Практычна трыццаць гадоў пасля заканчэння ў 1971-м Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Концуб працаваў з керамікай, а больш за ўсё — з шамотам. Яго работы вылучаліся простымі манументальнымі формамі і тым самым набліжаліся да антычных узораў. Напрыклад,
у «Дзяўчыне з кубкам» злучыліся бутэлькавая форма і рамантычны вобраз гарадской спадарыні.
А глазура вохрыстых тонаў, скарыстаная ў дэкараванні, падкрэслівае глыбіню.
Для мастацтва станковай керамікі асноўным творчым метадам і галоўным выразным сродкам з’яўляецца стылізацыя, якая дапамагае раскрыць індывідуальнасць аўтара. Мэта стылізацыі — стварэнне новай мастацкай выявы, выразнай, дэкаратыўнай і эмацыйнай, з частковай ці поў-
най адмовай ад выяўленчасці, што часам можа перашкаджаць. У рабоце «Якая танцуе» стылізацыя непарыўна звязана з паэтычным вобразам: нахіленая форма і моцныя эмоцыі выкарыстаны як для знешняй, так і для ўнутранай дынамікі, а кветкавы вянок, які нагадвае купальскае вогнішча, прыўносіць маляўнічасць. Гераіня ўжо ўспрымаецца не як удзельніца свята, а як яго сімвал. У творы «Язычніцтва» аўтар таксама не персаніфікуе вобраз, а абагульвае яго.
Шматзначнасць і характэрная стылізацыя адчуваецца і ў рабоце «Двое». Нават без антрапалагічнага падабенства ў гледача ўзнікаюць асацыяцыі з жаночым і мужчынскім пачаткамі. Нахіл вертыкальнай восі ў левым прадмеце ўвасабляе мяккасць, скіраванасць на служэнне звязу дваіх. Правая постаць больш просталінейная і вуглаватая. Дынаміка з’яўляецца за кошт спіральнага зруху элементаў адносна цэнтральнай восі, а зрушаная верхняя частка, падобная да павароту галавы, кажа пра ганарлівасць персанажа. Калі браць пад увагу розніцу ў росце паміж Анатолем Концубам і яго жонкай, то кампазіцыю можна разглядаць як «Алегарычны аўтапартрэт з жонкай». Работа «Двое» — з шэрагу твораў, у якіх сямейныя стасункі мастака раскрываюцца праз геаметрычныя формы.
Жывапісныя працы Концуба — партрэты, пейзажы і нацюрморты — яднае сімвалізм, пошук загадкавай прыгажосці светабудовы.
Сімволіка ў яго нацюрмортах раскрывае ўнутранае жыццё аўтара. Гэта жанр спецыфічны, больш інтымны, чым можа падацца спачатку. Асэнсаваны ці выпадковы выбар прадметаў і колеравай гамы здольны шмат распавесці пра творцу. Дзякуючы ўвасобленым на карціне «Час — восень» картам і ігральным касцям можна здагадацца, што Анатоль Концуб верыць у выпадак. Гэта пацвярджаюць і словы мастака: «Я быў бы іншым чалавекам, калі б не займаўся мастацтвам. А кім — не ведаю. Напэўна, сышліся зоркі, і можна дзякаваць Богу».
На тым жа палатне ўсе гадзіннікі паказваюць розны час, нібы адлюстроўваюць знакавыя падзеі пражытых гадоў. Сярод іх вылучаюцца пясочныя — старажытная алегорыя адмеранага жыцця. А вось стомленага клоўна можна атаясаміць з самім аўтарам, як і пустую бутэльку з поўнай творчай выказанасцю. Вядома, штосьці нявыказанае застаецца — у бакале.
Сімваламі восені ў нацюрморце сталі лістота і яблыкі, якія апалі ці яшчэ ападаюць. У працы над карцінай аўтар выкарыстаў сапраўдныя лісткі, дэкараваныя золатам, што разам з зеленню ўзмацняюць восеньскія адчуванні, а светлая, свабодна размешчаная драпіроўка з чырвонай паверхняй дадаюць урачыстасці.
Часта ў творах Концуб змяшчае рыбу ў верхняй частцы кампазіцыі, звычайна ў галінах дрэў. Мастак стала вяртаецца да такіх трансцэндэнтальных катэгорый, як прастора, час, прычыннасць, і таму рыба ўспрымаецца намі як боскі сімвал, як бесстаронні назіральнік звыш са шматзначным маўчаннем. Эфект узмацняюць і аморфныя, у адрозненне ад чалавечых, вочы, што не адлюстроўваюць унутраны стан.
Гэтаксама мастак часта звяртаецца да вобраза лодкі, якая дазваляе аддзяліцца ад астатняга свету фізічна, часава і духоўна. Так і дзяцінства ў роднай вёсцы праз доўгі час успрымаецца нібы незалежная, ізаляваная частка памяці. Таму з’яўленне карціны «Лодка майго дзяцінства» вельмі лагічнае. Твор прываблівае жывапіснай і змястоўнай насычанасцю, цэнтральнай мастацкай метафарай — адным з любімых прыёмаў Концуба.
Палатно напісана ў рэалістычнай манеры з дэкаратыўнымі элементамі. Лодка нібы прыплыла са старажытнага міфа і зараз плаўна калышацца па ветры сярод казачнай, ненатуральнай сіні, срэбна-залацістых аблокаў, дзівоснай травы — у атачэнні цёплай бацькавай любві і адчуванні цішыні і бяспекі. Рупліва і ўважліва прапісаны ўсе дэталі сельскага жыцця: некранутая прырода, старыя пабудовы, паўсядзённыя клопаты і заняткі. Ідылічны настрой стварае залаты і шэра-блакітны фон, які становіцца пачуццёвым увасабленнем дзяцінства.
Да лодачнай тэмы блізкая работа «Адпачынак у дарозе». Тут маленькі свет мастака выяўлены як нябесны востраў. Побач з героем, як і ў жыцці, жонка і верны сабака, а вакол — важныя для персанажаў мясціны, дзе памежныя слупы — сімвалы пераходу з адной фазы жыцця ў іншую.
На карціне «Апошняя восень» згасае прырода, хмары засцілаюць небасхіл і ў шэрасці дажывае свой век старая павець. Гэта ўсё сімвалы восені жыцця, якая падкралася незаўважна. Па баках карціны алегарычныя дрэвы: правае самотнае ў сваёй старасці, а левыя, як немаладая пара, што зблізілася за доўгі час, прытуліліся адно да аднаго, перапляліся лёсамі, і нават неба вакол іх стала святлейшае.
Анатоль Концуб — мастак, які адчуў час і змог знайсці сябе ў ім. Аб’яднаўшы керамічны і жывапісны вопыт, ён выпрацаваў індывідуальную манеру, звязаную з яркасцю і дэкаратыўнасцю, з характэрнымі кампазіцыйнымі і каларыстычнымі рысамі. Ён стварыў непаўторную тэхніку, вызначыў эмацыйны спектр, сюжэтную тэматыку, што паказвае грані ўнутранага свету аўтара.
Генадзь Благуцін