
«Спектакль для ненароджаных дзяцей» паводле Ф.Дастаеўскага. Эксперыментальныя майстэрні «АКТ». 1996.

/i/content/pi/mast/1/23/st19_3.jpg
«І нас пацалуе світанак» В.Острава. Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа.

/i/content/pi/mast/1/23/st19_4.jpg
«І нас пацалуе світанак» В.Острава. Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа.

 

/i/content/pi/mast/1/23/st19_5.jpg
«І смех, і слёзы, і каханне» («Падзея») У.Набокава.

/i/content/pi/mast/1/23/st19_6.jpg
«Зямля» паводле Якуба Коласа.

/i/content/pi/mast/1/23/st19_7.jpg
«Чорная нявеста» («Чорная панна Нясвіжа») А.Дударава.

Аголеныя акцёры, целы якіх абцягну ты сеткамі з-пад бульбы, моўчкі, без руху, роўным шэрагам ляжаць на падлозе. Іх галовы амаль дакранаюцца да ног насцярожана-напружаных гледачоў, што ў першым радзе партэра. Нечакана адзін з акцёраў пачынае гучна смяяцца, і вось ужо ўся зала, акцёры і ашаломленыя гледачы заходзяцца ад бессэнсоўнага і таму яшчэ больш нястрымнага рогату...

Так пачынаўся «Спектакль для ненароджаных дзяцей», пастаўлены В.Баркоўскім і У.Матросавым паводле «Злачынства і пакарання» Ф.Дастаеўскага.

Творчыя майстэрні «Акт» Віталя Баркоўскага ў першай палове 1990-х шакіравалі і ўзбуджалі мінскую тэатральную грамадскасць, а сам рэжысёр з’яўляўся ўвасабленнем сцэнічнага «андэграунда», бескампрамісным праціўнікам правіл і традыцый.

Адны лічылі яго адораным наватарам, другія — хуліганам.

Калі ў 1997 годзе Віталь Баркоўскі ўзначаліў Беларускі тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску, здзіўлены былі і тыя, і тыя.

Віталь Міхайлавіч, скажыце, вам было цяжка пасля дзесяцігоддзяў свабоднага пошуку і эксперыментаў адаптавацца ў ролі галоўнага рэжысёра дзяржаўнага тэатра?

— Увогуле, мая прырода заўсёды адмаў ляла любую залежнасць у творчасці. Я імкнуўся працаваць толькі з аднадумцамі і рабіць толькі тое, што лічыў неабходным. Рэжысёрам стаў шмат у чым з-за таго, што гэтая прафесія, як мне здавалася, дае максімальную свабоду для самавыяўлення. Але ў Коласаўскім тэатры сітуацыя была складаная, зусім іншая. Мне давялося прыстасоўвацца да калектыву, працаваць па вызначаным плане для выхаванай іншымі публікі. Трэба было зменшыць патрабаванні да сябе, змяніць — на больш просты — погляд на мастацтва. Давялося адысці ад чыстай творчасці і вырашаць практычныя задачы.

Напачатку мне гэта не надта падабалася, але цяпер думаю, што вопыт самаабмежавання аказаўся карысным. У нейкі момант Гасподзь гаворыць чалавеку: «Усё, цяпер ты гатовы чытаць сур’ёзную вялікую кнігу. А ўсё прачытанае дагэтуль — толькі падрыхтоўка да галоўнага». Магчыма, Коласаўскі тэатр і быў той самай «вялікай кнігай». Надышоў момант, калі я ўжо
быў гатовы яе прачытаць. Так што задаволены, бо не ўпусціў такую магчымасць.

Вы, так бы мовіць, зразумелі, што творчасцю можна займацца і ў дзяржаўным тэатры?

— Дзяржаўны тэатр — гэта кроў тэатральнага свету. Ён неабходны. Але ж і эксперыментальнае мастацтва таксама павінна існаваць. Хоць яно і ўяўляе каштоўнасць найперш для ягоных стваральнікаў, а таксама для інтэлектуальнай эліты краіны. Бо
гэта ў пэўным сэнсе інструмент для спасціжэння свету, спосаб вымярэння ягонай складанасці і хараства. Ён патрэбны для аздараўлення духу нацыі, яе думак і памкненняў. Мы займаемся тэатральным эксперыментам, каб ведаць, што гэтак мы таксама можам, што не закіслі, здатныя разважаць і больш глыбока, і больш сур’ёзна і тонка. І ўсё ж андэграунд — мастацтва для нямногіх. Таму не трэба параўноўваць папулярны і эксперыментальны тэатры. Гэта зусім розныя рэчы.

У 1976 годзе маладыя рэжысёры Мікалай Трухан і Віталь Баркоўскі паставілі ў мінскім ТЮГу спектакль «Апошні тэрмін» паводле В.Распуціна, які распавядаў гісторыю паміраючай маці і яе забыўчывага сына.

Па цёмным вузкім калідоры гледачы прабіраліся ў сырое, цёмнае сутарэнне. Падчас спектакля са столі капала вада; каб гэта было больш уражліва, на падлогу клалі кавалкі бляхі. Сутарэнне асвятлялася адзінай свечкай... Білеты на гэты спектакль распрадаваліся на некалькі месяцаў наперад. За гэтую работу маладых рэжысёраў па рашэнні ЦК КПБ накіравалі на двухгадовую стажыроўку да Анатоля Эфроса.

І ўсё ж, праца ў Коласаўскім тэатры паўплывала на вашы погляды?

— Быў час, калі я размахваў рукамі і лямантаваў: «Як яны мяне дасталі, колькі можна, адно і тое ж!» Аказваецца, так уладкавана жыццё — увесь час адно і тое ж. Я зразумеў, што спектакль можа быць адначасова і вельмі таленавітым, і зразумелым на ўсіх узроўнях — адрасаваным як эліце, так і шырокай публіцы. Тады ніякіх абмежаванняў не існуе. І ў прынцыпе, тыя выразныя сродкі — душа, голас, цела акцёраў, — якімі валодае сучасны рэжысёр, дазваляюць яму паўнацэнна размаўляць са светам, вырашаць самыя высокія мастацкія задачы. Трэба толькі навучыцца выкарыстоўваць гэтыя сродкі. Самае галоўнае — адчуваць сябе ў творчасці цікавым і пераканальным. Калі гэта прысутнічае, акцёру цікава працаваць з рэжысёрам, з’яўляецца павага да ягонага досведу і таленту. Тады і арганізаваць творчы працэс вельмі лёгка. Падчас блуканняў у мастацтве я, відаць, нечаму навучыўся і калі прыйшоў у Коласаўскі тэатр, у поўнай меры валодаў патрэбнымі для такой работы якасцямі.

Як творчы калектыў паставіўся да новага галоўнага рэжысёра, прадстаўніка іншых тэатральных колаў?

— Калі прыходзіць новы кіраўнік, ён заўжды аб’ядноўвае вакол сябе групу аднадумцаў і памочнікаў, стварае нейкі цэнтр прыцягнення ў калектыве. Адначасова ўзнікае апазіцыя. Гэта натуральна і непазбежна. Нават і цяпер у трупе ёсць пэўная колькасць людзей, якія сумняваюцца ўва мне, якіх нішто не ўражвае — ні поспехі ў Еўропе, ні афіцыйнае прызнанне, ні ацэнкі крытыкаў і публікі. Наадварот, усё гэта выклікае ў іх раздражненне. Ужо ў 1998 годзе я атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне» ў галіне тэатральнага мастацтва. А ў 2001 годзе тэатр стаў Нацыянальным.

2006 год — юбілейны для Коласаўскага тэатра: з дня ягонага заснавання мінула 80 гадоў. Сёння Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа поруч з Купалаўскім і Горкаўскім з’яўляецца вядучым тэатрам рэспублікі. На леташнія гастролі віцябчане прывезлі ў Мінск сем спектакляў, якія прайшлі з аншлагам...
 
У апошнія гады Коласаўскі тэатр шмат гастралюе...

— Так, мы аб’ездзілі ўсю Еўропу: Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Германія, Польшча, Малдова, Расія, Літва, Эстонія — усё не згадаеш. Сёлета былі ў ЗША — у Бостане і Нью-Йорку. Нашы спектаклі мелі поспех на буйных сусветных фестывалях. Самы гучны быў у Эдынбургу.

Заходняя публіка адрозніваецца ад нашай?

— У пла не ўспры ман ня асаб лі вых адрозненняў я не заўважыў, хіба што больш лаяльная і ўважлівая, да паходу ў тэатр людзі ставяцца як да нейкай цырымоніі і адпаведна апранаюцца. Гэта і акцёраў настройвае на сур’ёзны, урачысты лад. А вось на фестывалях, якія адбываюцца на вуліцы, гледачы паводзяць сябе больш вольна: п’юць піва, жуюць хот-догі... 
 
Як вы ацэньваеце становішча беларускіх тэатраў у параўнанні з заходнімі?

— На мой погляд, у Беларусі сітуацыя нават лепшая. Наш тэатр больш глыбокі, тонкі, светлы, добры. І больш складаны. Публікі ў нас не меней: у Еўропе калі чвэрць залы запоўнена, гэта ўжо перамога. На Захадзе моладзь у тэатр не ходзіць, а ў нас, наадварот, яна складае большую частку публікі. Праўда, дзеля гэтага мы яе спецыяльна арганізоўваем, ды гэта ўжо іншае пытанне.

Узровень дзяржаўнай падтрымкі ў нас вышэйшы. Дзяржава выплачвае зарплату ўсім работнікам, у нашым выпадку — гэта каля 270 чалавек. Пры неабходнасці — дапамагае з жыллём. Аплачвае дарожныя выдаткі, калі тэатр едзе на замежныя гастролі. Апроч таго, цяпер увесь прыбытак ад спектакляў застаецца ў тэатры. Адзінае, у чым нас дзяржава абмяжоўвае, — гэта сумы на пастаноўкі.

Колькі каштуе адзін спектакль?
 
— 5–10 тысяч долараў. Сюды ўваходзіць кошт дэкарацый, рэквізіту і касцюмаў, а таксама ганарары рэжысёру, мастаку, балетмайстру. Грошы немалыя. Таму трэба даказаць, што гэты спектакль неабходны ў рэпертуарнай афішы, што ён важны. Трэба растлумачыць, чаму выбраны менавіта гэтая п’еса, гэтыя рэжысёры і акцёры. Прадставіць своеасаблівы бізнес-план. Калі ўдасца пераканаць Міністэрства культуры або Прэзідэнцкі фонд, будзе дзяржзаказ на спектакль. Буйную суму лягчэй атрымаць, калі мы збіраемся ставіць што-небудзь з беларускай драматургіі. Увогуле ж, апошнім часам датацыі знізіліся, і частку неабходных грошай мы атрымліваем з пракатнай выручкі.

Візітная картка: Віталь Баркоўскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1947 годзе ў в.Астравы Мінскай вобласці.

Рэжысёрскую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (у 1969 г., курс Д.Арлова). Стажыраваўся ў А.Эфроса. Адзін з лідэраў студыйнага руху ў 1980–1990-х гадах. Ставіў спектаклі ў Мінску, Гродне, Віцебску, Бабруйску, Маладзечне, Санкт-Пецярбургу, Варшаве. Стваральнік Эксперыментальных майстэрняў «Акт». З 1997 года — галоўны рэжысёр, з 2001 года — мастацкі кіраўнік Тэатра імя Якуба Коласа. Паставіў больш за 70 спектакляў.
 
Апрача зарплаты, якое ўзнагароджанне атрымлівае рэжысёр за сваю працу?

— Рэжысёр атрымлівае 2 працэнты ад пракату спектакляў. Бо ён з’яўляецца аўтарам спектакля і ад яго працы шмат у чым залежыць поспех. На жаль, для акцёраў падобнай сістэмы заахвочвання не існуе. Гэта несправядліва — прапановы акцёраў бываюць вельмі таленавітыя і адначасова дадаюць нешта істотна новае да першапачатковага зместу п’есы. Таму за аўтарства спектакля варта было б ўзнагароджваць і іх. Можна было б стварыць кваліфікацыйную камісію, каб адзначаць удалыя мправізацыі, пластычныя знаходкі і іншае. Вядома, не ў кожным спектаклі, але... Кепска, калі магутныя праявы акцёрскага таленту, выдатныя творчыя здзяйсненні застаюцца без усялякага заахвочвання. 
 
Значыць, беларускія тэатры не акупляюцца?

— Вядома, не. Наадварот, дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў іх развіццё. Разглядаць тэатр з эканамічнага пункту гледжання бессэнсоўна — калі толькі гэта не забаўляльнае шоу, прызначанае на продаж. Тэатральны спектакль не здатны стварыць дастатковую матэрыяльную базу. Тэатр — гэта не бізнес. Заўсёды і паўсюдна дзяржава фінансава падтрымлівае тэатральныя калектывы. Хоць не на ўсіх гэтая падтрымка раўнамерна распаўсюджваецца. Купалаўскі, Коласаўскі і Горкаўскі тэатры датуюцца дастаткова сур’ёзна, астатнія — у меншай меры. Апрача таго, у абласных тэатраў менш свабоды выбару, іх просяць ставіць не, скажам, філасофскія прыпавесці, а лёгкія спектаклі: камедыі і меладрамы, якія даюць людзям магчымасць адпачыць. І, вядома, спектаклі для дзяцей. Можа быць, гэта і правільны падыход. Народу патрэбны такі тэатр. Таму дзяржава і клапоціцца пра тое, каб ствараліся забаўляльныя і дзіцячыя спектаклі.

Тэатральныя майстэрні «Акт» аб’ядналі групу аднадумцаў, падзвіжнікаў эксперыментальнага тэатра ў Беларусі. Нягледзячы на складанае матэрыяльнае становішча, трупа падоўгу, не шкадуючы часу, працавала над кожным спектаклем. З 1990-га па 1995г. паставіла толькі пяць спектакляў, у тым ліку — тры п’есы самога Баркоўскага. Прыбытку эксперыментальны тэатр не прыносіў, і, каб зарабіць на жыццё, «Акт» займаўся пракатнымі дзіцячымі спектаклямі. Дарэчы, нельга сказаць, што трупа была зусім пазбаўлена ўвагі ўладаў: хоць у «Акта» не было афіцыйнага статуса, Міністэрства культуры час ад часу падтрымлівала таленавіты калектыў, дапамагаючы яму выжыць.

У сярэдзіне 1990-х «Акт» распаўся, а сам Баркоўскі, стомлены і расчараваны, гандляваў цвікамі на Старажоўскім рынку. Там яго і сустрэў Мікалай Трухан, сябар і аднадумца, і запрасіў паставіць дзіцячы спектакль у Мінскім тэатры «Дзе-Я?». Так дзесяць гадоў таму Баркоўскі дапамог Трухану і ягонай трупе стаць на ногі. Крыху пазней Баркоўскі ў тым жа тэатры паставіў гогалеўскую «Жаніцьбу», а потым — «Улюбёнцаў лёсу» А.Паповай у Рускім тэатры імя М.Горкага, «Нору» Г.Ібсена ў Гродне. Адбылося вяртанне Баркоўскага ў рэжысуру.
 
Навошта дзецям хадзіць у тэатр? Сёння ТБ і камп’ютэрныя гульні іх цікавяць, бадай што, больш...

— Для дзяцей у тым, што адбываецца на сцэне, ёсць элемент цуду, чарадзейства. Дзіцячыя спектаклі дазваляюць далучыць юных гледачоў да атмасферы свята. Гэта вельмі важна, калі светаадчуванне чалавека фарміруецца менавіта ў дзяцінстве.

Для школьнікаў наведванне тэатра ператвараецца ў нейкі акт сацыялізацыі, у акт спасціжэння грамадскіх ісцін. Мы прывучаем чалавека да калектыўнага мыслення, калектыўнага ўспрымання. Тут важныя не толькі сам спектакль, але і дарога да тэатра — узяўшыся за рукі, шарэнгамі па двое, разам з педагогам. Гэта ж цэлы рытуал. А калі яшчэ і спектакль цікавы, то гэтыя 50 хвілін калектыўнага забыцця пакідаюць у іх душах насенне па зітыўнага светаўспрымання, якое дае ўсходы праз шмат гадоў. Бо ў казках дабро заўсёды перамагае зло. Увогуле, цяпер, ствараючы дзіцячыя спектаклі, мы імкнемся вяртацца да вытокаў, да прасветленага, лірычнага славянскага пачатку...

А дарослым людзям для чаго патрэбны тэатр? 

 — Каб суаднесці сябе з той абсалютнай сістэмай каардынат, якою тэатр з’яўляецца. На мой погляд, ён больш хутка, тонка і дакладна, чым іншыя віды мастацтва, выяўляе грамадскія каштоўнасці эпохі. Асноўныя апорныя кропкі чалавецтва — адвечныя, але ломка звыклага свету, жыццёвыя няўдачы часам прымушаюць чалавека ў гэтым усумніцца. Ён прыходзіць у тэатр і ўспамінае, што самае галоўнае ў жыцці — шчырасць, чысціня, дабро і хараство. Успамінае, што ўсё добрае і кепскае, зробленае намі, у рэшце рэшт да нас вяртаецца.

Вы падзяляеце думку, што тэатр з’яўляецца альтэрнатывай поп-культуры?

— Канешне. Сапраўдны тэатр — гэта глыбокі роздум пра каштоўнасці чалавечага жыцця, пра тое, куды скіруецца душа пасля сканчэння зямнога шляху, і як зрабіць, каб душа твая засталася чыстай. Гэта — сцвярджэнне адвечных ісцін, правераных часам, яны вядуць чалавека, які прымае іх, да дабра. Калі людзі забываюцца, адмаўляюць гэтыя каштоўнасці, з’яўляюцца новыя, неправераныя арыенціры, якія падштурхоўваюць людзей да багны. Тады ўспыхваюць войны і рэвалюцыі...
 
Нашу гутарку перапыняе тэлефонны званок. Віталь Міхайлавіч, перапрасіўшы, здымае трубку і пачынае тлумачыць невідочнаму субяседніку, што канкрэтна патрабуецца для нейкай новай пастаноўкі. Я разглядаю службовае памяшканне Рускага тэатра, дзе адбываецца інтэрв’ю: пыльныя фрагменты дэкарацый, драўляныя брусы, пакамечаныя касцюмы, выцвілыя афішы на сценах... Трэба быць чараўніком, каб з аскепкаў шэрай рэчаіснасці штораз ствараць іншы свет, які захапляе гледачоў сваёй шматграннай вытанчанасцю, напружанай сузіральнасцю, унутранай логікай падзей — пры ўсёй непазбежнай і відавочнай штучнасці і знарочыстасці тэатральнага спектакля. Падчас тэлефоннай гутаркі алхімік у крэсле насупраць гучна вымаўляе: «Тэатр — гэта дзяржаўная вытворчасць!» Кантраст паміж творчым пачаткам мастака і практычнасцю гэтай высновы такі моцны, што я не магу пакінуць яе без увагі.

Вы сапраўды лічыце, што тэатр — гэта найперш дзяржаўная вытворчасць?

— Увогуле тэатр можна параўнаць з фабрыкай або заводам, канвеерам па выпуску прадукцыі, якая мусіць задаволіць пэўныя запыты. Вядома, у гэтым сэнсе нам далёка да бразільскіх серыялаў, але ж пэўная мастацкая праўда ў іх, пагадзіцеся, ёсць. Людзі глядзяць на ўсю гэтую пякучую прыгажосць і думаюць: «Чаму я так не магу? Чаму не магу казаць такія прыгожыя словы, здзяйсняць такія высакародныя ўчынкі?» І, мабыць, спрабуюць стаць лепшымі. Хіба не ў гэтым асноўная задача мастацтва?
 
Крытыкі не раз заўважалі гнуткасць і разнастайнасць рэжысуры Баркоўскага, ягоную здольнасць быць непадобным да сябе. Ён нібыта ўвогуле не мае стылёвых прыхільнасцей, уся лякі раз стварае новую сістэму воб ра заў, сягаючы ў яшчэ ня зведаную да лячынь...

Знаходзіць не чаканыя візуальныя вырашэнні Баркоўскаму дапамагае Уладзі мір Матросаў, стваральнік сцэнаграфіі і касцюмаў для многіх ягоных спектакляў.
 
Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць рэжысёр?

— Для мяне рэжысёр — найперш паэт. Той, каму немагчыма выявіць сябе з дапамогай звычайнай мовы, каму патрэбны дадатковыя сродкі, каб узняцца над светам — хоць бы да ўзроўню другога паверха. Каму жыццёва неабходна апаэтызаваць і зрыфмаваць жыццё, узняць яго на нейкі п’едэстал, сабраць усе элементы разам і паказаць людзям. У рэальнасці так зрабіць немагчыма, як немагчыма дзесяць гадоў пражыць за дзве гадзіны. А тэатр дазваляе чалавеку за кароткі час убачыць нейкую мадэль уласных памылак або ўласнага хараства, убачыць саміх сябе. Людзям, якім даводзіцца гэтым займацца, вельмі пашанцавала. Самае цяжкае тут — навучыцца дараваць чалавечы сарказм, знявагі і крыўды. Калі крочыш да вышэйшай мэты — трэба ўмець многае не заўважаць.

Рэжысура — гэта выйсце ў больш шырокую прастору сэнсу, пранікненне ў інтэлектуальную сферу, гэта культура, свядома атрыманая ў спадчыну, назапашаная і перапрацаваная сэрцам, інтэлектам і верай у тое, што чалавецтва мусіць вяртацца да вытокаў, да першапрычыны, да бацькоўскай і Божай праўды. Рэжысёры — гэта мудрацы, якія павінны арыентаваць чалавека на дыялог з Богам і мець права на гэты дыялог. Таму і самі павінны быць у згодзе з Усявышнім. Пагутарыўшы з Богам, знайсці агульную мову з гледачамі вельмі лёгка.

Сакрэт сапраўднага мастацтва ў тым, каб рабіць усё з надзвычайнай пакорлівасцю. Калі мастак у сваёй творчасці нейкім чынам ставіць пад сумненне правільнасць Боскіх асноў, створанае ім не будзе гарманічным. І гледачы гэта адчуюць.

Што б вы хацелі змяніць у нашай тэатральнай рэчаіснасці?

— У Беларусі адсутнічае эфектыўны механізм выяўлення таленавітых рэжысёраў, драматургаў, акцёраў. Састарэла рэжысёрская школа. Маладым рэжысёрам цяпер вельмі складана паставіць спектакль, ім у гэтым трэба дапамагаць. Я нікому не пажадаю  паўтарыць досвед маіх пастановак у сутарэннях, спробу вырасціць кветкі на асфальце.

Каб гэтую сітуацыю змяніць, пры адным з буйных дзяржаўных тэатраў трэба стварыць нейкую асаблівую пляцоўку, дзе таленавітая моладзь магла б праяўляць сябе. Штогод абвяшчаць нацыянальны конкурс і лепшым праектам вылучаць невялічкія датацыі на пастаноўкі. У год можна было б даваць шанец тром-чатыром рэжысёрам. Неўзабаве мы атрымаем некалькі новых  буйных імёнаў. Гэтага будзе дастаткова, каб развіццё нашага тэатра рванула наперад. Тады беларуская рэжысура па сваім узроўні зможа наблізіцца да таго, што ёсць ва Украіне або Літве. Хочацца, каб беларуская тэатральная школа вярнула сабе былую славу, сваю велічнасць і арыгінальнасць.

ЯЎГЕН УВЯДЗЕНСКІ