Пяць сучасных мастакоў ад Беларусі прадставіў куратар Алег Касцючэнка. Праект называўся «Талент на экспарт». Слова «экспарт» адсылае да лацінскай першакрыніцы: вываз тавараў і паслуг з порта краіны ці дзяржавы. Гэтае паняцце закранае таксама праблемы межаў і самарэалізацыі на мове сучаснага мастацтва.
Для нас Арменія — малавядомы рэгіён, але мастакі ўжо праклалі свае творчыя сцяжынкі ў гэтую краіну. Што адбываецца там і як мы сябе можам прадставіць? Пра ўсё гэта гутарым з куратарам праекта Алегам Касцючэнкам літаральна праз тыдзень пасля заканчэння арт-кірмашу.
Што за новае месца прыцяжэння — Armenia Аrt Fair?
— Кірмаш арганізавалі дзве жанчыны — Зара Узунян-Хэлпін і Ніна Фесцекчан, яны працавалі разам над іншым праектам у Бостане, а потым на энтузіязме вырашылі стварыць у сябе на радзіме кірмаш сучаснага мастацтва са сваімі ўласнымі інстытуцыямі, куды можна будзе прывозіць калекцыянераў, галерыстаў, куратараў. І сапраўды — геаграфія ўражвала: былі прадстаўлены мастакі з Арменіі, Ірана, Славакіі, Беларусі, Украіны, Вялікабрытаніі, ЗША, Германіі, Іспаніі. На другі раз фэст стаў больш арганізаваным, але тут цікава тое, што інфраструктура сучаснага мастацтва, неабходная для правядзення арт-кірмашу, у краіне адсутнічае. Няма адпаведнага сэрвісу, рынак не гатовы. Аднак арганізатары знайшлі фундатараў — Ameriabank, Міністэрства культуры Рэспублікі Арменія, Goethe-Zentrum Eriwan, Rostelecom. Сваімі сіламі сталі паляпшаць сітуацыю, падключылі замежных куратараў, таму я ўпэўнены: трэцяе мерапрыемства будзе яшчэ мацнейшым.
Сам фэст не быў разбіты на асобныя зоны, але адна частка праекта была прысвечана постсавецкай прасторы.
У гэтым сегменце вы і прадэманстравалі свой куратарскі праект?
— Адметнасцю нашага паказу з’яўлялася тое, што творы пяці беларускіх мастакоў не былі змешчаны ў асобным блоку, а размеркаваны па ўсёй выставачнай прасторы. Бо і ўсё наша мастацтва раздроблена на розныя сегменты, яно само па сабе не цэласнае.
Кожны аўтарскі праект быў самадастатковы — ён узаемадзейнічаў з гледачом паводле ўласных правіл.
А агульны канцэпт быў вылучаны?
— Узаемаадносіны мастакоў з часам, з тым, што адбываецца вакол. Удзельнікаў я адбіраў згодна з тэмай, па працах, якія ўпісваюцца ў яе.
Прывяду цытату з нашага канцэпту, які быў прадстаўлены на гэтым шоу: «"Талент на экспарт" — гэта абурэнне «прыроды без пачатку» супраць любых спробаў упарадкаваць свет, гэта паўстанне жадання супраць забароны, выпадковасці супраць закона, магчымасці супраць рэальнасці, ілюзіі супраць ісціны. Гэта спроба падарваць неіндывідуальныя каштоўнасці, ператварыць у пыл любыя дыскурсіўныя спосабы пазнання (навука, філасофія, мастацтва, літаратура), таму што яны атручаныя рацыянальнасцю, — і ўсё гэта з мэтай разарваць стужку, якая аддзяляе ўнутранае ад вонкавага, мару ад рэальнасці, свядомасць ад несвядомага, каб на імгненне ўтрымаць вечнасць і такім чынам вярнуць існаванне да яго першароднай чысціні, паўнаты і адзінства».
І што за заклік тут прыхаваны?
— Я заклікаю людзей разгледзець рэальнасць праз прызму мастацтва, у такім выпадку пачынае працаваць падсвядомасць. Любое мастацтва, пэўна, мае тэрапеўтычнае ўздзеянне, па-за залежнасцю ад іншых яго функцый. Мяркую, гэта адбываецца ў тым ліку і таму, што мастацтва дазваляе адлюстроўваць і вырашаць асабістыя пытанні.
Праект «Талент на экспарт» сапраўды заклікае людзей да дзеяння, але не праз агітацыю, а праз зварот да актуальных тэм, спрыяе больш уважліваму стаўленню да рознага кшталту праблем, да іх аналізу, да пераасэнсавання таго, што адбываецца. То-бок мы падаем адпаведным чынам інфармацыю, рыхтуем глебу для разважанняў, а падсвядомасць гледача атрымлівае імпульс, і чалавек пачынае аналізаваць стан рэчаў. Таму гэта быў такі рэалістычны праект, які паказвае тое, што адбываецца насамрэч.
Хто падтрымаў ваш канцэпт?
— Міхаіл Гулін і Антаніна Слабодчыкава паказалі відэа-арт, Юлія Назарава — фатаграфію, Васіль Касцючэнка — жывапіс, я — жывапіс і інсталяцыю.
Якія кропкі перасячэння вы знайшлі ў іх індывідуальных выказваннях?
— Напрыклад, мой праект пра чалавека, і Антаніна Слабодчыкава таксама разважае пра ўзаемаадносіны чалавека са сваім асяроддзем. І ва ўсіх працах можна вылучыць іх тэрапеўтычную функцыю. Дарэчы, вельмі сімвалічна, што Міхаілу Гуліну праектар прывезлі з Нагорнага Карабаха, гэтая назва выклікае адпаведны рэзананс, бо звязаная з ваеннымі дзеяннямі. І яго відэа называлася «Тэрыторыя пратэсту».
Пра што быў яго праект?
— Гэта відэа 2014 года, абумоўленае рэфлексіяй над правіламі працы ў публічнай прасторы. Аўтар у ім у прынцыпе адмаўляецца ад любога выказвання, а ў іншай працы «Мастак гаўкае, а цягнік ідзе» нават замяняе гэтае выказванне на сабачы брэх.
Яшчэ адно відэа паказала Антаніна Слабодчыкава...
— Так, яно называлася «Голас зямлі. Прах да праху». Гэтая мастацкая інтэрвенцыя распачалася ў 2012 годзе, калі аўтарка ў Севастопальскім парку закапвала «языкі жывёл», сцвярджаючы такім чынам сваё права на голас. Пазней змяніла месца і колькасць удзельнікаў.
Юлія Назарава ў фатаграфіі «Іншапланецянін» разважае пра дзіцячую свядомасць, дзе свет казак і рэальнасць цесна пераплецены ў адзіную форму. Немагчыма зразумець, у які час гэта гульня, а ў які — усё сур’ёзна. Магчыма, гэтай мяжы не існуе. І гэта дае нам, дарослым, нагоду працягваць верыць у іншапланецян, быць героямі і касманаўтамі, скакаць праз вогненныя рэкі і біцца з монстрамі, то-бок ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і выходзіць з зоны камфорту.
Ваш праект быў самым шакуючым, бо сляды гвалту ў ім незавуаляваныя.
— Бо ён заснаваны на працы з судмедэкспертызай. На палатне паказана шво — фізічнае ўвасабленне траўмы, якое назаўсёды застаецца са сваім
носьбітам, пастаянна нагадвае пра мінулае. Размова не столькі пра траўму чалавека, колькі пра траўму свету. З дапамогай шва я нібыта праводжу сеанс траўматэрапіі. Абнаўленне шва азначае паўтор раз зробленага дзеяння (гэты працэс цыклічны і ў дзяржаве, у свеце), рээнектмент можа выклікаць хвалю ўспамінаў і змусіць удзельніка падзей нарэшце правесці мяжу паміж мінулым і цяперашнім і такім чынам вырвацца з заганнага кола.
Лёд — сімвал празрыстасці, няўстойлівасці — быў выбраны для інсталяцыі. Яе ідэя ў тым, што ўсё ў свеце ўрэшце становіцца яўным, і таянне льду адлюстроўвае гэтую ідэю. З цягам часу складаныя пытанні агаляюцца, так жа як агаляюцца валасы у таўшчыні кавалка лёду.
Так як мой праект быў рэалізаваны ў Арменіі, то для яго стварэння выкарыстоўваліся мясцовая вада і валасы. Мне важна было расказаць не толькі пра армянскі генацыд, але і пра іншыя глабальныя катастрофы, агаліць іх. Інсталяцыя — частка аднаго вялікага праекта. Ён пра іерархію ў свеце.
Жывапіс вы таксама ўлучылі ў праект сучаснага мастацтва?
— Так, палотны Васіля Касцючэнкі. Сама ідэя напаўнення палотнаў буйнымі лакальнымі каляровымі плямамі можа выклікаць пэўныя асацыяцыі з фавізмам, аднак матывацыя была іншая. З аднаго боку, мастак запазычвае пэўны еўрапейскі досвед, з іншага — выкарыстоўвае патэнцыял, які не даецца вопытам акадэмічным жывапісу. У яго карцінах імкненне да выразнасці часта стрымліваецца выкарыстаннем дамінуючага лакальнага колеру (звычайна гэта чырвоны), што можа плаўна пераходзіць з аднаго палатна на іншае. Пашырэнне чырвонага колеру з’яўляецца характэрнай рысай многіх твораў Касцючэнкі, якія прымушаюць гледача ўспрымаць іх як серыю, дзе мастак распавядае «гісторыю ў чырвоным колеры» розных адценняў. Адзін крытык аднойчы сказаў: «Блытаніна — гэта моцны бок славянскага мастака». Адсутнасць рацыянальнай упэўненасці і імкненне эмацыйна спазнаць навакольны свет з’яўляюцца характэрнымі рысамі твораў Васіля Касцючэнкі. Ён ухваляе незавершанасць выражэння. І як толькі мастак уцякае ад «абгрунтавання» палатна, ён мае тэндэнцыю размяшчаць на ім вялікія жывапісныя плямы да той ступені, калі сюжэтная лінія становіцца практычна нябачнай.
А што дало такое размяшчэнне твораў мастакоў у розных месцах?
— Гэта пэўным чынам адлюстроўвала сітуацыю раздзеленасці, раз’яднанасці ў беларускім мастацтве, а таксама такое ператасаванне твораў стала своеасаблівай пасткай для гледача, бо, напрыклад, на першым паверсе будынка мая праца сустракала наведнікаў, яе немагчыма было абысці. У нашых работах была закладзена сур’ёзная сэнсавая нагрузка, пры гэтым да іх хацелася падысці. Глядач чытаў канцэпцыю, пагружаўся ў твор. І тут і была прыманка. Каб адразу не напалохаць нейкімі брутальнымі сюжэтамі, гледача трэба было запрасіць, а пасля ён ужо сам прапрацоўваў свае ўражанні. Я заўважыў, што другі і трэці раз людзі не падыходзілі, тэма вельмі цяжкая.
Якія высновы зрабілі пасля ўдзелу? Чаму варта было ехаць?
— Калі я разважаю пра тое, што адбываецца ў беларускім мастацтве, то бачу: усе знаходзяцца ў стане чакання. Таму мы проста ўзялі і выйшлі за межы. І ў далейшым трэба рухацца наперад: няма куратара — станавіся куратарам, не ведаеш англійскай мовы — вывучы. Можна выстаўляцца і на радзіме, але гэта не атрымае рэзанансу. Важна лётаць на такога кшталту мерапрыемствы, нават калі няма спонсараў, і ў любым выпадку — стэп бай стэп — рухацца наперад. Важна збіраць вакол сябе зацікаўленых людзей, якія працуюць з сучасным матэрыялам. Напрыклад, на фэсце быў прадстаўнік Sotheby’s Institute of Art і некаторыя іншыя прафесіяналы (скажам, Аліса Пруднікава, Стэла Беньямінава, Марыён Гугенхэйм...), з кожным можна было пагаварыць і дамовіцца наконт далейшага супрацоўніцтва. Міжнародная прэса асвятляла ўсе падзеі. Такім чынам, у нашым праекце мы задумаліся пра сваю наяўнасць.
Калі параўноўваць гэты арт-кірмаш з нашым «Арт-Мінскам»...
— У мяне ёсць такі тэрмін, як адамашніванне. Чым з’яўляецца такая структура, як Палац мастацтва, дзе адбываўся асноўны праект «Арт-Мінска?» Захавальніцай традыцыйных поглядаў. Калі мы прапануем ім паказаць швы пасля аўтапсіі і лёд у паўтара метра з жаночымі валасамі, і гэта ўсё будзе там таяць... Ці відэа «Голас зямлі», дзе Слабодчыкава будзе закапваць свой «гендарны язык»? Якая рэакцыя будзе? Ці гатовыя нашы інстытуцыі падтрымліваць такога кшталту праекты? Ці гатовы глядач зразумець мову сучаснага мастацтва, на якой размаўляе ўвесь свет?
На Armenia Art Fair мастаку прапануюць пляцоўку, дзе ён можа рабіць што заўгодна, колькі заўгодна. Я не ведаю, як хутка зменіцца наша сітуацыя, таму ўжо цяпер я як чалавек свету бяру адказнасць на сябе, сам знаходжу тыя месцы, дзе можна рэалізаваць свае ідэі.