Варта адзначыць свежасць і авангарднасць электроннага гучання тэмаў, бо часцей за ўсё музычна-драматычны спектакль вырашаецца ў стылістыцы савецкага кінамюзікла. Расчароўвае толькі нізкая якасць запісу вакалу, якую зрабілі ў тэатральнай студыі (пастаноўка ідзе ў суправаджэнні плюсавай фанаграмы), і відавочная адсутнасць сістэматычнага музычнага дасканалення артыстаў.
Графічная сцэнаграфія вырашаецца ў скандынаўскай эстэтыцы хюге праз манахромныя дэкарацыі і пляскатыя выявы персанажаў (мастакі — Вольга Алексяюк і Фёдар Калодзіч). Нібы павыцінаныя з белай паперы, яны «выходзяць» з кнігі казак таямнічай Вядзьмаркі (Кацярына Яцкавец), падобнай да фантастычнай прынцэсы Турандот. Рэжысёр-пастаноўшчык прапануе артыстам адразу тры планы ігры — драматычны, музычна-пластычны і прадметны.
Сутнасць персанажаў падкрэсліваюць стылёвыя гарнітуры, праз якія транслюецца знаёмая сучасным дзецям поп-культура: Жаба — Lady Gaga (Яўгенія Гадун), Страказа — Beyonce (Кацярына Яцкавец), Жук (Дзяніс Сарока) — модны блогер, Жабуар (Іван Гізмонт) — салодкагалосы рамантычны спявак. У адным з эпізодаў над сцэнай з’яўляецца воблака — як рэпліка героя коміксу ці паведамленне ў мэсэнджары. На воблачны міні-экран ажыццяўляецца анлайн-трансляцыя ўроку танцаў ад Страказы ды ўсіх прыгод Дзюймовачкі, пакуль яна гасцюе ў Жука.
З «класічных» тэатральных казак, добра знаёмых бабулям і дзядулям сённяшніх юных гледачоў, прыйшла ў новы спектакль далікатная і наіўная Дзюймовачка (Маргарыта Валавікова). З першага дня жыцця яе суправаджае чарвячок Друня (Вячаслаў Цыцкоўскі), які ў фінале перакідацца Прынцам эльфаў, аднак на працягу дзеяння нішто не пасоўвае гледачоў да гэткай здагадкі (прыкрая няпэўнасць вынікла з драматургіі, і шкада, што рэжысёр не ўзяў яе пад увагу, калі працаваў над сцэнічнай рэдакцыяй п’есы). Лепшыя акцёрскія пераўвасабленні спектакля належаць Яўгеніі Гадун, яна выканала ролі Жабы і Мышы, стварыўшы два цалкам самастойныя, характарныя вобразы.
Выразная і эмацыйная далікатна-пластычная сцэна Ластаўкі (Таццяна Строк) уяўляе з сябе сольную партыю, якая выяўляе ўнутраную прыроду гераіні (балетмайстарка — Анастасія Чарнышэвіч). Усе вакальныя нумары пастаноўкі сольныя (найбольш цікавыя — песні Дзюймовачкі, Жабуара, Крата і раманс Мышы), за выключэннем містычнага фінальнага ансамбля, як бы створанага на вершы Жабуара — праз сваё нешчаслівае каханне да галоўнай гераіні той зрабіўся паэтам.
Звышзадача дзіцячай афішы абласнога рэпертуарнага тэатра — залучыць і выхаваць свайго гледача. Займаючыся пастаноўкай казак, Дзяніс Фёдараў не абмяжоўваецца і гэтай складанай місіяй — ён выхоўвае будучага артыста. Інтэнсіў-курс «Адкрый у сабе акцёра», у якім малады рэжысёр — натхняльнік, арганізатар і педагог, — у сёлетнім красавіку выпусціў ужо другі набор слухачоў. І рамантычныя старшакласніцы, і рэспектабельныя бізнэсоўцы засвойваюць сцэнічную гаворку, акцёрскае майстэрства, пластыку і рух... У гэтай інавацыі (а ўсё новае — гэта добра забытае старое) бачыцца адраджэнне традыцый студыйнай адукацыі ў айчынных рэгіянальных тэатрах і развіццё камерцыйнай ініцыятывы, якой усё яшчэ бракуе дзяржаўнаму сектару культуры. Акрамя таго, у тэатра з’яўляецца магчымасць на кантрактнай аснове займаць у пастаноўках выпускнікоў курсаў (на жаль, не выпускніц — гендарнае пытанне ў фармаванні акцёрскай трупы не губляе вастрыні аж з 1990-х) — мо вясёлым чарвячком, а мо і прыўкрасным прынцам
Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі