Спачатку — кароткая даведка, бо без кантэксту складана асэнсаваць характар «Міфалагемы...».
Больш за дзесяць гадоў мастак Алесь Родзім (тады — Родзін) быў рэзідэнтам артхаўса «Тахелес» у Берліне — вядомага сквота, дзе працавалі аматары мастацтва з розных краін. Пасля падзення Берлінскай сцяны мастакі занялі апусцелы будынак былога ўнівермага пад свае майстэрні. Андэграўндная пляцоўка прываблівала сваёй экзатычнай фактурай не толькі мясцовую моладзь, але і турыстаў з усяго свету. Культавае месца атрымала сваю энергетыку ў тым ліку і таму, што паўстала ў час перамен, на зломе эпох.
Першы беларуска-нямецкі фестываль «Дах» нарадзіўся менавіта ў берлінскім «Тахелесе», ён прайшоў у 2001 годзе.
У новым праекце місія «Даха» засталася. Фестываль у культурным хабе «Ок16» прысвечаны беларускаму складніку арт-сквота «Тахелес», які стаў своеасаблівай апорай культурнага моста, што лучыць беларускі і еўрапейскі андэграўнд.
Я сустракаюся з арганізатарамі праекта — мастаком і галоўным аўтарам Алесем Родзімам і ўдзельнікам куратарскай групы Іллёй Сінам — сярод хаосу: ён суправаджае стварэнне будучай экспазіцыі. Касцяк ужо праглядаецца. Прастора выцягнутага цэха калонамі разбітая на нефы, паступова звужаецца да трохвугольнай прызмы ў вышыні, праз якую сюды пранікае святло. І што за складаназлучаныя індустрыяльныя канструкцыі! Гэта вам не белы куб, якому спачатку прыпісвалі нейкія сакральныя функцыі — ізаляцыі і пагружэння. Тут фактура ўсёпаглынальная!
***
У 2016-м у адным з інтэрв’ю вы паведамлялі, што праводзіце апошні фестываль «Дах» і развітваецеся з тэмай «Тахелеса», бо яна вычарпаная. Але зараз распачынаеце арт-фестываль, прысвечаны андэграўнднаму мосту з гэтым берлінскім сквотам. У чым пераемнасць вашай новай дзеі з «Дахам», а ў чым адрозненне? Чым адметны гэты праект?
Алесь Родзім: Фактычна нічога не змянілася: «Дах» як існаваў, так і будзе існаваць. Зараз ён будзе адбывацца ў сімбіёзе з выставай «Міфалагема тысячагоддзя». Мы зноў распрацавалі праграму дахаўскай часткі фэсту. Паставім і гістарычны акцэнт, згадаем выбітных дзеячаў Беларусі — Рэйтана, Манюшку, Сыракомлю, Чачота і іншых. Прааналізуе значэнне гэтых асоб Зміцер Юркевіч — таленавіты мастак і гісторык. У асобнай зале ля ўваходу ў цэх з вуліцы ён разгорне свае інсталяцыі на гэтую тэму.
Ідэю ўсяго праекта можна выказаць наступным чынам: «Тахелес» цяпер існуе толькі ў віртуальным рэжыме. Калі яго не стала, былі спадзяванні, што гэты цэнтр нейкім чынам рэанімуецца, але... Мы кожны год бываем у Берліне і бачым: будынак дасюль пустуе. Падаецца, «Тахелес» ужо сваё адпрацаваў — і на еўрапейскім, і на сусветным узроўні. Тым не менш, паколькі я там правёў шмат часу, таксама як і Зміцер Юркевіч, у нашай памяці жыве не толькі вобраз гэтага месца, але мы працягваем адчуваць і той энергетычны імпульс, які яно ўтрымлівала, — адкрытая прастора, куды мог зайсці любы: і той, хто любіць мастацтва, і проста цікаўны. Кожны год праз берлінскі «Тахелес» праходзіла каля 300 тысяч чалавек. Там усё было навідавоку — дзверы майстэрняў адчыненыя, мастакі працуюць, гледачы назіраюць, музыкі даюць свае канцэрты ці рыхтуюцца да іх, перформеры нешта ладзяць, тэатр прапануе свае дзеі. Ішлі цікавыя спектаклі або нейкія іншыя імпрэзы. Нават сімфанічныя аркестры гралі. Такая кангламерацыя вельмі падабаецца гледачу — тым больш аўтары з’язджаліся туды з усяго свету. У той час як галерэі горада пуставалі, бо іх прастора залішне вычышчаная, стэрыльная.
Ілля Сін: «Тахелес» нехта ўспрымаў як экзатычную цікавостку. Але для мяне найперш ён вылучаўся іншым — сваім унікальным досведам непасрэднага кантакту рэцыпіента і мастака. Калі ты прыходзіш у музей, дык разумееш, што пабачыш там мастацтва, якое нехта аўтарытэтны ўжо палічыў вартым. Адпаведна, табе нічога не застаецца, як таксама яго ўпадабаць — бо хіба можна спрачацца са знаўцамі? А ў «Тахелес» людзі завітвалі літаральна з вуліцы, без ніякіх асаблівых чаканняў. Яны не ведалі, хто такі Родзін, і не чыталі мудрагелістыя дыфірамбы пра яго талент. Гледачы былі вымушаныя ўспрымаць мастацтва сам-насам, без пасрэднікаў і папярэдніх установак. І тое, што ўзаемадзеянне адбывалася, — гэта проста цуд. Асабліва ў цяперашні час, калі ўсё пабудавана на піяры, якому надаецца ўвагі больш, чым уласна мастацтву.
Такім чынам, калі вы ладзілі «Дах», напрыклад, у Палацы мастацтва, вы гэтую шматпавярховую і шматжанравую дзейнасць «Тахелеса» імкнуліся змясціць у некалькіх залах мінскага будынка? Падзялялі перагародкамі ўвесь гэты разнастайны функцыянал, разводзілі ў часе?
Алесь Родзім: Так, у Палацы мастацтва мы спрабавалі ўзнавіць усю гэтую тахелеўскую сістэму. Самы буйны «Дах» адбыўся ў 2009 годзе, і там была вельмі цікавая перадгісторыя. Калі атрымалі згоду Саюза мастакоў на гэты праект, мы замовілі чатыры грузавікі са смеццем з розных будаўнічых пляцовак. Яго прывезлі, выгрузілі, і мы ў падвальных памяшканнях там усё схавалі. Потым год з ім працавалі. Бо каб «засвоіць» такую махіну, як Палац, — а ён увесь нам аддаваўся, — трэба было прыкласці шмат намаганняў.
Там жа белыя сцены, вялізныя празрыстыя вокны...
Алесь Родзім: Мы перастварылі прастору: вокны задрапіравалі, выкарысталі штучнае асвятленне. Калі ўсё было змантавана і дароблена, камісія з Саюза мастакоў жахнулася, яны сказалі, што не могуць з такім пагадзіцца. Саюз не быў гатовы да таго мастацтва, якое ў Еўропе ўжо лічылася пройдзеным крокам. Але ўсё ж адкрылі выставу — дзякуючы сакратару Сяргею Цімохаву: ён дзеля дасягнення кампрамісу прапанаваў абмежаваць яе працу адным тыднем. Аднак адразу пайшлі такія натоўпы гледачоў, што нам працягнулі тэрмін на 40 дзён. І кожны дзень на дзвюх-трох пляцоўках адбываліся імпрэзы: музыка, тэатр, нешта яшчэ... І так 40 дзён. Зміцер Юркевіч шыкоўна скампанаваў праграму. І гэта было тое, што заўсёды прапаноўваў «Тахелес», але ў Мінску яно прагучала больш сканцэнтравана, больш моцна. Прыязджалі і мастакі з Берліна са сваімі творамі. Такім чынам, гэты культурніцкі мост пачаў дзейнічаць яшчэ падчас працы берлінскага «Тахелеса».
«Ок16» падаецца больш адпаведнай прасторай для вашага праекта, чым Палац мастацтва. У чым падабенства культурнага хаба да «Тахелеса»? У чым адрозненне? І як вы засвойваеце гэтыя індустрыяльныя памяшканні?
Алесь Родзім: Гэтая прастора сапраўды нечым нагадвае «Тахелес». Тут ёсць яшчэ вельмі цікавы двор, і мне вельмі шкада, што рукі да яго не дайшлі — хоць ідэі былі. Важна: «Ок16» — гэта не звыклая галерэя. Тут ёсць тая ж вірлівая атмасфера, што і ў «Тахелесе».
Ілля Сін: Тут сама фактура прасторы ды яе заводская гісторыя вымагаюць ад аўтара нейкага ўзаемадзеяння.
У цэнтры вашага канцэпту — жывапісны поліптых «Міфалагема тысячагоддзя». Чаму гэтая праца стала агульным маніфестам? Памер, безумоўна, уражвае — 15 на 4 метры. Як і тэрмін стварэння — каля пяці гадоў.
Алесь Родзім: Па-першае, гэтая карціна часткова ў «Ок16» і стваралася — я яе тут пісаў усю зіму. Па-другое, усе пагадзілася з тым, што яна вельмі падыходзіць для таго, каб звесці розныя кірункі і мастацкія плыні, высілкі розных аўтараў у адну кропку ў гэтай прасторы.
Ілля Сін: Узнікла ідэя назваць увесь праект паводле адной з карцін Алеся — найперш дзеля таго, каб змясціць у цэнтр увагі фэсту мастака ды ягоны творчы свет. Пры ўсёй сваёй інтравертнасці, Алесь Родзім вельмі альтруістычны. І гэтым разам мне хацелася, каб ён стаў галоўным героем, асноўнай дзейнай асобай усёй гэтай імпрэзы.
Гэты не абстракцыя, а складаны полістылістычны фігуратыўны твор. Значыць, тут можна акрэсліць і тэму, і, магчыма, сюжэт?
Алесь Родзім: Так, у гэтым поліптыху тэма разгортваецца паслядоўна. Як фігуратыўная карціна яна патрабуе паступовага асэнсавання. Хоць паводле стылю тут многае перамяшалася — метафізічныя і сюррэалістычныя вобразы, фантастычная рэальнасць і псіхадэлічныя па ўздзеянні фрагменты. У пачатку я паказаў занепакоеных людзей, якія некуды імкнуцца, імчаць насуперак ветру. Вецер не заўсёды спрыяльны, і яны ўлятаюць у раскрыты, калючы, халодны свет. Карціна прасякнута гэтым узрыўным існаваннем, адчуваннем пагроз, сярод іх чалавецтва мусіць выжываць. Чалавек павінен даследаваць гэты свет, але мусіць быць асцярожным. Такое папярэджанне закладзена ў творы на ўзроўні метафар: мы не ведаем, адкуль мы прыйшлі, — мы не ведаем, куды пойдзем. Кружыцца вецер, мяняе свой кірунак, і ўсё вяртаецца на свае кругі.
Мяне цікавяць такія тэмы, стараюся дакапацца да глыбіні. Хоць працаваў над гэтым творам пяць гадоў, але яшчэ не закончыў яго: адчуваю, што тэма не раскрытая да канца.
Выдатна тое, што ў сваіх пошуках я магу абаперціся на добрую школу. У мяне ў свой час выкладалі Іван Ахрэмчык і Натан Воранаў — выдатныя жывапісцы, з якімі мы, студэнты, змагаліся. Але яны здолелі ўкласці нам у галовы патрэбныя веды, і стэп-бай-стэп мы засвоілі асновы прафесіі. Бо калі б не засвоіў, то нікому б я ў Берліне, у «Тахелесе» не быў бы патрэбны. Прапанову застацца і працаваць там я атрымаў выключна дзякуючы сваім творам.
Вельмі цяжка зразумець структуру ўсяго праекта. Але маё пытанне ў іншым... Прыедуць розныя аўтары на ваш фестываль, аднак жа не кожны мастак пагодзіцца прыняць удзел у выставе, у цэнтры якой — чужы твор. Ці вашы калегі-аднадумцы на ўсё гатовы дзеля агульнай ідэі?
Алесь Родзім: Для кожнага аўтара тут знойдзецца месца. Так, цэнтральнай воссю будзе выстава маіх прац, але апроч яе будуць невялічкія выставы аўтараў з «Тахелеса», на іншых лакацыях, і таксама будзе адбывацца шмат розных імпрэз: прэзентацыі праектаў калег — Барбары Фрагогны (жывапіс), ZV Davis (фатаграфія), Мірыям Вутке (перформанс) ды іншых. Яны правядуць свае перформансы і сустрэчы з гледачамі.
Першым прыедзе Марцін Райтэр, былы дырэктар «Тахелеса», вельмі вядомая мастацкая асоба. Калісьці ён займаўся зборкай камп’ютараў, а цяпер прысвячае свае творы камбінаторыцы ў камп’ютарных сістэмах. Цікавая гісторыя пра тое, як ён стаў дырэктарам «Тахелеса». У 1995 годзе зрабіў адну інсталяцыю: падвесіў машыну на пад’ёмным кране, яна з вышыні ўпала і разбілася. Гэта было ўспрынята як мастацкі знак. Калі Марцін з’явіўся ў Берліне, яму прапанавалі кіраўніцтва «Тахелесам», ён пагадзіўся.
Падчас першага «Даха» 2001 года — нашай нямецка-беларускай выставы — Райтэр ужо быў заняты толькі адміністратыўнай дзейнасцю. Як мастак мала сябе праяўляў, але цікавіўся і разбіраўся ў творчасці іншых. Дапамагаў збіраць аўтараў з усяго свету, што даволі няпроста, бо ўсе мы — індывідуалісты. Сёння Марцін Райтэр вярнуўся да мастацтва, паказвае інсталяцыі, піша вельмі цікавыя тэксты. Час ад часу ладзіць арт-фестывалі ў Германіі. Нядаўна рабіў павільён «Тахелеса» на вялікім Wurzeln Festival пад Берлінам, дзе група «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk» ладзіла перформанс, а я паказваў жывапіс.
Ілля Сін: Увесь гэты наш праект цалкам можна назваць «Дахам», але не, мы не сталі гэтага рабіць: чым больш блытаніны, тым лепш. Гэта будзе працэсуальнае дзеянне. І будзе Лёша Фралоў ладзіць праграму з акадэмічнай музыкай. Адбудзецца міжнародны вялікі фестываль перформансаў, тры дні ў верасні, з інтэрнацыянальнай камандай арганізатараў і ўдзельнікаў. Я рыхтую фестываль «Прывіды Фаўста», самы канцэнтраваны па колькасці ўдзельнікаў. Ён мае ў аснове гістарычную падзею: 200 гадоў таму адбыўся прыклад супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Нямеччынай: Антоні Генрых Радзівіл угаварыў Гётэ напісаць лібрэта для сваёй оперы. Гэта будзе ў асноўным музычны фэст, паралельны фэсту перформансаў. Дарэчы, апошні будзе прысвечаны дваццацігоддзю фестывалю «Навінкі» і нават супадае па датах. Таксама запрашаем пластычны тэатр «ІнЖэст», іншыя музычныя праекты, збольшага эксперыментальнага кшталту. Прыедзе вядомы нямецкі постіндустрыяльны калектыў INADE.
Ці магчыма тут, у Беларусі, узнавіць нешта падобнае па духу да «Тахелеса»? Ці магчыма на падобныя праекты іншых мясцовых творцаў нейкім чынам справакаваць?
Алесь Родзім: Сёння ў мастацтве наступіла вельмі складаная сітуацыя, з якой, на жаль, немагчыма нешта зрабіць. Мастакі больш скіраваны на супрацоўніцтва з галерэямі. А што такое галерэя? Гэта, у сваю чаргу, скіраванасць на нейкі канкрэтны фармат. Яна падтрымлівае вытворчасць такога прадукту, які будзе карыстацца попытам. І гэты фармат не дае магчымасці аўтару поўнасцю знаходзіцца ў сваёй плыні, каб выплюхнуць з сябе тую энергетыку, што ў ім накапілася, якую ён напрацаваў. Сваё асабістае, падсвядомае. Каб усё звязаць у адзіны канцэптуальны вузел. Можаш рабіць мікраскапічныя працы, можаш макраскапічныя. Няважна. Галоўнае — адлюстроўваць тое, што цябе цікавіць, істотныя для цябе рэчы, а не раскідвацца на драбязу. Важна выявіць свае ідэі, не зважаючы на тое, заплацяць табе ці не. Цікава — значыць, працуй!
Ілля Сін: «Тахелес» — гэта ўжо гісторыя. Спярша за яго змагаліся, пасля развітваліся, потым доўга яго хавалі, выклікалі яго прывіды... Як мне падаецца, пара ўжо адысці ад гэтага месца. Але важна падкрэсліць, што дух яго жывы. Ён існуе, набываючы нейкія новыя формы. І гэты фестываль — адна з іх, ён ні ў якім разе не настальгічны. Як і той праект, які рабіў Марцін цягам вялізнага рэйва Wurzeln Festival.
Але ў нашай арт-прасторы ваш праект усё ж выглядае маргінальным. Ці гэта нармальная пазіцыя сёння?
Ілля Сін: Цяжка сказаць, хто тут не маргінальны.
Алесь Родзім: Сёння паняцце маргінальнасці перастала існаваць. Гэта раней быў выразны падзел, быў андэграўнд і афіцыёз. Сёння я магу ў Палацы мастацтва выстаўляцца, магу і тут.
Ілля Сін: У спадара Алеся паралельна рыхтуецца выстава ў гандлёвым цэнтры «Галерэя» — у своеасаблівым храме кансьюмерызму. Думаю, гэта красамоўна засведчыць, што яго мастацтва незалежнае ад кантэксту, ад вонкавага антуражу.
Вы расказвалі, што ў Берліне працавалі раніцай на самоце, а пасля дзверы майстэрні адчыняліся і ішоў бясконцы паток турыстаў. Што вас інспіравала? І ці хацелі б паўтарыць гэты досвед, зрабіць адкрытую майстэрню, напрыклад, тут у Мінску? Публіка амаль такая ж... Пакуль мы з вамі тут размаўляем, нехта папрасіў дазволу пафатаграфаваць, а нехта — пакінуць свой подпіс на машыне, якую я, дарэчы, у гэтым творчым хаосе нават не заўважыла.
Алесь Родзім: Там, у Берліне, праз маю майстэрню праходзіла мноства людзей з розных краін. Камунікацыя была незвычайная. Гэта давала пэўную энергію. Але асноўную частку працы я стараўся выканаць з самай раніцы, калі дзверы майстэрні яшчэ былі зачыненыя.
А моладзь, так, сёння вельмі прасунутая, з цікавасцю ставіцца да нязвыклых праектаў. Людзі ў нас дасведчаныя. Могуць глядзець і могуць бачыць. Хутка ўсё стане на свае месцы. Адзінае, чаго варта трывожыцца: «Калі гавораць гарматы, музы маўчаць». Свет сёння як парахавая бочка. Хай лепш мастакі міжсобку ваююць.
Калі стаць у цэнтры гэтага фабрычнага памяшкання, адразу робіцца відавочным, да чаго падобная гэтая прастора. І таксама зразумела, што і вы гэта бачыце і абыгрываеце яе асаблівасці. Калоны, напрыклад, на якіх доўгія істоты-ахоўнікі, напісаныя на выцягнутых палотнах. Галоўны твор мо і не зойме месца алтара, бо цяпер ён крыху збоку, але мае істотнае, сакральнае месца ва ўсёй гэтай канструкцыі...
Алесь Родзім: Архітэктурная сітуацыя тут дзівосная. Вельмі цікавы аб’ект. Важна ўпісаць мастацтва ў асяроддзе, якое само па сабе незвычайнае.